Знайсці
18.08.2023 / 18:384РусŁacБел

«Таксіст агаломшыў пытаннем: «Вам чарапаха не патрэбная?» Каб уратаваць рэдкую рэптылію, хлопец з Бабруйска дайшоў да Акадэміі навук

Гісторыі пра ўратаванне бяздомных катоў і сабак могуць узрушыць, але мала каго здзівяць. Для жывёл, якіх мы прызвычаіліся заводзіць як хатніх гадаванцаў, існуе цэлая сістэма дапамогі — прытулкі, зоаваланцёры. А як ратаваць прадстаўнікоў дзікага жывёльнага свету? Да каго звяртацца, дзе шукаць інфармацыю? Бабруец Антон Чарнышоў даведаўся на ўласным досведзе, калі ў яго на руках раптам апынулася чырвонакніжная чарапаха, якую трэба было вярнуць у яе звычайнае асяроддзе і не нашкодзіць, піша бабруйскі сайт «1387».

Чарапаха ў ванначцы дома ў Антона. Фота: асабісты архіў Антона Чарнышова

«Я быў шакаваны, але чарапаха, напэўна, была шакаваная яшчэ больш»

Антону Чарнышову 26 гадоў. У яго вельмі цікавая адукацыя — геаэкалогія. Бабруец — магістр геаграфічных навук. Аднак цяпер ён працуе ў ІТ-галіне. Некаторы час жыў у Мінску, а ў пачатку гэтага года вярнуўся са сталіцы ў Бабруйск.

Антон ніколі не быў зоаваланцёрам. І агулам, што датычыць навакольнага свету — жывёльнага і расліннага, экалогіі, быў «хутчэй пазёрам, чым тру».

«Я быў даволі далёкі ад мэтаў устойлівага развіцця, не сартаваў смецця, не займаўся плоцінгам, не высаджваў новыя лясы і ў цэлым асабліва не непакоіўся пра свой экалагічны след, — распавядае пра сябе Антон. — Затое я шчыра захапляўся людзьмі, якім усе гэтыя прынцыпы былі ўласцівыя».

Аднак у траўні бягучага года бабруйцу прадставілася магчымасць паклапаціцца пра прыроду — давялося ратаваць чырвонакніжную чарапаху.

На вялікія выходныя з нагоды Дня перамогі Антон вырашыў паехаць прагуляцца па цэнтры Бабруйска. Выклікаў таксі.

«Кіроўца, хлопец крыху старэйшы за мяне, на маё «Вітаю» пры пасадцы агаломшыў пытаннем, ці не патрэбная мне чарапаха, — распавядае Антон. — Сказаць, што я здзівіўся, будзе занадта культурна. Я быў шакаваны, гледзячы на жывую істоту памерам з далонь дарослага буйнога мужчыны, якая, відаць, была шакаваная больш за мяне, схаваўшыся ў свой дамок-панцыр. Дакладней, у карапакс, але гэта я даведаўся пазней».

«Купіў ёй курыныя сэрцы, бо высветліў, што чарапахі іх любяць»

Аказалася, што чарапаху спачатку ўратаваў кіроўца таксі — убачыў паўзуна на дарозе, калі паехаў на замову за горад, зразумеў, што хтосьці яго выкінуў і не змог проста праехаць міма, падабраў і стаў шукаць яму гаспадара сярод пасажыраў. Антону кіроўца сказаў, што калі ніхто не хоча забраць, то ён, напэўна, будзе вымушаны выпусціць чарапаху, куды — у возера ці проста на дарогу — не ўдакладняў.

«Я, дзякуючы сваёй адукацыі, разумеў, што гэта не зусім правільна і можа нашкодзіць чарапасе. Так мне не засталося нічога, як забраць яе», — кажа Антон.

Бабруец пачаў высвятляць, якая менавіта чарапаха трапіла да яго, а таксама што з ёй далей рабіць, як вярнуць яе ў натуральнае асяроддзе. Неўзабаве высветлілася, што гэта не хатняя чарапаха, а еўрапейская балотная, занесеная ў Беларусі ў Чырвоную кнігу. Адмыслоўцы патлумачылі, што ў траўні-чэрвені ў гэтых чарапах — рэпрадукцыйны перыяд, калі яны пакідаюць балоты і вадаёмы ў пошуках лепшага месца для кладкі яек. Сітуацыі, калі яны трапляюць на дарогі, не адзінкавыя.

Чарапаха ў Антона дома. Фота: асабісты архіў Антона Чарнышова

Спачатку Антон падумаў, што мо і правільна было б выпусціць жывёліну ў найбліжэйшае возера ці рэчку. Аднак маладзёна непакоіла думка, што чарапаха можа быць цяжарнай, і таму трэба знайсці ёй больш камфортнае месца. Пакідаць чарапаху ў сябе дома ў якасці гадаванца бабруец не збіраўся, бо разумеў, якая гэта вялізная адказнасць — клапаціцца пра істоту з дзікай прыроды.

Таму ён пачаў тэлефанаваць у кампетэнтныя прыродаахоўныя службы, каб даведацца, што рабіць.

«Увесь гэты час чарапашка жыла ў мяне ў дзіцячай ванначцы, дзе я стараўся стварыць ёй умовы, ідэнтычныя натуральным. Нават купіў курыныя сэрцы, бо высветліў, што яны іх любяць. Увогуле, гэта быў квэст — пра ўсё даведацца і забяспечыць жывёліне нармальныя ўмовы», — распавядае Антон.

«Упершыню я дзяліў шлях у 150 кіламетраў, хадзіў па горадзе і ездзіў у метро з чарапахаю»

Тэлефонныя званкі ў прыродаахоўныя службы выніку не прынеслі. Хлопец дайшоў да Міністэрства прыродных рэсурсаў, але там яго перанакіравалі ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў, начальнік якой сказаў, што не можа нічым дапамагчы.

Тады Антон напісаў загадчыцы кафедры, дзе вучыўся, і толькі яна растлумачыла, што рабіць, і дала неабходныя кантакты, дзякуючы якім бабруец даведаўся, што ён можа аддаць чарапаху ў гурток юнага натураліста, у заапарк, але найлепш — у НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

«У размове з галоўным спецыялістам, адказным за чарапах у Беларусі, я даведаўся, што мая чарапаха ўяўляе сабой навуковую цікавасць, бо Бабруйск — крайняя паўночная мяжа іхняга арэалу, і што самае лепшае рашэнне — адвезці рэптылію да іх, навукоўцаў, — распавядае Антон. — Суразмоўца паабяцаў забяспечыць ёй належны дагляд і падчас найбліжэйшай экспедыцыі адпусціць у натуральнае асяроддзе пражывання».

Такі падыход выклікаў давер, і ўжо праз дзень, узяўшы выходны, Антон павёз чарапаху ў Мінск.

«У слухаўках грала песня Пашы Blazer’а і Руслана Гранёнага «Грэта Тунберг». Упершыню я дзяліў шлях у 150 кіламетраў з чарапахаю, упершыню хадзіў з ёй па горадзе і ездзіў у метро», — падкрэслівае маладзён.

Антон у каробцы завёз чарапаху ў Акадэмію навук. Фота: асабісты архіў Антона Чарнышова

Распавядаць, як ратаваць дзікіх жывёл, трэба ўжо ў дзіцячым садку

Антон перадаў чарапаху ў Акадэмію навук. Перад паездкай даведаўся, што выпускаюць іх звычайна ў Спораўскім заказніку, дзе аднаўляюць папуляцыю.

«Праз некаторы час я мог даведацца пра ейны лёс, і мне сказалі, што пры жаданні людзей, якія прыносяць ім дзікіх жывёлаў, запрашаюць на іх выпуск у прыроду. Але я не стаў гэтага рабіць, падумаў, што гэта ўжо занадта будзе», — кажа бабруец.

Антон зазначае, што ягоны выпадак — не ўнікальны, і нядаўна ён чытаў, што гэтак жа сустрэлі чарапаху на дарозе ў Мінску. Бабруец перакананы — людзям трэба распавядаць, што рабіць у такіх выпадках, як абыходзіцца з жывёламі з дзікай прыроды, і такую экалагічную адукацыю трэба пачынаць нават з дзіцячага садку. Дзецям і моладзі трэба прышчапляць базавыя экалагічныя навыкі.

«Экалагічны падыход да жыцця цяпер модны, ён усё больш пранікае ва ўсе галіны жыцця, іншая справа, што можа ў Беларусі пакуль не так моцна. Магчыма, таму што тут не так шмат грошай, перашкаджае бюракратыя. Ніхто не хоча браць адказнасць. Я ўпэўнены, што мой прыклад, калі я тэлефанаваў, а мяне перанакіроўвалі да іншых, паўтарыўся б і ў любой іншай галіне, бо ніхто не хоча ні за што адказваць. Але я думаю, што і гэта з часам зменіцца, бо развіццё грамадскай думкі не спыніць», — лічыць Антон.

Чарапаха ў Антона дома. Фота: асабісты архіў Антона Чарнышова

Калі «хата з краю», «складана знайсці ў сабе моц на ўчынак»

Паводле нашага суразмоўцы, развіццю экалагічнага мыслення моцна перашкаджае пазіцыя «мая хата з краю», і што людзей цікавяць выключна сваё жыццё і праблемы ў ім.

«У такіх умовах вельмі складана знайсці ў сабе моц на ўчынак, які выходзіць за зону твайго камфорту — прасцей заставацца ў сваёй ракавіне і нічога навокал не бачыць, — зазначае Антон. —

Але той жа таксіст — ён хоць і казаў потым, што выпусціць чарапаху, аднак адразу не праехаў міма, забраў яе. Значыць, не ўсё так кепска з нашымі людзьмі. Проста ва ўсіх свае ўмовы і рэсурсы. Я, напрыклад, меў магчымасць узяць выхадны і паехаць у Мінск з чарапахай, а хтосьці іншы не змог бы».

Антон пасля атрымання дыплому 4 гады прапрацаваў у галіне экалагічнага горадабудаўніцтва, займаўся праектаваннем зялёных зонаў, гарадскіх паркаў. Хлопец хацеў бы далей займацца гэтай справай, якую называе дужа цікавай, і несці экалагічнае мысленне ў праектаванне гарадоў, стварэнне прастораў для людзей.

Ён спадзяецца, што аднойчы падыход да экалогіі ў Беларусі зменіцца, і тады стане магчымым вярнуцца да былой дзейнасці і зарабляць грошы. Цяпер жа, зазначае Антон, заробкі вельмі малыя і няма перспектыў для іх росту, бо ўвесь рынак падзелены паміж дзяржаўнымі кампаніямі, а прыватным праз складаную сертыфікацыю немагчыма прабіцца.

«У экалагічнага горадабудаўніцтва вялізны патэнцыял, агулам у экалагічных ідэй цяпер вялізная будучыня. На жаль, праз агульны ўзровень экакультуры і асветы ў нас гэта не вельмі цэніцца, у адрозненне ад Еўропы.

Аднак нават цяпер заўсёды знойдзецца той, хто ацэніць. Як, напрыклад, таксіст, з якім я ехаў на вакзал, калі вёз чарапаху ў Мінск. Калі я яму распавёў сваю гісторыю, ён з захапленнем зазначыў — супер, малайчына», — рэзюмуе Антон.

Чытайце таксама:

На Свіслачы ў Мінску знайшлі незвычайную чарапаху. Але цешыцца з гэтага не выпадае

Жыве 30 гадоў і сыходзіць у зімовую спячку. Дзе ў Беларусі можна сустрэць рэдкую балотную чарапаху?

Пад Пінскам на дарогу выйшла незвычайная жывёліна

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Бобр/адказаць/
18.08.2023
Бобруйск северная граница ареала? Болотная черепаха проползла к нашему дому в Орге из соседнего болота. Поэтому натуралистам почаще нужно в полевых работах участвовать. А парню респект за небезразличие к обитателям дикой природы
7
Люсинда/адказаць/
18.08.2023
НН больше не о чем писать? Надоели! Не отнимайте у людей время, скоро вас читать вообще перестану!
18.08.2023
Люсинда, histeryčka !
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031