Знайсці
30.05.2023 / 16:242РусŁacБел

Вучоныя знайшлі самы старажытны надпіс, зроблены кірыліцай

Падчас раскопак балгарскія археолагі знайшлі фрагмент сярэднявечнага нагрудніка, якому 1100 гадоў. На ім быў выяўлены надпіс на кірыліцы. Даследчыкі лічаць, што гэта самае старое выкарыстанне гэтага алфавіту ў гісторыі.

Свінцовая пласціна з надпісам на кірыліцы, які можа быць самым старажытным з вядомых. Фота: Івайла Канеў, historymuseum.org

Як паведамляе інтэрнэт-часопіс «Жывая навука» (Live Science), археолагі падчас раскопак у балгарскай крэпасці Балк Дэрэ (Балък Дэрэ) побач з вёскай Хухла ў Радопскіх гарах недалёка ад мяжы з Грэцыяй знайшлі сярэднявечны фрагмент нагрудніка. Надпіс на ім першапачаткова застаўся незаўважаным. Праз некалькі месяцаў, калі даследчыкі разглядалі фатаграфіі асобных артэфактаў, яны заўважылі, што на нагрудніку быў тэкст.

Першапачатковы аналіз паказаў, што надпісу можа быць каля 1100 гадоў. Знаходка ўнікальная яшчэ і вялікім памерам тэксту. Ён складаецца з сямі радкоў і згадвае двух чалавек — Паўла і Ніколу. Хутчэй за ўсё, яны былі ваярамі, якія служылі ў Балк Дэрэ. А надпіс — малітва святому Дзімітрыю Салунскаму, які лічыўся нябесным заступнікам праваслаўных балгарскіх салдат у іх бітвах з суседзямі.

Павел і Нікола просяць святога Дзімітрыя аб міласці, адкупленні грахоў, абароне і вылячэнні.

Нагруднік — частка даспехаў, прызначаная для абароны пярэдняй часткі тулава. Аднак аўтары знаходкі адзначаюць, што знойдзены прадмет не быў тыповым нагрудным знакам.

Івайла Канеў (Ivailo Kanev), археолаг і галоўны захавальнік Нацыянальнага гістарычнага музея Балгарыі, які ўзначальваў раскопкі, лічыць, што гэта быў хутчэй своеасаблівы абярэг, які мусіў абараняць уладальніка не толькі ад удараў, але і ад «злых сіл».

«Грунтуючыся на нашым аналізе, мы лічым, што гэты прадмет, верагодна, апынуўся ў крэпасці дзесьці паміж 916 і 927 гадамі і быў прывезены балгарскім вайсковым гарнізонам», — сказаў Канеў.

Археолагі адносяць надпіс да часоў Сімяона I. У 893-927 гадах ён быў князем, а з 913 года царом Балгарыі. Сімяон праславіўся пераможнымі бітвамі супраць Візантыі, сербаў і венграў, што дапамагло яму пашырыць тэрыторыю Балгарыі. Якраз падчас ягонага кіравання Балгарыя стала самай магутнай дзяржавай ва Усходняй Еўропе.

Балгарскае царства раскінулася тады паміж трыма морамі: Эгейскім, Чорным і Адрыятычным. Сімяон I зрабіў горад Прэслаў новай сталіцай. Горад павінен быў стаць эканамічным і культурным канкурэнтам Канстанцінопаля.

У гэтую эпоху ў Прэслаўскай кніжнай школе стварылі і новую азбуку, названую ў гонар святога Кірылы кірыліцай. Яна пачала замяняць створаную Кірылам і Мяфодзіем глаголіцу. Праўленне Сімяона называюць залатым векам балгарскай культуры.

Да гэтага часу самым першым тэкстам на кірыліцы лічыўся надпіс 921 года, які таксама быў выяўлены ў Балгарыі на сцяне скальнага манастыра ў сяле Крэпча.

Свінцовая пласцінка з Балк Дэрэ, магчыма, старэйшая на некалькі гадоў.

Вучоны пакуль просяць пачакаць з аб'явай, што знаходка сапраўды археалагічная сенсацыя. Больш дэталёвае даследаванне дазволіць вызначыць, ці сапраўды гэты абʼект ёсць самым старажытным прыкладам выкарыстання кірыліцы.

Канеў сказаў, што плануе ў будучыні апублікаваць падрабязнае апісанне надпісу і крэпасці.

Чытайце яшчэ:

Стэчкі — дзіўныя камяні на балканскіх палях

Вучоныя здолелі атрымаць генетычныя адбіткі пальцаў чалавека каменнага веку

Вучоныя: вікінгі пакінулі Грэнландыю не столькі з-за змены клімату, як з-за маштабнага затаплення

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Яўген/адказаць/
30.05.2023
А магло быць напісана "хто прачытаў - той здохне"
2
Гаўрыла/адказаць/
30.05.2023
Дык вынікае, што гэта ўжо не кірыліца, бо існавала да Кірылы, калі ўжо тады мела такі распаўсюд... :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера