Знайсці
01.06.2023 / 23:201РусŁacБел

Апублікаванае перадсмяротнае інтэрв'ю Вітаўта Кіпеля: як захаваць беларускасць у эміграцыі

Вядомы дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША згадаў сваю гісторыю эміграцыі, тое, як ён спрычыніўся да візіту прэзідэнта ЗША Ніксана ў Мінск, і падзяліўся досведам захавання беларушчыны ў эміграцыі. Прыводзім найбольш цікавыя моманты з апошняга перад смерцю інтэрв'ю Вітаўта Кіпеля.

Вітаўт Кіпель у часе свайго апошняга інтэрв'ю ў красавіку 2022 года. Стоп-кадр відэа

Як запісаўся беларусам у ЗША

Вітаўт Кіпель, які памёр на 95-м годзе жыцця ў Пойнт-Плезант-Біч пад Нью-Ëркам, даў сваё апошняе інтэрв'ю сябрам Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы. Інтэрв'ю было запісана ў красавіку 2022 года. 3 снежня таго ж года Вітаўт Кіпель пайшоў з жыцця. 

Кіпель згадвае, што, калі абараніў доктарскую дысертацыю па геалогіі, думаў ехаць працаваць у Марока. Але выезд было складана арганізаваць. У выніку ён прыняў рашэнне накіравацца ў ЗША. Туды яго клікаў калега-амерыканец, які разам з ім вучыўся ва ўніверсітэце. Ён абяцаў маладому доктару навук працу.

Кіпель згадвае: «Я прыехаў на Каляды ў 1955 годзе. Пайшоў да яго. А яго няма. Ён паехаў на іншую работу. Я застаўся без працы. Падаваўся ў розныя месцы. І аднойчы мяне выклікалі ў FBI. Яны аспрэчылі мой статус апатрыда — асобы без грамадзянства. 

Такі статус Кіпель атрымаў у Бельгіі. Але па амерыканскіх законах яго палічылі савецкім грамадзянінам і прапанавалі змяніць статус ці выехаць з ЗША. Кіпель адмовіўся. Праз некаторы час яго зноў выклікалі.

«У FBI мне зноў прапанавалі змяніць грамадзянства на СССР. Я адмовіўся, аргументуючы тым, што нарадзіўся ў Мінску. Праз месяц мяне выклікалі і сказалі, што я належу не да шпіёнаў, але да варожых эмігрантаў, бо не хачу пісаць СССР. А я настойваў на запісе пра БССР. Праз два тыдні прыйшоў юрыст і напісаў «БССР».

Кіпель адзначае, што да 1991 года ў ЗША нельга было запісацца ўраджэнцам БССР і яго выпадак адзіны.

Як захаваць беларушчыну ў эміграцыі

Кіпель у гэтай справе галоўную ролю адводзіць сямʼі. Па яго ўспамінах, найбольшы ўплыў на выхаванне дзяцей у нацыянальнай традыцыі адыгралі бабулі.

«У захаванні беларускасці галоўную ролю адыгрывае сямʼя. Калі яна імкнецца да захавання беларускасці, то гэта, безумоўна, спрыяе. Маіх дзяцей выхоўвалі ў першую чаргу бабулі і жонка. Асабліва бабулі. Яны садзілі дзяцей, вучылі чытаць. Другая бабуля была каталічкай. Брала дзяцей у касцёл, тлумачыла малітвы. Велізарны ўплыў на іх аказала. А жонка дапільноўвала, каб каляндар сямʼі больш дапасоўваўся да беларускіх умоў, улічваў жыццё беларусаў. Мы бралі ўдзел у розных святах, што ладзіла дыяспара. Асобны момант — сувязі з Айчынай. Калі прыходзілі адтуль лісты, то яны чыталіся ўсім».

Кіпель адзначае, што справа выхавання ў духу беларускасці нялёгкая, бо дзеці бываюць розныя. Не ўсім такое выхаванне можа быць цікава. Істотнай перашкодай ёсць школа [той краіны, у якой беларус жыве].

«Дзіця прыходзіць у школу. Яго лексіка разрастаецца. Адбываецца паглыбленне ў літаратуру. У такіх умовах беларуская мова застаецца вельмі абмежаванай. Таму трэба беларускія кнігі. Мы іх куплялі шмат. І там, дзе маглі, звярталі ўвагу дзяцей. Але гэта нялёгкі працэс».

Ветэран беларускай дыяспары падкрэслівае ролю асяроддзя па-за сямʼёю, уплыў арганізацый дыяспары, святароў і царквы. Ён згадвае:

«Важна, каб сярод дыяспары пэўны адсотак людзей гаварыў на роднай мове. Але яшчэ больш важна — захаванне духу, бо вельмі шмат з нашых дзяцей старалася ад усяго гэтага адысці. Яны лічылі, што іншы свет будзе для іх больш прымальны. У нашай сямʼі мы імкнуліся злучыць два светы, паказаць, што і наш, і той свет добры.

На нашых дзяцей вялікае ўражанне рабілі кантакты, што адбываліся пры царкве, бо там была вялікая група моладзі, што ладзіла танцавальныя сустрэчы. Належнасць да асяродка дапамагала захаваць ідэнтычнасць. У беларускім выпадку было вельмі прыемна, што адзін з першых кіраўнікоў нашай царквы вельмі любіў дзяцей. І яны яго любілі. Другі святар чытаў па-англійску і тлумачыў па-беларуску. Вось гэтая двухмоўнасць таксама дапамагае».

Наказ беларусам у вольнай Беларусі

Вітаўт Кіпель казаў, што беларусы-эмігранты значна больш актыўныя ў эканамічным жыцці і могуць прынесці карысць радзіме пасля вяртання. Ён жадаў,

«каб пасля таго, як зменіцца ўлада, шмат людзей, якія вымушаны былі выехаць, вярнуліся на Бацькаўшчыну, бо яны там патрэбныя. Тыя людзі, што ў эміграцыі даюць рады ў капіталістычным свеце, становяцца дастаткова хутка на ногі, маюць добрую ўстойлівасць. Асабліва ў эканамічным жыцці. Яны павіны паказваць прыклад іншым. Бо нашы людзі дастаткова мяккацелыя. Яны чакаюць, што ім нехта дасць працу. А тыя, хто на Захадзе, самі шукаюць, праяўляюць ініцыятыву. Вось гэтая ініцыятыва патрэбная на Бацькаўшчыне».

Кіпель адзначыў, што, займаючыся гісторыяй эміграцыі, ён бачыў, што эміграцыя адмоўна ўплывала як на эканоміку, так і на культурнае развіццё краіны, якую людзі пакідаюць.

Як захаваць сваю тоеснасць у эміграцыі

Вітаўт Кіпель звяртае ўвагу на важнасць наяўнасці асобы, якая можа арганізаваць жыццё дыяспары. Пры гэтым яно павінна быць фармалізавана. На яго думку, важна рэгулярна збіраць сяброўскія складкі. Гэта важней за атрыманне грантаў.

«Калі арганізацыя паўстала, то павінен быць устаноўчы сход, зацверджаны статут. Але найбольш важна, што павінны быць грошы на розныя арганізацыйныя справы. Яны павінны быць заплачаны сябрамі. І тут трэба, каб была нейкая дысцыпліна ў зборы сродкаў», — падкрэслівае ветэран беларускага руху ў эміграцыі.

Кіпель згадвае, што такім чынам яны змаглі выдаць 11 літаратурных, 8 ці 9 бібліяграфічных і 4 вялікія рэлігійныя кнігі. На ўсё патрацілі 250 тысяч даляраў сяброўскіх складак.

«Я мог атрымоўваць гранты. У мяне былі кантакты. Але трэба памятаць, што грант патрабуе вялікай дысцыпліны. Вас могуць у любы момант праверыць. Гранты заўсёды стрымліваюць самастойнасць у выбары таго, што будзе пісацца. Таму асновай павінны быць свае людзі. Тады яны адчуваюць, што зʼяўляюцца часткай нечага супольнага», — адзначае Кіпель.

Ці важна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны, куды пераехаў

Вітаўт Кіпель спачатку лічыў, што ўдзельнічаць у палітычным жыцці не трэба. Але потым уступіў у Рэспубліканскую партыю выключна з-за таго, што даведаўся, што менавіта яна найбольш дзейнічала, каб правесці закон аб паняволеных народах СССР. Закон быў прыняты ў 1959 годзе. Ён разглядаў народы пад камуністычным кіраўніцтвам як паднявольныя.

«Мне гэта вельмі спадабалася. Рэспубліканцы падтрымлівалі і беларусаў з украінцамі. У 1950-я гады быў вельмі моцны ціск, каб адкрыць консульства ЗША ў Мінску і Кіеве. Але амерыканская разведка сказала Сенату США, што лепш у гэту справу не лезці, бо ў ЗША прыедзе шмат шпіёнаў. Як там было, невядома. Але падтрымка народаў засталася», — згадвае Кіпель.

Па яго словах, дзякуючы ініцыятыве іншага эмігранта — Васіля Пляскача — быў створаны беларускі клуб Рэспубліканскай партыі.

«Што значыць членства ў партыі? У першую чаргу ўнясенне складак. Калі вы сябра нейкай партыі, вы можаце прасцей дайсці да вашага кангрэсмена. Калі вы плаціце істотныя грошы, то зможаце ўбачыць прэзідэнта. Перад выбарамі вы можаце падаць прапановы. Вось беларускі клуб рэспубліканцаў сабраўся і вырашыў, што мы б хацелі, каб у рэзалюцыю аб «Голасе Амерыкі» было ўключана патрабаванне аб перадачах на беларускай мове.

І гэта адзіная выгада. Калі вы лічыце, што ў праграме партыі ёсць пункты, якія вам адпавядаюць, то можаце ўступіць. Але толькі тады, калі будзе група такіх аднадумцаў», — падзяліўся сваім досведам Кіпель і адзначыў, што не рэкамендуе індывідуальны ўдзел у партыі.

Як паспрыяў візіту Ніксана ў Мінск

Вітаўт Кіпель згадваў, што падчас прыёму, які ладзіў прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан у лютым 1973 года, ён даведаўся ад дарадцы прэзідэнта Уільяма Баруда, што Ніксан збіраецца ў Маскву.

Па словах Кіпеля, ён прапанаваў Баруда, каб Ніксан заехаў у Мінск. Баруда адказаў, што сам гэта перадаць не можа і прапанаваў пагаварыць з кангрэсменам Эдам Дэрвінскі з Ілінойса, які быў блізкі да тагачаснага дзяржсакратара ЗША Кісінджэра.

«Я пайшоў да яго. У яго маці была беларуска. Ён нас разумеў. Я яму расказаў і атрымаў падтрымку. Яны давялі гэта да Кісінджэра. У выніку Ніксан паехаў у Маскву і затрымаўся ў Мінску».

Як прыйшла ідэя напісаць кнігу «Беларусы ў ЗША» і як яе выдаў

Вітаўт Кіпель распавёў, што ідэя прыйшла выпадкова. Падчас працы ў якасці асістэнта на кафедры ў Балтыморскім універсітэце яму давялося шмат ездзіць у экспедыцыі. Ідэю падказаў беларус Іван Канарчук, які ўваходзіў у склад кіраўніцтва Абʼяднання беларускіх нацыянал-дэмакратаў у Кліўлендзе.

«Я паехаў да беларуса Івана Канарчука, які працаваў на цукровай фабрыцы. І ён мне кажа: «Тут нас поўна. Я цябе павяду на праваслаўныя могілкі. Там ёсць магіла за агароджай. Гэта пахаваны чалавек з Беларусі, які ўчыніў самагубства. Толькі пазначана, што ён з Баранавіч. І ён мне прапанаваў неяк пачаць збіраць звесткі пра беларусаў у ЗША. Гэтаму спрыялі і мае паездкі. І так я затрымаўся на пошуках беларусаў», — дзеліцца ўспамінамі Кіпель.

Да выдання справа дайшла ў канцы 1980-х гадоў.

Вось як пра гэта расказваў сам Кіпель: «У 1980-я гады пачалася такая «адліга». Прыехаў [журналіст Аляксандр] Лукашук [у будучыні — дырэктар Беларускай службы радыё «Свабода»]. Прасіў дапамагчы знайсці родзічаў. Я яму дапамог. Пазней паказаў яму свой рукапіс на англійскай мове. Лукашук прапанаваў надрукаваць. Але хто будзе перакладаць? Лукашук параіў на гэты конт пагаварыць з [Адамам] Мальдзісам, як паеду на Кангрэс беларусаў свету. Мальдзіс накіраваў да [перакладчыка Сяргея] Шупы. Я яму прапанаваў прыехаць да мяне. Шупа ў мяне праседзеў месяцы чатыры і зрабіў. Тады атрымалася выйсці на Пятра Краўчанку, які быў міністрам замежных спраў».

Кіпель адзначыў, што для яго было прыемна, што кнігу выдалі ў Беларусі ў беларускім выдавецтве.

У канцы размовы Вітаўт Кіпель падкрэсліў, што яму вельмі прыемна бачыць, што справа, якую яны пачыналі ў пасляваенны перыяд па гуртаванні беларусаў Амерыкі, працягваюць іншыя, у прыватнасці, Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы.

«Я вельмі задаволены тым, што вы робіце. Арганізацыя павінна існаваць, калі людзі ёсць. Можа, людзі і нерэгулярна збіраюцца, але важна, каб вы мелі кантакт. Людзі заўсёды лічаць, што наводдаль нехта робіць крышку больш і тое, чаго ён сам не робіць. І таму ён задаволены. Людзі за гэта вельмі ўдзячныя». 

Чытайце яшчэ:

Памёр Вітаўт Кіпель

Ад Ніксана да Буша. Як беларус сустракаўся з чатырма прэзідэнтамі ЗША і прывёз аднаго з іх у Мінск

«Я бачыў, што беларусаў шмат, але пра іх нідзе не напісана» — выйшла другое выданне «Беларусаў у ЗША» Вітаўта Кіпеля

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Мікола/адказаць/
02.06.2023
Выдатны навуковец і чалавек! Такія людзі захавалі Беларусь!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера