Што рабіць чалавеку, калі яго атакуе варона?
Зараз пачаўся сезон, калі дарослыя шэрыя вароны могуць паводзіцца агрэсіўна. Іх птушаняты выскокваюць з гнязда, але пакуль яшчэ не лётаюць. Бацькі ахоўваюць іх: гучна каркаюць, калі людзі праходзяць побач, а часам нават атакуюць. Як трэба сябе паводзіць у такіх сітуацыях, раіць тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
Подлетак шэрай вароны
Па-першае, не трэба надта хвалявацца: варона не можа сур’ёзна параніць чалавека, хіба толькі падрапае скуру. А каркаць і нападаць на варон у адказ не трэба.
Замест гэтага варта агледзецца: можа, каля дарогі ці сцежкі ў траве сядзіць птушаня. Тады можна перанесці яго на 20—30 метраў далей ад людзей.
Рабіць гэта, аднак, трэба асцярожна, бо вароны будуць нападаць, калі чалавек возьме птушаня ў рукі. Таму трэба захінуць галаву парасонам або прыкрыць шапкай ці капюшонам. Хвалявацца за лёс птушаняці не трэба: яно не згубіцца, бацькі яго знойдуць.
У Аўстраліі, дарэчы, месца гнездавання агрэсіўных мясцовых сарок на час вылету птушанят адмыслова адзначаюць у гарадах, каб людзі ведалі гэта і абыходзілі такія месцы.
Увогуле ж, сутыкнуўшыся з парай нервовых варон-бацькоў, варта ведаць: праз 3—4 дні яны самі пакінуць твой двор.
Птушанятам варон, якіх у вывадку бывае да пяці, патрэбна ўсяго некалькі дзён, каб навучыцца лётаць.
Чытайце таксама:
Варта прыглядацца да птушак на палях. Магчыма, атрымаецца зафіксаваць сенсацыю
На Гомельшчыне заўважылі вельмі рэдкую для Беларусі птушку
Птушкі нярэдка сутыкаюцца з шыбамі, асабліва падчас міграцый. Як ім памагчы ўратавацца?






дык вароны можа не на Казіка палявалі, а на параненае каўчаня?
не так даўно вяртаюся дамоў і бачу на праездзе нейкую птушыную мітусню. птушку збілі? здагадваюся. падыходжу бліжэй і бачу сапраўды трупік голуба, да якога падскокваюць сарокі, выхопліваюць адтуль кавалкі мяса і нясуцца з імі ў кусты
я трохі ў шоку... хоць і немаладая ўжо, але нейкія рамантычныя ўяўленні аб гэтым свеце пэўна ўсё ж прысутнічаюць)
прыходжу дамоў і пытаю ў сваіх:
- а што праўда, што сарокі такія драпежнікі?
муж іржэ) а сын кажа:
- мам, я цябе больш скажу - нават вераб'і драпежнікі ))