Знайсці
30.07.2023 / 18:062РусŁacБел

Біяфобія: тэндэнцыі пошукавых запытаў у інтэрнэце выяўляюць рост страху перад прыродай

Біяфобія (страх перад некаторымі відамі або/і агульная агіда да прыроды) мае глыбокія эвалюцыйныя карані. Нягледзячы на тое, што больш за палову насельніцтва планеты жыве ва ўрбанізаваных раёнах, далёкіх ад дзікай прыроды, тэндэнцыі да зніжэння распаўсюджанасці розных відаў біяфобіі не назіраецца. Даследчыкі вывучаюць прычыны ўстойлівай распаўсюджанасці боязі прыроды ў сучасных грамадствах.

Фота: GettyImages

Людзі працягваюць дэманстраваць моцныя фабічныя рэакцыі на арганізмы, якія не жывуць у непасрэднай блізкасці ад нас, нават калі яны не ўяўляюць істотнай пагрозы. Гэта прыводзіць да празмернай трывогі й пазбягання ўзаемадзеяння з прыродай, не даючы пацярпелым асобам адчуць мноства фізічных і псіхічных пераваг, якія дае чалавеку жывая прырода.

Таму даследчыкі, якія цікавяцца гэтай з'явай, пачалі вывучаць прычыны ўстойлівай распаўсюджанасці біяфобіі ў сучасных грамадствах. Адна з гіпотэз паказвае на тое, што само па сабе жыццё ва ўрбанізаваных раёнах з'яўляецца ключавой прычынай. Тыя ж умовы, якія абараняюць нас ад патэнцыйна небяспечных прыродных сутыкненняў, таксама ўключаюць і абмежаваныя магчымасці ўзаемадзеяння з прыродай. Адсутнасць рэгулярных кантактаў з жывой прыродай і кантэкснай інфармацыі, якую гэтыя кантакты даюць, можа прымусіць людзей памылкова ацэньваць патэнцыйныя небяспекі і выклікаць неабгрунтаваныя страхі або агіду. Атрымліваецца нешта накшталт заганнага кола: адрыў ад прыроды вядзе да фобіі, якая вядзе да яшчэ большага адрыву ад прыроды.

У нядаўнім даследаванні, пра якое піша выданне The Conversation, даследчыкі вырашылі выкарыстаць магчымасці інтэрнэту, каб ацаніць адносны аб'ём пошукавых запытаў у Google пра 25 самых распаўсюджаных відаў біяфобіі ў прамежку між 2004 і 2022 гадамі.

Выявілася, што найбольш распаўсюджаныя біяфобіі ўключаюць арахнафобію (страх павукоў), боязь мікробаў і мікраарганізмаў (мізафобія) і паразітаў (паразітафобія). Вынікі пацвярджаюць меркаванне, што страх перад павукамі — адна з найбольш распаўсюджаных фобій.

Таксама быў выяўлены ўстойлівы рост колькасці пошукавых запытаў на тэму біяфобій у перыяд з 2004 да 2022 года, хаця і з прыкметнымі адрозненнямі ў тэндэнцыях для розных відаў. Напрыклад, устойліва расце цікавасць да афідыяфобіі (страх змей) і мізафобіі. Так, напрыклад, пошукі па тэме страху перад мікробамі дасягнулі піку ў пачатку пандэміі Covid-19, што не дзіўна. 

Даследчыкі ўдакладняюць, што тэндэнцыі былі разлічаныя на аснове прапорцыі пошукавых запытаў да агульнай колькасці пошукавых запытаў па гадах — таму вынікі нельга растлумачыць проста павелічэннем выкарыстання інтэрнэту.

Цікава, што ўсё большая цікавасць да тэмы назіраецца ў краінах з вялікай і стабільнай колькасцю гарадскога насельніцтва і даўнімі традыцыямі ўрбанізацыі: Аўстраліі, Канадзе, Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі. Цалкам магчыма, што раз'яднанасць з прыродай у гэтых краінах мела больш часу, каб выкрышталізавацца. Наадварот, многія краіны з меншым, але хутка растучым гарадскім насельніцтвам (такія, як многія краіны Афрыкі і Блізкага Усходу) прадэманстравалі меншую цікавасць да тэмы.

Фота: GettyImages

Само сабой, не можна выключаць уплыву на вынікі таксама іншых аспектаў, звязаных з розніцай у доступе да інтэрнэту ў розных краінах або матывацыі пошуку. Напрыклад, насельніцтва ў гарадах таксама, як правіла, мае лепшы доступ да сеціва — і гэта можа растлумачыць меншую распаўсюджанасць запытаў у сельскай мясцовасці. Да таго ж вядома, што ў некаторых краінах, накшталт Кітая і Расіі, дамінуюць іншыя пошукавыя сістэмы, апроч Google, што таксама магло паўплываць на вынікі.

Тым не менш тэндэнцыя выглядае відавочнай: у многіх сучасных грамадствах узмацняецца адрыў ад прыроды праз гарадское жыццё, што суправаджаецца неабгрунтаваным страхам перад іншымі формамі жыцця. Па меры таго, як грамадства становіцца ўсё больш урбанізаваным, людзі рызыкуюць страціць сувязь з прыродным светам і развіць больш негатыўнае ўспрыманне прыроды і, як вынік, шкоднае і бяздумнае стаўленне да яе.

Чытайце таксама:

У Швейцарыі загнездаваў рэдкі від птушак, якога тут не было 400 гадоў

«Чыноўнікі ў імпатэнты б запісалі». Гісторыі тых, хто вырашыў не заводзіць дзяцей

Як развесціся з партнёрам і не нашкодзіць дзіцяці і ці варта захоўваць шлюб дзеля малога?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1
30.07.2023
Heta što heta za siužet na fotcy ? Dziaūčyna rychtujecca zjeści pavučka ?
0
Казік/адказаць/
30.07.2023
Шмат казурак, паукоў, вусеняў і ўсяго рознага, з чым з цікавасцю гуляўся ў дзяцінстве, зараз у рукі вазьму праз сілу. Фобіі яшчэ няма, але званочак, што адарваўся ад прыроды
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930