Знайсці
07.09.2023 / 22:243РусŁacБел

«У мяне на руках памерлі «Волат» і «Брэст». Беларускі парамедык «Бровар» расказаў пра свае паўтара года на вайне

«Бровар» — кіраўнік медыцынскай службы батальёна «Волат». Ён ваюе ва Украіне ад сакавіка 2022 года. Ад самага пачатку «Бровар» займаўся менавіта медыцынай. «Бровар» быў медыкам баявых груп, удзельнічаў у тым самым баі пад Лісічанскам, дзе загінуў камандзір батальёна «Волат» Іван «Брэст» Марчук і трое іншых ваяроў. «Бровар» быў адным з нямногіх, хто выжыў у тым баі. Цяпер ён працуе на медычнай эвакуацыі. Ваяр пагадзіўся расказаць Змітру Панкаўцу з «Радыё Свабода» пра сябе і вайну.

Беларускі парамедык «Бровар»

УВАГА: Публікацыя ўтрымлівае ўражальныя падрабязнасці раненняў, атрыманых добраахвотнікамі на фронце.

Аказваў медычную дапамогу пратэстоўцам у 2020-м

«У мяне дзве вышэйшыя адукацыі — біялагічная і тэхналагічная. Працаваў па другой адукацыі апошнім часам. Быў кіраўніком невялікай вытворчасці. Праз нейкі час з маім сябрам мы стварылі такую самую вытворчасць у Варшаве. І я фактычна жыў між двух гарадоў», — пачынае аповед мужчына.

«Бровар» гаворыць па-беларуску, але з вялікай колькасцю ўкраінізмаў. Кажа, што жаданне дапамагаць людзям узнікла не з пачаткам вайны, яшчэ ў 2020 годзе «Бровар» выходзіў на пратэсты, найперш каб аказваць пратэстоўцам медычную дапамогу.

«Калі людзі ўцякалі ад сілавікоў, то маглі падломваць ногі. Зразумела ж, беглі як маглі. Было шмат гіпертанічных крызаў у сталых людзей. Былі ўдары ад біцця, парэзы ад шкла. Калі выбухалі святлошумавыя гранаты, то дробныя каменьчыкі, шкло пашкоджвалі людзей. Я памятаю, калі ў маладога чалавека ўсю спіну пасекла такімі вось фрагментамі».

Беларускі парамедык «Бровар» (злева)

Аднойчы «Бровар» нават сутыкнуўся з выпадкам эпілепсіі, калі дэманстранты ішлі ў Дразды да дому тагачаснай старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

«Пакуль я дапамагаў чалавеку, то так атрымалася, што сам апынуўся ў атачэнні міліцыі. Падымаю галаву, а вакол усё чорнае. Але не затрымлівалі. Мяне затрымалі толькі падчас інаўгурацыі Лукашэнкі, але адпусцілі. Я нават не ведаю чаму. Проста аўтазак аказаўся зачынены, грукалі, а там нікога не было. Павялі да другога, там адчынілі і сказалі, што такіх не бяруць (смяецца)».

«Бровар» кажа, што ў яго заўсёды з сабой быў заплечнік, куды ён клаў шмат перавязкі, дэзынфекцыйныя сродкі, прэпараты для купіравання гіпертанічнага крызу і інфаркту міякарду, танометр, стэтаскоп.

Медыцынскі камплект, які «Бровар» бярэ на заданні

«Гэта мае самыя цяжкія страты»

У Беларусі «Бровар» заставаўся да самага пачатку вайны. Вядома, баяўся, аглядаўся. Чакаў, што сілавікі прыйдуць па яго, але жыў і працаваў далей.

«Як толькі вайна пачалася, то праз дзень-два я быў гатовы ехаць ва Украіну. 9 сакавіка я ўжо быў у Кіеве. Уражанні былі стракатыя. Вайна, вакол узброеныя людзі, блок-пасты, працуе СПА, палае Буча і Ірпень, але мы спакойна навучаемся. У нас звычайны трэніровачны рытм. І гэта было вельмі дзіўна, бо за 15 кіламетраў ад нас ідуць баі, а мы збіраем і разбіраем аўтаматы, навучаемся тактыцы, медыцыне. Гэта быў нейкі сюр, але так жылі», — расказвае парамедык.

Ён кажа, што матывацыя была такая самая, як у 2020 годзе — ратаваць жыцці людзям.

Першая баявая аперацыя для «Бровара» адразу была вельмі складанай і фізічна, і маральна. Падчас яе загінуў Павел «Волат» Суслаў — камандзір роты тады яшчэ батальёна Каліноўскага. Гэта здарылася на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

«Я быў сярод тых медыкаў, хто аказваў «Волату» дапамогу, змагаўся за яго жыццё. Ён пайшоў на баявое заданне з групай і падарваўся на расцяжцы, паступіла інфармацыя аб тым, што ён «цяжкі трыста» («трыста» на вайсковым слэнгу — паранены. — РС). Мы вельмі хутка да яго дайшлі, хвілін за дваццаць. Але ў яго былі вельмі цяжкія раненні, такія, што несумяшчальныя з жыццём. Не было шанцаў уратаваць, мы два разы запускалі яго сэрца, два разы рэанімавалі. Прывезлі ў лякарню з яшчэ заведзеным сэрцам, але крыві ўжо не заставалася. У яго быў цяжкі ўнутраны крывацёк, была раздробленая печань».

«Бровар» успамінае, як ехалі з параненым «Волатам» у пікапе. За стырном сядзеў Іван «Брэст» Марчук.

«Я і яшчэ адзін парамедык трымалі «Волата», а Насця «Север» (Махамет. — РС) трымала нас, каб мы не вываліліся з машыны. Я трымаў Паўлу дыханне. Мы гналі па бездаражы, пад абстрэламі. Расейцы нас бачылі і спрабавалі накрыць, выбухі былі за 100—150 метраў, бо мы гналі вельмі хутка. «Волат» памёр у мяне на руках, як і пазней «Брэст». Гэта мае самыя цяжкія страты за час вайны».

«Бровар» лічыць, што «Волат» быў наймацнейшым баявым камандзірам за ўвесь час існавання беларускага падраздзялення.

Машына медыцынскай эвакуацыі

«Куля прайшла за 30—40 сантыметраў»

Адной з самых важных баявых аперацый для беларускага падраздзялення ва Украіне быў штурм у Херсонскай вобласці ў траўні 2022 года, калі беларусы сумесна з украінцамі занялі сяло Лазавое. Ужо вядомы факт, што многія беларускія ваяры, лічачы, што аперацыя занадта рызыкоўная, адмовіліся ўдзельнічаць у ёй. «Бровар» быў сярод тых, хто адразу пагадзіўся ісці ў атаку.

«Я не асуджаў тых, хто «мінусануў». Але людзі, што не ідуць на аперацыю, ставяць пад пагрозу тых, хто ідзе. Моцна нас аслабляюць. Сама сітуацыя была дужа паганая. Нам зверху хтосьці дапамог, што мы выйшлі без страт», — расказвае парамедык.

Сярод больш як паўсотні беларусаў, што ўдзельнічалі ў тым контранаступе, толькі некалькі чалавек атрымалі не дужа цяжкія раненні.

«Я быў парамедыкам перадавога атрада, быў сярод тых, хто ішоў увогуле першым. Мы зрабілі ўсё добра, я быў задаволены працай. Дапамаглі шмат каму з украінцаў, выцягвалі іх пад снайперскімі абстрэламі. Мне гэта грэла душу. Там мы згубілі нашага ўкраінскага камандзіра, якога доўга шукалі ўначы. Было вельмі цяжка, знайшлі проста цудам. Дзякуй усім, хто яго шукаў. Быў моцны артылерыйскі абстрэл, я дзіўлюся, што мы яго праскочылі і нікога не накрыла. У Лазавым па мне працаваў снайпер, крыху прамазаў, куля прайшла за 30—40 сантыметраў».

«Фактычна ў «Атама» не было спіны»

Але самай складанай для «Бровара» была аперацыя 26 чэрвеня 2022 году, у якой пад Лісічанскам загінулі Іван «Брэст» Марчук, Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. А Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў трапілі ў палон.

«Мы знаходзіліся вельмі глыбока ў тыле, на базе. Нас паклікаў Ваня «Брэст», маўляў, патрэбна выязджаць, дзве гадзіны на зборы. Я пытаюся, ці патрэбны яму. Ён адказвае, што так. Пайшоў збірацца. Такі быў пачатак аперацыі. Мы супрацоўнічалі з групай грузінаў, яна нас страхавала».

Так атрымалася, што беларуская група зайшла глыбока на пазіцыі расейцаў. Іх заўважылі, і завязалася страляніна.

«Брэст» прыняў бой. Ён страляў з супрацьтанкавай зброі па танку, які выехаў на нас, і падчас стрэлу быў фактычна забіты, вельмі-вельмі цяжка паранены. Я дапоўз да «Атама». У яго была вялізная рана на спіне, дакладней, фактычна ў яго не было спіны. Такія раненні не лечацца на полі бою. Я канстатаваў, што ён фактычна «дзвесце» (на вайсковым слэнгу — забіты. — РС). Мы перамовіліся літаральна некалькімі словамі. «Атам» казаў, што ён, «на жаль, усё».

Беларус расказвае, што быў ад параненага «Брэста» на адлегласці 5—10 метраў, але дапаўзці не было ніякай магчымасці.

«Я бачыў яго раненні, там была цяжкая чэрапна-мазгавая траўма, сцякала крывяная каша з-пад шалома. Рукі і ногі былі пераламаныя, бо ляжалі пад няправільным вуглом. Сам Іван быў без прытомнасці. Такая траўма, што яго можна было эвакуяваць толькі на шчыце, зафіксаванага. Гэта не эвакуацыя падчас бою. Па тым, што я бачыў, адразу запісваў яго ў «двухсотыя».

З усёй групы палка Каліноўскага тады ўратаваліся толькі трое — «Бровар», ваяр, які просіць не называць свой пазыўны, і «Чэх» (гэта сапраўдны чэх, які ад самага пачатку ваюе побач з беларусамі — РС).

«Я пачуў каманду аб эвакуацыі ад украінскага камандзіра. Гукнуў людзям, што былі побач са мной. У выніку папоўз у пасадку, адкуль мы прыйшлі. Я поўз па мяжы поля, каб мяне не бачыў танк. Як толькі я падняўся б, то мяне б адразу расстралялі. Потым я дапоўз да «зялёнкі», дзе то поўз, то ішоў. Мне стала вельмі кепска, я стаў калоць сябе прэпаратамі, каб мог рухацца далей. Калі аднавілася сувязь, то я далажыў сваім, што рухаюся, каб мяне выпадкова не застрэлілі як ворага. Я дапоўз да нашых і далей ужо не помню нічога».

«Бровар» атрымаў кантузію ад таго стрэлу танка, якім забіла «Атама». Беларус кажа, што тыдзень не мог нармальна размаўляць і каля трох тыдняў — рухацца.

«Пра «Брэста» ўсе казалі «баявы гном» (смяецца). Я часта да яго прыходзіў, бо ў Івана былі праблемы са спінай. Я яе размінаў па вечарах, то паўгадзіны, то гадзіну. Ён быў прамы, рэзкі, казаў усё ў твар, ніколі не кідаў пабрацімаў у бядзе, пра ўсіх клапаціўся, ён быў нашым старэйшым братам, ён меў досвед, на яго можна было пакласціся, ён быў за нас гарой, мы адчувалі яго ахову. Мы разумелі, што нас не адправяць без яго ведама ў нейкую мясарубку, а калі будзе мясарубка, то ён будзе стаяць побач з намі».

Парамедык расказвае, што ў яго не было ніякіх кепскіх адчуванняў перад той аперацыяй. А пасля бою доўга была апатыя, не знаходзіў стымулу рухацца далей. Але праз паўтара месяца зноў адправіўся на баявыя заданні.

«У Бахмуце за дзень магло паступіць 200—300 чалавек»

На пачатку восені беларусы дзейнічалі на запарожскім кірунку фронту. «Бровар» называе той перыяд больш-менш спакойным. На пачатку лістапада батальён «Волат» перанакіравалі ў Бахмут.

«Мне добра запомнілася аперацыя з удзелам украінцаў, яны пайшлі на штурм, і нам сказалі, што вы будзеце нашымі медыкамі. На штурм ішла цэлая рота, а нас было толькі двое медыкаў-беларусаў. І мы тады за ранак прынялі дваццаць шэсць параненых. Гэта быў самы насычаны дзень падчас вайны. Было вельмі цяжка, але справіліся, усіх эвакуявалі. Ніводзін чалавек, хто да нас паступіў, не памёр».

Беларускі ваяр пагаджаецца, што Бахмут быў сапраўдным пеклам.

«Там перамолвалася такая колькасць людзей, што вам не апісаць. На стабілізацыйныя пункты за дзень магло паступаць па 200—300 чалавек. Можна раздзяліць гэтую лічбу на тры і атрымаць колькасць загінулых. І гэта ў дзень! Звычайна, натуральна, было менш, але былі і такія дні».

Для «Бровара» заўсёды цяжка стаіць пытанне, ці аказваць дапамогу параненым расейцам, якія трапляюць у палон.

«Сумневы ёсць заўсёды. Заўжды думаецца, што не варта, але ў нас ёсць абавязкі, канвенцыі. І калі бачыш палоннага расейца, то думаеш, што ў будучыні гэта абменены наш салдат. Гэта стымулюе, каб яны заставаліся жывымі».

Парамедык таксама ўспомніў самы складаны выпадак, з якім яму даводзілася сутыкацца, калі чалавек застаўся жывы.

«Гэта была політраўма: быў масіраваны гемапнеўматоракс, цяжкая чэрапна-мазгавая. Калі чалавек да нас паступіў, то ў яго ўжо была стадыя дэкампенсацыі, мы яго страчвалі. Але змаглі яго стабілізаваць, насыцілі кроў кіслародам, паднялі ціск, выраўнялі сэрцавы рытм. Мы нават не чакалі, што выцягнем. Але ён малайчына, што захацеў жыць».

Беларускія парамедыкі за працай

«Хаджу то з аўтаматам, то з пісталетам»

«Бровар» бярэ на заданні зброю. Кажа, што тройчы ўжо былі выпадкі, калі яму даводзілася ўдзельнічаць у стралковым баі.

«У мяне з сабой доўгі час быў аўтамат Калашнікава, нават яшчэ ў Лісічанску хадзіў з ім. Пазней мне далі аўтамат «чэзэт» (зброя чэшскай вытворчасці CZ 805 BREN. — РС). Яшчэ пазней замянілі на бельгійскі аўтамат FN SCAR. Цяпер хаджу на заданні ці з SCAR-ам, ці аўстрыйскім пісталетам Glock. Медыку цяжка працаваць з аўтаматам, таму нашу пісталет. Калі разумею, што заданне будзе ў зоне, дзе магчымая перастрэлка, то бяру аўтамат».

Беларус ваюе ўжо паўтара года. Кажа, што самае важнае — знаходзіць для сябе матывацыю і новыя выклікі.

«Пастаянна навучаюся, стараюся працаваць хутчэй, больш. Цяпер зрабіць медычную службу ўнутры батальёна «Волат» — гэта якраз стымул».

«Бровар» расказвае, што верыць найперш у вызваленне Украіны ад акупантаў. Ён не загадвае наперад, што будзе з Беларуссю ў выніку гэтай вайны. Але перакананы, што без вольнай Украіны не можа быць і вольнай Беларусі.

«Самае непрыемнае на вайне, калі гінуць твае пабрацімы. Значыць, адбываецца тое, што ты мог прадухіліць. А самае прыемнае — калі іх удаецца ўратаваць», — канчае свой аповед «Бровар».

Чытайце таксама:

Полк Каліноўскага больш не набірае рэкрутаў

«Мы гатовыя былі сустрэць амапаўцаў». Дэмабілізаваны каліновец пра чатыры месяцы фронту, перажыванні і ПТСР

«Пашанцавала, што трапіліся такія суддзі». Беларускі добраахвотнік, якога падазраюць у забойстве пабраціма ў Літве, расказаў сваю версію падзей

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
50
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
8
Абуральна
8
2
Шос/адказаць/
08.09.2023
Героям слава! Низкий поклон и уважение героям
2
mikola/адказаць/
08.09.2023
Slava Ukraine ! Zyve Belarus !
1
Дзіма/адказаць/
08.09.2023
Беражы Божа, калі ласачка беларускіх ваяроў!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера