Знайсці
25.05.2023 / 17:323РусŁacБел

«Калі адчыніце труну, то пагражае крыміналка». Маці Мікіты Крыўцова расказала пра смерць сына

21 траўня футбольнага фаната Мікіту Крыўцова Рада БНР узнагародзіла Ордэнам Пагоні пасмяротна. «Радыё Свабода» пагаварыла з ягонай маці Анжалікай Кухто пра тое, што значыць для яе гэтая ўзнагарода, у якую версію смерці верыць сям’я і якія несупадзенні блізкія бачаць у справе.

Анжаліка Кухто. Фота: «Радыё Свабода»

Ад моманту гібелі Мікіты Крыўцова прайшло амаль тры гады. Сям’я дагэтуль ня ведае, калі ён памёр. Ніхто з блізкіх ня бачыў цела мужчыны пасьля сьмерці. Бацькам забаранілі адчыняць труну пад пагрозай крымінальнай справы. Прычынай сьмерці назвалі суіцыд, вінаватых не знайшлі. У Сьледчым камітэце блізкім аддалі намочаны пашпарт Мікіты і даляры быццам бы з кроплямі крыві.

«Калі вы адчыніце труну, то пагражае крыміналка»

Амаль за тры гады сям’я мала што даведалася пра абставіны гібелі Мікіты.

«Ніхто нічога. Усё ціха-глуха», — кажа маці.

Мікіта Крыўцоў, архіўнае фота

Сваякі дагэтуль ня ведаюць, калі загінуў родны чалавек. На месцы пахаваньня значыцца дата 12 жніўня — дзень, калі Мікіта перастаў выходзіць на сувязь. А ў пасьведчаньні аб сьмерці — 22 жніўня, дзень, калі знайшлі цела Мікіты. У мэдыцынскіх дакумэнтах аб сьмерці прычынай пазначаная «асфіксія».

«Мы проста параіліся зь сям’ёй і вырашылі, раз у гэты дзень ён прапаў, будзем лічыць, што тады ён і загінуў. Я спрабавала даведацца дату сьмерці. «Вы хоць прыблізна па экспэртызе мне скажыце». Не, нічога», — расказвае спадарыня Анжаліка.

Маці расказала, што цела сына ім так і не дазволілі апазнаць непасрэдна. Бацьку Мікіты паказалі фатаграфіі трупа, у тым ліку дзе відаць ягоныя тату.

«Былому майму мужу, бацьку Мікіты сказалі: «Калі вы адчыніце гэтую труну і будзеце глядзець, то [пагражае] аж да крымінальнай адказнасьці», — пераказвае маці.

Сваякі не маглі забраць цела тры дні. Яго выдалі ў чорным пакеце. Прывезьлі яго зь Менску ў Маладэчна. У пахавальным доме зь ім у зачыненай труне можна было разьвітацца цягам пары гадзінаў. Дома цела Мікіты не пабывала.

Мэдаль Ордэну Пагоні, прызначаны Радай БНР Мікіту Крыўцову

Чаму ўсё ж бацькі не адкрылі пакет і не паглядзелі, ці сапраўды гэта іхны сын і якія пашкоджаньні засталіся на целе?

Анжаліка кажа, што ім не дазволілі б гэтага зрабіць. Яна думае, што супрацоўнікаў дому разьвітаньня таксама папярэдзілі, што нельга дапусьціць, каб труну адчынілі. Да таго ж знаёмыя расказалі бацькам, што на пахаваньні прысутнічала шмат сілавікоў і кадэбістаў у цывільным: і ў залі, і на могілках, і каля рэстарацыі, дзе былі памінкі.

На пахаванні Мікіты Крыўцова, 25 жніўня 2020 году, архіўнае фота

Аднак маці верыць, што яны пахавалі менавіта свайго сына, а не чужога чалавека, бо ў апісаньні тату на целе ў дакумэнтах убачыла адну адметную: чырвоная матрошка зь імем «Вара» унутры, так завуць дачку Крыўцова. Сьледчым яна сама не казала пра такую адметнасьць сына.

Загінулага адпяваў праваслаўны сьвятар з Маладэчна, нягледзячы на тое, што сьвятары могуць адмовіць у малітве за «суіцыдніка». Дазволу на гэта сям’я прасіла ў Менску ў мітрапаліта Паўла.

Мікіта Крыўцоў, архіўнае фота

«На Мікітаву фатаграфію паказалі і сказалі, што яму канец»

Апошні раз Анжаліка размаўляла з сынам увечары 9 жніўня. Яна чула нейкія гукі на фоне. Але Мікіта сказаў, што ён зь сябрамі сядзіць у кавярні. Насамрэч ён тады быў на акцыі пратэсту ў Маладэчне.

«Ён, відаць, не хацеў мяне засмучаць. Ён сказаў: «Мамачка, не хвалюйся!»», — успамінае Анжаліка.

Ужо пасьля сьмерці Мікіты да Анжалікі падышоў незнаёмы хлопец са словамі: «Я не магу маўчаць. Я быў у адзін з апошніх дзён зь Мікітам».

«Яны былі ў нейкай спартовай залі, іх білі, іх было трое. Яго і яшчэ аднаго хлопца забралі і павезьлі на Акрэсьціна. Потым мне сказалі, што яго пацягнулі за рукі і зламалі шыю», — маці расказвае вэрсію, якую больш ніхто не пацьвердзіў, а сам сьведка адмовіўся паўтараць яе пазьней публічна.

Да таго ж Анжаліцы празь нейкі час пасьля сьмерці Мікіты маладачанскія хлопцы, якіх затрымлівалі ў першыя дні пратэстаў, расказалі адну дэталь.

«Там (у аддзеле міліцыі. — РС) была нейкая агульная фатаграфія. На Мікітава фота паказалі і сказалі, што яму канец», — пераказвае словы хлопцаў суразмоўца.

Больш не было сьведак, якія б расказалі бацькам, што адбывалася зь Мікітам перад сьмерцю, у тым ліку ці яго затрымлівалі.

«Пашпарт выглядаў, быццам ён пабыў у пральнай машыне»

Празь 7 месяцаў пасьля сьмерці Мікіты сьледчыя скончылі праверку па факце ягонай сьмерці. Анжаліку выклікалі ў СК, каб яна падпісала адпаведныя дакумэнты. Маці не дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі.

«Можа, там нешта ёсьць, у гэтай справе? Я не разумею, чаму мне не дазволілі», — кажа Анжаліка.

Маці аддалі ня ўсе рэчы сына, якія былі пры ім на момант сьмерці.

«Мне аддалі толькі дробязь. Пашпарт выглядаў, быццам ён пабыў у пральнай машыне. Сказалі, што гэта экспэртыза. Проста сьмешна. Я кажу: «Дык аддайце мне нацельныя рэчы». — «Мы ня можам. Яно павінна захоўвацца ў Сьледчым камітэце. Раптам нешта ўсплыве». Кажу: «Але што можа ўсплыць, калі вы крычыце на ўвесь сьвет, што гэта суіцыд?», — успамінае гутарку маці.

Пашпарт выглядаў так, быццам яго намачылі: лісты паскручваліся, пячаткі і запісы пазмываліся.

«Аддалі дэзадарант ягоны. Даляраў некалькі аддалі па «адзіначках». Такое адчуваньне, што кроплі крыві на іх. Каляндарыкі, мэдыкамэнты, што было ў торбе. Яму зуб балеў, то анальгін, цытрамон. Стыкеры футбольныя. Ніякіх значных рэчаў больш не аддалі. Нават торбу не аддалі. Тэлефон не аддалі. Аддалі чахол, але ён не ад Мікітавага тэлефона», — кажа маці.

Са словаў чалавека, які першым знайшоў цела Мікіты, у яго на пальцы быў шлюбны пярсьцёнак. Аднак Анжаліка кажа, што сын не насіў пярсьцёнка, бо яму было нязручна зь ім. У рэчах сына, якія ёй аддавалі, пярсьцёнка не было.

Мікіта Крыўцоў з дачкой Варварай, архіўнае фота

«Ён там вісеў тры дні, за мэтар ад сьцежкі, і яго ня бачылі?

Маці думае, што Мікіту затрымалі, калі ён ішоў на электрычку, каб ехаць на працу, 12 жніўня.

У Анжалікі застаецца шэраг пытаньняў да несупадзеньняў у справе сына.

Яе бянтэжыць месца, дзе знайшлі Мікіту.

«Калі б ён вырашыў нешта з сабой зрабіць, навошта яму было рабіць такі крук? Ён выйшаў з дому рана, у яго дома ў Жодзіне ёсьць лес побач. Трэба было невядома куды ісьці, у лес, дзе людзі ходзяць, з сабакамі гуляюць? Ён там нібыта вісеў тры дні, за мэтар ад сьцежкі, і яго ня бачылі?» — разважае маці.

Побач зь целам знайшлі чахол тэлефона, які не належаў Мікіту.

«Там усё было прыбрана. Калі б Мікіта вырашыў нешта з сабой зрабіць, ён бы скурыў неймаверна шмат цыгарэт!» — працягвае разважаць маці.

Анжаліка Кухто

Пошукавы атрад «Анёл», які шукаў Крыўцова, спачатку заявіў, што на целе Мікіты ёсьць пашкоджаньні, але неўзабаве прыбраў гэты факт з публікацыі. Сьледчы камітэт спачатку казаў, што сьлядоў гвалтоўнай сьмерці няма. Потым сьледчыя сказалі, што на нагах Мікіты выявілі гематомы.

«Быццам ён біўся ў апошніх, перадсьмяротных канвульсіях аб дрэва. Як? Я не разумею», — кажа маці.

У ноч перад 12 жніўня Мікіта зь сябрамі выпіваў, расказалі маці сябры хлопца. Аднак экспэртыза не паказала алькаголю ў крыві.

Мікіта не папярэдзіў калегу, што ня прыйдзе на працу. Маці перакананая, што ён ня мог так зрабіць па сваёй волі, бо быў адказным чалавекам.

«Я пра ўсе гэтыя несупадзеньні гаварыла падчас расьсьледаваньня. Хто мяне слухаў? Сьледчых зьмянялі, кожны раз нехта новы. Адной са сьледчых я сказала фразу: «Пры ўсім жаданьні, калі б вы і хацелі нам дапамагчы, вам жа не дадуць гэтага зрабіць». Яна міргнула мне ў адказ», — успамінае Анжаліка.

Мікіта Крыўцоў з дачкой Варварай, архіўнае фота

«Я проста яго чакаю»

Анжаліка выехала зь Беларусі амаль год таму. У яе дома праходзілі вобшукі ў сувязі зь дзейнасьцю малодшага сына Паўла Кухто, які кіруе Цэнтрам дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаве. Ягонага бацьку, які жыве ў Беларусі, прымусілі запісаць відэа, дзе той кажа, які ў яго кепскі сын.

Кіраўнік Цэнтру дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаве Павал Кухто і Прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі. 2022

У Польшчы Анжаліка працуе ў школе, выдае дзецям абеды. Яна кухар з прафэсіі.

Удава Мікіты Алена з дачкой Варварай таксама выехалі зь Беларусі. Дзяўчынцы нядаўна споўнілася 7 гадоў.

«Варвара ведае, што ейны тата герой. Яна памятае яго. Але мы стараемся не падымаць гэтую тэму. Яна тады не зразумела, была яшчэ маленькая. Цяпер яна пачала разумець: «Дык, значыць, я тату больш ніколі ня ўбачу?». Можа, ёй раней здавалася, што ён проста паехаў куды», — кажа суразмоўца.

Мікіта Крыўцоў з жонкай Аленай і дачкой Варварай, архіўнае фота

Даглядаць месца пахаваньня Мікіты ў Маладэчне ёсьць каму. Гэта сваякі і сябры. Кветкі на магілу Мікіты прыносяць і іншыя людзі.

«У Маладэчне ва ўсіх быў проста шок. Там было столькі людзей на пахаваньні! Нават школьнікі прасілі настаўнікаў, каб іх на пахаваньне Мікіты звадзілі. Ён быў мэдыйнай асобай у сфэры футболу. З розных гарадоў папрыяжджалі з футбольных клюбаў, і проста людзі», — успамінае маці пахаваньне.

Цяпер Анжаліцы дадае сілаў жыць унучка, а таксама спроба ня думаць, што сын памёр.

«Штодня я сябе супакойваю думкай, што ён не памёр: я ж яго ня бачыла ў труне! Я яго проста чакаю. Я прымушаю сябе думаць, што Мікіта зьехаў, жывы, і некалькі прыедзе. Стараюся ня думаць, што яго няма больш», — кажа маці.

«Ягоная сьмерць не прайшла незаўважанай»

21 траўня маці Мікіты Анжаліка Кухто атрымала ўзнагароду сына. Мэдаль Ордэну Пагоні з подпісам старшыні БНР Івонкі Сурвілы далі Мікіту «на знак прызнаньня заслуг на ніве змаганьня за волю Беларусі». Гэта першая ўзнагарода Мікіту.

Маці адзначыла, што для яе гэта важная ўзнагарода, бо яна не чакала, што Мікіту адзначаць, што ягоная дзейнасьць не застанецца бясьсьледнай.

«Безумоўна, важна, што ягоная сьмерць не прайшла незаўважанай, што людзі прынялі ягоны ўчынак, калі ён выйшаў са сьцягам, як геройства, што ён не пабаяўся ні АМАПу, нічога. Натуральна, ён не падумаў пра наступствы, што нашыя ўлады пачнуць рабіць такія страшныя справы, забіваць людзей. Ён хацеў данесьці гэтым людзям у форме, што яны хочуць свабоды, сумленных выбараў», — сказала Свабодзе Анжаліка.

Чытайце таксама:

Таямнічы сведка сцвярджае, што бачыў Мікіту Крыўцова жывым, але збітым. Сябры аднавілі апошнія дні хлопца

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Швед/адказаць/
25.05.2023
[Рэд. выдалена]
0
сквер учагавеса/адказаць/
25.05.2023
Як гэта не адкрыць труну? 100% забілі чалавека.
26.05.2023
не адкрываць труну - такое можна пэўна казаць (рэкамендаваць), калі там нешта страшнае, што можа нанесці шкоду псіхіке звычайнага чалавека, асабліва жанчыны, як больш уразлівай
але пагражаць крымінальнай адказнасцю за адкрыццё труны сына...
зрэшты ў нашых рэаліях па ходу няма ўжо чаму здзіўляцца (
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера