Знайсці
28.07.2023 / 14:459РусŁacБел

Новае даследаванне паказала, што большасць беларускай моладзі выступае або за нейтралітэт, або за ўступленне ў НАТА 

Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі сталі тэмай новага апытання Chatham House (Каралеўскага інстытуту міжнародных адносін).

З-за палітычнай сітуацыі правесці паўнавартаснае анкетаванне ў Беларусі цяпер немагчыма. Таму даследчыкі арганізавалі інтэрнет-інтэрв'ю. Па гэтай прычыне выбарка была абмежаваная не толькі гарадскім насельніцтвам, але і звужана да карыстальнікаў інтэрнэта.

Было апытана 683 рэспандэнта ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. 

Аўтары дапускаюць, што, нягледзячы на тое, што выбарка была ўзважаная, каб дакладна адлюстраваць структуру моладзі Беларусі, ёсць імавернасць, што падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі можа быць крыху вышэйшай, чым адлюстравана ў апытанні, бо прыхільнікі Лукашэнкі часта менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, радзей карыстаюцца інтэрнэтам, чым яго праціўнікі.

Таксама аўтары адзначаюць уплыў страху рэспандэнтаў пры праходжанні апытання, што таксама магло паўплываць на вынікі.

Спажыванне навін

У залежнасці ад частаты спажывання навін з розных відаў СМІ даследчыкі выдзелілі чатыры сегменты маладых беларусаў па медыяспажыванні.

Чатыры сегменты маладых беларусаў па медыяспажыванню. Крыніца: Chatham House

Кожны пяты з апытаных (19%) атрымлівае навіны з недзяржаўных СМІ. Трохі болей за пятую частку (22%) аддае перавагу дзяржаўным. Кожны чацвёрты (26%) імкнецца праглядаць абодва сегменты медыяпрасторы.

Адметна, што кожны трэці (32%) апытаны не цікавіцца навінамі, праглядае праграмы і сайты навін радзей за раз на тыдзень.

Даследаванне паказала, што больш паловы моладзі (55%) не сочыць за палітычнымі блогерамі і журналістамі, а сярод тых, хто гэта робіць, большай папулярнасцю карыстаюцца расійскія каментатары.

Ацэнка эканамічнай сітуацыі

Як паказала даследаванне, моладзь Беларусі часцей лічыць спрыяльнай эканамічную сітуацыю ў краінах ЕС і ЗША, чым у Расіі і Беларусі. Так эканамічную сітуацыю ў Германіі як вельмі добрую ацаніла ў два разы болей рэспандэнтаў, чым дало такую адзнаку сітуацыі ў Беларусі (адпаведна 14% і 6%).

Пры гэтым, на думку 7% апытаных эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі дрэнная. І гэта самы горшы паказчык у параўнанні з іншымі краінамі. Пра Расію так лічаць 5% апытаных, Польшчу і ЗША — 2%.

Ацэнка эканамічнай сітуацыі. Крыніца: Chatham House

Калі ж рабіць папраўку на медыяспажыванне, то відавочна, што аўдыторыя недзяржаўных СМІ значна часцей ацэньвае эканамічную сітуацыю ў Беларусі і Расіі як неспрыяльную. У той жа час 14% аўдыторыі абодвух тыпаў СМІ лічыць эканамічную сітуацыю ў Беларусі вельмі добрай, у той час, як сярод аўдыторыі дзяржаўных СМІ так лічаць толькі 6%.

Ацэнка эканамічнай сітуацыі ў Беларусі па медыясегментам. Крыніца: Chatham House

Даследаванне паказала, што моладзь схільная часцей падзяляць меркаванне аб неабходнасці эканамічных рэформаў, чым аб іх непатрэбнасці. Аднак, кансэнсусу аб характары рэформаў сярод маладых людзей няма.

Пры гэтым адметна, што неактыўная аўдыторыя (тыя людзі, якія рэдка карыстаюцца СМІ) больш выказваецца за поўнае ці значнае рэфармаванне (46%), чым аўдыторыя абодвух тыпаў СМІ (42%).

Зноў жа цікавым зʼяўляецца той факт, што менавіта сярод прыхільнікаў абодвух тыпаў СМІ найбольш тых (12%), хто лічыць, што рэформы непатрэбныя (нягледзячы на тое, што сярод іх тых, хто лічыць эканамічную сітуацыю ў краіне хутчэй дрэннай і дрэннай, 28%).

Ацэнка неабходнасці рэфармавання эканомікі па медыясегментам. Крыніца: Chatham House

Замежнапалітычныя перавагі

Сярод краін найбольш сімпатый у моладзі да Кітая. Пра свае вельмі добрыя і ў асноўным добрыя адносіны да гэтай краіны заявіла 77% апытаных. Да Расіі такія адносіны маюць 68%, Польшчы — 64%, ЕС — 63%, Украіны — 61%, Літвы — 59% апытаных. На апошнім месцы апынуліся ЗША (54%).

Аўтары даследавання адзначаюць, што, нягледзячы на тое, што ў цэлым беларуская моладзь добра ставіцца да суседніх краін і вялікіх геапалітычных актараў, меркаванні адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу спажываных медыя. Так аўдыторыя недзяржаўных СМІ лепш ставіцца да Украіны, а аўдыторыя дзяржаўных СМІ часцей за іншых негатыўна адносіцца да ЗША і краін ЕС.

Вынікі апытання паказалі, што большасць моладзі абʼядноўвае жаданне альбо не ўступаць у міжнародныя саюзы, альбо быць у саюзе з Расіяй і ЕС адначасова.

Імаверна, лічаць аўтары даследавання, гэта праява замежнапалітычнага выбару ў беларускім грамадстве, а не вынік неадрэфлексаванасці пытання. У выпадку з неадрэфлексаванасцю пытання маладыя людзі схільныя даваць прарасейскія адказы.

41% моладзі лічыць, што Беларусь павінна заставацца сябрам Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы; 47% выступае за нейтралітэт і 12% за ўступленне краіны ў НАТА.

У якім геапалітычным саюзе лепш знаходзіцца Беларусі? Крыніца: Chatham House

Стаўленне да ядзернай зброі

Апытанне паказала, што беларуская моладзь не падтрымлівае размяшчэння ў краіне расійскай ядзернай зброі. Станоўча гэта ацаніў толькі кожны дзясяты. Хутчэй станоўча — кожны пяты. А вось адмоўна і хутчэй адмоўна выказаліся сем чалавек з дзесяці. 

Адметным зʼяўляецца тое, што сярод аўдыторыі абодвух тыпаў СМІ станоўча да размяшчэння расійскай ядзернай зброі паставіўся кожны пяты (19%), хутчэй станоўча — кожны трэці (33%). У той жа час сярод тых, хто глядзіць толькі дзяржаўныя каналы, цалкам станоўчае стаўленне ў 15%, а хутчэй станоўчае ў 29%.

Стаўленне да размяшчэння расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Крыніца: Chatham House

Стаўленне да вайны

Апытанне паказала, што моладзь Беларусі не схільная падтрымліваць дзеянні Расіі на тэрыторыі Украіны і не хоча бачыць войскі Беларусі далучанымі да вайны наўпрост. Маладыя людзі схільныя лічыць, што Беларусь павінна выконваць нейтралітэт у вайне і не падтрымліваць ні адзін з бакоў.

Большасць рэспандэнтаў хоча спынення вайны як мага хутчэй. Пры гэтым 18% мяркуе, што вайна павінна скончыцца пасля дасягнення Расіяй сваіх мэт і 15% — пасля дасягнення сваіх мэт Украінай.

Аўтары даследавання звяртаюць увагу на тое, што толькі невялікая частка моладзі (18%) падтрымлівае Расію ў вайне. У той жа час 50% апытаных Расіі не падтрымліваюць.

Падтрымка ваенных дзеянняў Расіі ва Украіне па медыясегментах. Крыніца: Chatham House

У той жа час прадэмакратычная моладзь часцей мае праўкраінскі погляд на вайну. Яна часцей ацэньвае ваенныя дзеянні Украіны як паспяховыя і верыць у перамогу гэтай краіны. Гэтая частка моладзі таксама часцей за іншых лічаць, што вайна павінна скончыцца пасля выканання Украінай сваіх мэт.

Чытайце яшчэ:

Што беларусы думаюць пра размяшчэнне ў краіне ядзернай зброі? 

Новае апытанне паказала, колькі беларусаў падтрымлівае вайну і размяшчэнне ядзернай зброі

Сацыёлагі далі свежыя звесткі, каму беларусы давяраюць і ці гатовыя жыць без Расіі

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
12
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
9
3
зеркало/адказаць/
28.07.2023
Вероятный,вы больше похожи на невероятного.......
3
Вероятный/адказаць/
28.07.2023
зеркало, гэта ў вас северо-западные галюцынацыі. 
0
Олег/адказаць/
28.07.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031