Знайсці
06.06.2023 / 14:421РусŁacБел

Apple прэзентавала новыя акуляры змяшанай рэальнасці. У іх аб'яднаюцца віртуальны і рэальны светы

Рынак гэты гаджэт чакаў з вялікім нецярпеннем 10 гадоў.

Фота: Apple

Кампанія Apple прэзентавала новыя акуляры дапоўненай (або змяшанай) рэальнасці Apple Vision Pro. Гэта першы буйны гаджэт, выпушчаны тэхнагігантам амаль за дзесяцігоддзе, і рынак чакаў яго з вялікім нецярпеннем, піша Бі-бі-сі.

Па словах генеральнага дырэктара Apple Ціма Кука, новая гарнітура «бездакорна спалучае ў сабе рэальны свет і віртуальны свет».

Прадукт прэзентавалі на штогадовай канферэнцыі для распрацоўшчыкаў Worldwide Developers Conference — 2023.

Акрамя акуляраў, Apple таксама прапанавала абнаўленні для MacBook Air і анансавала новую аперацыйную сістэму iOS 17.

Лыжныя акуляры

Apple Vision Pro не падобныя да аналагічных гаджэтаў віртуальнай рэальнасці і хутчэй нагадваюць пару лыжных акуляраў.

Яны разлічаныя на дзве гадзіны аўтаномнай працы.

У апісанні прынцыпу працы прылады Apple выкарыстоўвае словы «дапоўненая» або «змяшаная» рэальнасць.

Яна накладвае віртуальныя аб'екты на навакольны свет, дазваляючы нам злучаць рэальнасць вакол нас з віртуальным светам.

Карыстальнікі могуць атрымліваць доступ да розных дадаткаў, глядзець фільмы і складаць дакументы ў віртуальнай прасторы.

Падчас прэзентацыі Цім Кук патлумачыў, што новая прылада дазволіць карыстальнікам «бачыць, чуць і ўзаемадзейнічаць з лічбавым кантэнтам гэтак жа, як быццам гэта адбываецца ў вашай фізічнай прасторы».

Кіруюцца акуляры з дапамогай рук, а таксама голасам і вачыма.

Дарагоўля, недахопы, канкурэнцыя

Першую партыю Apple Vision Pro плануюць выпусціць у ЗША ў пачатку наступнага года.

Аднак у экспертаў ёсць сумневы, што такі прадукт можа зацікавіць шырокі рынак.

Верагодна, якраз таму падчас даклада прадстаўнікоў Apple на Worldwide Developers Conference — 2023 акцыі кампаніі трохі ўпалі ў цане.

Многіх бянтэжыць заяўленая цана Apple Vision Pro. Пара акуляраў абыдзецца пакупніку ў 3499 даляраў — гэта значна вышэй, чым у аналагічных прадуктаў на рынку.

Старшы рэдактар профільнага выдання MacRumors Хартл Чарльтан не ўпэўнены, што навінка з лёгкасцю заваюе шырокую публіку.

«Спачатку прадукт не спадабаецца масаваму спажыўцу праз яго надзвычай высокі кошт і непасрэдныя недахопы, уласцівыя прыладам першага пакалення. Адзін з іх — асобны дротавы акумулятар», — лічыць Чарльтан.

Аднак, нагадаў ён, многія прадукты Apple на пачатку ўспрымаліся скептычна, і ў кампаніі ёсць вялікі досвед у пераадоленні гэтага бар'ера.

Прэзентацыя Apple прайшла праз тыдзень пасля таго, як Meta і Lenovo абвясцілі пра стварэнне новых версій сваіх існых гарнітур віртуальнай рэальнасці, якія, аднак, пакуль не могуць накладваць аб'екты на малюнак рэальнага свету.

Meta ўклала значныя сродкі ў распрацоўкі змяшанай рэальнасці, але цяпер гэты сектар мае цяжкасці.

Па даных International Data Corporation, у мінулым годзе сусветныя продажы на рынку гаджэтаў віртуальнай рэальнасці ўпалі на 54%.

«За апошнія некалькі гадоў агульная прастора AR/VR была трохі перагружаная метасусветам і падобнымі штукамі, — лічыць эксперт Forrester Research Томас Хасан. — Таму я думаю, што [прыняцце публікай новага прадукту Apple] зойме трохі больш часу».

iOS 17

Акрамя Vision Pro, Apple таксама прэзентавала iOS17 — апошнюю версію аперацыйнай сістэмы iPhone.

Абнаўленні ўключаюць у сябе магчымасць персаналізаваць экран прылады пад запыты карыстальнікаў, расшыфроўку галасавых паведамленняў у тэкставы фармат з дапамогай дадатку iMessage і многае іншае.

Асабліва вылучаюцца дзве новыя функцыі: NameDrop, з дапамогай якой можна будзе абменьвацца фатаграфіямі, відэа і кантактамі, проста дакрануўшыся прыладамі, і Check-In — аўтаматычнае апавяшчэнне абранага карыстальнікам кола асоб пра тое, што ён вярнуўся ці не вярнуўся дадому ў вызначаны час.

Новая аперацыйная сістэма будзе даступная восенню 2023 года.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Казік/адказаць/
06.06.2023
Крута, але не за такія грошы. Каб разы ў 3 танней, можна яшчэ падумаць
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829