Знайсці
23.05.2023 / 17:598РусŁacБел

Пінскі паляўнічы-падводнік расказаў пра рэкордных самоў

Падводны паляўнічы Павел Ляхновіч з Пінска аднойчы здабыў сама, які важыў 65 кілаграмаў. Выданне «Ганцавіцкі час» пагутарыла з падводнікам і паляўнічым пра яго захапленні. А таксама тое, чаму замест стрэльбы ён узяў у рукі фотаапарат.

Павел Ляхновіч з Пінска — пісьменнік. Ён служыў на флоце на велізарным падводнай лодцы. Высокі і дужы мужчына займаўся боксам і быў нават у 1975 годзе чэмпіёнам Азербайджана (тады Павел там вучыўся). Але сёння гутарка з ім пра іншае — падводнае ды стрэльбавае паляванне.

Якія ўловы найбольш запомніліся

— Распавядзіце пра свае самыя запамінальныя ўловы падчас падводнага палявання. Ведаю, што ваш рэкорд — 65-кілаграмовы сом з Прыпяці.

— Першы язь, прыкладна на 1,5-2 кг, узяты на Верхняй Прыпяці ў раёне вёскі Хойна Пінскага раёна. Нырнуў, іду ўздоўж абрывістага берага, на дне ляжаць вялізныя груды зямлі, празрыстасць метра з 2,5, і раптам са шчыліны між грудамі ўсплывае вялікая рыбіна. Страляю.

Сябра, што прывёз мяне туды, не можа сказаць, што за рыба. Я таксама. Едзем дадому, спрабуем вызначыць, што за трафей, па малюнках у кнізе. Атрымоўваецца ці то галавель, ці то язь. Потым пінскія рыбакі вызначылі дакладна — язь.

Плыў ля бярвенца, а гэта — сом!

Там жа, ля Хойна… Ныраю пад куст, што ўпаў у ваду з падмытага берага. У кусце чарада невялікіх плотак, для падводнага паляўнічага — не трафеі. Пакрысе ўсплываю, і ў метры ад паверхні вады бачу шырэзны саміны хвост, палошчыцца на плыні. Цела сама — сярод галінак куста.

Выкід адрэналіну, стрэл у хвост, рывок, і… абарваны лінь. Паныраў, пашукаў, у 15-20 метрах вышэй таго куста, на сярэдзіне ракі знайшоў гарпун.

Праз дзень зноў прыехаў у Хойна, зайшоў на кіламетр вышэй таго месца, дзе заўчора страляў сама, стаў сплаўляцца ўніз. Разумеў, што знайсьці таго падранка — рэч малаверагодная, таму і не шукаў. Проста паляваў.

У 2016 годзе Павел Ляхновіч упаляваў 65-кілаграмовага сама

Была вельмі празрыстая, мабыць метры на тры, вада, я быў у добрай фізічнай форме, і нырнуў пасярод ракі проста дзеля задавальнення, бо месца было зусім не перспектыўнае. Белы пясок, плынь павольна цягне мяне ўздоўж дна.

Справа на пяску ляжыць бярвенца. Мяне праносіць міма, і тут я бачу, што гэта не бярвенца, гэта сом стаіць на дне. Страляю, і праз хвіліну сом на беразе. І ў яго хвасце — ранка навылёт. Той самы, заўчорашні сом! Пудовы.

Пісьменнікі пра падводнае паляванне

Што датычыць сама на 65 кг, гэта мой самы вялікі трафей, дык мой польскі сябра з Любліна, пісьменнік Збігнеў Уладзімеж Фрончак, калі я яму распавёў пра тое паляванне, і паказаў фота, сказаў:

«Хэмінгуэй за твор, дзе была злоўленая вялікая рыба, атрымаў Нобелеўскую. Ты абавязаны напісаць пра паляванне на гэтага звера апавяданне…»

Я паабяцаў, і абяцанае выканаў. Яно называецца «Прыпяць цячэ». Там, за выключэннем розных упрыгожванняў, нічога не выдумана.

Хай сабе Павел Ляхновіч пакуль і не атрымаў Нобелеўскую прэмію. Але ў 2016 годзе ён быў уганараваны «Мядовай літаратурнай прэміяй», якую ўручаў паэт-пчаляр Мікола Папека (прыз — пуд мёду). Таксама пісьменнік — лаўрэат трох іншых міжнародных прэмій.

Яшчэ быў пяцікілаграмовы шчупак на Ясельдзе. Ёсць здымкі, якія тады зрабіў светлай памяці пінскі мастак Яўген Шатохін.

Ёсць шчупак за шэсць кілаграмаў, узяты ў снежні на Верхняй Прыпяці. Здымак з гэтым шчупаком змясціла ў сваёй кніжцы «Насыпаць горы. Палескія гісторыі» знакамітая польская пісьменніца Малгажата Шэйнарт.

Верхняя Прыпяць, раён Хойна, 2011 год

А праз некалькі гадоў у адной кампаніі, дзе былі беларускія, украінскія і польскія пісьменнікі, адна польская кабета раптам сказала: «А ці не пан гэта ў кнізе Малгажаты Шэйнарт? Са шчупаком?» Было вельмі прыемна…

Сом укусіў паляўнічага

Аднойчы стрэліў у падводным карчы сямікілаграмовага сама. Той пачаў біцца на ліні і заблытаў яго сярод сукоў.

Я ўсплыў, правентыліраваў лёгкія, паклаў стрэльбу на надводных галінах таго дрэва, нырнуў і пачаў разблыттваць лінь. Сом недзе з метровай адлегласці убачыў маю белую далонь (я быў тады без пальчатак), і проста як сабака кінуўся на яе, і ўчапіўся зубамі. Я, спужаны ад нечаканасці, рвануў руку, і потым два тыдні хадзіў з абадранай далонню. Быццам шчоткай металічнай «пагладзіў».

А яшчэ неяк у раёне вёскі Гальцы, гэта на Стыры, я стрэліў у даволі вялікага сама (потым аказалася, ён заважыў 42 кг). Страляў трызубам, непасрэдна да якога прывязаў лінь.

Пасля стрэлу сом (ляжаў на галінах дрэва пад вадою, прыкладна ў 1,5 метрах ад паверхні) кінуўся да дна, пачаў качацца па ім, і праз імгненне зламаў гарпун.

Але, як я ўжо казаў, лінь быў прывязаны непасрэдна да трызуба, таму ён застаўся «на прывязі».

Пайшоў уніз па рацэ, я за ім, бо баяўся, што сом парве цела і вызваліцца ад «прывязі». І памрэ недзе. Вельмі не люблю, калі часам сыходзяць падранкі, нервуюся, перажываю.

Ледзь не здарыўся падводны накаўт

Метраў праз трыста-чатырыста сом залёг у яме паміж грудаў зямлі, што нападалі з падмытага берагу. Дабіваць мне яго не было чым — другога гарпуна падводныя паляўнічыя звычайна не бяруць, прынамсі я пра такіх ня чуў.

Я раскруціў лінь са шпулі, выплыў на плыткае, і стаў чакаць сябра, з якім мы тады палявалі. Хвілін праз дваццаць ён з’явіўся. Я папрасіў ягоную стрэльбу, аддаў яму сваю — з навязаным самом — і нырнуў у яму. Падыходзіў да сама зверху і крыху збоку.

Убачыў, як ён ляжыць на дне, прыціснуўшыся да вялікай груды зямлі, выцаліў і націснуў на спуск. Стрэльба заклініла!

Сом раптам заварушыўся і магутным рыўком кінуўся на мяне. Я выставіў насустрач стрэльбу з заклініўшым гарпуном, сом ударыўся ў яго галавою (потым аказалася, што нават зламаў лобную косьць), выбіў у мяне з рукі стрэльбу, і пачаў качацца па дне. Стрэльба тырчэла з ягонай галавы.

Праз некалькі імгненняў выбіў яе, і знік — пайшоў уніз.

Я падабраў «стралялку» сябра — гарпун быў сагнуты пад амаль прамым вуглом — усплыў, аддаў яе гаспадару. Цяпер я разумею, што калі б сом ударыў мяне галавою ў жывот, гэта быў бы падводны накаўт…

Рэкордны 65-кілаграмовы сом Паўла Ляхновіча

Пра падводных паляўнічых у нас і ў Італіі

— Падводнае паляванне апроч навыкаў патрабуе і значных укладанняў?

— Падводнае паляванне — даволі затратны занятак. Рыштунак падводнага паляўнічага — маска, ласты, стрэльба, кукан, грузы, гідракасцюм, нож — каштуюць нямала. А гэта толькі асноўнае, потым кожны «абрастае» іншымі «гаджэтамі».

Беларускае заканадаўства ж з кожным годам звужае магчымасці для падводных паляўнічых займацца ўлюбёным хобі.

Зусім іншы падыход, да прыкладу, у Італіі. Там падводных паляўнічых, якія з’яўляюцца сябрамі арганізацыі падводных паляўнічых, дзяржава забяспечвае ўсім неабходным рыштункам.

