Знайсці
11.08.2023 / 15:0529РусŁacБел

Нізавая русіфікацыя: на Вайсковых могілках замянілі надмагілле беларускага паэта і мовазнаўца Алеся Гурло на рускамоўнае

На Вайсковых могілках у Мінску заўважылі замену старога надмагілля беларускага паэта і мовазнаўца Алеся Гурло на сучаснае, аформленае цалкам па-руску. Замест каларытнага даваеннага надмагілля з'явілася тыпавая для нашага часу пліта з чорнага мармуру.

На новай пліце замест аднаго паэта, як было раней, змешчана яшчэ трое жанчын. Адна, вядома, ягоная жонка — Марыя Уладзіміраўна Гурло (1904—1993), яшчэ ў 1990-я яе партрэт быў дададзены на стары помнік, а каля падножжа змешчана мармуровая таблічка з імем і гадамі жыцця.

Старое надмагілле. Фота: «Радыё Свабода»

А вось асобы дзвюх іншых выклікаюць пытанні. Ірына Уладзіміраўна Чашчына па ўзросце мусіць даводзіцца Гурло дачкой, але яе імя па бацьку гэтай здагадцы супярэчыць. Раней яе пахавальная шыльда мацавалася да агароджы магілы паэта. Адмыслоўцы выказваюць здагадкі, што гэта, магчыма, прыёмная дачка паэта, а Ніна Якаўлеўна Цішчанка, якая памерла ў 2021 годзе, імаверна, яе дачка.

Сучаснае надмагілле Алеся Гурло і яго блізкіх аформлена выключна па-руску. Фота: bellit.info

Хутчэй за ўсё, сваякі апошняй і замянілі помнік на сучасны, аформлены выключна па-руску. Асабліва прыкрым гэта з’яўляецца праз той факт, што Алесь Гурло быў не проста беларускамоўным паэтам, але літаральна паклаў сваё жыццё на развіццё і ўмацаванне беларускай мовы. Ён браў удзел у працы тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, працаваў у Інстытуце мовы БелАН ды складаў слоўнікі беларускай мовы. Ягоны слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія» паклаў пачатак сістэматызаванай распрацоўцы і вы­ву­чэнню спецыяльнай лексікі.

За сваю дзейнасць па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», якая была скіраваная супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры як небяспечных «нацыянал-дэмакратаў» быў высланы ў Самару. У 1938 годзе ён памёр ад сухотаў. 

Выгляд магілы ў 2022 годзе. Фота: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

У 2022 годзе адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння беларускага дзеяча. Але несвядомыя нашчадкі знішчылі дарагую яму беларушчыну нават на ягонай магіле.

І ў шэрагу людзей, падхаваных побач з ім і змешчаных на адной шыльдзе, асоба пісьменніка і мовазнаўца ніяк не выдзелена, быццам на некропалі выдатных беларускіх дзеячаў, якім з’яўляюцца Вайсковыя могілкі, яны ўсе маюць аднолькавае значэнне.

Кнігі твораў Алеся Гурло. Фота: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Гэта не першае навукова неабгрунтаванае змяненне на некропалі. Так, у чэрвені 2018 года распачаты працы па гэтак званым упарадкаванні Вайсковых могілак, што стала поўнай нечаканасцю для гісторыкаў і даследчыкаў, асабліва тыя метады, якімі яно было праведзена.

Замест таго, каб упарадкоўваць сапраўды недагледжаныя і аварыйныя пахаванні, руйнавалася агульнае аблічча могілак, унікальны комплекс нацыянальнай культуры і памяці планавалася «зачысціць» ад любой індывідуальнасці. Прыбіраліся старыя агароджы, якія складалі адно цэлае з гістарычнымі пахаваннямі, разнастайныя крыжы і помнікі замяняліся на тыпавыя бетонныя падгалоўнікі. 

Усё гэта адбывалася пры тым, што могілкі прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але заканадаўства аб пахавальнай справе чамусьці ставілася вышэй за захаванне спадчыны. Тады пасля шматлікіх зваротаў грамадзян і спецыялістаў размах прац удалося трохі зменшыць, не даць вынесці тое, у чым камунальныя службы не бачылі каштоўнасці.

Цяпер жа стала вядома, што працы па зачыстцы могілак сёлета аднавіліся: з магіл знікаюць старыя агароджы, якія не кранулі мінулым разам, а быццам бы пашкоджаныя надмагіллі мяняюць на тыя ж самыя бетонныя падгалоўнікі. Адной першых ахвяр стала магіла акадэміка Мікалая Бліадухо, з якой прыбралі старую агароджу.

Працу па «добраўпарадкаванні» Вайсковых могілак аднавілі сёлета. Адной з першых ахвяр стала старая агароджа на магіле акадэміка Мікалая Бліадухо. Выгляд магілы ў 2014 годзе. Фота: Wikimedia Commons

На думку адмыслоўцаў, прычына такога вандальнага добраўпарадкавання як на Вайсковых, так і на Кальварыйскіх могілках — гэта няправільны падыход да аховы могілак. Статус надаецца могілкам, але могілкі складаюцца з надмагілляў, агароджаў, капліц і іншых элементаў, якія звычайна ў назве каштоўнасці не фігуруюць. 

Гэтыя элементы мусілі б быць унесеныя ў пашпарты каштоўнасцей, але часцяком такія дакументы або пустыя, або складзеныя нядбайна. Але галоўная праблема ў тым, што гэтымі пашпартамі наўрад ці кіруюцца камунальныя службы, якія даглядаюць могілкі, а грамадзяне не могуць праверыць, ці ўнесены нейкі элемент у іх, бо яны нідзе не публікуюцца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

300 мінчукоў заклікалі ўлады спыніць работы на Вайсковых могілках

У Мінску могуць зачыніць яшчэ адзін касцёл?

Агароджа з балкона, кранальныя вершы і грыбочак на помніку. Самыя незвычайныя помнікі на Вайсковых могілках ФОТЫ

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Проб/адказаць/
12.08.2023
Acab, адзін ваяр за Беларусь ва Украіне супраць расейскага свету змагаўся, дык яго ў Варшаве пахавалі і рускім транслітам падпісалі. Здаецца не заўсёды сваякі ўвогуле ведаюць, як трэба. І хто ўвогуле сказаў, што памерлыя мусяць належаць толькі сваякам? Многія - нацыянальнага ўзроўню людзі
0
Спадар/адказаць/
13.08.2023
Мінкультуры я так разумею абсалютна похвіг на могілкі?
0
Прозаик/адказаць/
13.08.2023
Проб, так если он не знает как трэба, то вот таким как ты иди Горливый которые за всё савправдно-национальное, нужно бы исправить.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера