Знайсці
05.06.2023 / 16:472РусŁacБел

«Гаворкі пра сыход у падполле няма». Лідары палітычных партый агучылі свае планы

У лютым Лукашэнка падпісаў закон, які вымагае перарэгістрацыі палітычных партый. Апазіцыйныя палітыкі называюць яго «драконаўскім» і лічаць, што ён скіраваны на «зачыстку палітычнага поля» перад выбарамі. Як партыі будуць існаваць далей?

Прадстаўнікі партый Уладзімір Шанцаў, Ігар Барысаў, Дзмітрый Кучук, Вадзім Саранчукоў. Фота: Офіс Ціханоўскай

Сёлета ў лютым Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў». Ён патрабуе ад палітычных партый перарэгістрацыі, на якую адводзілася шэсць месяцаў.

На прэс-канферэнцыі сваю пазіцыю агучылі старшыня сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў, выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў, яго калега з Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў ды кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук.

На думку апазіцыйных палітыкаў, змененае заканадаўства прывядзе да ліквідацыі апазіцыйных партый. Яны адзначылі, што новы закон «Аб палітычных партыях» парушае канстытуцыйныя нормы.

Партыям трэба было ўнесці змены ў статут ды падаць у Мінюст звесткі пра пяць тысяч сяброў. Раней патрабавалася адна тысяча. Акрамя таго, зараз кожная партыя павінна мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях і ў Мінску. Тэрмін падачы дакументаў заканчваецца сёння, 5 чэрвеня.

«У цяперашніх умовах апазіцыйнай партыі сабраць пяць тысяч чалавек абсалютна нерэальна, — даводзіў Уладзімір Шанцаў. — Мы не будзем падстаўляць людзей…»

Партыя АГП не падала дакументаў на перарэгістрацыю.

«Усё гэта незаконна, — казаў Шанцаў. — У гэтым балагане мы не ўдзельнічаем».

Вадзім Саранчукоў (злева) і Уладзімір Шанцаў (справа). Скрын відэа з прэс-канферэнцыі

Партыя «Зялёныя» спрабуе перарэгістравацца, дакументы ўжо пададзеныя, але без спісаў сяброў.

«Адсутнічаюць гарантыі бяспекі і таго, што не будзе наступстваў, звязаных з сяброўствам нашых актывістаў у апазіцыйнай партыі», — гаварыў Дзмітрый Кучук.

Ігар Барысаў паведаміў, што БСДП таксама падала дакументы на перарэгістрацыю, але таксама без спіса сяброў.

Палітык патлумачыў, што перарэгістрацыя — гэта фармальная працэдура, а за час існавання партыі яна «заўсёды выконвала ўсе патрабаванні закона».

Па яго словах, у пратаколе Цэнтральны камітэт партыі давёў чыноўнікам, што ў статут унесеныя не ўсе праўкі, якія цяпер патрабуе дзейнае заканадаўства.

Ігар Барысаў. Скрын відэа з прэс-канферэнцыі

Ігар Барысаў казаў, што прапановы ягонай партыі адносна змен партыйнага заканадаўства былі праігнараваныя. Спробы спраўдзіць, ці адпавядаюць яны Канстытуцыі, не далі плёну. Партыйцы дазналіся, што Канстытуцыйны суд не займаўся такой праверкай, а афіцыйна ім адпісалі, што яны не той суб’ект, які можа звяртацца ў Канстытуцыйны суд.

«Цяперашні закон можна назваць хіба толькі драконаўскім. Ён скіраваны на тое, каб зачысціць усё палітычнае поле», — даводзіў Ігар Барысаў.

Палітык лічыць, што ліквідаванне партый напярэдадні выбараў 2024 года ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы задумалі для таго, каб рэжым пазбег стрэсу, бо ў гэты перыяд апазіцыя мае доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, удзельнічае ў тэледэбатах.

На яго погляд, новае партыйнае заканадаўства радыкалізуе палітычныя настроі ў грамадстве, бо яно не будзе мець легальнай магчымасці ўдзелу ў выбарах.

Дзмітрый Кучук. Скрын відэа з прэс-канферэнцыі

На прэс-канферэнцыі палітыкі заявілі, што партыі не збіраюцца самаліквідоўвацца, а працягнуць сваю працу.

«Гаворкі пра сыход у падполле няма», — адзначаў Вадзім Саранчукоў.

Ён даводзіў, што ліквідаваць партыі можа толькі сваім рашэннем Вярхоўны суд.

«Таму, я думаю, будзе рашэнне ўсіх арганізацый прадстаўляць сваю пазіцыю ў Вярхоўным судзе і даводзіць незаконнасць, неканстытуцыйнасць працэсаў, якія адбываюцца», — казаў палітык.

Паводле яго, партыйны актыў у замежжы будзе працаваць, каб беларускае пытанне не знікала з міжнароднага палітычнага парадку. 

Уладзімір Шанцаў заявіў, што АГП будзе ствараць партыйныя суполкі за мяжою.

«Працэс пайшоў. Яны (рэжым. — «НН») хочуць яго спыніць, але ў іх нічога не выйдзе», — запэўніваў палітык.

Дзмітрый Кучук казаў, што партыя «Зялёныя» працягне дзейнасць незалежна ад таго, ці будзе яна перарэгістраваная.

«Будзем дзейнічаць у рамках таго статута, які ёсць цяпер», — падкрэсліў ён.

Партыя збіраецца ўдзельнічаць у выбарах 2024 года.

Ігар Барысаў адзначаў, што востра «пытанне далейшага існавання партыі яшчэ не стаіць».

Паводле яго, «самая заўважная частка» яго партыі вымушаная была з'ехаць з Беларусі, а гэта блізу 10 працэнтаў колькаснага складу партыі.

Апазіцыйныя палітыкі не бачаць пагроз расколу ў сваіх шэрагах, хоць такія спробы робяць спецслужбы Лукашэнкі.

«Рызрыў сувязяў паміж тымі, хто знаходзіцца ў Беларусі, і [тымі, хто знаходзіцца] за мяжою, інспіраваны звонку, і, разумеючы гэта, мы робім усё магчымае, каб гэтага разрыву пазбегнуць, — даводзіў Вадзім Саранчукоў. — Мы не падзяляем арганізацыю на тых, хто знаходзіцца за мяжою, і тых, хто ў доўгатэрміновай камандзіроўцы, часова вымушаны пакінуць межы нашай краіны».

Уладзімір Шанцаў нядаўна выехаў з Беларусі. Палітык казаў, што ад яго спецслужбы патрабавалі, каб ён спыніў апазіцыйную працу.

Лідары партый прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі спыніць дзеянне закона «Аб палітычных партыях» у новай рэдакцыі, а Канстытуцыйны суд праверыць гэтую рэдакцыю на адпаведнасць Канстытуцыі і іншым заканадаўчым актам. 

Змены ў партыйным заканадаўстве ўлады тлумачылі неабходнасцю «ўдасканаленнем падыходаў да стварэння і дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх абʼяднанняў».

Цяпер у Беларусі 15 партый. Прадстаўнікі рэжыму не хаваюць, што колькасць палітычных арганізацый скароціцца.

На перарэгістрацыю, акрамя партыі «Зялёныя», БСДП, падала партыя левых «Справядлівы свет». Сваю партыю стварае пралукашысцкая «Белая Русь». 

За тры гады рэпрэсій сотні партыйных актывістаў зазналі ціск. Цяпер за кратамі ўтрымліваюцца лідары зарэгістраваных і незарэгістраваных палітычных партый: Мікалай Статкевіч, Мікалай Казлоў, Рыгор Кастусёў, Андрэй Дзмітрыеў, Павел Севярынец, Віктар Бабарыка.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Латушка расказаў, як лукашэнкаўскія дэпутаты спрабавалі аспрэчыць санкцыі, уведзеныя супраць іх

Што здарылася з Канапацкай і калі яна пачала гуляць на баку Лукашэнкі?

«Калі мы аказаліся ў акопах па розныя бакі, то ўсё адно мусяць быць правілы». Лябедзька пра тое, чаму ўлады шантажуюць яго затрыманнем сына

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Ноўнэйм /адказаць/
05.06.2023
Прававое поле? У Беларусі? )))
0
Чума на оба ваши дома/адказаць/
06.06.2023
Партия - это не устав, не печать и не свидетельство. Партия - это люди, объединенные общей идеей и готовые к политической борьбе. Но белорусская оппощиция носит исключительно иммитационный характер. Никого она не объединяет и никого не представляет. Так и живем - народ сам по себе, власть и оппозиция - варятся в собственном соку.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера