Знайсці
29.05.2023 / 16:562РусŁacБел

Нямецкі мільярдэр, які пяць гадоў таму знік у Альпах, знайшоўся ў Маскве

Мільярдэр Карл-Эрыван Хаўб, уласнік гандлёвай імперыі Tengelmann Group, куды ўваходзяць у тым ліку гандлёвыя сеткі OBI, KiK, Plus, знік у Альпах пяць гадоў таму, а цяпер аб'явіўся ў расійскай сталіцы. У справе замяшаная ФСБ, сцвярджаецца ў расследаванні нямецкага тэлеканала RTL. Яго змест пераказвае нямецкае выданне Stern.

Карл-Эрыван Хаўб. Кадр з дакументальнага фільма RTL «Тэнгельман — таямнічае знікненне мільярдэра». Крыніца: RTL.de

Справа аб знікненні мільярдэра

Нямецкі мільярдэр Карл-Эрыван Хаўб (Karl-Erivan Haub) быў дасведчаным гарналыжнікам. 7 красавіка 2018 года ён адправіўся на падрыхтоўку да лыжнага тура ў Цэрмаце (Zermatt) у Швейцарыі (на мяжы з Італіяй). Як паведамляецца, ён меў намер прыняць удзел у Patrouille des Glaciers — найбуйнейшай у свеце лыжнай турыстычнай гонцы, у якой браў удзел на працягу некалькіх гадоў. Аднак з гор Хаўб не вярнуўся.

Спачатку меркавалі, што ён мог упасці ў ляднік. Пошукі мільярдэра канчаткова спынілі праз добрыя паўгода пасля яго знікнення.

У кастрычніку 2020 года яго два браты, а таксама кампанія па гандлі таварамі Tengelmann Group падалі ў Акруговы суд Кёльна хадайніцтва аб аб'яўленні Карла-Эрывана Хаўба памерлым. У скорым часе стала вядома пра раскол паміж братамі і жонкай Хаўба Катрын, якая выступала супраць аб'яўлення яго памерлым, каб не пакідаць сямейны бізнэс.

18 студзеня 2021 года стала вядома, што адзін з братоў — Георг Хаўб — адклікаў сваю заяву аб абʼяўленні брата памерлым, у той час як заявы Крысціяна Хаўба і Tengelmann Group засталіся ў сіле.

Урэшце Карла-Эрывана Хаўба аб'явілі памерлым у сакавіку 2021 года.

Жонка і дзеці Хаўба прадалі свае акцыі за мільярдную суму малодшаму брату Крысціяну Хаўбу, які з тых часоў валодае амаль 70 працэнтамі акцый гандлёвай групы, якая ўключае сетку магазінаў OBI, дыскаўнтар адзення KiK і шматлікія інвестыцыі ў нерухомасць і карпарацыі. Крысціян Хаўб — адзіны кіраўнічы дырэктар.

Таемнае жыццё

Аднак ад пачатку ва ўсёй гэтай гісторыі было нямала дзіўнага.

Ужо ў лістападзе 2020 года зʼявілася інфармацыя аб тым, што Хаўб вёў «таемнае падвойнае жыццё» і, магчыма, знік з палюбоўніцай. 7 красавіка ў горы ён адправіўся без суправаджэння інструктара. Выказвалася меркаванне, што ён спусціўся з гор у Італію.

Згодна з расшыфроўкай тэлефонных званкоў, вечарам перад сваім знікненнем Хаўб у 20:52 быў на сувязі з расійскім нумарам на працягу 60 хвілін, а ў 21:54 адбыўся яшчэ адзін званок. На гэты раз на 48 хвілін. Удалося высветліць, што абодва нумары належаць Вераніцы Е. з Расіі — супрацоўніцы івент-агенцтва ў Санкт-Пецярбургу.

Па звестках нямецкай разведкі, яна дзейны агент ФСБ і мае ліцэнзію пілота верталёта.

Маюцца звесткі аб тым, што Хаўб і Вераніка Е. былі ў пастаянным кантакце і часта знаходзіліся ў адным і тым жа месцы ў адзін і той жа час.

У ліпені 2008 года, напрыклад, яны былі і ў Маскве, і ў Сочы на працягу некалькіх дзён. У маі 2009 года яны ехалі адным і тым жа начным цягніком з Масквы ў Санкт-Пецярбург, але ў розных купэ. Гэта не падобна да супадзення: абедзве паездкі забраніравалі ў адзін і той жа час ды адной і той жа асобай, як паведамляе Stern.de.

Пасля знікнення Хаўба жанчына звольнілася і пераехала ў Маскву. Падчас журналісцкага расследавання ўдалося атрымаць звесткі аб тым, што ў Хаўба было грамадзянства ЗША, а таксама пашпарт Расійскай Федэрацыі.

У перыяд з 2010-га па 2015-ы ў кампаніі быў выяўлены незаконны перавод сродкаў на дзясяткі мільёнаў даляраў, большая частка якіх, як сцвярджаецца, знікла ў Расіі. Хаўб забараніў праверкі пасля падазроных справаздач аддзела аўдыту.

Новыя доказы

У маі 2023 года журналістка Ліў фон Бётыхер (Liv von Boetticher) апублікавала кнігу «Дакументы групы «Тэнгельман» і загадкавае знікненне мільярдэра Карла-Эрывана Хаўба». У ёй маюцца звесткі аб сумнеўных здзелках Хаўба ў Расіі.

Яна сцвярджае, што мае доказы аб датычнасці да знікнення мільярдэра расійскай ФСБ і былога афіцэра Штазі.

Ліў фон Бётыхер заявіла, што бачыла фатаграфію, зробленую камерай назірання ў Маскве ў лютым 2021 года, на якой «з вялікай доляй імавернасці» выяўлены Карл-Эрыван Хаўб. Якасць фатаграфіі добрая, а біяметрычнае праграмнае забеспячэнне паказала супадзенне больш чым на 90 працэнтаў з эталоннымі выявамі. Фатаграфія не была апублікаваная ні ў адным з медыя дзеля абароны крыніцы.

Фон Бётыхер сцвярджае, што Карл-Эрыван Хаўб планаваў адкрыць у Расіі філіялы дыскаўнтара Plus.

«Аднак дзелавыя партнёры Хаўба былі людзьмі, якіх з чыстым сумленнем можна назваць адмывальнікамі грошай. Гэта акцыянеры банка, які называлі «самым крымінальным банкам» у краіне», — сказала яна.

У той жа час фон Бётыхер лічыць, што Хаўб меў прычыны хавацца ў Расіі:

«Расследавальнікі, нанятыя Tengelmann Group, падазраюць, што ён мог стаць мішэнню ўладаў ЗША праз яго сумнеўныя кантакты ў Расіі. Не выключана, што гэтыя кантакты прывялі б да складанасцяў з судовай сістэмай ЗША».

Як піша выданне Westdeutsche Allgemeine Zeitung, пракуратура Кёльна пацвердзіла, што атрымала новыя дакументы, але пакінула адкрытым пытанне аб тым, ці ёсць сярод іх фатаграфіі.

«Мы вывучаем, ці дадуць нам гэтыя [дакументы] падставу падаць заяву аб ануляванні абʼяўлення аб смерці ў акруговы суд Кёльна ў адпаведнасці з палажэннямі Закона аб зніклых без вестак», — сказаў галоўны пракурор Ульрых Брэмен.

Чытайце яшчэ:

Зніклага аўстралійца знайшлі ўнутры кракадзіла

У аэрапорце Таронта скралі кантэйнер з золатам на 20 мільёнаў канадскіх даляраў

Кадыраў зрабіў шоу з сустрэчы каня і дадаў яшчэ больш фантастычнасці ў версію пра яго вяртанне

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
29.05.2023
Dze ion Ab*javiusja ? Ni baczna !
0
Юзік/адказаць/
30.05.2023
Дык дзе ён аб'явіўся??! У артыкуле аб гэтым ані слова!!!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера