Знайсці
04.06.2023 / 09:126РусŁacБел

Самы важны ў гісторыі Шатландыі дакумент выстаўлены на агляд. Яму больш за 700 гадоў

У Нацыянальным музеі Шатландыі ў Эдынбургу ўпершыню за 18 гадоў выстаўлены на ўсеагульны агляд адзін з самых важных у гісторыі Шатландыі дакументаў — так званая Арброцкая дэкларацыя.

Гэта пасланне Папу, складзенае ў красавіку 1320 года шатландскімі баронамі з заклікам прызнаць незалежнасць Шатландыі. За 700 гадоў гэты дакумент з мноствам пячатак стаў настолькі крохкім, што куратары музея толькі зрэдку дазваляюць уключаць яго ў экспазіцыю. Вось і гэтым разам ён будзе выстаўлены ў Эдынбургу толькі да 2 ліпеня, піша Бі-бі-сі.

Дэкларацыя — адзіны з трох лістоў, што захаваліся, адрасаваны Папу Яну XXII, які падчас вайны Шатландыі за незалежнасць падтрымаў англійскіх заваёўнікаў і адлучыў ад царквы караля Роберта I Бруса.

У сваёй дэкларацыі бароны Шатландыі на чале з абатам Арброцкага кляштара, абапіраючыся на гісторыю краіны, сцвярджалі права Шатландыі на суверэнітэт і незалежнасць ад Англіі, а таксама права на шатландскі трон караля Роберта Бруса, абранага, між іншым, народам, што па тых часах было вельмі незвычайна.

Сам Роберт Брус і біскуп Сэнт-Эндруса таксама звярталіся да пантыфіка, але калектыўная просьба шатландскага манарха, яго прыхільнікаў і духавенства поспехам не ўвянчалася: Папа параіў ім прымірыцца з англічанамі.

За 700 гадоў Арброцкая дэкларацыя стала вельмі далікатнай і мае патрэбу ў асаблівых умовах захоўвання

Пасланне баронаў было складзена на фоне войнаў за незалежнасць, якія пачаліся пасля ўварвання англічан у Шатландыю ў 1296 годзе.

Спачатку поспех быў на баку шатландцаў: у знакамітай бітве пры Бэнакбёрне ў 1314 годзе армія пад правадырствам Роберта Бруса разбіла англічан, і першая вайна скончылася мірным дагаворам 1328 года. Аднак ужо праз чатыры гады пачалася другая вайна, якая доўжылася 25 гадоў.

Дэкларацыя, складзеная яшчэ падчас першай вайны, — гэта вельмі старанна вывераны тэкст з прыкладна тысячы слоў на латыні з цытатамі з Бібліі і класічных аўтараў, у якім грунтоўна даказваецца права шатландцаў на самакіраванне і незалежнасць ад Англіі.

«Датуль, пакуль хоць бы сотня з нас жывая, мы ніколі і ні пры якіх умовах не падпарадкуемся панаванню англічан, — гаворыцца ў дакуменце, які быў падпісаны васьмю графамі і прыкладна 40 баронамі. — Сапраўды, не дзеля славы, багацця або пашаны мы змагаемся, але ў імя адной толькі Свабоды, з якой годны чалавек можа расстацца толькі разам са сваім жыццём».

Сёння некаторыя гісторыкі лічаць, што значэнне гэтай дэкларацыі пераацэнена, і насамрэч яе мэтай было ўмацаваць уладу шатландскага караля. Аднак, мяркуючы па тым, што і праз 700 гадоў у Шатландыі моцны рух за незалежнасць, сведчаннем чаму служыць нядаўні рэферэндум, дзе прыхільнікі захавання Шатландыі ў складзе Вялікабрытаніі перамаглі з мінімальнай перавагай, Арброцкая дэкларацыя застаецца для многіх шатландцаў крыніцай натхнення і надзей.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Проста Джордж/адказаць/
04.06.2023
Якая незалежнаць Шатландыi, калi яна на адной выспе з моцнымi? I якая цяпер меж iмi рознiца? Што спаднiцы накладаюць часам? Ну, iм у гэтым нiхто не замiнae
0
Проста Джордж/адказаць/
04.06.2023
Казік, а што ен утварыу, апроч таго, што паслау дзвюх сваiх жoнак на смерць?
0
турнікет/адказаць/
04.06.2023
Проста Джордж, ну вось шатландскія чаркашкварачнікі таксама пра гэта падумалі і правалілі рэферэндум. Англічанам пашанцавала, што рэферэндум быў да брэксіту, інакш бы шалі перавесілі на іншы бок
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера