Знайсці
08.06.2023 / 12:516РусŁacБел

«У снах я бачу, як ён прыходзіць з палону, худы такі, і кажа: «Цяпер усё будзе добра». Каханая Івана «Брэста» пра любоў, турму і смерць

Камандзір батальёну «Волат» палку імя Кастуся Каліноўскага Іван «Брэст» Марчук загінуў 26 чэрвеня 2022 году ў баі з расейцамі ля акупаванага Лісічанску. «Брэст» быў адным з найбольш вядомых беларусаў, што ваявалі ва Украіне.

Іван «Брэст» Марчук і Надзея Ліхашапка, архіўнае фота

Амаль праз год з моманту сьмерці Івана «Брэста» са «Свабодай» пагадзілася паразмаўляць яго сяброўка Надзея Ліхашапка. Дзяўчына расказала пра тое, як Іван сядзеў у турме за бандытызм, і пра ягоны няпросты характар. А таксама пра каханьне і гераізм.

«А дзе твая барада?»

«Мы былі знаёмыя пяць гадоў, дакладней чатыры, калі ня браць у разьлік апошні год. У нас былі вельмі складаныя стасункі, ня ўвесь гэты час мы былі разам», — пачынае аповед Надзея.

Украінка і беларус пазнаёміліся на сайце знаёмстваў. Надзея расказвае, што яе вельмі захапіў вобраз Івана — зь вялікай барадой, у вайсковай форме.

«Мы дамовіліся сустрэцца неяк вечарам, і вось ён прыяжджае, выходзіць з таксі, а ў яго цалкам зголеная барада. І першае, што я пытаюся: «А дзе твая барада?» Ён: «У сэнсе?» — «Ну ў цябе на фота такая прыгожая барада, дзе яна?» — «Божа, табе што, падабаецца барада?» — «Вядома!»

А ён тады якраз прыехаў з францускага легіёну, быў увесь зарослы, але да барбэра не пасьпяваў, хацеў падраўняць бараду — і адбылася клясыка жанру: зразумеў, што ўсё пагана, і прыняў рашэньне цалкам згаліць. І выглядаў ён тады як маленькі хлопчык, з прышчыкамі на шчоках, вельмі сьмешны».

Іван «Брэст» Марчук у Францускім іншаземным легіёне, архіўнае фота

Дзяўчына расказвае, што першае спатканьне было надзвычай няўдалым, яна больш не хацела бачыцца з Іванам.

«Я памятаю, што села ў трамвай і думаю: «Трэба заўтра неяк напісаць гэтаму хлопцу, што болей мы не пабачымся». Так я і зрабіла. Але я яму вельмі спадабалася, таму ён пэрыядычна мне пісаў, хоць я і сказала яму, што нам зусім у розныя бакі. Пісаў-пісаў, і месяцы праз два мы зноў сустрэліся. Ён неяк спытаў: «Мо хочаш пакатацца на матацыкле?» А я дужа падкая на матацыклы, для мяне барада плюс матацыкл — гэта проста забойная сумесь».

Паводле ўкраінкі, далей усё было як у кіно: прыяжджае Іван, здымае шалом, а там ужо прыгажэзная барада.

«Так мы і пачалі стасавацца, ён амаль штодня прыяжджаў, вельмі прыгожа дабіваўся мяне. Нават мама мая казала: «Надзя, ён як прыяжджае, нават у мяне сэрца ў пяты ад таго, які прыгожы і файны мужчына, і так прыгожа заляцаецца».

На дзень нараджэньня Надзеі Іван падараваў ёй квіткі на канцэрт, а таксама паездку ў Львоў.

«Калі мы вярнуліся са Львова, то ён мне ўручыў дублікат ключоў ад сваёй кватэры і сказаў: «Калі захочаш, то можаш перавозіць да мяне рэчы». Так мы і зьехаліся. Паўгоду мы зь ім пражылі ідэальна. Гэта былі мае найлепшыя паўгоду ў жыцьці».

Іван «Брэст» Марчук і Надзея Ліхашапка, архіўнае фота

«Вось у кагосьці ранак няўдала пачаўся»

У лістападзе 2018 году Івана Марчука затрымалі ўкраінскія сілавікі. Яго падазравалі ў падпальваньні прадпрыемстваў і гандлі зброяй у складзе злачыннай групоўкі. Усяго беларуса абвінавачвалі ў адзінаццаці эпізодах.

«Для мяне было сюрпрызам, калі ў адну з раніц нас паклалі тварам у падлогу. Ваня мяне адвозіў на працу, мы селі ў машыну, ён кажа: «Пачакай, зараз аліву праверу». Гэта было дзесьці 7:40 ранку.

Іван расказваў потым, што пабачыў бакавым зрокам, як бяжыць атрад сілавікоў, і яшчэ падумаў: «Вось у кагосьці ранак няўдала пачаўся». А потым да яго даходзіць, што гэта ягоны ранак так пачаўся. У нас цэлы дзень быў ператрус, мяне адпусьцілі дзесьці толькі а восьмай вечару, а Івана забралі».

Паводле ўкраінскіх праваахоўнікаў, Івану Марчуку пагражала да 15 гадоў зьняволеньня. Яго абвінавачвалі ў нападах з выкарыстаньнем супрацьтанкавай зброі і боепрыпасаў.

«Гэта быў цяжкі пэрыяд, я не змагла пратрымацца цалкам. Дзесьці пасьля году зьняволеньня мы пачалі моцна сварыцца і разышліся. І я тады была маладзейшая, і ён таксама, а ён увогуле такі гарачы-гарачы.

Падтрымліваць сувязь, калі Іван сядзеў у турме, увогуле няцяжка, бо гэта ж Украіна. Я пастаянна хадзіла да сьледчага, прасіла яго дазволу на спатканьні. Іван паўгоду сядзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня, ён адразу пагадзіўся на супрацоўніцтва з паліцыяй. І праз гэта меў пэўныя «плюшкі»: адна з такіх выгод была ў тым, што сьледчы дазваляў нам бачыцца, хоць мы не былі мужам і жонкай.

Я прыходзіла, стаяла чаргу (яна магла займаць і чатыры гадзіны), сустракаліся і адседжвалі ўсе свае законныя гадзіны. У мяне засталося шмат лістоў ад Івана з таго пэрыяду. Насіла перадачкі яму, бо Ванька любіў паесьці».

У выніку Івана асудзілі на тры гады і адзін месяц зьняволеньня. Пакараньне адбываў у Барыспальскай калёніі.

«З калёніі мы кантактавалі праз тэлефон, у Івана там быў мабільнік. Там ва ўсіх былі тэлефоны, гэта ўвогуле не праблема. Мы на сувязі былі 24/7. Толькі што маральна было цяжка мне».

Іван Марчук выйшаў з турмы ў сьнежні 2021 году, а ў лютым 2022-га ўжо пачалася вайна.

«Яму нават сьледчы казаў: «Іван, ну ты ж не такі чалавек, які зьвязваецца з бандытамі». І мне сьледчы тое ж казаў: «Я не ўяўляю, што Іван там рабіў, уражаньне, нібыта ён, як у дзяцінстве, проста трапіў у кепскую кампанію». Ён ня мог прайсьці міма якой-небудзь бабулі, якая прадавала кветкі ці сьлівы, і мы заўсёды куплялі ў іх. Калі ў крымінальнай справе налічылі адзінаццаць эпізодаў, то я была вельмі зьдзіўленая.

«Ваня, як так выйшла?» — «А я ня ведаю», — адказваў мне».

«Зараз пачнецца, зараз пачнецца»

Калі Іван выйшаў з турмы, то з Надзеяй яны пабачыліся толькі аднойчы. Дзяўчына зноў сказала беларусу, што гэта іх апошняя сустрэча.

«Я тады хадзіла да псыхоляга, каб не вяртацца да Івана, мне было вельмі цяжка безь яго, я яго кахала, але мне хацелася іншага жыцьця. У Івана ж усё на экстрыме. Я нават не магла назваць нас паўнавартаснай парай. Нават апошні раз, калі мы зь ім былі разам, Іван тады сказаў: «Я настолькі цікавае жыцьцё жыву». А я адказала: «Мабыць, я і не ўяўляю цябе старым з домам, зь дзецьмі, унукамі, са спакойным жыцьцём». Ён глядзіць на мяне і кажа: «І я сябе такім не ўяўляю».

Надзея расказвае, што, нягледзячы на тое, што на момант пачатку вайны яны ўжо паўтара году не былі разам, прыярытэты хутка расставіліся зусім па-іншаму.

«Увесь гэты час (ад 24 лютага 2022 году да сьмерці добраахвотніка. — РС) мы правялі разам.

Сумневаў у яго не было, ці ісьці на вайну. Ягоны сябра Паша, зь якім яны разам жылі, расказваў, што Іван ня спаў усю ноч на 24 лютага і казаў: «Зараз пачнецца, зараз пачнецца». Паша яму казаў: «Ды засьні ты, калі ласка, нічога не пачнецца, чаго ты сябе накручваеш». А Ваня хадзіў па пакоі, нібыта той маятнік. І тут чуюцца выбухі, Іван кажа: «Ну я ж гаварыў!» Адразу ж пачаў зьбірацца, ён быў адным зь першых у батальёне Каліноўскага».

Надзея расказвае, што Іван сябе якраз добра адчуваў у вайну, а вось у мірны час пачынаў нудзіцца.

«Вайна — гэта сто працэнтаў яго стыхія. Ён быў вайскоўцам да мозгу касьцей. Калі мы разам жылі, то яму было дастаткова сумна: нездарма зьявіўся матацыкл, нездарма бандыцкія гісторыі — адрэналіну не хапала, ці што. Ён нават хацеў паехаць у Сырыю, лічыў, што там можа быць карысным. Ад самага дзяцінства ён гарэў гэтым Францускім легіёнам, хоць ніхто ў сям’і, апроч дзеда, яго ў гэтым не падтрымліваў».

Украінка кажа, што заўсёды вельмі перажывала, калі «Брэст» ішоў на баявыя заданьні.

«У нас былі супэркароткія перапіскі. Я проста пыталася: «Ок?» Ён адказваў: «Ок». Калі з апошняга баявога ён не адказаў, то я зразумела, што нешта ня так, але спадзявалася, што ён у палоне. Я разумела, што Іван абавязкова адпішацца».

«Злаваўся на тых, хто ў тыле»

Надзея расказвае, што незадоўга да сьмерці «Брэст» быў у Кіеве, было шмат унутраных супярэчнасьцяў унутры палку Каліноўскага.

«Іван вельмі злаваўся на тых, хто сядзіць у тыле. Ваня прыехаў у Кіеў і проста іх разносіў, бо ў іх на «нулі» няма чаго паесьці, а ў штабе на складзе паліцы ад харчу ломяцца. Плюс да ўсяго гісторыя, як Івана пабілі незадоўга да сьмерці (інцыдэнт здарыўся менш чым за тыдзень да гібелі «Брэста», яны пабіліся з камандзірам батальёну «Тэрор» Алегам «Варагам» Васільевым. — РС)».

Надзея нікога не вінаваціць у сьмерці Івана, але пры гэтым кажа, што быў цэлы шэраг фактараў, які склаўся ў такую гісторыю.

«Апошні раз, калі мы былі разам, ён быў вельмі стомлены, злосны, раздражнёны. Ён прыходзіў позна, дзесьці а першай ночы. Я яму кажу: «Ну дэлегуй ты камусьці частку абавязкаў». А ён адказваў, што ня ведае, каму можна дэлегаваць. Я Івану казала, што яму трэба часьцей бываць у штабе, вырашаць там праблемы. Але Іван быў іншым чалавекам, ён ведаў, дзе ягонае месца; ведаў, што яно на перадавой, і ён сябе там адчуваў як рыба ў вадзе. А ўсе ўнутраныя санта-барбары — гэта было не пра яго. Ён рабіў справу, а не мянціў языком».

На сёньняшні дзень Надзея Ліхашапка ніяк не кантактуе са штабам палку Каліноўскага, хаця дапамагае звычайным хлопцам-добраахвотнікам. Нядаўна дапамагала арганізаваць разьвітаньне зь Міраславам Лазоўскім, які загінуў пад Бахмутам.

«Цяпер для мяне штаб палку Каліноўскага зусім памёр. Я сустракала ў Кіеве бацькоў Івана, іх прывезьлі на машынах для палку. Прыехаў «Кіт» (камандзір палку Каліноўскага Дзяніс Прохараў. — РС), павітаўся зь імі, сеў у «тачку» й зьехаў. Потым гэты «цудоўны» чалавек прыйшоў да мяне ў кватэру, дзе спыніліся бацькі Івана, зь пісталетам.

Быў год палку Каліноўскага. Як вы лічыце, на адзначэньне запрасілі хоць кагосьці са сваякоў загінулых? Нікога-нікога. Мяне запрасілі хлопцы, і тое толькі на апошнія паўгадзіны я прыйшла. Мяне сустракае «Кіт», працягвае руку, каб павітацца. Я яму адказваю: «Ты лічыш, я падам табе руку?» Ён такі: «Ну ладна». А на фоне мільён відэа з Іванам. Я гаварыла з жонкай «Сябро» (Васіля Парфянкова. — РС), яны робяць выставы ў памяць загінулых, і калі была такая ў Кіеве, то ніхто са штабу проста не прыйшоў. Ну як такое магчыма?»

«Сківіцы цокалі, калі еў»

У францускі Іншаземны легіён Іван запісаўся яшчэ студэнтам.

Паехаў у Парыж па турыстычнай пуцёўцы, а там пайшоў на пункт вэрбаваньня легіянэраў, яго ўзялі. Патэлефанаваў маці, што больш ня вернецца ў Беларусь. Маці месяц праплакала.

«Іван быў вельмі валявы чалавек. Яму немагчыма загадваць, каб ён нешта рабіў тое, што ён лічыць няправільным. А ў легіёне, на жаль, было багата дзедаўшчыны, ён шмат з чым не пагаджаўся. У яго была свая пазыцыя ва ўсіх пытаньнях, ад гэтага часта сядзеў у карцэры», — расказвае дзяўчына.

Паводле яе, Марчуку найбольш падабалася служыць у Францускай Гвіяне, у джунглях. Таксама падабалася ахоўваць гасьцей, якія прыляталі ў аэрапорт у ААЭ.

«А так ён пабываў у палове сьвету. Ён і маму з братам прывозіў у «Дыснэйлэнд» у Парыжы».

У Марчука быў матацыкл Kawasaki Z1000. Ён любіў скакаць з парашутам, тарзанкі. Таксама Іван быў зусім не абыякавы да ежы.

«Калі яму было смачна, то ў яго аж сківіцы стукалі адна аб адну. Я нейкі час была хатняй гаспадыняй, дужа любіла яму гатаваць. Ягонай улюбёнай стравай быў зялёны боршч. Таксама ён страшэнна любіў выпечку, я яе рабіла амаль штодня. Ён любіў уключыць якое-небудзь відэа пра Беларусь, сесьці, паставіць ля сябе малако і пірог. І так мог зьесьці палову пірага і выпіць літар малака. І калі яму вельмі смачна, то ён мог выдаваць гукі, падобныя да вуркатаньня. Яшчэ сківіцы цокаюць — і ня трэба ніякіх камплімэнтаў».

А вось алькаголь апошнія гады Іван Марчук цалкам перастаў ужываць.

«Неяк быў момант, калі ў госьці да нас прыехаў яго пабрацім Юры зь легіёну, яны вельмі добра прыклаліся да алькаголю. У нас тады была вельмі паганая ноч, ён злавіў ці «белачку», ці нешта такое, было вельмі «весела». І пасьля той ночы ён ня піў абсалютна», — расказвае Надзея.

Іван «Брэст» Марчук і Надзея Ліхашапка, архіўнае фота

«Мне не хапае ягонай магілы»

Дзяўчына расказвае, што толькі месяц таму ўсьвядоміла да канца, што Івана больш няма.

«Я ішла па вуліцы, было файнае надвор’е. І я думала, што вельмі шкада, што Іван і іншыя хлопцы гэтага больш ніколі не пабачаць. І тады да мяне прыйшло разуменьне, што мне ўсяго 26 і маё жыцьцё далей будзе бяз Вані, што ўсе цяперашнія пляны я мушу будаваць ужо безь яго».

Асабліва Надзею турбуе той факт, што «Брэст» па-ранейшаму не пахаваны, расейцы так і ня выдалі ягонага цела.

«Мне не хапае месца, дзе зь мірам і спакоем ляжыць Іван Марчук, каб яго магіла была чыстай, прыбранай, каб я магла прыйсьці туды, паразмаўляць зь ім. На сёньня я даю каля 50%, што ягонае цела атрымаецца знайсьці. Калі ён загінуў, то я была ўпэўненая на 100%. Я дужа хачу верыць, што знойдзем. Але рэальнасьць такая, што вельмі шмат гісторый, калі нікога не знаходзілі.

Ён дагэтуль мне сьніцца як жывы. Да цяперашняга часу я шукаю яго прозьвішча ў сьпісах на абмен, а потым адкрываю ягонае фота, дзе ён мёртвы, і кажу сама сабе: «Надзя, ня трэба рэзаць самой сабе сэрца».

На тым фота не відаць твар Івана, і ў снах я бачу, як ён прыходзіць з палону, худы ўвесь такі, і кажа: «Цяпер усё будзе добра». І гэты сон круціцца з зайздроснай пэрыядычнасьцю. І ніхто ж з пабрацімаў асабіста ня бачыў, як Іван загінуў».

Надзея кажа, што часта размаўляла зь Іванам пра ягоную сьмерць. Ён прасіў дзяўчыну працягваць жыць паўнавартасна і пасьля таго, як яго ня стане, не замыкацца ў сабе. Сёньня Надзея працуе на трох працах. Кажа, што боль страты праз год не зьмяншаецца.

«Я ўзяла сябе ў рукі, троху абрасла камянямі па гэтай тэме. Цяпер у мяне адна мэта — пахаваць Івана. Сказаць ягонай маме, што ўжо пахаваны сын, у яго ёсьць месца. Маме Вані я паведаміла пра сьмерць адразу, як толькі сама дазналася. Мы ўвесь час на сувязі, у нас добрыя стасункі. Я дужа ёй удзячная. Яна вельмі клясная, проста неймаверная».

Украінка расказвае, што Іван разам з пабрацімамі на поўным сур’ёзе плянавалі вызваленьне Беларусі пасьля таго, як перамогуць ва Ўкраіне.

«Яны гаварылі пра тое, што загінуць усё адно ў любым разе, бо нікому ня трэба рэвалюцыянэры. Я ўспрымала гэтыя гісторыі як нейкі баявік, бо гучала ўсё максымальна непраўдападобна, а яны, тым ня менш, верылі ў гэта.

Усе хлопцы ваююць ня толькі за Ўкраіну, але і будучыню Беларусі. Ваня вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь. У яго заўсёды была Беларусь, ён глядзеў, што кажуць Лукашэнка, Ціханоўская. Я заўсёды памятала, што ён беларус, а не ўкраінец. Па-ўкраінску ён не асабліва ўмеў гаварыць, але стараўся вельмі правільна вымавіць слова «Кохаю».

Чытайце таксама: 

З-пад Лісічанска не вярнуліся шэсць беларусаў-каліноўцаў. Апошнім паведамленнем было: «На нас едзе танк. Адпрацаваў па ім»

Полк Каліноўскага апублікаваў відэа, на якім Іван «Брэст» Марчук — на баявым заданні ў Севераданецку

«Жанчыны плачуць, а хлопцы рэспектуюць». Беларус распавёў, навошта зрабіў татуіроўку з загінулым ва Украіне байцом «Брэстам»

Каліновец расказаў, як «Брэст» навёў агонь расійскай артылерыі на пазіцыі іх жа войскаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Петро/адказаць/
08.06.2023
Порошэнко,тебе не понять комитетчик 
3
Петро/адказаць/
08.06.2023
Эннот,убил многих, его друзья убивают дальше. Молодец 
0
Не надо его жалеть/адказаць/
09.06.2023
Он в Валхалле Пирует с Одином , и в перерывах танцует с Фреей. Но это не точно.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера