Знайсці
30.05.2023 / 21:267РусŁacБел

«У мяне ў галаве не ўкладваецца». Што выпускнікі і іх бацькі збіраюцца рабіць з вынікамі цэнтралізаванага экзамену?

Вынікі іспыту па беларускай і рускай мовах, апублікаваныя 29 мая, выклікалі шквал эмоцый у абітурыентаў і іх бацькоў. Яны сцвярджаюць, што падлікі няправільныя. Стварылі нават петыцыю. Але аспрэчваць гатовы не ўсе. «Сцяўшы зубы трэба прыняць тое, што ёсць».

Выпускнікі запісваюцца на цэнтралізаваны экзамен. 14 мая 2023 год. Ілюстрацыйнае фота: БелТА

Цэнтралізаваны экзамен у Беларусі сёлета праводзілі першы год. Кожны выпускнік здаваў адзін абавязковы іспыт: па рускай ці беларускай мове. Другі прадмет — па выбары. Заданні адаптавалі да базавага ўзроўню школьнай праграмы.

Вынікі абавязковага экзамену выклікалі масавую незадаволенасць выпускнікоў і бацькоў. 

«Мяне вельмі хвалюе, што няма ніякага тлумачэння гэтай сітуацыі. Я да гэтага часу не магу паверыць, што за год распрацавалі сістэму, якая пакідае столькі пытанняў і непаразуменняў», — абураецца адна з суразмоўніцаў «Нашай Нівы».

Рэакцыяй на памылкі з падлікамі цэнтралізаванага экзамену сталі петыцыі выпускнікоў. Яны патрабуюць пераліку балаў і заклікаюць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў да адказнага стаўлення да сістэмы ацэньвання вынікаў.

«Гэта не адпавядае логіцы і нашым сапраўдным балам, — гаворыцца ў петыцыі. — Нас першапачаткова не азнаёмілі з сістэмай ацэньвання і тым, як правільна вылічыць бал».

Выпускнікі абураныя, што дзяржаўная структура праігнаравала іх незадаволенасць і не прызнала памылкі.

«Калі вы не спраўляецеся са сваёй працай, то альбо прызнайце гэта, альбо сыходзьце з пасадаў», — адзначаецца ў петыцыі.

Петыцыю, дзе патрабуюць пераліку балаў па іспыце па рускай мове, падпісала 11 тысяч чалавек. Такую ж петыцыю, але па іспыце па беларуская мове, амаль 700 чалавек.

На цэнтралізаваным экзамене па дзяржаўных мовах. Фота: БелТА

Выпускнікі кажуць, што формула, паводле якой камісія падлічвала вынікі, ім дакладна не вядомая. 

«У мяне ў галаве не ўкладваецца, як падлічвалі вынікі і як вырашалі, колькі балаў здымаць за памылку. Пакуль гэта падобна да сістэмы, у якой ты не маеш права на памылку. Ты мусіш быць робатам», — выказваецца адна з выпускніц, у якой «забралі 20 балаў» і яна не можа разабрацца, як так выйшла.

Паводле дзяўчыны, выпускнікі і іх бацькі змогуць дабіцца праўды, калі будуць дзейнічаць цяпер, пакуль не сталі друкаваць сертыфікаты аб здачы цэнтралізаванага экзамену.

«Хочацца верыць у справядлівасць і людзей, таму я вельмі спадзяюся на прызнанне памылак і пераразлік балаў», — кажа яшчэ адна выпускніца.

Адзін з бацькоў адзначае: усё, што маглі зрабіць незадаволеныя сітуацыяй людзі, зроблена ўчора «масавым пратэстам». Яго чыноўнікі Мінадукацыі стараліся спачатку не зважаць, а потым заявілі, што парушэнняў не было.

«На вуліцу не выйдзеш з абурэннем, бо сабе даражэй. Усё будзе залежаць не ад камісіі ці Міністэрства адукацыі. Будзем чакаць. Але рэальна паўплываць на сітуацыю мы не можам. Не той час. Сцяўшы зубы трэба прыняць тое, што ёсць», — лічыць мужчына.

Скандал з экзаменам не абышоўся без умяшальніцтва Лукашэнкі.

«Цэлую бучу паднялі пасля адзінага цэнтралізаванага экзамену. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп'ютары», — адрэагаваў ён сёння.

Ігар Сергеенка, кіраўнік яго адміністрацыі, заявіў, што пастаўлена задача праверыць арганізацыю цэнтралізаваных экзаменаў. Правераць і Мінадукацыі.

Напярэдадні міністр адукацыі Андрэй Іванец не бачыў праблемаў з цэнтралізаваным экзаменам. Чыноўнік назваў «поўным фэйкам» абвінавачванні ў памылковым падліку вынікаў.

«Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеянням распаўсюджвальнікаў фэйкаў», — страшыў Іванец.

Да масавай незадаволенасці вынікамі цэнтралізаванага экзамену Міністэрства адукацыі даводзіла, што новая форма атэстацыі выпускнікоў апраўдала сябе.

Першы цэнтралізаваны іспыт па рускай і беларускай мовах быў 14 мая. У ім прынялі ўдзел больш за 53 тысячы 11-класнікаў. Паводле агучаных вынікаў, па рускай мове 100 балаў атрымалі 482 выпускнікі, па беларускай — 413 навучэнцаў.

У ведамстве адзначалі, што павелічэнне колькасці 100-бальных вынікаў у параўнанні з ЦТ у мінулыя гады тлумачыцца поўнай карэляцыяй тэставага матэрыялу з вучэбнай праграмай, а таксама выключэннем заданняў пятага ўзроўню складанасці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Сертыфікаты ЦЭ і атэстаты выпускнікі 11-х класаў атрымаюць 10 чэрвеня

Мінадукацыі: адзнака за рэпетыцыю ЦЭ ні на што не паўплывае

Галоўная IT-ВНУ краіны распавяла, колькі студэнтаў плануе набраць сёлета

Выкладанне беларускай мовы ў беларускіх ліцэях на Падляшшы могуць зрабіць факультатыўным. Беларусы пратэстуюць

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
18
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
21
Абуральна
52
0
Бармаглот/адказаць/
30.05.2023
Сённяшнія вучні не маюць нават уяўлення пра узровень складанасці тэстаў з недалёкага мінулага - калі колькасць адзнак у сто балаў вымяралася адзінкамі на ўсю краіну (пры ўдвая большым ліку абітурыентаў, чым сёння). Відавочна, што тэсты спрасцілі настолькі, што яны амаль што няздольныя дыферэнцыраваць веды, што і вядзе да ваганняў у пяць-дзесяць балаў за адну памылку (бо на найпрасцейшыя пытанні адказваюць амаль усі, і адносная вага хоць крыху больш складаных адразу ўзрастае). Таму не бачу падстаў для жалобы: зварот да старых тэстаў з нулявых (якія з дыферэнцыяцыяй здольнасцяў выдатна спраўляліся) папросту шакуе сучасных "выдатнікаў", якія атрымоўваюць "дзевяць" у атэстат за 68 балаў прымітыўнага ЦТ/ЦЭ (калі што, сярэдні бал па матэматыцы і фізіцы тады быў хіба меньшы за 30). Праблема тут не у тэстах, а ў катастрафічнай дэградацыі самой адукацыі (большасць выпускнікоў да універсітэта папросту падпускаць нельга), но выглядае, што бацькоў гэтых маладзёнаў куды больш турбуе віртуальная адзнака, а не пусты галовы іх нашчадкаў.
0
Freddy /адказаць/
30.05.2023
[Рэд. выдалена]
1
Хлодар/адказаць/
31.05.2023
Бармаглот, з ведамі пад капялюшы не атрымаеш добрую пасаду, трэба выдатныя адзнакі ў корачцы, каб не гарбець за капейкі. Гэта добра разумеюць бацькі сучасных падлеткаў. Але такі шквал скаргаў адлюстроўвае саму палітыку дзяржавы ў сацыяльнай сферы: ва ўсім вінаваты начальнікі ці настаўнікі, ў тым ліку і што дзеці няграматныя растуць, і ня хочуць вучыцца.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031