Знайсці
19.09.2023 / 19:0121РусŁacБел

Колькі набліжаны да Лукашэнкі бізнэсмен будзе зарабляць на абавязковай дэзынфекцыі транспарту на мяжы

З 16 верасня ў Беларусі на мяжы з Літвой, Латвіяй і Польшчай уведзеная абавязковая платная паслуга — дэзынфекцыя аўтатранспарту. У залежнасці ад тыпу транспартнага сродку паслуга будзе каштаваць ад 2 да 95 рублёў. Паслуга абавязковая, а фірма, якая яе аказвае, належыць блізкаму сябру Аляксандра Лукашэнкі — Сяргею Цяцерыну. Падлічылі, колькі грошай будзе прыносіць бізнэс на мяжы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Абавязковая дэзынфекцыя транспарту ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы Беларусі і ЕС дзейнічае з 1 верасня. З 16 верасня паслуга стала платнай.

  • Кіроўца легкавога аўто заплаціць за гэта 2 рублі.
  • Кіроўца аўтобуса — 30 рублёў.
  • Кіроўца грузавіка — 95 рублёў.

Хто будзе зарабляць на дэзынфекцыі?

Паслугі аказвае ТАА «БелГлобалГарант», сузаснавальнікам якога з'яўляецца сябар Лукашэнкі, бізнэсмен і былы старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын.

Кампанія была зарэгістраваная і пастаўленая на падатковы ўлік пры канцы 2013 года. Да 2012 года Цяцерын займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, прэзідэнтам НАК быў сам Аляксандр Лукашэнка.

Асноўным відам дзейнасці ТАА «БелГлобалГарант» пазначаны «Аптовы гандаль кавай, гарбатай, какавай і спецыямі. АКЭД-46370».

Але інтарэсы ТАА «БелГлобалГарант» не абмяжоўваюцца аптовым гандлем вышэй апісанай групы тавараў. У 2015 годзе «БелГлобалГарант» арганізаваў пастаўку ў Беларусь каньякоў, віскі, вінаў і вермутаў. Кампанія таксама апошнія гады займаецца і будаўнічым бізнэсам.

Цяцерын нярэдка з'яўляецца ў атачэнні Лукашэнкі. Так, ён разам з Аляксандрам Лукашэнкам на камеру піў чарку за перамогу тэнісісткі Арыны Сабаленка. Ён таксама біў дровы разам з кіраўніком Беларусі — калі лукашэнкаўская прапаганда сцвярджала, што еўрапейцы замярзаюць без расійскіх энерганосьбітаў. Цяпер менавіта яму даверылі адмываць аўтамабілі на мяжы.

Аляксандр Лукашэнка разам з Сяргеем Цяцерыным адзначаюць перамогу тэнісісткі Арыны Сабаленка, 2023 год. Фота: скрыншот з відэа

Колькі грошай можа прыносіць бізнэс на мяжы?

Каб даведацца, пра якія лічбы можа ісці гаворка, звернемся да афіцыйных даных Дзяржпагранкамітэта аб колькасці транспартных сродкаў, якія цягам сутак перасякалі мяжу Беларусі і ЕС.

Згодна з данымі, якія публікуюць у афіцыйным канале Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, у сярэднім за суткі з Беларусі ў ЕС праезджае каля 1200 грузавікоў і каля 2000 легкавых аўто. Асобнай статыстыкі па аўтобусах няма. Верагодней за ўсё, яны лічацца разам з легкавым транспартам.

Такім чынам атрымліваецца, што за дзень з легкавога транспарту ААТ «БелГлобалГарант» мае каля 4000 рублёў ці каля $1200 па бягучым курсе штодня. За месяц мусіць выйсці каля 120 тысяч рублёў, або каля $36 500. Сума ў межах краіны невялікая, бо кошт дэзынфекцыі транспартнага сродку, які падпадае пад катэгорыю В, ВЕ — усяго 2 рублі.

За дэзынфекцыю аўтобуса трэба выкласці ўжо 30 рублёў. Дакладная колькасць аўтобусаў, якая перасякае мяжу, невядомая. Але можна меркаваць, што за суткі маленькіх маршрутак і вялікіх аўтобусаў праязджае самае малое 100 штук. А гэта яшчэ 3000 рублёў (каля $900) на рахунак ТАА «БелГлобалГарант» штодня. За месяц гэта каля 27 тысяч даляраў.

Даражэй за ўсё каштуе дэзынфекцыя грузавога транспарту, які падпадае пад катэгорыі С і СЕ. Кошт паслугі — 95 рублёў. 

Звесткі аб колькасці грузавікоў, якія праехалі праз мяжу ў адным кірунку. Крыніца: тэлеграм-канал «Пагранічны камітэт Беларусі»

За суткі праз мяжу ў сярэднім праязджае больш за 1200 грузавікоў. Атрымліваецца, што цягам сутак на дэзынфекцыі грузавых аўто фірма набліжанага да Лукашэнкі бізнэсмена будзе атрымліваць каля 114 тысяч рублёў, ці каля 35 тысяч даляраў. А гэта ўжо 3,42 мільёна рублёў, ці каля 1 мільёна 50 тысяч даляраў за месяц.

Такім чынам атрымліваецца, што цягам года на рахунак ТАА «БелГлобалГарант» у сярэднім будзе паступаць каля 41 мільёнаў рублёў, ці каля 12,5 мільёнаў даляраў.

Натуральна, што гаворка ідзе пра суму «бруднымі» без уліку выдаткаў на падаткі, сродкі для дэзынфекцыі, аплату супрацоўнікам, абслугоўванне абсталявання і г. д. Але ў кожным разе сума ўражвае.

Сяргей Цяцерын і Мікалай Лукашэнка ў 2014 годзе. Фота: БелТА

Як бачым, асноўныя паступленні будуць ісці менавіта ад грузавога транспарту. І тут варта адзначыць, што абавязковая дэзынфекцыя за 95 рублёў — не адзіная сумнеўная крыніца выдаткаў для грузаперавозчыкаў. Рэч у тым, што грузавы транспарт, які едзе да нас з ЕС, мусіць карыстацца навігацыйнай пломбай, арэнда якой каштуе 10 базавых велічынь — гэта яшчэ 370 рублёў, ці каля 110 даляраў ЗША з кожнага грузавіка. Падрабязней пра навігацыйныя пломбы мы пісалі раней

На іншых еўрапейскіх межах дэзынфекцыя транспарту не праводзіцца, бо гэтая працэдура пазбаўленая практычнага сэнсу. 

Чытайце таксама:

«Палова аўтобуса была ў шоку». Даехаць з Мінска ў Варшаву танней, чым з Гродна. Як такое магчыма?

«Мне і паведамляць у органы не прыйшлося — калегі «стуканулі». Беларусы расказалі, што яны робяць з абавязкам паведамляць пра ДНЖ і «карты паляка»

«Злосці няма межаў». Беларусы з біяметрычнымі пашпартамі не могуць запісацца на польскія турыстычныя візы

 

Даніла Луцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
даведка/адказаць/
20.09.2023
Но детей не имеют, включая после десяти лет брака Наталья Эйсмонт, а ближе к сорока разродилась Шуба.
0
дева марыя/адказаць/
20.09.2023
разродилась чем? шубой? у альфа-самца, говорят, дочки тоже есть... только оно их не признает
0
даведка/адказаць/
20.09.2023
Виктория Алешко, Ирина Дорофеева, Алёна Ланская... И многие остальные в его окружении — бездетны. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера