Знайсці
26.05.2023 / 08:55РусŁacБел

На шыі і руках — шнары. Больш за 3 месяцы няма лістоў ад Ігара Лосіка

31-гадовага журналіста «Свабоды» палітвязня Ігара Лосіка ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) Наваполацкай калоніі. Сюды Лосіка перавялі з штрафнога ізалятара, куды ён у сакавіку трапляў двойчы запар.

Ігар Лосік быў затрыманы тры гады таму, 25 чэрвеня 2020 года, за паўтара месяца да прэзідэнцкіх выбараў.

ПКТ — гэта камера ў калоніі з строгім рэжымам утрымання, куды змяшчаюць асуджаных за злосныя парушэнні парадку. Максімальны тэрмін утрымання ў ПКТ — 6 месяцаў. Вязні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль цягам шасці месяцаў, мець штодзённы шпацыр — 30 хвілін, хадзіць на працу, чытаць. На які тэрмін Ігара Лосіка змясцілі ў ПКТ і што стала прычынай такога пакарання, невядома.

Лістоў Ігар Лосік па-ранейшаму не атрымлівае. Ні ад бацькоў, ні ад жонкі Дар’і, якая адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі, піша «Радыё Свабода».

Кожны дзень Ігар піша скаргі, што няма лістоў і што да яго не дапускаюць адваката. Адміністрацыя турмы на скаргі не адказвае.

У Лосіка цяпер няма адваката. Першы пад пагрозай рэпрэсій з'ехаў за мяжу. Другога пазбавілі ліцэнзіі. Трэцяга затрымалі паводле адміністрацыйнай справы 20 сакавіка — ягоны далейшы лёс невядомы. Чацвёрты на пачатку мая ў аднабаковым парадку скасаваў дамову з бацькамі Ігара.

Паводле крыніц «Свабоды», фізічны стан Ігара Лосіка здавальняючы. Але на яго шыі заўважныя два шнары: адзін даўжынёй каля 10 см, другі каля 7 см. На руках таксама два шнары.

У сакавіку праваабаронцы паведамілі, што палітзняволены журналіст «Свабоды» Ігар Лосік парэзаў сабе рукі і шыю ў штрафным ізалятары (ШІЗА) наваполацкай калоніі. Паводле нашых крыніц, парэзы былі даволі глыбокія, іх зашывалі. У санітарную частку, аднак, Ігара не паклалі, а вярнулі ў ШІЗА.

Псіхалагічны стан Ігара складаны, больш за тры месяцы ён у поўным інфармацыйным вакууме. Лосік нібыта просіць сустрэчы з псіхолагам, але псіхолага да зняволенага таксама не дапускаюць.

Палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года, у снежні 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі.

Больш за 3 месяцы няма вестак ад палітзняволеных Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Паўла Севярынца.

Чытайце таксама:

Ігар Лосік плакаў, калі даведаўся, што яго жонку пасадзілі 

Палітзняволены блогер Ігар Лосік здзейсніў спробу суіцыду ў калоніі — праваабаронцы

«100 бясконцых дзён». Столькі часу няма звестак пра Міколу Статкевіча

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
22
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930