Знайсці
08.09.2023 / 14:2811РусŁacБел

«Паноў бачым, шляхту бачым, а савецкага воіна-вызваліцеля чамусьці няма». Прапагандысты ваююць з муралам у Гродне

Сёмага верасня ў цэнтры Гродна адкрылі велізарны стрыт-арт — адзін з найвялікшых у краіне. Але не прайшло і сутак, як новая славутасць абурыла актыўных лукашыстаў.

Крыніца: старонка Леаніда Шчаглова ў інстаграме.

Гіганцкі мурал з гістарычнымі сцэнамі знаходзіцца ў адным з дворыкаў па вуліцы Карла Маркса і займае плошчу каля 430 квадратных метраў. Аўтар ідэі — ганаровы грамадзянін Гродна Анатоль Грышук, мастак — Уладзімір Качан. Мурал складаецца з 12 арак, у якіх намаляваныя сцэны з гісторыі абласнога цэнтра. Там можна пабачыць стары Гродзенскі замак, вуліцу Замкавую, пажарную каланчу, Каложскую царкву і Францысканскі касцёл.

Аднак не ўсім прыйшоўся даспадобы новы аб’ект. Рыгор Азаронак згадаў пасланне Лукашэнкі, у якім той выказваўся пра «сярэднявечных алігархаў, якія сваё багацце нажывалі на гарбе народа, які сеяў, араў, будаваў». Азаронак самакрытычна піша: «Дапамажыце мне, тупому, лапатнаму, неаб'ектыўнаму прапагандысту, знайсці тое, пра што сказаў прэзідэнт, на новым гіганцкім мурале ў Гродне.

Усё па дзіўнай выпадковасці адбываецца 8 верасня. Слава Оршы не горшая і ўсё такое. Памыйніцы ў захапленні і апладзіруюць. Наперадзе свята вызвалення Заходняй Беларусі ад Польшчы, пся крэў».

«Жоўтыя злівы» развілі думку Азаронка і прапанавалі размясціць на мурале са старажытнымі выявамі савецкага салдата:

«Паважаныя жыхары Гродна, тут «адыёзны прапагандыст» цікавіцца, а ці ёсць на адкрытым у Гродне акурат да дня «бітвы з праклятымі маскалямі пад Оршай» мурале такія старонкі гісторыі горада, як уз'яднанне беларускага народа, ці вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? Вось паноў бачым, шляхту бачым, жаўнераў бачым, а савецкага воіна-вызваліцеля чамусьці няма. Ці гісторыя горада скончылася адразу пасля Сапег—Радзівілаў?»

Міма гродзенскага мурала не прайшоў і іншы лукашэнкаўскі эксперт Аляксей Дзерман. Пано выклікала ў яго пытанні да кадраў, якія працуюць у беларускай культуры: «Відавочна, што нам не хапае якасных мастакоў, музыкаў, артыстаў, якія могуць адлюстраваць нешта іншае, чым чарговае поўзанне перад польскай шляхтай.

Нашай культуры патрэбныя камісары-сэнсавікі, не звязаныя цэхавай кругавой парукай. Мы рыхтуем дзяцей у вайскова-патрыятычных лагерах, і гэта вялікая справа. Але нам такі ж спецназ патрэбны ў культуры».

Дзерман лічыць, што калі ў пралукашысцкіх сіл не будзе сваёй культурнай гегемоніі, то праз нейкі час так званае «свядомае кола», як ён называе нацыянальна арыентаваныя сілы, паспрабуе ўзяць рэванш. Больш за тое, прапагандыст кажа: «Цяпер яны перагрупоўваюцца, рыхтуюцца перачакаць, каб потым ізноў уваткнуць нож у спіну».

Дзіўна, але галоўная змагарка з усім беларускім Вольга Бондарава ніяк не пракаментавала новы стрыт-арт у сваім горадзе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Бітва пад Оршай: усё было не зусім так, як раней меркавалі

«Як зразумець беларуса, калі ён такі складаны». Гутарка з аўтарам першай гісторыі Беларусі на літоўскай мове

Як 11 жанчын прапанавалі сябе ў абмен на арыштаваных

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
46
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
28
0
Наша Ніва не ганьбіцеся "Вольга Бондарава ніяк не пракаментавала новы стрыт-арт у сваім горадзе"/адказаць/
08.09.2023
І даўно Гародня стала горадам Бондаравай?
У гародні ніколі не жылі людзі з расейскімі прозвішчамі Бондарева.
ганьба рэдактарам. Такія "усходнія патрыёты белоруссіі" панаехалі з масковіі пасля акупацыі ці ў савецкія часы, але ж даюць нам парады, як нам жыць
0
Проста жыхар/адказаць/
08.09.2023
Дзякуй НН, што нарэшце пачалі называць г. зв. "Дзерманта" яго сапраўдным прозвішчам Дзерман. Даўно пара было!
0
Dedushka/адказаць/
09.09.2023
А кто такие эти "воины-освободители"?
Одни оккупанты пришли на смену другим оккупантам, вот и вся история в одном предложении. Причем, оба оккупанта яростно дружили прежде, чем стали воевать... Это была вообще НЕ наша война на нашей земле.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера