Знайсці
04.09.2023 / 10:431РусŁacБел

«Беларускі вайб» — новы праект Алеся Чахоўскага

Былы выканаўчы дырэктар Беларускай рады культуры, прадзюсар Алесь Чахоўскі запусціў новы ютуб-праект. Распавядаем, пра што ён.

Алесь Чахоўскі ў пошуках беларускага вайбу ў Вашынгтоне. Скрын відэа

У анонсе праекта Чахоўскі называе асноўныя тэмы, на якія ён будзе звяртаць увагу падчас сваіх падарожжаў у іншыя краіны: «Беларусы — сэксі ці не?», «Ці жыве беларуская мова па-за межамі краіны?», «Беларусь — там, дзе беларусы?», «Што такое «беларускі вайб?».

Аўтар запрашае гледачоў адправіцца разам з ім у падарожжа па свеце і пазнаёміцца з «класнымі беларусамі і беларускамі», паглядзець, чым яны жывуць і чаму ганарацца тым, што завуцца беларусамі.

Чахоўскі спадзяецца высветліць, што для беларусаў замежжа сёння ёсць беларускасць і якім чынам яны ствараюць свой беларускі вайб па-за межамі Беларусі.

Акрамя таго, аўтар канала абяцае цікавыя спатканні з людзьмі іншых нацыянальнасцей, у якіх ёсць беларускія альбо небеларускія карані. Ён будзе высвятляць, што яны ведаюць пра беларусаў і ці згодныя з тым, што беларусы сэксі. Асобнай тэмай будзе рэакцыя замежнікаў на беларускае мастацтва і музыку.

У першым выпуску Алесь Чахоўскі распавядае пра свае сустрэчы ў Вашынгтоне. Сярод яго суразмоўцаў — беларуска, уладальніца кавярні Sweet Lemon Cafe Аксана Трэн, якая распавяла пра свой бізнэс і халаднік з мясам.

Другім героем роліка стаў стратэгічны аналітык у лагістыцы і грамадскі актывіст Дзяніс Баранаў, які ўжо 20 гадоў жыве ў ЗША. Дзяніс патлумачыў, як заставацца беларусам за мяжою і чаму яму ніколі не надакучыць тлумачыць людзям, што такое Беларусь.

Чахоўскі знаёміць гледачоў з «амерыканскім яўрэем з беларускай душой і каранямі» Джэймсам Дойчам, адным з каардынатараў Smithsonian Folklife Festival. Мужчына захапляецца творчасцю мастакоў беларускага паходжання. Джэймс тройчы быў у Беларусі і выкладаў у некалькіх універсітэтах.

Акрамя таго, украінец з беларускімі каранямі Фёдар Місурагін зладзіў для Чахоўскага невялікую экскурсію па будынку Кангрэса ЗША, а арганізатар заняткаў танга ў Арлінгтане Рон Нюгер згадаў пра свае беларускія карані і распавёў пра традыцыйную беларускую страву, якую гатавалі ў яго сям'і і якую ён лічыў традыцыйнай яўрэйскай.

Не засталася па-за ўвагай і праблема, якой Чахоўскі займаецца некалькі гадоў, — рэідэнтыфікацыя мастакоў беларускага паходжання — замена ў музеях і галерэях пазнакі аб краіне паходжання мастакоў з Беларусі. Да гэтага часу такой краінай пазначана Расія. 

Усім сваім суразмоўцам Алесь задаваў пытанне, ці лічаць яны беларусаў сэксі. Даведацца адказ і паслухаць яго абгрунтаванне можна, паглядзеўшы першую серыю праекта.

Чытайце яшчэ:

«Няма скандалу — можа, і на жаль». Чахоўскі пакідае Раду культуры

Прадзюсар Аляксандр Чахоўскі — пра раскрутку Маргарыты Ляўчук, зайздрасць і псеўдапурытанства

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Илья/адказаць/
04.09.2023
Ссылку бы
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031