Знайсці
20.06.2023 / 07:442РусŁacБел

Навукоўцы стварылі першы ў свеце зародак чалавека ў лабараторыі. Як і галоўнае — навошта?

Камандзе навукоўцаў з Брытаніі і ЗША ўпершыню ў гісторыі ўдалося стварыць чалавечыя эмбрыёны штучным спосабам — з генетычнага матэрыялу адной-адзінай ствалавой клеткі.

Ілюстрацыйнае фота: Antonio Calanni, File / AP Photo

Сенсацыйная заява, зробленая на штогадовым сходзе Міжнароднага таварыства даследаванняў ствалавых клетак, падымае цэлы шэраг пытанняў — перадусім этычных і юрыдычных.

BBC адказвае на некаторыя з іх.

Чаму эксперымент лічаць гістарычным?

Эмбрыён любога млекакормячага ўтвараецца ў момант зачацця, то-бок зліцця дзвюх палавых клетак бацькоў. Кожная з іх змяшчае толькі палавінны набор храмасом, таму пры зліцці яны дапаўняюць генетычную інфармацыю адна адной.

У сенсацыйным эксперыменце кожны чалавечы эмбрыён быў вырашчаны шляхам дзялення адной донарскай ствалавой клеткі, гэта значыць фактычна гаворка ідзе пра кланаванне.

Правядзенне доследаў па кланаванні чалавека заканадаўча забаронена ў большасці краін свету, аднак у гэтым выпадку дазвол атрымалі пры ўмове знішчэння вырашчаных эмбрыёнаў ва ўзросце не старэйшым за два тыдні.

Зрэшты, варта адзначыць, што фармальнага пацвярджэння — у выглядзе навуковага артыкула з падрабязным апісаннем падрыхтоўкі і правядзення паспяховага эксперымента — сенсацыйная заява пакуль не атрымала.

Эксперымент быў праведзены пад кіраўніцтвам прафесара Кембрыджа Магдалены Зерніцкай-Гёц. Фота: University of Cambridge

Такім чынам, многія эксперты ўстрымліваюцца ад змястоўных каментароў у чаканні публікацыі.

Чым штучны эмбрыён чалавека адрозніваецца ад звычайнага?

Як ужо згадвалі вышэй, лабараторны эмбрыён атрымалі не шляхам зліцця дзвюх палавых клетак бацькоў, а з адной-адзінай ствалавой клеткі донара (а таму ён генетычна ідэнтычны бацькоўскаму арганізму).

Ствалавыя клеткі — гэта своеасаблівыя «нарыхтоўкі» арганізма, якія той пры неабходнасці «спецыялізуе» — гэта значыць ператварае ў клеткі любых унутраных органаў і тканак.

Менавіта са ствалавых клетак і складаецца на ранніх этапах развіцця ўвесь эмбрыён.

У гэтым выпадку ў навукоўцаў атрымалася «пераканаць» ствалавую клетку ператварыцца ў эмбрыён бацькоўскага арганізма, але толькі на раннім этапе яго развіцця, калі ўвесь зародак складаецца з адной-адзінай аплодненай яйцаклеткі.

Навошта гэта наогул трэба?

Сінтэтычныя эмбрыёны, якім усяго некалькі дзён ці тыдняў, могуць дапамагчы даследчыкам вывучыць раннія стадыі чалавечага развіцця і, магчыма, вырашыць праблему бясплоднасці, актуальную для многіх пар.

Напрыклад, менавіта на пачатковых этапах цяжарнасць нярэдка раптам абрываецца без якіх-небудзь відавочных прычын.

У той жа час магчымасці вывучэння чалавечага зародка ўнутры мацярынскага арганізма, ды яшчэ і на ранніх стадыях фарміравання эмбрыёна, вельмі абмежаваныя.

Вывучэнне штучных эмбрыёнаў у лабараторных умовах дапаможа вырашыць гэтую праблему і (сярод іншага) лепш зразумець прычыну ранніх выкідышаў.

Этычныя і юрыдычныя праблемы

Фармальна такія зародкі пад юрыдычнае паняцце «эмбрыёна» не падпадаюць, бо іх вырошчвалі на працягу двух тыдняў, а менавіта гэты тэрмін у заканадаўстве большасці краін прапісаны як максімальна магчымы для эксперыментаў.

Да канца другога тыдня ад моманту зачацця ў зародка яшчэ не пачынае фармавацца мозг і не чуваць сэрцабіцце, такім чынам, і этычнай дылемы перад экспертамі не паўстае.

За 14 дзён пасля апладнення закон патрабуе перасадзіць зародкі ў арганізм сурагатнай маці або, калі эмбрыён ствараўся выключна для патрэб эксперымента, знішчыць.

Якая патэнцыйная рызыка новай тэхналогіі?

Выразных правілаў, якія рэгулююць вырошчванне чалавечых эмбрыёнаў са ствалавых клетак, на сёння няма, а яны проста жыццёва неабходныя.

Новыя біятэхналогіі становяцца таннейшымі, а для іх выкарыстання ў хатніх умовах часцяком нават не патрабуецца спецыяльная адукацыя.

«Вельмі важна, каб даследаванні ў гэтай галіне вяліся вельмі асцярожна і празрыста, — падкрэслівае прафесар Інстытута Фрэнсіса Крыка Джэймс Брыскоу. — Небяспека заключаецца ў тым, што памылкі або неабгрунтаваныя заявы паўплываюць на грамадскасць і палітыкаў, што можа сур'ёзна нашкодзіць усёй галіне».

Чытайце таксама:

Новыя даследаванні генетыкаў змушаюць вярнуцца да расісцкіх тэорый аб «добрых» і «дрэнных» генах

«Я павінна рабіць гэта бясплатна? Не, адназначна». Сурагатная маці пра жыццё, хэйт і стэрэатыпы

Дэманстрацыя прататыпа «першай у свеце штучнай маткі» выклікала абурэнне

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
2
0
Яўгенік/адказаць/
20.06.2023
Можна сабе клона завесці на запасныя органы - ідэальна сумяшчальныя
1
Рпегііоа/адказаць/
20.06.2023
Магдалене патрэбен ЖАРАБЕЦ!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930