Знайсці
08.08.2023 / 20:07РусŁacБел

Панізіць артэрыяльны ціск дапамогуць простыя практыкаванні

Вучоныя з Вялікабрытаніі правялі даследаванне ўплыву рэгулярных фізічных практыкаванняў на зніжэнне высокага артэрыяльнага ціску. Атрыманыя вынікі іх здзівілі.

Такое практыкаванне, як планка, найбольш эфектыўна дапаможа знізіць крывяны ціск. Фота: Getty Images

Сардэчная недастатковасць, мігальная арытмія, інсульт — іх прычынай часта з'яўляецца высокі артэрыяльны ціск (гіпертанія), які гадамі заставаўся незаўважаным. У Беларусі ад гіпертаніі пакутуе 40 працэнтаў насельніцтва.

Дактары сцвярджаюць, што ў дадатак да здаровага харчавання рэгулярныя фізічныя практыкаванні могуць дапамагчы натуральным чынам знізіць высокі артэрыяльны ціск.

Даследчыкі з Вялікабрытаніі вывучылі, якія віды практыкаванняў падыходзяць і ў якой ступені.

Для гэтага яны правялі буйнамаштабны метааналіз 270-ці даследаванняў з удзелам амаль 16 000 чалавек. У даследаваннях вывучаўся ўплыў розных формаў фізічных практыкаванняў на працягу як мінімум двух тыдняў на крывяны ціск. Аўтары вызначылі нармальны артэрыяльны ціск у стане спакою ніжэйшы за 130/85, а высокі артэрыяльны ціск — у дыяпазоне ад 140/90.

У прыватнасці, навукоўцы даследавалі ўплыў чатырох відаў практыкаванняў: аэробных (бег, хадзьба, язда на веласіпедзе), дынамічных сілавых (адцісканні, прысяданні, выпады), высокаінтэнсіўных інтэрвальных і ізаметрычных (рухі, пры якіх чалавек скарачае мышцу або групу мышцаў і ўтрымлівае іх у адным і тым жа становішчы на працягу ўсяго практыкавання).

Аналіз паказаў, што ўсе разгледжаныя формы практыкаванняў зніжалі як верхняе (сісталічнае), так і ніжняе (дыясталічнае) значэнні, хоць і з рознай эфектыўнасцю.

На першым месцы па эфектыўнасці аказаліся ізаметрычныя практыкаванні (планка, прысяданні ля сцяны або сілавыя практыкаванні з хватам на рукі). Яны выклікалі найбольшае падзенне значэнняў у людзей з гіпертаніяй — у сярэднім ад 8,24 да 4 мм рт. сл.

Камбінаваныя практыкаванні прыводзілі да зніжэння ціску ад 6,04 да 2,54 мм рт. сл., толькі дынамічныя сілавыя практыкаванні давалі зніжэнне ад 4,55 да 3,04 мм рт. сл., толькі аэробныя — ад 4,49 да 2,53 мм рт. ст., высокаінтэнсіўныя інтэрвальныя прыводзілі да зніжэння ціску ад 4,08 да 2,50 мм рт. ст.

У людзей са звычайным ці злёгку падвышаным артэрыяльным ціскам зніжэнне было меней выяўленым ці наогул адсутнічала.

Атрыманыя высновы здзівілі спецыялістаў, бо традыцыйна для зніжэння высокага артэрыяльнага ціску дактары рэкамендуюць такія аэробныя трэніроўкі, як язда на ровары, бег трушком ці плаванне.

Аўтары задаюцца пытаннем, ці не пара абнавіць рэкамендацыі наконт гіпертаніі. У актуальных рэкамендацыях Еўрапейскага таварыства гіпертаніі згадваюцца перавагі ізаметрычных і сілавых практыкаванняў, але на першы план па-ранейшаму ставяцца аэробныя практыкаванні.

Як сцвярджаюць спецыялісты, для зніжэння артэрыяльнага ціску не патрэбныя вялікія спартыўныя амбіцыі. Прагулкі або язда на ровары на свежым паветры тры-чатыры разы на тыдзень і выкананне аднаго-двух ізаметрычных і сілавых практыкаванняў 15—20 хвілін, якія таксама можна выконваць дома, пакажуць сваю станоўчую эфектыўнасць пры рэгулярных занятках ужо праз тры-чатыры тыдні.

Неабходна таксама памятаць, што фактарамі натуральнага зніжэння артэрыяльнага ціску з'яўляецца здаровы лад жыцця з адмоваю ад алкаголю і курэння, а таксама міжземнаморская дыета з нізкім утрыманнем солі. Акрамя таго, варта пазбягаць залішняй вагі і празмернага стрэсу.

Чытайце яшчэ:

Навукоўцы: замест рэальных трэніровак для росту мускулаў дастаткова простай візуалізацыі. Наш мозг усё зробіць без нас

Гэтае простае практыкаванне пакажа, наколькі вы здаровыя

Змена звычак запавольвае старэнне

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
6
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031