Знайсці
11.08.2023 / 22:562РусŁacБел

«Мне ўжо 68 гадоў, не магу звычкам здраджваць». Палескі хутаранін расказаў, як цяпер вядзе сваю гаспадарку

Канец лета — пачатак восені ў вяскоўцаў у агародзе і ў полі — гарачая пара. Зрэшты, працы ў вёсцы дастаткова круглы год. Вясковец-хутаранін з Лунінецкага раёна (імя на яго просьбу не пазначаецца) расказаў выданню «Медыя-Палессе», як яму цяпер жывецца ды працуецца.

Мужчына мае больш за паўтара гектара зямлі. Частка, якая не прызначаная для абслугоўвання прысядзібнага ўчастка, узятая ў арэнду. Балазе аплата, на думку чалавека, «божая».

«Раней, калі карову трымаў, траціну ўчастка пад траву адводзіў, для выпасу і сена, а цяпер амаль столькі ж занята буякамі. На іх прыйшлося спачатку значна патраціцца, у даўгі ўлезці. Ды і цяпер выдаткі немалыя для абслугоўвання кустоў. Але ягады ўжо даход даюць. З абавязкамі разлічваюся», — распавядае вясковец.

60 сотак ён засеяў пшаніцай і аўсом.

«Клопату шмат, як і выдаткаў, на ўзворванне ды жніво, а сею ўручную».

Яшчэ ён вырошчвае трускалкі, маліны, усе віды гародніны. Імі збольшага жонка запраўляе.

Сад — пад 60 дрэў і кустоў: яблыні, грушы, слівы буйныя, чарнаплодная рабіна…

З жыўнасці засталіся толькі птушкі — куры ды качкі. Каля сотні галоў разам з маладнячком. Корму патрабуецца шмат. Калі купляць, то і нявыгадна трымаць.

Куры нясуцца і штодзень даюць 30, а то і 50 яек, але і тут трэба знайсці рынкі збыту.

«Дачка, а цяпер і ўнучка шукаюць пакупнікоў у інтэрнэце, я ў гэтым не разбіраюся. Найбольшая цана — 3 рублі за дзясятак. Я, праўда, зніжку ў асобных выпадках раблю да 2,5 рубля для тых, хто здалёк едзе. Мне кожны пакупнік дарагі».

Дапамагаюць бацькам дачка і сын, дарослыя ўнукі. Дачка поле градкі, кансервуе гародніну. А сушыць, соліць, квасіць і марозіць жонка. Сын з цяжкімі работамі дапамагае, сам бы не здужаў.

Праца на хутары ад цямна да цямна.

«Тыя ж буякі патрабуюць велізарных выдаткаў і просяць пастаяннай увагі. Саджанцы, торф, шчэпкі ды пілавінне — усё каштуе грошай. А працы колькі! Ідзі ды падсып лапатай з прычэпчыка мотаблока паўтары тысячы кустоў. Плюс кропельны паліў, абрэзка.

Затым ягады трэба выбраць, прадаць. Таксама намаганні і выдаткі немалыя. Плаціць людзям, гэта чалавек з пяць, за збор трэба па 5 рублёў за гадзіну працы. Працавалі яны па 4-5 гадзін на дзень, плюс сваякі дапамагалі ў перыяд масавага паспявання, які доўжыўся ад першых дзён жніўня да сярэдзіны месяца. І ўсё ж сабе засталося нямала».

Самае цікавае, што гэты гаспадар не карыстаецца ніякімі хімікатамі. Гэта ў яго прынцып такі. Знаходзіць сродкі апрацоўкі ад хвароб з навакольнага асяроддзя. Або выкарыстоўвае для гародніны ёд, перакіс вадароду, малочную сыроватку і адвары траў.

Са шкоднікамі горш. Ад мядзведкі ратунку не знайшоў, хоць і пераспрабаваў усе спосабы, якія «гуляюць» па інтэрнэце. Вырашыў кратоў не праганяць, яны, аказваецца, сілкуюцца гэтымі шкоднымі падземнымі казуркамі. Мурашы таксама дапякаюць, тлю разводзяць, асабліва на нізкарослай буйнаплоднай сліве і каліне…

Гэты чалавек апантаны, таму не адступіцца, пакуль не знойдзе сродак на паразітаў.

Да зімы гаспадар разам з жонкай рыхтуецца грунтоўна. Варэнняў, саленняў, закатак поўны склеп. Яшчэ і з мінулых гадоў засталіся. Садавіну і ягады сушыць на лісце бляхі, пад якім размяшчае вогнішча з дроў.

Сухафрукты ў сям'і змяшчаюць у палатняныя мяшкі, якія захоўваюць на печы і вакол яе падвешваюць. І ў трохлітровыя слоікі закатваюць. Так сухафрукты захоўваюцца хоць і дзесяць гадоў ці больш.

То калі ўсяго свайго дастаткова, нават у цяперашнім не зусім ураджайным годзе, то мо і ў краму хадзіць не трэба?

«Да нас аўталаўка прыязджае, недалёка ад маёй сядзібы спыняецца. Хлеб купляю, крупы, цукар… А ўсё астатняе сапраўды сваё. Прывык да ўсяго натуральнага. Мне ўжо 68 гадоў, не магу звычкам здраджваць…»

Чытайце таксама:

«Адсюль я ўжо дакладна нікуды не паеду». У Воранаўскім раёне чалавек адрадзіў вёску продкаў і разводзіць стронгу па асаблівай сістэме 

«Практычна ў кожнай хаце пакінуў штосьці пасля сябе». 36 кіламетраў па мясцінах Язэпа Драздовіча

«Доўга ў горадзе ўжо не магу — не ведаю, што там рабіць». Як сям'я добра і прыемна жыве ў райскім месцы ў глухмені

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Хойники-Брест-Варшава-Таборова-Познань/адказаць/
11.08.2023
вот на таких людзях и держится пока земля беларусская.... Браво !
12.08.2023
Хойники-Брест-Варшава-Таборова-Познань, Ага, на таких. На вопрос за кого будете голосовать они всегда отвечали: Пайду сеяць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера