Знайсці
03.08.2023 / 21:40РусŁacБел

Псіхічныя разлады ў бацькоў могуць павялічыць рызыку заўчасных родаў — новае даследаванне

Паводле даследаванняў, маці з псіхічнымі захворваннямі часцей нараджаюць занадта рана. Але выяўляецца, што на рызыку заўчасных родаў таксама можа паўплываць і псіхічнае здароўе бацькі.

Фота: vecteezy

У новым даследаванні, апублікаваным у часопісе PLOS Medicine, навукоўцы выявілі, што псіхічнае захворванне бацькі павялічвае рызыку заўчасных родаў і што рызыка яшчэ большая, калі захворванне маюць абое бацькі.

Да заўчасных адносяць роды, што адбываюцца да 37 тыдня цяжарнасці. (The Conversation заўважае, што ўсё больш фактаў сведчыць аб тым, што рызыкі неспрыяльных наступстваў для здароўя павышаныя не толькі для тых немаўлятаў, якія нарадзіліся неданошанымі, але і для тых, што нарадзіліся ў «ранні тэрмін»: на 37-38-ым тыдні цяжарнасці.)

Немаўляты, якія нарадзіліся неданошанымі, маюць большы ўзровень парушэнняў нервовага развіцця, такіх як, напрыклад, разлады аўтыстычнага спектру. Таму чым раней нараджаецца дзіця, тым вышэйшая рызыка развіцця тых ці іншых ускладненняў.

У новым даследаванні былі прааналізаваныя даныя пра 1,5 мільёна немаўлятаў, якія нарадзіліся ў Швецыі ў перыяд з 1997 да 2016 года. Інфармацыю аб псіхічным здароўі бацькоў даследчыкі атрымалі з Нацыянальнага рэестра пацыентаў, у якім запісваюцца ўсе псіхіятрычныя дыягназы, пастаўленыя шведскімі клінічнымі спецыялістамі. Прыкладна ў 15% немаўлят хаця б адзін з бацькоў меў псіхічны разлад.

Выявілася, што немаўляты, чый бацька меў псіхічнае захворванне, мелі на 12% большую рызыку нарадзіцца неданошанымі (у параўнанні з дзецьмі, у якіх ніводзін з бацькоў не меў псіхічных разладаў). Рызыка павялічвалася на 31%, калі псіхічнае захворванне мела толькі маці. Калі ж хварэлі абодва бацькі, рызыка павялічвалася на 52%.

З усіх разгледжаных даследчыкамі захворванняў псіхічнага здароўя самую высокую рызыку ўяўлялі разлады, звязаныя са стрэсам, такія як, напрыклад, посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР). Так, рызыка павялічваецца на 23%, калі на стрэсавы разлад пакутаваў толькі бацька; на 47%, калі хварэла толькі маці; і ажно на 90% у выпадку наяўнасці дыягназу ў абодвух бацькоў. Рызыка таксама павялічвалася, калі бацькі мелі некалькі розных псіхічных разладаў (напрыклад, дэпрэсія разам з трывожным засмучэннем) адначасова.

Чаму існуе такая сувязь?

Хоць ужо існавалі даследаванні, якія вывучалі сувязь псіхічных захворванняў у мам з павышанай рызыкай заўчасных родаў, пра ролю бацькі ў гэтым плане было вядома значна менш. Асноўны механізм, хутчэй за ўсё, будзе складаным і даследчыкі пакуль могуць толькі меркаваць, што стаіць за гэтай сувяззю.

Верагодна, пакута ад псіхічнага захворвання або наяўнасць партнёра з псіхічным захворваннем з’яўляецца крыніцай стрэсу для будучай мамы. Як вынік, больш высокі ўзровень гармонаў стрэсу ў арганізме маці можа выклікаць заўчасныя схваткі.

Даследаванні паказваюць, што падтрымка бацькі падчас цяжарнасці можа змякчыць наступствы мацярынскага стрэсу. У адным даследаванні жанчыны з хранічным стрэсам, якія мелі лепшую падтрымку з боку бацькі дзіцяці (уключаючы эмацыйную і фінансавую), мелі меншую рызыку заўчасных родаў.

Калі ж абодва бацькі маюць псіхічнае захворванне, тады больш верагодна, што такой падтрымкі не будзе. Акрамя таго, у сем'ях, дзе адзін або абодва бацькі маюць псіхічнае захворванне, могуць узнікаць дадатковыя фактары рызыкі, такія як злоўжыванне псіхаактыўнымі рэчывамі, паленне і нізкі сацыяльна-эканамічны статус.

Па даных СААЗ, прыкладна кожны восьмы чалавек у свеце мае той ці іншы псіхічны разлад. Будучыя даследаванні павінны вывучыць, ці могуць дадатковая сацыяльная падтрымка і дародавы догляд для сем'яў з псіхічнымі захворваннямі знізіць рызыку заўчасных родаў, а таксама патэнцыйныя наступствы псіхіятрычных лекаў і метадаў лячэння.

Чытайце таксама:

Цыклічнае дыханне: усяго пяць хвілін на дзень здымаюць стрэс

Нейрабіёлаг прапанаваў пяць простых прыёмаў, якія дапамогуць знізіць рызыку дэпрэсіі

Як выхаваць у дзяцей уменне «правільна» злаваць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829