Знайсці
29.05.2023 / 20:289РусŁacБел

У Наваградку паставілі калону са скульптурай святога заступніка горада

Фотаздымкі новага помніка апублікавалі ў фэйсбук-суполцы «Каталікі Беларусі». 

Агульны выгляд помніка. Фота: фэйсбук-суполка «Каталікі Беларусі»

Пазалочаная скульптура Святога Міхала Арханёла на тэрыторыі аднайменнага касцёла пастаўлена на 7-метровай дарычнай калоне з п'едэсталам, упрыгожаным па баках заглыбленымі філёнгамі. Культ Арханёла Міхала здаўна вядомы на Наваградскай зямлі, а на гербе горада яго выява прысутнічае з часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Скульптура Арханёла Міхала. Фота: фэйсбук-суполка «Каталікі Беларусі»

На наваградскім гербе выява Арханёла Міхала з’явілася яшчэ, магчыма, у 1507—1517 гадах, у час заснавання Наваградскага ваяводства. Канчаткова герб замацаваўся за ваяводствам на Віленскім сойме 1529 года. Першапачатковы выгляд герба змешчаны ў арсенальскім гербоўніку Stemmata Polonica 1555 года: на блакітным полі Арханёл Міхал у сярэбраным хітоне з мячом у правай руцэ, з раскінутымі за спінай крыламі. Праўда, у гэтым выданні герб не меў подпісу і мог быць зблытаны з анёлам з герба Кіеўскага ваяводства, але ў той час апошняе ўжо карысталася выявай з чорным мядзведзем.

Герб Наваградскага ваяводства з «белым анёлам». 

Падабенства гербаў, магчыма, невыпадковае, бо вялікі князь Жыгімонт Стары перавёў кіеўскага ваяводу, князя Івана Львовіча Глінскага ў Наваградак, дзе ён стаў першым наваградскім ваяводам.

«Пачарнеў» арханёл трохі пазней. Першым «чорнага анёла» ў якасці герба ваяводства згадвае польскі гісторык і геральдыст Барташ Папроцкі. У сваёй кнізе «Гняздо цноты…» ў 1578 годзе ён адзначыў, што Наваградскае ваяводства выкарыстоўвае герб у выглядзе чорнага анёла на чырвоным полі. На думку беларускага гісторыка Аляксея Шаланды, гэта адбылося ў выніку памылкі, а прычынай яе стала ўсё тое ж падабенства кіеўскага анёла з наваградскім. Разумеючы, што ў двух розных ваяводстваў не можа быць аднолькавага герба, ён зрабіў наваградскага арханёла чорным на чырвоным полі (можна сказаць, што інвертаваў колеры) і прыбраў з яго рук меч. Не выключана таксама і памылка разьбяра гравюры, які зрабіў яе ў негатыве.

«Чорны анёл» Наваградчыны, надрукаваны ў кнізе Барташа Патроцкага, 1578

«Чорны анёл» з гэтага часу назаўжды замацаваўся за Наваградкам. У 1595 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза надаў гораду герб з ягонай выявай, праўда, у рукі арханёла вярнуўся меч, а таксама дадаліся шалі, якімі ён судзіць людзей перад брамай раю.

Выява герба з «чорным анёлам» у прывілеі караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы 1595 года

Сучасны герб Наваградка, прыняты ў 2001 годзе

Каля 1624 года па фундацыі Крыштофа Хадкевіча ва ўсходняй частцы Рыначнай плошчы быў заснаваны наваградскі кляштар дамініканаў. Спачатку касцёл быў драўляны, мяркуецца, што ўжо ў гэты час ён мог насіць імя Міхала Арханёла. Асаблівае шанаванне Арханёла Міхала ў горадзе пачалося пасля вайны 1654—1667 гадоў, калі, паводле падання, ён выратаваў горад ад поўнага знішчэння. Праз стагоддзе, у 1724 годзе, на месцы драўлянага ўзведзены мураваны храм у стылі барока.

Касцёл у Наваградку, асвечаны пад тытулам заступніка горада — Святога Міхаіла Арханёла. Фота: Wikimedia Commons

Храм гарэў у 1751 і 1831 гадах, але абодва разы паспяхова аднаўляўся. Пасля апошняга аднаўлення касцёл набыў рысы позняга класіцызму. Пры храме дзейнічала дамініканская школа, у якой вучыліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот.

У 1853 годзе дамініканскі манастыр быў закрыты царскімі ўладамі, а храм Святога Міхала з манастырскага стаў звычайным парафіяльным. У 1948 годзе касцёл быў закрыты савецкімі ўладамі, выкарыстоўваўся пад склад і магазін, паступова разбураўся. 

Калона па фоне падамініканскага касцёла Святога Міхала Арханёла. Фота: фэйсбук-суполка «Каталікі Беларусі»

Толькі ў 1992 годзе храм быў вернуты вернікам у паўразбураным стане. Будынкі ж былога кляштара не захаваліся — менавіта на тэрыторыі дворыка, якія яны ўтваралі, сёння пастаўлены помнік святому заступніку горада.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У Брэсце плануецца чарговы наступ на гістарычную забудову вуліцы Савецкай?

У Пінску на помніку архітэктуры «аднавілі» мезанін, але выявілася, што ён негістарычны

У Магілёве задумалі дэкамунізаваць найстарэйшы сквер горада

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
30
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
6
2
Pišycie narmalna/адказаць/
30.05.2023
mikola, Chopić, Mikoła. Navučyciesia pravilna pisać na łacincy, pierš čym pisać hłupstva. Šanujcie biełaruskuju movu.
30.05.2023
Владыслаў, //ja uzo geta zabyu dauno....god 25 tamu...
30.05.2023
Pišycie narmalna, // ok, budu  vucycca.....
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930