Знайсці
11.09.2023 / 13:3212РусŁacБел

У Магілёве надумалі перайменаваць плошчу Арджанікідзэ, просяць прапаноўваць назвы

Рыгор Арджанікідзэ быў сябрам Сталіна і адным з лідараў партыі бальшавікоў. Ідэя гарвыканкама — пераназваць плошчу ў гонар праваслаўнага епіскапа Георгія Каніскага, які быў агентам уплыву Расіі ў XVIII стагоддзі. Але ўлада заяўляе гатоўнасць абмяркоўваць варыянты. 

Плошча Арджанікідзэ. Фота: streets.csgpb.by

Магілёўскі гарвыканкам вырашыў правесці грамадскае абмеркаванне аб перайменаванні плошчы. Яно пачынаецца 13 верасня і будзе доўжыцца месяц. Гараджанам прапануецца або пакінуць цяперашнюю назву, або прыдумаць сваю, або падтрымаць пераназванне ў «Плошчу Свяціцеля Георгія Каніскага».

Плошча Арджанікідзэ — гістарычны цэнтр гораду. Названы ў гонар сябра Сталіна пляц утварыўся, калі ў 1950-х гадах тут засыпалі яр. Старэйшае пакаленне магілёўцаў гэтую мясціну дагэтуль называе Касцерня.

Непадалёк ад плошчы — Ратуша і замчышча. За некалькі соцень метраў ад яе на Архірэйскім вале імя Каніскага стаіць крыж у памяць аб Каніскім, а на будынку былога архірэйскага палаца ўсталяваная шыльда са звесткамі пра яго жыццё. Год таму побач з плошчай Арджанікідзэ Каніскаму паставілі помнік.

Помнік епіскапу Каніскаму ў Магілёве. Каніскага паставілі спінаю да Дняпра і Падмікольскага парку. Постаць святара глядзіць на плошчу Арджанікідзэ. Фота: Магілёў.media

У 2016 годзе з ініцыятывай аб наданні плошчы імя Каніскага ўжо выступалі, як заяўлялася, праваслаўныя вернікі. Намеры змяніць назву плошчы яны аргументавалі тым, што Арджанікідзэ ніколі не быў у Магілёве і ўдзельнічаў у рэпрэсіях. 

Сем гадоў таму прапанова выклікала палеміку. Яна выявіла неадназначнае стаўленне да Каніскага як царкоўнага дзеяча і гістарычнай асобы.

Праваслаўныя іерархі Георгія Каніскага называюць абаронцам праваслаўнай веры ды ўважаюць за святога абаронцу зямлі Беларускай. Ягоную постаць бачаць у адным шэрагу з Еўфрасінняй Полацкай і Кірылам Тураўскім.

На адкрыцці помніка Каніскага былі асобы, апранутыя ў казакаў. Фота: Магілёў.media

Сярод заслуг Каніскага называюць вяртанне ў праваслаўную веру тых, хто «збіўся з праваслаўнага шляху». На адным з хросных хадоў у яго гонар было заяўлена, што за час біскупства Каніскага ў праваслаўе з каталіцтва было перахрышчана 120 тысяч беларусаў.

Георгія Каніскага запрасілі кіраваць Магілёўскай епархіяй у 1755 годзе з Украіны, бо сваіх святароў было мала. Гэта быў час злому эпох, які прывёў да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэчы Паспалітай.

Каніскі быў не толькі святаром, але і палітыкам. Ён лабіраваў інтарэсы праваслаўных пры двары караля Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзілі тады беларускія землі. Ён таксама заклікаў Расію ўмешвацца ў справы Рэчы Паспалітай дзеля «абароны праваслаўных». За гэта некалькі разоў яго хацелі забіць. У 1768 годзе Каніскі выехаў у Расію, дзе заставаўся Магілёўскім епіскапам у выгнанні.

Глядзіце таксама:

Георгій Рой: Рэч Паспалітую разбурыў каталіцкі фанатызм і польскі шавінізм, а Каніскі быў проста абаронцам сваёй веры

Чаму ў патрыярха і епіскапаў бел-чырвона-белыя стужкі на мантыях і гербах?

У расійскім Арле знайшлі пліту з узарванага ў Магілёве сабора

Вучоныя: сучасныя людзі атрымалі вялікія насы ў спадчыну ад неандэртальцаў

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
11.09.2023
Ведаю гэту арджанікідзе. Там калі з плошчы скаціцца ўніз, у бок Дняпра, то трапіш на мясціны, якія завуцца Падніколле (Падміколле?). Гэта значыць, што сама гара (плошча на ёй) павінна звацца Ніколле (Міколле). У гэтым кірунку і трэба шукаць назву :)
0
Янка/адказаць/
11.09.2023
Чаго ўжо разменьвацца на дробязі кшталту разнастайных РПЦшных калабарантаў, якія былі на картоткай наге з Кацярынай II? Калі вырашылі лізаць маскоўскі сапог - дык назавіце адразу ў гонар цара Аляксея Міхайлавіча. Ну таго, які распачаў крывавы патоп 1654-1667.
0
Decades/адказаць/
11.09.2023
Ня ведаюць чыноўнікі як назваць Плошчу тады хай назавуць яе ў гонар Францыска Скарыны. Прытым Скарына першадрукар які выдаў Біблію на тагачаснай беларускай мове. Францыска Скарына усеж куды раднейшы беларусам чым маскоўскі поп-акупант-русіфікатар.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031