Знайсці
18.09.2023 / 17:0615РусŁacБел

У спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключылі латвійскую Кулдыгу. Гэта дае надзею беларускім гарадам

Гістарычны цэнтр Кулдыгі вельмі падобны да цэнтраў беларускіх гарадоў. Але калі ў Беларусі такая забудова першай ідзе пад знос ці становіцца ахвярай «еўрарамонтаў», то ў Латвіі прыклалі шмат высілкаў, каб яе захаваць і надаць статус помніка сусветнага значэння.

Гістарычныя краявіды і планіроўка Кулдыгі добра захаваліся. Фота: Wikimedia Commons

Такое рашэнне было прынята на 45-й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны, якая праходзіць з 10 да 25 верасня ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе.

Да гэтага часу ў Латвіі былі толькі два аб'екты, уключаныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: гістарычны цэнтр Рыгі і геадэзічная дуга Струвэ, часткі якой размешчаны таксама і ў іншых краінах Балтыі, Фінляндыі, Расіі, Беларусі, Украіне, Малдове. Цяпер да гэтага невялікага спісу дадаўся яшчэ і гістарычны цэнтр горада Кулдыга. 

Кулдыга размешчана ў заходняй частцы Латвіі, у цэнтральнай частцы зямлі Курзэмэ (Курляндыі). У 1242 годзе тут заклаў замак Голдынген ландмайстар Тэўтонскага ордэна Дзітрых фон Грунінген. Горад, які вырас вакол замка, у 1378 годзе атрымаў гарадскія правы і ўступіў у гандлёвы Ганзейскі саюз.

Мураваную забудову Кулдыгі можна параўнаць з забудовай невялікіх беларускіх гарадоў ці перыферыйных вуліц абласных цэнтраў. Фота: Wikimedia Commons

Добра захаваны гістарычны цэнтр сведчыць пра імклівае развіццё горада і гандлю ў XVI-XVIII стагоддзях. У той час Голдынген быў у складзе Курляндскага і Земгальскага герцагства, якое было васалам спачатку Вялікага Княства Літоўскага, а пасля Рэчы Паспалітай, захоўваючы пры гэтым шырокую аўтаномію. Займаючы выцягнуты трохвугольны клін паміж ВКЛ і Дзвіной, які з захаду на ўсход прасціраўся на 500 кіламетраў (ад Балтыйскага мора да самай Друі), герцагства служыла буферам паміж Рэччу Паспалітай, Швецыяй, якая доўгі час кіравала Лівоніяй, а пасля і Расійскай дзяржавай.

Хоць сталіцай герцагства была Мітава, але ў Голдынгена заставалася рэзідэнцыя курляндскага герцага, што дало магутны штуршок ягонаму развіццю.

Стары драўляны дом на цэнтральнай плошчы Кулдыгі. Фота: Wikimedia Commons

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай васальная залежнасць Курляндыі знікла, і на ландтагу ў тым жа 1795 годзе герцагства было далучана да Расіі, утварыўшы Курляндскую губерню. Голдынген стаў звычайным павятовым горадам.

Як адзначаецца ў дасье на сайце ЮНЕСКА, акрамя традыцыйнай драўлянай архітэктуры, у Кулдызе таксама прадстаўлены мураваныя і фахверкавыя пабудовы. Архітэктура Кулдыгі квітнела дзякуючы абмену вандроўнымі майстрамі з іншымі ганзейскімі гарадамі і цэнтрамі Балтыкі, а таксама Расіі.

Такія будынкі можна сустрэць у любым беларускім мястэчку, але ў Беларусі яны ахоўнага статусу не маюць. Фота: Wikimedia Commons

Камітэт сусветнай спадчыны на гэтай падставе аднёс гістарычны цэнтр да катэгорыі III — гэта значыць аб'ектаў, якія з'яўляюцца ўнікальнымі або, прынамсі, выключнымі для культурнай традыцыі або цывілізацыі, якая існуе да гэтага часу ці ўжо знікла.

Як распавялі LETA прадстаўнікі Кулдыгскага краявога самакіравання, шлях горада ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА заняў больш за 20 гадоў і гэта быў вялікі працэс, у выніку якога створана сістэма па кіраванні спадчынай, вывучаны і прыведзены ў парадак культурныя каштоўнасці, вялася работа па асвеце грамадства ў пытаннях аховы спадчыны, а таксама ўпарадкаваны правілы забудовы. Таксама быў створаны рэстаўрацыйны цэнтр і распрацавана праграма падтрымкі для абароны гістарычнай забудовы.

Галоўная турыстычная вуліца горада. Фота: Wikimedia Commons

У цэнтры Кулдыгі, як і ў іншых латвійскіх гарадах, захавалася шмат драўлянай забудовы, якая захоўваецца і рэстаўруецца. Фота: Wikimedia Commons

Прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч падкрэсліў, што ўключэнне старога горада Кулдыгі ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з'яўляецца значным сведчаннем міжнароднага прызнання Латвіі і ўласна горада. Гэты статус, на ягоную думку, «спрыяе пазнавальнасці ў сусветным маштабе, а значыць, паляпшае турыстычны патэнцыял. Хоць зачараванне Кулдыгі заўсёды прыцягвала наведвальнікаў з блізкіх і далёкіх краін, хачу, каб цікавасць да яе расла і рабіла важкі ўнёсак у мясцовую эканоміку».

Міністр культуры Агнесэ Логіна заўважыла, што без самаадданай працы жыхароў горада на працягу больш як 20 гадоў «поспех Латвіі не быў бы магчымы».

Такія будынкі складаюць большую частку забудовы Кулдыгі. Для атрымання статусу Сусветнай спадчыны зусім не абавязкова, каб кожная камяніца была палацам — куды больш важнае захаванне цэласнасці гістарычнага асяроддзя. Фота: Wikimedia Commons

Беларускі аспект

Ці сапраўды забудова Кулдыгі настолькі ўнікальная? Абсалютна не, вядома, кожная мясціна непаўторная, але ў цэлым дакладна такія ж местачковыя пейзажы можна сустрэць у невялікіх беларускіх гарадах ці на перыферыйных вуліцах буйных гістарычных гарадоў, як то Гродна. 

Кулдыга ці беларускае мястэчка? Адрозніць цяжка, але адно цяпер Сусветная спадчына, а другое — не мае аніякай аховы. Фота: Wikimedia Commons

Але стаўленне да гэтай спадчыны ў Латвіі і Беларусі кардынальным чынам адрозніваецца. Калі ў балтыйскай рэспубліцы захоўваюцца старыя камяніцы і нават драўляныя дамы, распрацоўваюцца канцэпцыі рэстаўрацыі і аховы шараговай забудовы, строга сочаць за выкарыстаннем гістарычных матэрыялаў, колераў, адсутнасцю недарэчных рамонту і рэкламных вывесак, то ў Беларусі ўсё цалкам наадварот. Толькі нешматлікія старыя будынкі ўзятыя пад ахову, астатнія або перабудоўваюцца да непазнавальнасці, або проста знішчаюцца.

Каштоўнасць драўлянай забудовы ўвогуле застаецца незразумелай чыноўнікам. Паказальна, што абвяшчаючы год таму гістарычны цэнтр Бабруйска гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у яго не было ўключана ніводнага драўлянага будынка, хоць такіх у горадзе нямала і яны з'яўляюцца важным сведчаннем свайго часу.

Вялікая частка гістарычнага цэнтра Кулдыгі — драўляная. У Беларусі драўляную забудову не ўспрымаюць за каштоўную і імкнуцца пазбавіцца ад яе як мага хутчэй. Фота: Wikimedia Commons

Беларускія чыноўнікі лічаць, што ўсё, што менш выдатнае за Нотр-Дам і Калізей, якіх у Беларусі ніколі не было і быць не магло, — малакаштоўнае і прымітыўнае, нявартае аховы і аднаўлення. Прыклад Кулдыгі, якая ўжо плануе зарабляць на сваім новым статусу, паказвае хібнасць такіх меркаванняў. 

А як можна зразумець з вызначэння катэгорыі, якую надалі Кулдызе, каб патрапіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, аб'ект не абавязкова мусіць быць выключным для ўсяго свету, а толькі для той культуры, дзе ён бытуе.

Знішчэнне каштоўнага драўлянага дома Валковіча ў гродзенскім Новым Свеце. 

Да такіх аб'ектаў у Беларусі маглі б патрапіць старажытны Полацк з яго археалагічнымі і (на жаль, ужо нешматлікімі) архітэктурнымі помнікамі, Навагрудак, які лічыцца адной з першых сталіц Вялікага Княства Літоўскага, каралеўская Горадня, ці, напрыклад, комплекс будынкаў, звязаных з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі — чаму б не?

Сёння ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўнесены Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абарончага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве, драўляныя цэрквы Палесся, а таксама ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску.

Усе яны дададзены ў папярэдні спіс яшчэ ў 2004 годзе, і з таго часу, а мінула ўжо амаль 20 гадоў, не зроблена анічога ў кірунку да прызнання іх Сусветнай спадчынай. За гэты час многія драўляныя цэрквы Палесся, пералік якіх чамусьці не прыведзены, былі перабудаваны з выкарыстаннем сайдынгу і нітрыд-тытану на дахах, а супольная з Літвой і Польшчай заяўка па абарончых храмах проста адкладзена ў шуфляду праз тое, што беларускі рэжым стаў ізгоем у свеце, а перспектывы праспекта Незалежнасці калісьці атрымаць такі высокі статус нішчацца ўласнаручным подпісамі Лукашэнкі, які дазваляе будаваць аб'екты кшталту «палаца Карычаў» на Кастрычніцкай плошчы.

Застаецца толькі спадзявацца, што прыклад поспеху Кулдыгі зможа паўплываць на стаўленне беларусаў да ўласнай культурнай спадчыны, якую яшчэ застаецца шанец выратаваць ад поўнай дэградацыі ды знішчэння.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У атмасферным кутку Мінска зносяць старую забудову

Тут здымалі «Гульню тронаў» і «Лоўрэнса Аравійскага». Як выглядаюць будынкі, адзіныя такія на свеце, у Марока пасля землятрусу

У Мінску могуць зачыніць яшчэ адзін касцёл? 

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1
1
Максим Дизайнер/адказаць/
19.09.2023
Начинают по тихому от ракетных ударов прятаться чтобы было, что русским предъявить.
0
Максим Дизайнер/адказаць/
19.09.2023
Ура,

Куколды - это ты про себя и свою борщеварку что ли? 
0
Юзік са станцыі Крулеўшчына/адказаць/
19.09.2023
У кантэксце з гэтай тэмай (пра Кулдыгу) мне згадалася мястэчка Лужкі на Шаркоўшчыне... Класічнае, нават узорнае, адзінае на Беларусі! [Праўда, А.Астаповіч мне пярэчыў, што ёсць падобнае мястэчка і на Гарадзеншчыне. Ну, ладна -- усяго 2 на Беларусь].  Падабенства, хоць і аддаленае, з той Кулдыгай. Усе дамы: і драўляныя , і цагляныя -- стаяць шырокім бокам (фасадам) да вуліцы. Шмат дамоў з балконамі, порцікамі, аканіцамі. Брукаванкі. Гатовы фон для здымак фільмаў пра дарэвалюцыйныя часы! Павесіць толькі шыльды -- "Кабакъ", "Трактиръ"... Ёсць тут стары 3-паверхавы млын, дзе граф Плятэр паставіў генератар -- з таго часу і піша сваю гісторыю Глыбоцкія Электрычныя Сеткі... Тут ёсць дом дзе жыў ўпраўляючы маёнткам Плятэра -- Станіслаў Булак-Балаховіч, будучы генерал БНР. Ёсць руіны сінагогі... Ды тут нарадзіўся Эліэзэр Бэн-Ягуда, які потым адрадзіў іўрыт! А проста ўпрытык да Лужак -- былы маёнтак Плятэра -- Гарадзец. Цэлы ансамбль будынкаў -- ад палаца і да тузіна іншых гаспадарчых будынкаў, парка, капліцай са статуяй Хрыста, які нясе крыж...
Усё гэта -- Лужкі-Гарадзец -- сапраўдны музей пад адкрытым небам... Быў! Пакуль калхазаны не дабраліся і да Лужак і не пачалі ўсё бурыць і ставіць свае лукашысцкія домікі...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера