Знайсці
20.05.2023 / 23:5615РусŁacБел

Публікацыя відэа са сцэнай збівання салігорскага сямікласніка выклікала рэзананс і прыцягнула ўвагу да праблемы

У выданне «Электронны Салігорск» падпісчык даслаў відэа бойкі паміж вучнямі сёмага класа ў адной з мясцовых школ. Рэдакцыя відэа апублікавала і гэтым прыцягнула ўвагу да праблемы дзіцячага булінгу і яго наступстваў. 

Бойка, якая трапіла на відэа, насамрэч больш была падобная да расправы, бо гэта не было змаганне роўных па сіле, аднаго з вучняў яўна каралі. Адзін з хлопчыкаў наносіў другому ўдары, а яго «падстрахоўваў» іншы вучань. Пры гэтым астатнія дзеці, якія знаходзіліся ў той час у класе, не заступіліся за хлопчыка і не паклікалі настаўніка, калі аднакласніка збівалі проста на іх вачах.

Пасля таго, як знятае на тэлефон відэа апынулася ў распараджэнні рэдакцыі «Электроннага Салігорска» і было апублікавана, гэта выклікала абмеркаванне ў каментарах. Прытым думкі разышліся. Былі такія, хто вінаваціў журналістаў у тым, што тыя апублікавалі гэтае відэа. Маўляў, яны гэта зрабілі дзеля трафіку, лайкаў, падпісчыкаў, то-бок з карыслівымі мэтамі. Бо навошта такое выносіць у публічную сферу?

Рэдакцыя, аднак, прынцыпова пярэчыць: «Канкрэтна ў гэтай сітуацыі мы хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да падобных гісторый, каб пазбегнуць замоўчвання і паўтарэння падобных сцэнарыяў у іншых школах».

І многія салігорцы з журналістамі, як сцвярджаецца, у гэтым салідарныя.

Яны пішуць і тэлефануюць у рэдакцыю, каб падтрымаць яе і сказаць, што пра булінг проста неабходна гаварыць адкрыта.

Бо не сакрэт, што ў кожнай школе ёсць дзеці, з якімі абыходзяцца жорстка і якіх проста цкуюць. Прытым сярод тых, хто гэта піша ды гаворыць, — і тыя, хто сам сутыкаўся з жорсткім абыходжаннем з боку аднагодкаў, і бацькі сённяшніх вучняў, якія перажываюць за сваіх дзяцей.

Надзвычай здзівіў рэдакцыю той факт, што многія званкі тычыліся падпісчыка, які даслаў відэа. Нейкія людзі ўсімі праўдамі і няпраўдамі спрабавалі даведацца ягоную асобу.

«Узнікае слушнае пытанне: для чаго? Вядома, ніякіх звестак суразмоўцам рэдакцыя «Электроннага Салігорска» не давала. Але рашэнне праблем праз падпісчыка, які даслаў відэа, выклікала немалое здзіўленне», — піша рэдакцыя.

«Школьны булінг — гэта не норма! Наступствы могуць быць незваротнымі», — перакананыя журналісты.

І прыводзяць сумны прыклад з недалёкай салігорскай гісторыі. Вучаніцу адной са школ пастаянна цкавалі аднакласнікі. Кампанія хуліганаў дзеля забавы рабіла ўсё магчымае, каб сапсаваць жыццё абранай ахвяры. У сваім класе заступіцца за яе не было каму, бо хуліганаў проста баяліся. Спробы ж падтрымаць школьніцу некаторымі вучнямі з іншых класаў карэнным чынам сітуацыі не мянялі.

Апошняй кропляй тады стала, як можа падацца дарослым, дробязь. Дзяўчынцы ў распранальні аплявалі куртку, пасля чаго яна прыйшла дадому і скінулася з даху 9-павярховага дома.

Тая трагедыя выклікала шок у школе і ўразіла многіх, але, як сцвярджае журналіст, які асабіста ведаў загінулую і абставіны надзвычайнага здарэння, не паўплывала на непасрэдна вінаватых у ёй, бо яны, маўляў, смяяліся і здзекаваліся з памерлай ахвяры нават у пахавальнай працэсіі.

Ахвяра ж таго булінгу была спакойнай і добрай дзяўчынкай, але вельмі няшчаснай з-за праблем у школе. А некалькі вучняў, якія яе падтрымлівалі, змяніць сітуацыю не маглі.

Што тычыцца сітуацыі, адлюстраванай на апублікаваным відэа, то 16 мая маці пацярпелага дзіцяці звярнулася па гэтым факце ў міліцыю. Цяпер праводзіцца праверка. Дзеянням кожнага з фігурантаў, як заяўляецца, дадуць прававую ацэнку, а цяжар прычыненых цялесных пашкоджанняў ацэняць эксперты. Так як ніводнаму з удзельнікаў канфлікту яшчэ не споўнілася 14 гадоў, адказнасць за іх учынкі будуць несці дарослыя, заявілі сілавікі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
21.05.2023
а тут - на НН ? НН жа тыпу аплот беларушчыны
Рэд. мой успамін не змясціў. як аднойчы я падвеглася асабліва жорсткай траўлі тут на НН...
21.05.2023
хх, szto vy viedajecie pra amerykanski szkoly? Maje dzieci skonczyli szkoly ū USA. Heta Hollywood luchta z kinastužak.
0
Bobby Fisher /адказаць/
22.05.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера