Знайсці
14.09.2023 / 19:4737РусŁacБел

Перакупленая «Народная воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі

Пасля таго як нязменны галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч пакінуў сваю пасаду, выданне пратрымалася на блізкіх да старых пазіцыях усяго месяц. За апошнія дні ў падачы матэрыялаў «Народнай волі» адзначыўся карэнны пералом, які ставіць кропку на яе гісторыі як незалежнага медыя. У рэдакцыі звярнуліся нават да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны і поспехі Пуціна.

Калаж: Наша Ніва. Фота Contributor Getty Images

«Народная воля» зазнала тыя ж праблемы, што і ўсе незалежныя выданні ў лёсавызначальны для беларускага грамадства 2020 год. У лістападзе таго года рэдакцыя была вымушаная спыніць друк газеты пасля таго, як лукашэнкаўскія ўлады забаранілі з ёй супрацоўнічаць усім беларускім друкарням і перакрылі магчымасці друкавацца за мяжой.

Газета працягнула выдавацца ў PDF-фармаце, але ў пачатку 2023 года было прыпынена і гэта. А ў чэрвені Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвогуле анулявала пасведчанне аб рэгістрацыі. 31 ліпеня сайт выдання перастаў абнаўляцца.

Іосіф Сярэдзіч, які стварыў «Народную волю» і ўзначальваў яе 28 гадоў. Фота: Facebook

4 жніўня стала вядома, што Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара. Ён кіраваў выданнем 28 гадоў з моманту заснавання газеты ў ліпені 1995 года. Менавіта на ягонай асобе трымалася выданне ва ўмовах, калі астатнія агульнанацыянальныя незалежныя медыя ў Беларусі былі разгромленыя, выгнаныя з краіны і прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Новым уладальнікам выдання «Народная воля», як даведаліся журналісты, стала фірма «Гіпер ПК», якую ачольвае менеджар інтэрнэт-праектаў Мікалай Зіневіч. Гэты чалавек раней у медыйнай сферы нікому не быў вядомы.

Новы ўласнік «Народнай волі» Мікалай Зіневіч

Сайт і тэлеграм-канал «Народнай волі» аднавілі працу 8 жніўня пад назвай «НВ». Пры першым набліжэнні здавалася, што ніякіх зменаў у падачы матэрыялаў не адбылося, артыкулы на сайце заставаліся таго ж стрыманага кірунку, што былі да 31 ліпеня.

Аднак у верасні стала ясна, што палітыка некалі незалежнага выдання пасля звальнення галоўнага рэдактара карэнным чынам змянілася. Асабліва яскрава гэта выявілася ў падачы інфармацыі пра вайну ва Украіне і супрацьстаянне Расіі і Захаду.

Так, напрыклад, расказваючы пра польскую забарону на пастаўкі збожжа з Украіны, «НВ» дакладна паўтарае тыя фармулёўкі, якія выкарыстоўваліся дзяржаўнымі медыя кшталту БелТА для стварэння ўражання моцных супярэчнасцей паміж дэмакратычнымі краінамі. Ці расказвае пра крытыку Байдэна з боку Трампа, якога ў расійскіх і прарасійскіх медыя малююць ледзь не змагаром супраць «бесчалавечнай ліберальнай сістэмы», якую нібыта ЗША навязваюць усяму свету.

А з 11 верасня «НВ» пачала актыўна публікаваць навіны, якія цяжка адрозніць ад таго, што пішуць прапагандысцкія крыніцы.

У гэты дзень з'явіліся матэрыялы пра тое, што польскія вайскоўцы, размешчаныя на мяжы з Беларуссю, нібыта сутыкнуліся з сур'ёзнымі цяжкасцямі ў забеспячэнні сваіх базавых патрэбаў; пра прыбыццё ў Мінск мошчаў з Расіі; разбіраўся быццам бы наяўны канфлікт паміж Украінай і Румыніяй; расказвалася пра безумоўную патрэбу Германіі ў расійскім газе і пра Індыю, якая, «нягледзячы на ціск з боку Амерыкі і Еўропы, не саступае і працягвае закупкі расійскай нафты» — усё гэта навіны, якія кожную гадзіну, адна за адной, публікаваліся на канале некалі «незалежнага выдання». 

Раскручванне расійскага наратыву, што ўсе беды ад Украіны. 

Да прыкладу, кіруючыся знаёмым нам наратывамі, «Народная воля» ў сваім артыкуле выстаўляе Украіну як фактар раздражнення заходніх суседзяў:

«Украіна ўжо двойчы заявіла пра ўяўныя расійскія ўдары па аб'ектах НАТА, ствараючы напружанасць у рэгіёне».

Невялікі тэкст насычаны адсылкамі да іншых уяўных палітычных канфліктаў паміж краінамі Захаду і Украінай, якія ўпарта, але безвынікова раскручвае расійская, а следам і лукашэнкаўская, прапаганда. 

«Сітуацыя стала больш складанай пасля адмовы Бруселя фінансаваць экспарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі і забароны Польшчы на імпарт украінскай пшаніцы», — у тэксце добра пазнаецца ўпадабаная прапагандысцкая тэма ўкраінскага збожжа, якая, як і энерганосьбіты, застаецца апошнім рычагом уздзеяння Расіі на заходні свет.

На наступны дзень падача матэрыялаў у духу звычайных прапагандыстаў засталася ранейшай: былы дарадца Пентагона паведаміў, што заходнія краіны «знішчылі ўкраінскую нацыю і разбурылі краіну»; забастоўка на аўстралійскіх заводах прыводзіць да падаражання газу ў Еўропе; французскі палітык асудзіў пагрозу Зяленскага аб бунце бежанцаў у Еўропе; кіраўнік Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымаў расследаванне, якое можа прывесці да імпічменту зненавіднага Расіі Джо Байдэна. 

Навіны раздзела «Палітыка» на сайце «НВ»

Звярнуліся і да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны, перамогу Расіі і поспехі Пуціна. Вялікім аматарам астралогіі з'яўляецца і новы ўласнік беларускага выдання. «НВ» пераказала прадказанне аракула, што Ала Пугачова, якая з’ехала з Расіі і выразна асудзіла вайну, урэшце вернецца назад

І ўчора, і сёння на «НВ» працягваецца палітыка выкрыцця супярэчнасцей на Захадзе, агрэсіўнай палітыкі ЗША, публікуюцца матэрыялы пра нібыта цяжкія страты ва ўкраінскім войску, для закрыцця якіх заклікаюць ваяваць жанчын; пра абмежаванні на ўвоз збожжа з Украіны; патрэбу ў зброі супраць непераўзыдзенай расійскай; няздольнасць паўднёвай суседкі падтрымліваць баяздольнасць свайго войска і хуткае спыненне контрнаступу.

І цалкам адсутнічаюць публікацыі на тэмы беларускай палітыкі.

Кіраўніцтва Расіі і Аляксандр Лукашэнка ад пачатку 2022 года адкрыта выказвалі спадзяванні на пераварот ва Украіне. Тую самую лінію праводзяць іх СМІ 

Не саромеецца выданне цяпер спасылацца і на зусім смеццевыя прарасійскія крыніцы. Так, нармалізаваная «НВ» напісала пра пагрозу звяржэння Зяленскага з боку вайскоўцаў, пра якую распавёў прапуцінскі блогер з псеўданімам «Гоблін». А адказнасць за расстрэл пратэстоўцаў на Майдане ў 2014 годзе пераклала з рэжыму Януковіча на замежжа. Крыніца — прапагандысцкі фільм «Украіна: схаваныя ісціны» італьянскага журналіста Джана Мікалесіна, чые артыкулы публікаваліся на сайце «Руская вясна».

Фільм быў паказаны яшчэ ў 2017 годзе тэлекампаніяй Matrix, што належыць сям'і Сільвіа Берлусконі, які ў 2015 годзе наведваў акупаваны Крым.

Артыкул на сайце «НВ» з меркаваннем эксперта з «Салаўёў Live» і картай Украіны без паўднёва-ўсходніх тэрыторый

А неназваным экспертам, які прадрок Еўропе «велізарныя геапалітычныя змены», як выявілася, аказаўся адзін з гасцей канала «Салаўёў Live», якога дружна працытавалі ўсе іншыя прапагандысты.

Незалежнага медыя «Народная воля» больш няма. Цяперашні рэсурс мімікруе пад стары і не заяўляючы пра кардынальны паварот свайго палітычнага кірунку, спрабуе даволі груба ўздзейнічаць на старую аўдыторыю.

Выданне, якое на працягу дзесяцігоддзяў давала беларусам альтэрнатыўны погляд на палітыку, пасля сыходу Іосіфа Сярэдзіча ўлілося ў прапагандысцкі дыскурс рэжымаў-агрэсараў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Удзельнік аўтаклубаў, захапляюся астралогіяй». Што вядома пра новага ўладальніка «Народнай Волі»

Іосіф Сярэдзіч: Калі б у 1995-м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі

Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара «Народнай Волі». Лёс выдання пад пытаннем

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Anatol Starkou/адказаць/
15.09.2023
жэўжык, Я на гэтае пытанне адказваў сто пяццот разоў у сваіх каментах на форумах НН і нават кнігу выдаў у лютым 2023 у Расіі. 
.
Каротка: Згаданы артыкул аб'яднаў беларускіх рускіх (гэта прыблізна 8% галасоў выбаршчыкаў-1994) + парт-дзярж-гаспадарчую-наменклатуру (ці па сучаснаму тагачасную эліту нацыі), прадстаўнікі якой былі ў выбарчых камісіях. Бо каб не аб'ядналіся, то первых чакаў бы цягнік і Чамадан-Вакзал-Расія, а другіх люстрацыя. А ў нас тады сярод кіраўнікоў усіх галін гаспадаркі мо 90% было былых чальцоў КПБ. Дый былых камуністаў было шмат. Так што яны прайграць выбары-1994 не маглі, з-за абяцанай у артыкуле люстрацыі. А ў іх сем'і. А гэта мільёны беларусаў і беларусак.
Дый народ стаміўся ад бчб шасцігадовай балбатні на вуліцах ды ля мікрафонаў ВС, і падтрымаў маладога былога дырэктара саўгаса. А чаго ж было не падтрымаць, калі ў тым артыкуле ўжасьцікі народ і краіну чакалі, калі б пайшла нацыя па бел-чырвона-беламу шляху, намалёванаму ў артыкуле "О русском империализме и его опасности", які быў надрукаваны за пяць месяцаў да вырашальных выбараў-1994. Другіх такіх выбараў гісторыя бел-чырвона-белым не прыпаднесла. 
0
Anatol Starkou/адказаць/
16.09.2023
P.S. для юных бчб змагароў за наша бчб счасце:
Згаданая мной Народная Газета - газета ВС РБ, у пачатку 90-х была самая папулярная беларуская газета. Яе тыраж (па памяці) часам даходзіў да 600 тыс экзэмпляраў. Такога тыражу не мела ніводная беларуская газета. Галоўным рэдактарам НГ быў спадар Іосіф Сярэдзіч. Адначасова ён быў дэпутатам ВС. Дык вось аднойчы да яго ў рэдакцыю заглянуў другі дэпутат ВС і яны вырашылі дапамагчы бчб руху, як кашаль хваробе, надрукаваўшы ў НГ артыкул "О русском империализме и его опасности". Гэта пачатак 1994-га.  Аб гэтым я распавёў вышэй. У 1995-м Рыгоравіч сваім Указам зрынуў дэпутата ВС Сярэдзіча з пасады глаўрэда, хаця ў той час зняць ці паставіць кагосьці на пасаду галоўнага рэдактара Народнай Газеты мог толькі яе заснавальнік Вярхоўны Савет РБ. Мог ВС ды не змог.

0
Было такое/адказаць/
17.09.2023
Anatol Starkou, быў такі эффект. Зянон заўжды бы майстрам канфрантацыі і расколу. Той артыкул перад выбарамі быў чарговым каменем на шляху кансалідацыі ўсіх людзей цвярозага мыслення. На той час роля артыкула ў папяровай газеце была велізарнай, то была не цяперашняя блогерска-балбатлівыя пара. Толькі Сярэдзіч заўсёды быў "товаріщем", а не спадаром. Метамарфозы выдання ад "Народнай Газеты" 1994 года да "Народнай Волі" сённяшняга дня зусім не выпадковыя, а цалкам заканамарныя і паслядоўныя.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829