Знайсці
24.05.2023 / 11:436РусŁacБел

«Дазволіў сабе ганьбіць БРСМ, віну прызнаю». Юрфак БДУ апублікаваў відэа са студэнтам на манер ГУБАЗіКа

Юрыдычны факультэт БДУ пераняў практыку сілавікоў і стаў запісваць відэа са студэнтамі, дзе прымушае іх выбачацца.

Скрын відэа, якое выклаў юрфак БДУ. У арыгінале твар не схаваны і студэнт называе сваё імя

Такое відэа юрфак апублікаваў у сторыз свайго інстаграм-акаўнта.

У ім студэнт-трэцякурснік на фоне эмблемы БДУ і выявы Феміды выбачаецца перад адміністрацыяй факультэта і БРСМ.

«Я, студэнт трэцяга курса БДУ, дазваляў сабе распаўсюджваць звесткі, якія дыскрэдытавалі адміністрацыю юрыдычнага факультэта, а таксама звесткі, якія ганьбяць БРСМ юрыдычнага факультэта. Сваю віну цалкам прызнаю, каюся. На аснове сваіх памылак рэкамендую моладзі пільна сачыць, што, каму, дзе і ў якой сітуацыі яны гавораць, а таксама працаваць на карысць сваёй краіны», — агучвае ў відэа студэнт тэкст, які, відавочна, яго прымусілі сказаць.

Юрыдычная супольнасць адрэагавала на такое парушэнне правоў.

Экспертка ў галіне міжнароднага права і правоў чалавека Кацярына Дэйкала заўважае: парадаксальна, што менавіта юрфак, дзе павінны былі б вучыць паважаць правы, пераняў такую практыку.

«Звярніце ўвагу (і гэта самае страшнае), што робяць гэта моладзевыя арганізацыі факультэта. Не ГУБАЗіК, не кадэбэшнікі, а моладзевыя арганізацыі факультэта, якія нават не саромеюцца ставіць свае тэгі: студсаюз юрфака, студэнцкі прафсаюз і БРСМ.

У хлопцаў — будучых юрыстаў — нават не хапае кемлівасці, каб зразумець, што гэта ўсё — доказы, якія фіксуюцца. У камсамольскім запале так хочацца адзначыцца: мы насралі і напісалі горда «гэта зрабілі мы»!

Ну і нагадаю, што менавіта парушаецца такім відэа: свабода ад зневажальнага годнасць звароту, свабода выказвання меркавання, права на неўмяшанне ў асабістае жыццё і права на адукацыю (у частцы стварэння спрыяльнай атмасферы без абраз і прыніжэння годнасці ў адукацыйнай установе)», — пракаментавала ў фэйсбуку Кацярына Дэйкала.

На тое, што гэтым відэа факультэт парушае закон, звяртае ўвагу і адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

«Прымус да ўдзелу ў такіх роліках парушае свабоду выказвання меркаванняў. Гэта прамое парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек вымушаны ў непрацэсуальнай форме прызнавацца ў здзяйсненні забароненых дзеянняў.

Такое відэа парушае права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню або катаванням.

Я ўпэўнена, што тых, хто прымушае здымацца ў падобных відэа, можна прыцягнуць да адказнасці. Гэта трапляе пад кваліфікацыю арт. 426 Крымінальнага кодэкса (злачынства супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца прадстаўніком дзяржавы)»,

— падкрэслівае Колесава-Гудзіліна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Олушр/адказаць/
24.05.2023
Першае правіла БРСМ-ніколі не кажы што ты з БРСМ.
0
мясцовы2/адказаць/
24.05.2023
Юридический fuckультет БГУ имени Губопика
0
даносы як у 37м/адказаць/
24.05.2023
«… рэкамендую моладзі пільна сачыць, што, каму, дзе і ў якой сітуацыі яны гавораць» - то бок хтосьці з яго кола напісалі на яго данос. Вось і ўся сутнасць лукашыцкае сістэмы
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера