«Ніякіх прапаноў не паступае. Наогул». Лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка расказаў, як некалькі месяцаў марна шукае працу
У пачатку лістапада мінулага года экс-кіраўнік ліквідаванай арганізацыі «Перспектыва», якая аб'ядноўвала індывідуальных прадпрымальнікаў і была ліквідаваная, публічна абвясціў, што шукае працу.
Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка размясціў сваё рэзюмэ на сайтах па пошуку працы. Аднак усё аказалася не так проста…
«Народная Воля» пацікавілася, ці знайшоў Шумчанка працу.
— Гэта такая далікатная тэма… — расказаў Анатоль Шумчанка. — Я па-ранейшаму ў пошуку. Разглядаю і адгукаюся на многія вакансіі.
Усюды патрэбны досвед працы — гэта тычыцца і гандлю, і кіравання прадпрыемствам, і іншых сфер.
Узрост — тут таксама ёсць абмежаванні, 48 гадоў — і тваё рэзюмэ ўжо не вельмі ахвотна разглядаюць…
Плюс маё мінулае — багаты бэкграўнд на ніве грамадска-палітычнай працы (абавязкова ж паказваеш, дзе раней працаваў), мабыць, насцярожвае працадаўцаў…
Адным словам, усе гэтыя фактары ў маім выпадку граюць не самую добрую ролю.
Хоць мае веды, досвед, магчымасці камунікацыі, арганізатарскія здольнасці спатрэбіліся б усюды. Я быў на сумоўі ў адной фірме, гаворка ішла пра аддзел продажаў — урэшце мне сказалі, маўляў: Анатоль, можа, паспрабуеце стварыць новую арганізацыю, якая будзе вырашаць пытанні такіх буйных кампаній, як мы?
Ніякіх прапаноў аб працаўладкаванні не паступае. Наогул! Але цяпер усім цяжка, я не адчайваюся.
Я хацеў бы займацца тым, чым займаўся, але пры гэтым адкрыты для рознага роду прапаноў, новых праектаў. Калі камусьці патрэбныя мае мазгі, крэатыў, арганізатарскія здольнасці — разгледжу абсалютна ўсе прапановы!
Я ведаю, што магу многае, якраз таму не гатовы ісці рознарабочым на будоўлю, кіроўцам таксі або кур'ерам.
Гэта ўсё роўна, што ехаць на новым «Мэрсэдэсе» па балоце… хтосьці, можа, на гэта і згаджаецца, але я амбіцыйны і мэтанакіраваны чалавек, ведаю сабе цану і ўпэўнены, што магу прынесці значна больш карысці, чым калі буду проста цягаць цэглу. Не хачу разменьвацца па дробязях. Веру, што ў любым разе ўсё будзе добра, — падсумаваў Анатоль Шумчанка.
Чытайце таксама:
«Быццам бы і не дурань, а нідзе не бяруць». Лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка шукае працу