Чаму? Падводныя паляўнічыя — практычна гатовыя баявыя плыўцы, дзяржава, калі б яна рыхтавала баявых плыўцоў сама — траціла б на гэта нашмат больш, непараўнальна больш.

І між іншым — італьянскія баявыя плыўцы лічацца ў свеце самымі падрыхтаванымі. Кажуць, што падрыў лінкора «Наварасійск» у Севастопалі ў 1955 годзе — справа іх рук.

Для палявання трэба шмат рыштунку

Найбольш ганарыцца ўпаляваным ваўком

— Апроч падводнага палявання, захапляліся і звычайным? Які былі поспехі, цікавыя трафеі?

— Стрэльбавае паляванне… Большасць людзей на свеце нараджаюцца паляўнічымі. Гэта не толькі дзядзька (а часта і цётка) са стрэльбай.

Да паляўнічых трэба аднесьці грыбнікоў, археолагаў, геолагаў, рыбакоў, архівістаў, скарбашукальнікаў… — усіх тых, хто апантаны пошукам…

Здаецца мне, што быць паляўнічым мне было наканавана. Бо тата — паляўнічы, мужчыны з мамінай сям’і — таксама. Я заўсёды ведаў, што рана ці позна я таксама буду паляваць.

Пакуль служыў на Поўначы (на флоце), уступіў у таварыства вайсковых паляўнічых, але праца вайсковага марака не дазваляла рэальна паляваць, на гэта проста не было часу.

Затое, калі перавёўся з Поўначы ў Пінскую вучэбку, такая магчымасць з’явілася. Мяркую, паляўнічымі ў вучэбцы былі ці не палова афіцэраў і мічманаў.

Палявалі на ўсіх звяроў і птушак, што дазволеныя ў Беларусі — качак, гусей, зайцоў, ліс, ваўкоў, казуль, дзікоў.

Найбольш запамінальны быў адзіны за маю паляўнічую кар’еру здабыты воўк. Ягоны чэрап дагэтуль стаіць сярод кніжак маёй бібліятэкі як памятны трафей аб тым паляванні. Я таго ваўка «вылічыў», перахітрыў.

Мой тата за ўсё жыцьцё не ўзяў ніводнага (хоць быў у ягоным трафейным спісе мядзведзь, але ваўка не было), а я хоць адзінага — маю.

Чаму заняўся фотапаляваннем

— Ці праўда, што вы аднойчы пакінулі паляванне, купілі фотаапарат і заняліся фотапаляваннем? На вашай старонцы цяпер шмат прыгожых фота звяроў. Чаму вы перайшлі да фотапалявання?

Не буду брахаць — не таму, што мяне раптам азарыла думка супраць забіцця бедных птушачак і звяркоў. Па маім перакананні, тыя, хто падымае лямант супраць палявання і паляўнічых (а сам штодзённа ўжывае мяса ў ежу, носіць скураны абутак, і г.д.) — проста крывадушныя людзі.

Калі ўжо ты такі гуманіст — не еш мяснога, карыстайся абуткам і іншымі вырабамі — з дэрманціну.

Між іншым, расійскі вядомы паляўнічы-трафейшчык Ястржэмбскі пераканаўча даказвае — там, дзе арганізаванае паляванне, вядзецца барацьба з браканьерствам, пагалоўе жывёл няспынна ўзрастае. Паглядзіце яго відэа. Але гэта так…

Фотапаляванне Паўла Ляхновіча

Стрэльбавае паляванне я пакінуў з-за таго, што быў, як я лічу, несправядліва пакараны за ненаўмыснае (і нязначнае) парушэнне правілаў палявання.

Фармальна пакаралі правільна, нічога не магу сказаць. Парушэнне маё заключалася ў тым, што на паўтара тыдні аказалася пратэрмінаваная выплата дзяржаўнай пошліны. Проста з-за няўважлівасці.

У выніку — канфіскацыя стрэльбы, і на тры месяцы забарона паляваць. Праз тыя тры месяцы я мог бы набыць новую стрэльбу і вярнуцца да любімага занятку, але вырашыў зрабіць іначай. Мне ж у паляванні важнае не мяса, не футра, мне патрэбны той працэс, тыя эмоцыі.

Калі стаіш на нумары і чуеш крыкі загоншчыкаў, чуеш шапаценне па лясной падсцілцы капытоў дзіка ці казулі, або крыкі гусей, што падлятаюць да твайго шалаша, падмануўшыся выразанымі табою і табою ж расфарбаванымі «профілямі», бачыш мільгаценне сярод дрэваў звярыных постацяў.

Не буду адмаўляць існавання сярод паляўнічых так званых «мяснікоў», але здаецца мне, што большасць усё ж ідзе ў лес-поле-балота за эмоцыямі.

На цецеручыным таку. Фота П. Куніцкага

«Нашмат лягчэй зрабіць удалы стрэл, чым удалы здымак»

І таму я вырашыў пакінуць стрэльбу і заняцца «фотапаляваннем». Тым больш, што фотакамеру я ўзяў у рукі ў 5 класе, і з тае пары не выпускаў.

І вось што аказалася: фотапаляванне — яно больш складанае, чым стрэльбавае. Нашмат лягчэй зрабіць удалы стрэл, чым удалы здымак.

Але! Эмоцыі — тыя ж самыя, што і пры стрэльбавым! Трафей застаецца на ўсё жыццё (у выпадку ўдалага стрэлу — мяса здабытай казулі з’елі, і ўсё пакрысе забываецца).

Фотапаляванне прадугледжвае адсутнасць шматлікіх грашовых пабораў, якія існуюць у стрэльбавым — рэгістрацыя і перарэгістрацыя зброі, членскія складкі ў Таварыства паляўнічых, дзяржпошліны, аплата пуцёвак. Плюс немалыя выдаткі для набыцця набояў, нятанная зброя…

Заняўшыся ж фотапаляваннем, вы толькі набываеце фотакамеру, тэлеаб’ектыў. Ну, і адзенне, абутак дзеля скрытнасці на прыродзе і зручнасці.

Вас не турбуюць ні межы паляўнічых дачаў, ні полаўзроставыя асаблівасьці «дзічыны», ні тэрміны сезонаў, ні дазволеныя аб’екты «палявання». За выключэннем пэўных правілаў. Напрыклад, пару дзён таму на маіх вачах у казулі пачаліся роды.

Я не стаў падыходзіць да нованароджанага алянятка, бо баяўся, што маці потым не стане яго карміць.

Фотапаляванне Паўла Ляхновіча

У дзяцінстве кашамі лавілі гаркуш

— А ці даўно вы займаецеся рыбалкай? Як прыйшлі да больш складанага — падводнага ды стрэльбавага палявання?

— Прыкладна з 5 гадоў. Мы тады жылі ў вёсцы Латыгаўка Мінскага раёна, побач з хатай гаспадыні, дзе кватаравала наша сям’я, працякаў (і зараз працякае, наведаў некалькі гадоў таму) ручай.

Там вяліся гаркушкі, па-навуковаму «гальян звычайны» (у кнізе вычытаў, ніколі не чуў, каб так называлі…), і мы з сябрамі — Васілём і Міколам — кашамі лавілі гэтых гаркуш. Старэйшыя хлопчыкі перагарадзілі той ручай плацінай з дзірвану (мы з Васілём і Міколам удзельнічалі ў будаўніцтве), атрымалася купальня, дзе я навучыўся плаваць.

У 1961 годзе сям’я пераехала на дзедаўскі хутар, паблізу ад вёскі Навіны Валожынскага раёна, гэты хутар зусім блізка ад ракі Іслач. На Іслачы заняўся ловам гаркуш, сліжоў і кялбоў (гальян звычайны, галец і пячкур адпаведна) — паплавочнай вудай.

Вудзільна рабілася з арэшыны, а неяк тата набыў мне бамбукавае — гэта было вельмі, як цяпер кажуць, «крута».

Павел Ляхновіч — чэмпіён Азербайджана па боксе. 1975 год

Пасябраваў з мясцовым хлопцам, Алегам, таксама апантаным рыбным ловам. Алег навучыў лавіць залацістых карасёў, што вяліся ў «завонях» — ямах з вадою ў абалоне Іслачы. Потым тата навучыў нас ставіць на ноч жыўцы. І нам з Алегам удалося злавіць некалькі невялікіх шчупачкоў. У Іслачы тады вяліся плоткі, шчупакі, стронгі, яльцы, ліпені, верхаводкі, але гэта былі трафеі для дарослых, нам яны не даваліся.

Бабуля, гаспадыня хутара, на лета здавала пакой «дачнікам». Адным летам кватаравала сям’я зь Мінска, і яе галава, дзядзька Грыша, трэнер па фехтаванні, падараваў мне падводныя акуляры (як я стаў дарослы і служыў на флоце, то вызначыў, што тыя акуляры былі з рыштунку падводнікаў — ад аварыйнага дыхальнага апарата падводнікаў ПДУ-1. Не ведаю, якім чынам яны апынуліся ў дзядзькі Грышы, але цяпер дзіўлюся — гэта была як падказка наконт таго, чым я буду займацца ў дарослым жыцці).

Прыгажосць падводнага свету зачаравала назаўжды

Першыя нырцы не з заплюшчанымі вачыма ўразілі мяне прыгажосцю падводнага свету. Назаўжды. Тады ж я ўпершыню пабачыў двух дарослых ужо хлопцаў, відавочна з Мінска, якія спрабавалі ў Іслачы паляваць. Памятаю, што нічога яны не ўпалявалі, і мяне асабліва не ўразілі. Калі не лічыць рыштунку для нырання. Хоць асэнсоўваў, што для мяне такі рыштунак недасягальны.

У 1968 годзе сям’я наша пераехала з хутара ў Ракаў. Там я завёў некалькі вудаў і маску для нырання, нашмат больш зручную за тыя акуляры ад ПДУ-1.

Большасць ракаўскіх хлопцаў любілі скачкі ў ваду з пабудаванай на беразе «вышкі» з жэрдак і дзірвану, а я ныраў з маскай. Разглядаць падводны свет было для мяне нашмат цікавей за акрабатычныя скачкі. Часам вудзіў верхаводак і плотак. Асабліва зацятым рыбаком не быў.

Ужо дарослым, калі служыў на флоце, быў у Севераморску і зайшоў у паляўніча-рыбалоўную краму. І там пабачыў падводную стрэльбу, пнеўматычную. Набыў. Першую рыбіну ўзяў з яе дапамогай на Дняпры, у адпачынку. Гэта быў невялікі, недзе на кілаграм, шчупачок.

Флот і паляванне

— Вы служылі на флоце, нават не проста на флоце, а на падводнай лодцы. Ці можна звязаць вашу марскую службу і любоў да рыбалоўства? Нешта агульнае тут ёсць?

— Па-першае, я не рыбалоў. «Рыбалоў» — ён ловіць рыбу, яна жывая, і чалавек мае магчымасць адпусціць яе.

Я ж падводны паляўнічы, я магу толькі ў пэўных выпадках адмовіцца ад стрэлу. Але калі стрэліў, то «задняга ходу» няма…

З майго досведу — неаднаразова назіраў выпадкі, калі зацяты рыбак, які дзеля цікаўнасці, каб толькі паспрабаваць, ныраў з падводнай стрэльбай у празрыстую ваду (для навічкоў гэта вельмі важная рэч), і браў там больш-менш трафейную рыбіну, кідаў вуды-сьпінінгі-фідары і г.д., і станавіўся яшчэ больш зацятым падводным паляўнічым.

Наўпрост служба на падводнай лодцы (прынята казаць «падводная лодка», а насамрэч, гэта быў ракетны падводны крэйсер даўжынёю больш 160 метраў і па вертыкалі — з пяціпавярховы дом) ніяк не ўплывала на маё падводнае паляванне.

Павел Ляхновіч служыў на падводнай лодцы

Калі выпадала вольная хвіліна, а карабель стаяў на базе, падводнікі лавілі з пірса траску, сайду. Я таксам зрэдку спрабаваў.

Але падчас атрымання адукацыі ў вайсковым вучылішчы мы праходзілі і курс лёгкавадалазнай падрыхтоўкі. Гэта быў адзін з маіх улюбёных прадметаў.

Так з хлопчыка-аматара нырцануць, надзеўшы на твар акуляры ад ПДУ, я стаў прафесійным вадалазам. І гэта было як стымул да падводнага палявання.

Чытайце таксама:

Сяргей Зуёнак: Вуж перабраўся па балконе да суседкі і крыху напалохаў яе

Паўстагоддзя таму ў барца Мядзведзя жыло медзведзяня, але ў адным берлагу два мядзведзі не ўжыліся

«Цяпер я маці барсукоў». Мінчанка пераехала на Палессе і стала правадніцай па дзікай прыродзе

«Найлепшы адпачынак — кубак кавы з відам на баброў». Вучоны-біёлаг адкрыў аграсядзібу ў лесе з ручнымі ваўкамі і выдрай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
18
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
9
1
сома/адказаць/
23.05.2023
[Рэд. выдалена]
2
рыба/адказаць/
23.05.2023
очень отвратительный дядька
0
Рыбак/адказаць/
14.06.2023
Интересно, с остями запрещено, это браконьерство, а вот те же ости, трезубец в под водном ружье - вполне себе можно.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930