Знайсці
20.05.2023 / 13:534РусŁacБел

Кніга «Побач» Насты Кудасавай і Святланы Дземідовіч атрымала літаратурную прэмію «Гліняны Вялес»

«Гліняны Вялес» — штогадовая літаратурная прэмія, якая ўручаецца з 1993 года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.

Узнагароду «Гліняны Вялес», заснаваную сябрамі Таварыства вольных літаратараў, атрымала графічная кніга «Побач» Насты Кудасавай (вершы) і Святланы Дземідовіч (ілюстрацыі), паведамляе Reform.by.

«Побач» — першая кніга новага беларускага імпрынта Skarynyčy ў Польшчы. Гэта ілюстраваны збор вершаў, які распавядае пра адзіноту і надзею, пра пошук сябе і радзімы ў шалёных варунках рэчаіснасці, прычым ілюстрацыі да гэтага выдання ёсць на кожнай старонцы і ўяўляюць сабой паралельны графічны аповед.

Паэтка Наста Кудасава напісала ў сацсетках, што некаторыя людзі заўважылі, што прэмія прызначаецца за кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе, а годам выхаду «Побач» пазначаны 2023-і.

Аднак першая прэзентацыя кнігі прайшла ўвосень 2022 года на кніжнай выставе ў Варшаве, тады было надрукавана некалькі асобнікаў, каб заявіць пра тое, што кніга здзейснілася, і паказаць яе чытачу. «За астатні наклад давялося пазмагацца, ён так і не змог пабачыць свет у Беларусі, і ўрэшце кніга давыйшла ў Польшчы, ужо ўвесну 2023 года дзякуючы Skarynyčy, — тлумачыць паэтка, — таму на асобніках, якія вы будзеце набываць зараз, стаіць год выдання 2023.

Што ж… Гэта для мяне сведчыць толькі аб тым, што мы жывём у складаны час — і для выдаўцоў, і для пісьменнікаў, і для чытачоў. Таму ўсё ідзе троху блытана, не так, як мы прывыклі. Але галоўнае, каб наша літаратура выжыла і мы разам з ёю як народ. А ўжо з прэміямі як-небудзь дамо рады».

Кнігу па-ранейшаму можна замовіць у Варшаве (з дастаўкай па Польшчы і ўсім свеце) праз тэлеграм @NataZh05.

26 мая на міжнароднай кніжнай выставе ў Варшаве а 17-й гадзіне адбудзецца аўтограф-сесія.

У Беларусі кнігу можна набыць у Мінску ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42 (станцыі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая») або замовіць у інтэрнэт-кнігарні з дастаўкай па Беларусі.

У гэтым годзе шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес — 2022» выглядаў наступным чынам:

  • Зміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды»;
  • Максім Знак. Зэкамэрон. «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
  • Наста Кудасава. Святлана Дземідовіч. Побач. «Цымбераў»;
  • Сяргей Лескець. Шэпт. Выдавецкая каманда «Вільма»;
  • Антаніна Хатэнка. Вербніца. «Кнігазбор»;
  • Юля Цімафеева. Воўчыя ягады. «Вясна».

«Гліняны Вялес» — штогадовая літаратурная прэмія, якая ўручаецца з 1993 года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.

Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2021 год быў прызнаны гарадзенскі празаік Віктар Сазонаў за раман «Генетычны алфавіт», выдадзены праграмнай радай тыднёвіка «Ніва» (Беласток).

Чытайце таксама:

«Трэба канчаткова размежаваць для сябе дзяржаву і радзіму». Наста Кудасава пра страшныя дні ў Рагачове і жыццё ў непрадказальнасці

«Мы мусім сведчыць»: паэтка Наста Кудасава і мастачка Святлана Дземідовіч прэзентавалі ў Варшаве сваю кнігу «Побач»

Наста Кудасава. Пагаворым, запалім у сэрцах на міг ліхтары. Верш

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
асоба цынічная/адказаць/
20.05.2023
Таму, ня лёс... :(
таму што вы не былі даўно ў Беларусі і наўрад ці будзеце скажыце ўжо праўду казаць праўду гэта ж так лёгка
1
Жвір/адказаць/
20.05.2023
асоба цынічная, калі кажуць праўду, дык вераць ёй меней, чым хлусьні, ужо я ж та гэта ведаю, тым ня менш, трымаюся строга ў фарватары крыштальна чыстай праўды ! А вы - як сабе хочаце,.. і бурацкія нары вам у дапамогу, калі што. :))))
0
Волас/адказаць/
16.06.2023
Чаму не ўзгадалі Сп. В. Гапева, у яго новая кніга фэнтэзі
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера