Знайсці
20.05.2023 / 19:578РусŁacБел

«Вітаем у пекле!» Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў пра свой досвед у ШІЗА і растлумачыў, чым ён розніцца ад карцара

​​​​​​​Перапоўненыя палітвязнямі камеры, катаванні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта не сталінскія 1930-я, гэта Беларусь 2020-х. Пра свой дзевяцімесячны турэмны досвед востра, дасціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе». Фрагменты з кнігі, у якой выкарыстаныя малюнкі аўтара, публікуе «Радыё Свабода».

Фотаздымак Алега Груздзіловіча з даведкі аб вызваленні, зроблены ў апошнія дні ў калоніі ў верасні 2022 года

Журналіст Алег Груздзіловіч у 2021 годзе быў арыштаваны за выкананне прафесійных абавязкаў, асуджаны на 1,5 года зняволення і прызнаны палітвязнем. Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасні 2022 года, усіх тады ўразіў ягоны выгляд — як пасля канцлагера. Цяпер жыве ў Вільні.

Абмочаны на старце

У нос шыбае чалавечай мачой, і я ціхенька аглядаюся вакол, спрабуючы вызначыць, адкуль узяўся такі рэзкі пах. Моршчу нос ад агіды, пах муціць галаву. Што такое? У турэмным жа сарціры такога няма. Раптам бачу, як пад нагамі старога зэка, што стаіць побач са мной, насупроць кабінета з надпісам «Псіхолаг», іртутнай плямай расцякаецца лужына.

«Вы каго мне прывезлі?! Ты што тут робіш?! Маўчы!» — па калідоры грыміць хрыплы голас з нейкага кабінета наперадзе. Бачу, што старога зэка яшчэ і калоціць ліхаманка. У гэты момант ягоная чарга рушыць наперад. Сусед бокам робіць крок уздоўж сцяны, і ўжо мая чарга займаць тое мокрае месца, якое ён вызваліў. Тут ужо ў мяне пачынаецца паніка. Калі ў гэтую хвіліну хто выйдзе з кабінета псіхолага, мяне ж запішуць яшчэ і ў сцыкуны! Блін!

Добра, што шэраг зноў зрушыў, і за секунды, як дзверы сапраўды адчыніліся і ў калідоры з'явіўся даўжэзны афіцэр, я паспяваю абысці лужыну ды замерці на адной назе праз крок за ёю. Афіцэр утаропліваецца ў лужыну, лупае вачыма, потым падымае галаву да столі і задае пытанне, ад якога я ледзь не падаю са смеху: «У нас што тут, дах цячэ? Днявальны!!!»

Яшчэ секунду таму на другім паверсе штаба 15-й магілёўскай калоніі было стэрыльна і ўрачыста, як у радзільні. І вось табе маеш — насцалі! Уздоўж калідора стаіць прыблізна два дзясяткі зэкаў, усе ў чорных строях, мнуць рукамі дзіўныя шапкі-таблеткі. Частка сярод зэкаў — тыя, каго прывялі з каранціну на размеркаванне па атрадах. Гэтыя зэкі ў новых бліскучых строях, але самі выглядаюць як пабітыя цюцькі: твары шэрыя, вочы долу, плечы зведзеныя як мага бліжэй да грудзей. Зэк з такіх жа «навабранцаў» побач са мной і абмачыўся ад страху, калі пачуў роў начальніка.

Але тут не толькі навабранцы. Адначасова з размеркаваннем навічкоў «хазяйка» — так паміж зэкамі заведзена называць начальніка калоніі — праводзіць сёння «суды» і над тымі асуджанымі, на каго ахоўнікі склалі рапарты за розныя парушэнні ўнутранага парадку. Выглядаюць гэтыя парушальнікі смялейшымі за навічкоў з каранціну, ухмыляюцца адзін аднаму і нават на мянтоў кідаюць дзёрзкія позіркі. Хоць іх у рэдкім выпадку пазбавяць спаткання з роднымі ці якой перадачы, а найхутчэй — пасадзяць на колькі сутак ва ўнутраную турму, так званае ШІЗА — штрафны ізалятар.

І цень будучага ШІЗА ўжо выразна бачна на іх тварах. Пра начальніка калоніі ў чарзе кажуць, што ён чалавек настрою, з якім можа адбыцца шчырая размова, але можа і абмацюкаць як апошняга забойцу ды адправіць на перавыхаванне ў кутузку. І сёння якраз такі дзень, калі на літасць нікому разлічваць не выпадае. Начальнік толькі выйшаў з адпачынку, яму сёння пад руку не трапляйся.

«Вы каго мне прывезлі?! Ты чаго вярнуўся?! Маўчы!» — зноў ірве цішыню ў калідоры хрыпучы фальцэт. Неўзабаве з кабінета начальніка выводзяць вязня, якога ведаю па каранціне. На чорнай куртцы ліхтаром палае чырвоная бірка асуджанага за забойства. Дагэтуль віны ён не прызнаваў, і вось пачынае пажынаць наступствы: праз хвіліну пад канвоем яго ўжо вядуць па калідоры, потым ледзь не бегам цягнуць па лесвіцы.

Куды, мне стане зразумела праз некалькі хвілін, калі самому давядзецца прайсці тым жа шляхам і спазнаць той жа цёплы прыём «хазяйкі» калоніі.

«З Валадаркі на этап». Малюнак Алега Груздзіловіча

Пасылаюць у Амерыку

Даўгі стол з шчыльна прыстаўленымі да яго мяккімі крэсламі. На другім баку стала — афіцэры ў светлых, пясочнага колеру мундзірах нібыта вось-вось адправяцца ваяваць у пустэльні з бедуінамі. Пад вялікім партрэтам маладога Лукашэнкі сядзіць чалавек сярэдняга веку з чырвоным тварам, з палкоўніцкімі пагонамі. Вакол вачэй палкоўніка прыпухла, нібы ён не спаў некалькі начэй запар. Галава вертыкальна не трымаецца, зноў і зноў валіцца на грудзі. Ну, цяжка чалавеку пасля адпачынку… Гэта відаць і па хуткасці, з якой ён усведамляе, хто перад ім стаіць навыцяжку.

«Асуджаны Груздзіловіч Алег Анатольевіч па артыкуле 342 частка 1 Крымінальнага кодэкса на 1,5 года пазбаўлення волі. Пастаўлены на прафілактычны… Не, пачатак тэрміну 10.05.2022, канец тэрміну 30.03.2023 года. Пастаўлены на прафілактычны ўлік як схільны да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці», — стараюся прагаварыць стандартную справаздачу вязня без памылкі, а як не ўдаецца, разумею, што ўсё, мне канец.

Паўза, ад якой становіцца яшчэ мутарней. Чалавек з чырвоным тварам падымае вочы ад папер і з паўшэпту адразу пераходзіць на роў: «Што, журналіст? Радыё Свабода? Вы каго мне прывезлі? Адвакаты і журналісты — самыя дрэнныя людзі… Ну, ты патрапіў! Ты за ўсё мне адкажаш, рыхтуйся! Ты чаго сюды прыехаў, вяртайся ў сваю Амерыку!»

Паспяваю ўставіць, што я грамадзянін Беларусі і заўсёды жыў тут.

«Маўчаць! Рот свой паганы закрый!» — палкоўнік пераходзіць на шалёны крык, але раптам паварочвае твар да аднаго з афіцэраў і ківае на маю асабістую справу: «А што ў яго там напісана? Што ён ужо паспеў нагаварыць?» Афіцэр падскоквае і зачытвае нейкую паперу, верагодна, запіску стукача. Невядомы стукач падслухаў, як з сябрам Валодзем мы абмяркоўвалі парадкі і ўмовы ў каранціне. З зачытанага вынікала, што я ўшчэнт скрытыкаваў усё, што там убачыў.

Каранцін, ведама, турма яшчэ тая, але з Валодзем мы гаварылі пра іншае. Што ў каранціне спачатку можа спадабацца, бо нарэшце атрымліваеш і станоўчыя эмоцыі. Інакш і не можа быць. Узяць мяне: пасля чатырох месяцаў ізалятараў нарэшце змог дыхаць чыстым паветрам, пастаяць пад дажджом, адчуць на твары цеплыню сонечных промняў. А якая асалода ноччу расцягнуцца на ложку з нармальнымі спружынамі, а не на жалезных пласцінах шконкі, як у ізалятары! Такімі ўражаннямі мы і дзяліліся з Валодзем, а стукач яўна прыдумаў для сваіх куратараў тое, што яму замаўлялі.

Відаць, недавер да сакрэтнага дакумента адбіўся на маім твары, бо палкоўнік нібы ўключыўся і зноў нешта зароў. А потым прагучаў загад, пра які не забудуся цягам усіх наступных месяцаў у 15-й калоніі. Загад рыхтаваць мяне да ПКТ, а калі будзе патрэба, дык «прапусціць і праз петушыную хату».

Пасля такога ў кабінеце зноў павісла паўза. Па маўчанні калег-турэмнікаў палкоўнік яўна адчуў, што прагаварыўся альбо перагнуў палку, і адразу пачаў адкручваць назад. «Ладна, там паглядзім, што з ім рабіць», — скарэктаваў загад грамадзянін начальнік і раптам згадаў пра данос стукача.

«А каму ён гэта казаў пра каранцін? Не сабе ж ён казаў?» — начальнік вытарашчыўся на афіцэра, які сядзеў справа пад акном.

Той, нібы ўджалены, зноў падскочыў: «Вінаваты! Разбяромся!» — і злосна зыркнуў вачыма ў мой бок.

Цяпер яму прыйдзецца выцягнуць на суд яшчэ аднаго вязня, здагадаўся я — і не памыліўся. Недзе праз гадзіну, калі ўжо сядзеў у ШІЗА, чуў, як у суседнюю камеру некага прывялі. Праз хвіліну па голасе пазнаў сябра Валодзю, з якім абмяркоўваў жыццё ў каранціне.

Але вернемся ў кабінет начальніка калоніі. Фармальна тое, што апісаў, было пасяджэннем камісіі, якая выносіць нібыта сумеснае рашэнне — вінаваты зэк ці не, а калі караць яго, дык як. Але насамрэч начальнік ні з кім нічога не абмяркоўвае. Мне дык палкоўнік, накрычаўшыся, проста назваў лічбу — дзесяць сутак. Вымавіў стомленым голасам і падсунуў падпісаць нейкую паперу. На выхад!

Вітаем у пекле!

Ужо не памятаю, як выводзілі з кабінета ў калідор. Памятаю толькі вытарашчаныя вочы хлопцаў, якія стаялі пасля мяне ў чарзе на камісію і ўсё чулі. На тварах страх, у вачах пытанне: колькі?

Адказаць не паспяваю. Ці то пасміхнуўся, ці то плячыма паціснуў наконт падзей у кабінеце начальніка. Найбольш ашаламіў, вядома, загад рыхтаваць мяне да ПКТ, а можа і да «петушынай хаты». Ніяк не даходзіла, што гэта можа быць усур’ёз. Цягнуць па калідоры, ззаду нехта падпіхвае ў спіну.

І літаральна праз некалькі крокаў даводзіцца ўцяміць, што сапраўды справа сур’ёзная. Як павялі ўніз па лесвіцы, ззаду пасыпаліся кухталі — можа тры ці чатыры моцныя ўдары далонню ў карак, потым у патыліцу. Як аўтаматная чарга. Хацеў азірнуцца, «Вы чаго?!» — паспеў абурыцца, як зноў атрымаў у карак і ледзь не пакаціўся з лесвіцы. «Ён яшчэ пасміхацца будзе», — зашыпеў голас ззаду.

Апошнім быў удар у хрыбет, калі ўжо заводзілі ў ШІЗА. Ляснулі ў той момант, як перад носам адчыніліся дзверы, і гэтак моцна, што літаральна ўляцеў галавою ў сцяну насупраць уваходу.

Праз шэсць дзён у штрафным ізалятары зноў пабачыў начальніка калоніі, але не адразу яго пазнаў. Не дзіва, бо за тыя дні сутыкнуўся з новай рэальнасцю.

Падымаюць у ШІЗА на гадзіну раней, чым у калоніі — а пятай. Праўда, да таго гадзіну побач з ізалятарам, у гадавальніку, брэшуць аўчаркі, і нармальна спаць ужо немагчыма. Але мозг яшчэ адмаўляецца ўключацца, да апошняга трымаецца за салодкія мроі.

І раптам запальваецца святло, прадольныя грукаюць у дзверы, і ты мусіш падхапіцца з драўляных нар, бо трэба як мага хутчэй іх прышпіліць да сцяны. Гэта робіцца праз паварот даўгіх металічных кранштэйнаў, канцы якіх выведзеныя ў калідор. На тым баку загнуты канец паварочвае ахоўнік, і ты ў камеры можаш падняць свае тры дошкі, абабітыя жалезным вугалком, да сцяны. «Крышч» — спрацавала зашчапка, і зноў маеш прастору тры на шэсць метраў, на якой да адбою ў дзевяць вечара будзеш гаспадарыць з невялікімі перапынкамі на ранішнюю і вечаровую праверкі. Хочаш — хадзі як заведзены, хочаш — стой як укапаны. Альбо размахвай рукамі, калі не ляніва. Ці сядзі арлом на высокім зэдліку ля маленькага стала, на якім адначасова могуць умясціцца толькі два худыя зэкаўскія азадкі, хоць адкідных нараў у камеры можа быць і шэсць штук. Тры ўнізе і тры над імі, на другім паверсе. Але заплюшчваць вочы нельга — за гэта складуць рапарт.

І вось ты прычапіў да сцяны свае нары і пачынаеш чаўнаком хадзіць туды-сюды. Мінае менш як паўгадзіны, і ў калідоры чуеш грукат вазка. Гэта баландзёры развозяць сняданак, на вазку ў іх армейскія флягі з кашай і гарбатай, стосы алюмініевых талерак і ахапак лыжак.

Ноч у ШІЗА, нават чэрвеньская, халодная. Пасярэдзіне ночы я заўсёды прачынаўся ад калатуну, нібы спаў зімой у лесе. Таму раніцай, каб сагрэцца, спачатку робіш зарадку. Потым мыешся. А як раздадуць гарачую кашу, найчасцей панцак, праглынаеш яе як мага хутчэй ды запіваеш кубкам салодкай гарбаты. Нарэшце ў страўніку пацяплела, а тады і настрой падняўся.

Ранішняя праверка пачнецца яшчэ праз паўгадзіны, і ў цябе ёсць час на прыборку: трэба падмесці падлогу венікам, які адмыслова выдае прадольны, выцерці пыл з усіх гарызантальных паверхняў мізэрнай дзіравай анучкай, асабліва падбаць аб чысціні «таўчка» — так называюць санвузел у выглядзе чыгуннага карыта з дзіркай, якім карыстаюцца, седзячы на кукішках.

Як прыбіраюць туалет? Тут ёсць свае сакрэты, бо ў лепшым выпадку для гэтага знойдзеш старую зубную шчотку ці кавалак анучкі. Але можа не быць нічога. Тады мый «ачко» чым хочаш, хоць туалетнай паперай. Карыстайся туалетнай паперай, венікам, папрасі ў дзяжурнага хлёркі, парашку. Лі больш вады, каб знішчыць пах.

Праўда, мый не мый, калі ёсць загад начальства, заўсёды лёгка ўлепяць рапарт за нібыта не прыбранае «ачко». Або за пыл на паліцы, якую ты перад гэтым старанна працёр. У канцы першага ШІЗА меў ужо два рапарты менавіта за непрыбраны санвузел і пыл на палічцы. Спрачацца з афіцэрамі наконт праўдзівасці гэтых рапартаў было бессэнсоўна. Адзіны лайфхак, які можа дапамагчы, гэта прыпіска ў канцы тлумачэння: «Прашу строга не караць». Дзякуючы такой прыпісцы некаторыя пазбягаюць яшчэ аднаго ШІЗА.

Але пра гэта я даведаюся пазней. Пакуль я навічок.

Прыбраўшы ў камеры, чакаеш праверкі. Што яна набліжаецца, чуваць па грукаце ў канцы калідора. Гэта як цунамі. Дзверы камер па чарзе адчыняюць, гучыць каманда «Рапарт!», зэкі рапартуюць дзяжурнаму афіцэру, які праводзіць праверку. «У камеры… знаходзіцца… асуджаны… прыборка праведзена… скаргаў няма». Часцей галасы зэкаў напружаныя, глухія. Відаць, адпавядаюць настрою, які ахоплівае падчас праверкі. Мне дык заўсёды было страшэнна непрыемна. Бо кожная праверка — гэта як сустрэча з тым, ад каго чакаеш новых праблем, а то і пакут. Нават дробная памылка ў рапарце можа прывесці да дадатковага тэрміну.

Псіхалагічны ціск працягваецца і пасля рапарту. Зэк мусіць адвярнуцца да сцяны і стаць да яе, падняўшы рукі ды расставіўшы ногі. У гэты час у камеру ўваходзяць кантралёры з драўлянымі калатушкамі ці дручкамі і пачынаюць калаціць па каркасах нар, кратах акна, батарэі ацяплення. Шукаюць схаваныя цыгарэты ці яшчэ што забароненае. Таксама абшукваюць насельнікаў камеры, нават прамацваюць іх рэчы на паліцы, хоць тых рэчаў усяго нічога — толькі ручнік, мыльніца і зубная шчотка з пакуначкам пасты. Перад сыходам з камеры дзяжурны афіцэр цікавіцца, ці ёсць пытанні і просьбы. У мяне ніколі просьбаў не было.

Бывае, зэку шанцуе і можна не дагаворваць даклад. Афіцэр, які праводзіць праверку, можа стаміцца, ці яму сумна, ці што іншае прыйшло ў галаву, і ён можа рапарт спыніць. Са мной так і адбылося на шосты дзень сядзення ў ШІЗА, у панядзелак, 6 чэрвеня.

Малюнак Алега Груздзіловіча

Тая ноч выдалася зусім цяжкай. Ледзь не кожную гадзіну праз праблему з пухіром мусіў хадзіць да прыбіральні. Плюс косткі ад ляжання на дошках як ніколі разбалеліся, і праз кожныя 10—20 хвілін мусіў варочацца з боку на бок. Фактычна ноч не спаў, і не дзіва, што калі пачалася ранішняя праверка, нібы яшчэ драмаў. Можа таму, як пачаў даклад, стаў запінацца і забывацца на цэлыя сказы. Пасля чарговай замінкі ўнутры ўсё пахаладзела. На каранціне ўжо атрымаў рапарт за адно хібнае слова ў дакладзе. Дык могуць жа і цяпер уляпіць яшчэ 10 дзён ізалятара. Начальнік жа загадаў «рыхтаваць да ПКТ»…

Але ў вачах правяраючага афіцэра, якому рабіў даклад, здаецца, не ўбачыў агрэсіі. Цікаўнасць, крыху спачування, яшчэ больш абыякавасці, але дакладна начальнік не настроены дабіваць беднага зэка.

Што да мяне, дык таксама асабліва не звярнуў на афіцэра ўвагі. Мент і мент. Нават не заўважыў, колькі зорак на пагонах. І ў твар не ўглядаўся, тым больш святло з акна біла ў вочы. Толькі голас падаўся нібы знаёмым. «Хопіць, — афіцэр спыніў мой даклад на паўслове. — Пытанні ёсць?» — «Пытанняў няма».

Скончыўся агляд камеры, ляснулі завалы дзвярэй, і я зноў застаўся ў мёртвай цішыні. Пачынаю хадзіць з кута ў кут, як раптам задумваюся: хто ж гэта прыходзіў мяне правяраць? Згадваю, што гэты ўсё ж неяк дзіўна трымаўся ў параўнанні з ранейшымі правяраючымі. У камеру так і не зайшоў. Тыя заўсёды заходзілі і прыдзірліва ўсё аглядалі. А гэты — не, нібы толькі вывучаў мяне здаля. Згадваю, што і ахоўнікі паводзілі сябе неяк інакш. Не лезлі наперад, лавілі ягоны позірк. А-а-а. Дык можа гэта і быў начальнік калоніі? Той, які роў на мяне і пагражаў прапусціць праз «петушатню» ды рыхтаваць на ПКТ? Можа, вырашыў асабіста праверыць, як выконваюць ягоны загад, ці трэба мяне даціснуць?

Але потым засумняваўся ў такой версіі. Падумалася: чаго гэта раптам начальніку калоніі асабіста хадзіць па камерах штрафнога ізалятара? Ён аддасць загад і чакае выканання, а самому чаго тут пэцкацца?

Новая камісія

Яшчэ не скончылася дзесяцідзёнка ў ШІЗА, як мяне зноў павялі на «суд» да начальніка калоніі.

Ну, не адразу зразумеў куды… Бо там жа як? Падыходзіць дзяжурны па калідоры, ляскае «кармушкай» і крычыць у дзірку: «На выхад!» Выходзіш, становішся да сцяны. Як аблапаюць, кудысьці вядуць. Можа і на расстрэл, хто іх ведае.

Ідзеш па калідоры, рукі за спінаю. У калоніі можна хадзіць з рукамі ўніз, а тут — не, толькі за спінаю, як у СІЗА. Ідзеш хутка, бо падстройваешся пад маладога ахоўніка. Памятаю пафарбаваныя густым бардо сцены, з правага боку закратаваныя вокны, праз іх ліецца святло з дворыка. Шэрая бетонная падлога, шэрыя трубы замест плінтусаў. І лёгка пахне пацукамі. Дзіўлюся гэтаму паху, бо нібыта ўсё блішчыць армейскай чысцінёй. Але не памыляюся. Праз тыдзень, падчас другога сядзення ў ШІЗА, змагу пераканацца, што па ізалятары начамі бегаюць пацукі, а ахоўнікі за імі ганяюцца з палкамі.

Але гэтае адкрыццё наперадзе, а пакуль мяне вядуць у невядомасць, і мне становіцца ўсё трывожней. Можа, вядуць у тую «петушатню», пра якую казаў начальнік? Паніка ў мозгу. Што рабіць?

На такі выпадак бывалы зэк у магілёўскім следчым ізалятары так інструктаваў нас, першаходаў. Калі закінулі ў камеру, пра якую падазраеш, што там арыштанты з нізкім статусам, рукі нікому не падаваць, адразу абвясціць, што ты мужык, а не «п….», а калі тыя не пацвердзяць таго самага адносна сябе, грукаць у дзверы і патрабаваць іншую камеру.

Разумею, тут на ўсё воля адміністрацыі, што захочуць, тое і зробяць. У любой камеры можа чакаць сюрпрыз.

Але мяне вялі не ў «петушатню», а на чарговую камісію. Гэтым разам камісія на чале з палкоўнікам засядала не ў штабе калоніі, а проста ў будынку ШІЗА. Заходжу ў малы кабінет. Там вакол сцен набілася можа чалавек восем у форме. З іх за сталом сядзіць адзін — той самы чырванатвары, які на першай камісіі пагражаў «петушынай хатай», а нядаўна прыходзіў у камеру з праверкай. Разумею, гэта і быў начальнік калоніі!

Зноў раблю даклад, і гэтым разам атрымліваецца без запінкі — наблатыкаўся. Начальнік уключае відэазапіс, і мне зачытваюць складзеныя на мяне рапарты. Адзін — за пыл на паліцы, другі — за дрэнна прыбраны санвузел. Што праўда, даюць выказацца ў сваё апраўданне. Кажу, што пылу не было, гэта лухта, камеру прыбіраю кожны раз да бляску. І наконт санвузла не пагаджаюся, але менш катэгарычна. Кажу, прыбіраў як мае быць, але праз асаблівасці здароўя, бо падпрастыў, мушу часта хадзіць па-малому, і пах мог з'явіцца ўжо пасля прыборкі. Бачу на тварах афіцэраў недаверлівыя ўхмылкі, але начальнік з рашэннем не спяшаецца. Падумаў-падумаў і абвяшчае: за санвузел — пазбавіць доўгатэрміновага спаткання, за пыл — вялікай рэчавай пасылкі. Распішыся!

ШІЗА і карцар

«Штрафной изолятор». Так па-расейску расшыфроўваецца абрэвіятура ШИЗО. Апошнія 20 гадоў свайго журналісцкага жыцця даводзілася рэгулярна пісаць пра ШІЗА, калі туды траплялі палітычныя вязні. Пры гэтым слова «ізалятар» стараўся не ўжываць і замяняў яго словам «карцар». Чаму? Бо ў рэдакцыі лічылася, што розніцы паміж карцарам і ШІЗА няма, ці яна зусім нязначная, а каструбаватае слова «ШІЗА» шмат каму незразумелае, таму лепш ужываць «карцар».

Збольшага так і ёсць, але калі трапляеш у ШІЗА і параўноўваеш умовы там з умовамі ў карцары, розніца аказваецца істотнай. І цяпер шкадую, што столькі гадоў нехаця, хоць у дробязі, але падманваў сваіх чытачоў-слухачоў. Уяўляю палітвязня, які выходзіць на волю і чытае пра сябе мой артыкул, дзе пазначана, колькі дзён ён правеў у карцары. А насамрэч ён сядзеў у ШІЗА альбо ў ПКТ, дзе ўмовы ўсё ж інакшыя. Сорамна!

Пачнём з таго, што карцараў у калоніі не бывае, яны існуюць толькі ў следчых ізалятарах. А там, нагадаю, утрымліваюць чалавека, які яшчэ не асуджаны альбо чакае апеляцыі, то-бок арыштанта, адносна якога прысуд не ўступіў у сілу, ён не лічыцца злачынцам, і таму караюць яго крыху лягчэй. А як толькі прыходзіць з суда ліст, што апеляцыйны суд пацвердзіў прысуд і ты абвешчаны злачынцам, тады чакай, што праз некалькі дзён паедзеш па этапе ў калонію. І вось там ужо за нейкае парушэнне могуць дадаткова пакараць змяшчэннем у ШІЗА альбо адправіць у ПКТ — «памяшканне камернага тыпу». Туды на працяглы час, нават на некалькі месяцаў трапляюць тыя вязні, хто раней ужо быў пакараны штрафным ізалятарам, але, паводле адміністрацыі, «не стаў на шлях выпраўлення».

Дык чым розняцца ўмовы ў карцары і ў штрафным ізалятары?

Пачну пералічваць. Можа, для мяне было галоўным — у ШІЗА на ноч зусім не выдаюць матраца і коўдры, там спіш на голых дошках, пад галаву можаш пакласці хіба што шлёпкі ці рулон туалетнай паперы. Нават няма пластыкавай бутэлькі з вадой, якой можна было замяніць падушку ў вязніцы на Акрэсціна.

Яшчэ ў ШІЗА не выводзяць на прагулкі. Увогуле. Нават арыштантам, змешчаным у ПКТ, дазволеная гадзінная прагулка, але не тым, каго пакаралі штрафным ізалятарам. Тое самае з лістамі — іх не прыносяць. Кнігі, газеты таксама пад забаронай. Нават радыё, якое ледзь-ледзь грае недзе ў канцы калідора, у камеры ШІЗА не працуе. Карацей, поўная ізаляцыя, якую немагчыма не параўнаць з катаваннем. Чалавек, якога на шмат дзён змяшчаюць у ШІЗА, рызыкуе тым, што проста можа звар’яцець, не кажучы ўжо пра непазбежныя ўдары па здароўі ад холаду, недасыпання, бытавых праблем.

Умовы побыту ў ШІЗА і ў карцары следчага ізалятара амаль аднолькавыя. Такія ж звышспартанскія. Ложкі не стаяць на падлозе, а прычапляюцца ўдзень да сцяны, як у цягніку, і адкладаюцца толькі на ноч. Адзенне, у якое прымушаюць пераапрануцца вязняў, пакараных карцарам ці ШІЗА, таксама фактычна аднолькавае: чорныя штаны, куртка без каўняра, шлёпанцы на нагах. Толькі ўзімку дазваляюць паддзяваць пад куртку майку з даўгімі рукавамі, а ў іншы час толькі з кароткімі, нават у міжсезонне, калі на вуліцы па начах ужо мінус, але батарэі яшчэ халодныя. Вынікае, што ўсё робіцца дзеля таго, каб пакаранаму было ў камеры максімальна няўтульна і холадна.

З асабістых рэчаў арыштанту ў штрафным ізалятары і вязню ў карцары таксама дазволена адно і тое ж: ручнік, кавалак мыла, рулончык туалетнай паперы, зубная шчотка, зубная паста. Але ў ШІЗА магілёўскай калоніі зубную пасту ў цюбіку праносіць не дазваляюць, толькі калі выціснеш крыху ў поліэтыленавы пакуначак. А станка галіцца не даюць ні ў якім разе. «Паголішся, як выйдзеш», — пачуў я ў другі дзень сваёй адседкі ў ШІЗА.

Ужо казаў, што ў ШІЗА чытаць не дазваляюць нічога, хоць могуць прынесці на азнаямленне якую паперу з суда ці пракуратуры. Пакажуць, дадуць распісацца і забяруць. Ведаю, што такія ж абмежаванні дзейнічаюць і ў карцарах следчых ізалятараў. На час азнаямлення з судовымі дакументамі мне выдавалі мае акуляры, якія трымалі на адмысловай палічцы ў калідоры. І тое — толькі з дазволу лекара, і каб не са шклянымі лінзамі, а з пластыкавымі.

Мінімальнае абсталяванне камер — таксама агульнае паміж ШІЗА і карцарам: жалезная палічка на некалькі ячэек, кароткі столік і вузкая лаўка пры ім. Вось і ўся мэбля. Прычым ножкі стала і лаўкі абавязкова прымацаваныя да падлогі. А лаўка завышаная, прыдатная толькі для людзей вельмі высокіх. Калі ж чалавек сярэдняга ці малога росту, а такіх большасць, дык ім на такой лаўцы доўга ўседзець немагчыма. Мяркую, так робяць наўмысна, каб пакараныя ШІЗА і карцарам былі вымушаныя амаль увесь час праводзіць на нагах.

Дарэчы, сесці ці легчы на падлогу лепш не спрабаваць. Дзяжурны па калідоры рэгулярна глядзіць у «вочка», і за гэтае парушэнне пагражае напісаннем рапарта. Акрамя таго, за вязнем няспынна сочыць відэакамера.

«Тут відэазапісы захоўваюцца сама меней тыдзень», — расказаў мне асуджаны Марат, калі нам давялося апынуцца ў адной камеры падчас майго другога дзесяцідзённага тэрміну. Сукамернік раней ужо сядзеў і ў ШІЗА, і ў ПКТ, меў багаты досвед. Хлопец казаў, што відэазапісы часта праглядае начальнік калоніі, і калі ўбачыць, што арыштант сядзіць ці ляжыць на падлозе, яшчэ колькі сутак такому парушальніку рэжыму забяспечаныя.

Марат падзяліўся зэкаўскім сакрэтам. Аказваецца, ёсць у камеры зона, недасяжная для відэа, якое ўсталяванае над акном. Гэта вузкая палоска падлогі ўздоўж тарцавой сцяны камеры, каля батарэі. Вось там, хоць і ў нязручнай позе, можна хоць нейкі час паляжаць. Але ўвесь час трэба прыслухоўвацца, каб не прапусціць набліжэнне прадольнага. Некаторыя кантралёры могуць падабрацца да камеры «на цырлах», каб засекчы парушэнне. Тады не крыўдуй.

Чытайце таксама:

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

«Убачыў запусценне. Людзей амаль няма, усё зачынена». Якой пабачыў Беларусь палітвязень пасля выхаду з калоніі

Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
19
Панылы сорам
13
Ха-ха
10
Ого
19
Сумна
33
Абуральна
69
0
Гость/адказаць/
21.05.2023
Для начала , по возможности, желательно их имена обнародовать, членов их семей тоже.Они не должны наслаждаться нормальной жизнью. Все МВД , систему исполнения наказаний люстрировать.Лишить всех пенсий и привилегий. Это все паразиты и кровопийцы на теле народа , в буквальном смысле.
0
Ядвига/адказаць/
21.05.2023
Это уму непостижимо, что лукоэсэсовцы сделали с красивыми цветущим мужчиной... Сами полные уроды, и поэтому всё красивое вокруг выжигают.
21.05.2023
spadar Gruzdilovicz! Trymaisja ! Ja usio  ni vedau-kudy znik dobry Zurnalist !     Udaczy i da sustreczy !
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930