Знайсці
19.05.2023 / 23:3222РусŁacБел

«Вочы баяцца, а рукі робяць». Беларусы расказалі, чаму і як пераходзілі на родную мову

Звязаўся з «нефармаламі» нацыянальнай арыентацыі, адчуваў, што мова ў небяспецы, размаўляў да болю ў галаве. Выданне Most распытала беларусаў і даведалася, калі, чаму і як яны пачалі размаўляць па-беларуску.

Рускамоўная сям’я, «нефармалы» і Караткевіч

60-гадовы Алесь нарадзіўся ў Маладзечне ў рускамоўнай сям’і. На беларускую мову перайшоў у 1987 годзе.

«Усвядоміў сябе, што я не расеец, яшчэ калі быў у пачатковых класах. Да гэтага бацькі часта адвозілі мяне на нейкі час у вёску пад Маладзечнам, дзе ў канцы 1960-х і пачатку 1970-х яшчэ размаўлялі амаль на літаратурнай беларускай мове са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Калі заставаўся там на даўжэйшы час, то сам пераймаў гэтую мову.

Праз гэта, ужо будучы малодшым школьнікам, пачаў задавацца пытаннем «Чаму так?». Канчатковы імпульс у гэтым усведамленні надаў мне прачытаны на летніх вакацыях у канцы 1970-х раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», зададзены для пазакласнага чытання па беларускай літаратуры. Прачытаў па-руску, бо арыгінала не знайшоў».

Цалкам перайсці на беларускую мову Алесь вырашыў ужо пасля заканчэння інстытута, калі працаваў на заводзе.

«У той час ужо быў звязаны з, як іх тады называлі, «нефармаламі» нацыянальнай арыентацыі. Працэс быў нялёгкім, бо ў той школе, у якой вучыўся ў 1970-я, не было прадмета «беларуская мова», бо школа была з «английским уклоном». Таму давялося асвойваць чыста інтуітыўна».

Алесь чытаў кніжкі, часопісы на беларускай мове, выпісваў незнаёмыя словы, глядзеў і слухаў беларускамоўныя перадачы на ТБ і радыё, карыстаўся слоўнікам і спрабаваў размаўляць.

«Спачатку са сваім стрыечным братам, які валодаў мовай, а потым з беларускамоўным вядомым маладзечанскім краязнаўцам. Размаўляў да болю ў галаве, бо даводзілася ўвесь час рабіць у мазгах пераклад з рускай на беларускую. І, нарэшце, летам 1987 года пасля адпачынку выйшаў на працу на завод ужо беларускамоўным, перад гэтым змяніўшы мову камунікацыі ў сям’і, сярод сяброў і знаёмых».

На той момант Алесь жыў з бацькамі, якія былі рускамоўнымі. Да пераходу сына на беларускую мову «паставіліся спакойна».

«Калі ажаніўся, то са сваёй рускамоўнай жонкай і дзецьмі таксама размаўляў выключна па-беларуску. Ніякіх праблем праз гэта не было.

Палова сяброў Алеся таксама рускамоўныя, але «ні тады, ні цяпер ніякіх непаразуменняў між намі не адбывалася». Па словах Алеся, адзінае замяшанне было на працы, калі ў годзе 1990-м, працуючы ў канструктарскім бюро, сканструяваў штамп, на які ўсе чарцяжы і дакументацыю зрабіў па-беларуску.

Да мовы Алесь прыйшоў праз нацыянальную свядомасць, а «не наадварот, як некаторыя думаюць».

«Важна перадусім, каб людзі даведваліся пра сваю сапраўдную гісторыю, прычым няважна, на якой мове, галоўнае, каб ім было ўсё зразумела. Таму, як ні парадаксальна, на гэтым этапе для пераважнай большасці нашых суграмадзян, якія не могуць або не хочуць чытаць па-беларуску, трэба масава выдаваць папулярную гістарычную літаратуру (не мастацкую) на зразумелай ім рускай мове.

На жаль, гэтую логіку не ўсе аўтары такіх твораў разумеюць. Але менавіта праз праўдзівую гісторыю, усвядоміўшы сваю ўнікальнасць сярод мноства іншых народаў, і наш народ паступова прыйдзе да сваёй мовы. Але гэта тычыцца менавіта друкаванай (лічбавай) прадукцыі.

Усё астатняе — песні, службы ў храмах, візуальнае асяроддзе і гэтак далей — безумоўна, мусіць быць на нашай мове, а сама мова мець статус адзінай дзяржаўнай. Пры гэтым без усялякай дыскрымінацыі іншамоўных».

Па словах Алеся, мова — «гэта найвялікшы скарб, перададзены нам продкамі, і маркер нашай іншасці».

«Не захаваем мову — не будзем мець будучыні, сыдзем у нябыт, растворымся сярод іншых народаў. А гэта нам трэба?»

«Хто, акрамя цябе самога, зробіць гэта?»

Тася Валошка (псеўданім — заўв. Most) з дзяцінства чытала беларускую літаратуру і вывучала культуру. Свядома перайшла на беларускую мову ў 2020 годзе.

«Спачатку я перайшла на беларускую мову ў сацсетках, праз нейкі час — у звычайным жыцці. Я вяла свае мастацкія праекты на беларускай мове, а пасля здарэнняў 2020 года гэта стала адлюстроўваць маю пазіцыю ў грамадстве.

Па сутнасці, я сваім прыкладам падтрымліваю і папулярызую беларускую культуру. Я захоўваю свае карані і звяртаю ўвагу на беларускае мастацтва. Хто, акрамя цябе самога, зробіць гэта?

Я адчуваю сваю прыналежнасць да Беларусі, таму што я беларуска, гэта мая спадчына. Мне цікава, каб пра маю краіну ведалі іншыя народы. І ведалі не нешта агульнае, а канкрэтныя рэчы. Менавіта таму вывучаю беларускую культуру і распаўсюджваю веды на карысць як самім беларусам, так і іншым зацікаўленым людзям.

Працэс пераходу на беларускую мову для Тасі адбываўся даволі лёгка: беларуска з дзяцінства цікавілася роднай мовай. Але размаўляць у рускамоўным асяроддзі было крыху нязвыкла.

«Я проста саромелася. Аднак адзін выпадак ці то ў грамадскім транспарце, ці то ў нейкай краме, не памятаю дакладна, проста раззлаваў мяне сваім стаўленнем да беларускай культуры. Гэта стала адпраўным пунктам, калі я свядома перайшла на беларускую мову».

Тася пачала выкарыстоўваць беларускую мову ўсюды: чытаць літаратуру, запісваць думкі па-беларуску, весці сацсеткі на беларускай мове, размаўляць з іншымі. Па словах беларускі, «калі адначасова пракачваеш усе каналы, твае нейронныя сувязі ўмацоўваюцца новымі магчымасцямі, практыкавацца трэба кожны дзень».

«Вы можаце знайсці кнігі ці фільмы на беларускай мове, якія вам падабаюцца, і практыкавацца. Адзін з маіх улюбёных сучасных аўтараў Валер Гапееў піша для дарослых і падлеткаў. Але я не абмяжоўваю сябе адным аўтарам, чытаю і мастацкую, і даследчую літаратуру, коміксы, гляджу мультфільмы і практыкуюся. Зараз ёсць шмат рэсурсаў для рознага ўзросту, абярыце цікавы вам і вучыцеся паціхеньку. Мова неабсяжная, кожны дзень можна даведвацца многа цікавага».

У матчынай сям’і Тасі ўсе размаўляюць па-руску, бо «так звыкла».

«Бабуля з дзядулем размаўляюць на трасянцы. З мужам мы размаўляем па-беларуску, бо нам так звыкла і зручна. У залежнасці ад асяроддзя я магу размаўляць на розных мовах, асабліва з блізкімі людзьмі. У сваім жыцці карыстаюся беларускай мовай».

Тася кажа, што ў яе «добрае асяроддзе», бо яна не сутыкалася з прамой крытыкай.

«Ці мне яе проста не выказваюць у вочы. Аднак лічу, што сябрую з тымі людзьмі, з якімі ў нас аднолькавыя каштоўнасці.

Некаторыя рускамоўныя знаёмыя ўжо пачалі мне адказваць па-беларуску. Памятаю, яшчэ адзін мужчына падышоў да нас з сяброўкай у кафэ і спытаўся, чаму мы размаўляем на беларускай мове. Выявілася, што ён сам даўно хоча на яе перайсці, але саромеецца. Мы былі для яго натхняльным прыкладам. Збольшага маё асяроддзе ўспрымае гэты пераход нейтральна ці пазітыўна».

Тася дадае, што пераход на беларускую мову — гэта «свядомы выбар»:

«Аднойчы я была ў беларускай анлайн-суполцы, дзе толькі я размаўляла па-беларуску. З часам вызначылася, што мой выбар натхняе людзей. Яны таксама да яго імкнуцца, але саромеюцца праявіцца. Ведаеце прымаўку: «Вочы баяцца, а рукі робяць»? Вось і вы гэтак жа можаце рабіць: пачынайце дзейнічаць, а астатняе падцягнецца».

Беларуска лічыць, што мова — гэта частка культуры, а культура — усведамленне сябе.

«Прасцей кажучы: няма мовы — няма народа. Перад уплывам розных культур у нас ёсць усе шанцы паказаць сваю гістарычную культуру, сваю спадчыну. Праз свае справы, праз сваю мову.

Іншыя мовы дапамогуць вам вандраваць па розных краінах, напрыклад. Але калі вы вяртаецеся дахаты, вы ж вяртаецеся да сябе, а не ў іншую краіну. Так і з мовай — гэта неад’емная частка кожнага беларуса.

Калі вы хочаце вяртацца да сябе як гаспадар, а не як госць, вам трэба шанаваць тое, што ў вас ужо ёсць. Без мовы культура няпоўная, гэта нібыта абскубанае дрэва. З дапамогай мовы можна звярнуць горы ў культурніцкім плане. Шкада, што невялікая колькасць людзей гэта ўсведамляе. Але, калі ў вашым жыцці мова будзе прысутнічаць хаця б часткова, але кожны дзень, гэта ўжо будзе прарывам.

«Маленькі крок, які аддзяляе нас ад знікнення»

Першыя думкі перайсці на беларускую мову ў Леаніда (імя змененае — заўв. Most) узніклі ў 2010 годзе, калі адбыліся падзеі Плошчы.

«Тады нешта ў мяне пераключылася. Але гэта было цяжка зрабіць, бо маё асяроддзе не дазваляла мне з кімсьці размаўляць на беларускай мове, таму пераход адбыўся пасля пераезду ў Польшу, калі я пражыў тут больш за год. Толькі тады я змог перайсці на беларускую мову і ў той момант, калі я патрапіў у суполку, дзе можна было весці на ёй размовы».

Леанід лічыць, што мова — гэта такі «трыгер таго, што ты беларус».

«Калі чалавек у сабе захоўвае беларускую мову, то ён як бы падмацоўвае сваю беларускасць. Канешне, я згаджуся, што цалкам прыбраць рускую мову — гэта так адразу не атрымаецца. На гэты момант у так званай Беларусі, так званай, таму што яна не Беларусь, гэта больш нейкі Лукастан, беларуская мова насамрэч — гэта паказальнік таго, што ты вораг рэжыму, гэта як кляймо, што ты сапраўдны беларус.

Працэс пераходу на беларускую мову для Леаніда быў даволі цяжкім.

«У часы, калі я вучыўся ў школе, беларуская мова — гэта была мова тых, хто «прыехаў з дзярэўні». У асноўным гэта была не беларуская мова, а трасянка. Але мая настаўніца, яна вяла ў нас беларускую мову і літаратуру, і калі гаварыла яна на беларускай мове, то гэта было вельмі прыгожа. Ты сядзеў і захапляўся тым, як яна гэта робіць».

Зараз Леанід слухае навіны і чытае на беларускай мове, тэлефон і перапіскі — таксама на ёй. У сям’і хлопца ў асноўным размаўлялі на беларускай мове. Калі маці пераехала з захаду Беларусі ў Мінск, то перайшла на рускую.

«Зараз мы стараемся з ёй размаўляць на беларускай. З астатнімі таксама стараюся, але гэта не заўсёды так лёгка».

Леанід кажа, што «тыя, хто на гэты момант жыве ў Польшчы, яны больш свабодна маюць доступ да таго, каб размаўляць па-беларуску».

«Калі знікне беларуская мова, то знікне і сам беларускі народ. На гэты момант беларусы сабой нічога не ўяўляюць. Яны ні гісторыі не ведаюць, ні беларускай мовы сваёй, толькі засяляюць беларускую тэрыторыю. Назваць іх беларусамі цяжка. Калі ў Беларусі будзе далей рэжым Лукашэнкі і ён будзе знішчаць беларускую мову, то ад беларусаў нічога не застанецца. Беларусам трэба захаваць сваю мову, бо гэта паказальнік».

Леанід дадае, што беларуская мова — гэта маленькі крок, які аддзяляе нас ад знікнення.

«З мовы трэба ўтварыць сапраўдны брэнд»

Ігар (імя змененае — заўв. Most) перайшоў на беларускую мову ў першай палове 2021 года.

«Трыгерам стала затрыманне пенсіянераў у электрычцы за чытанне кніг на беларускай мове. Тады яскрава адчуў, што мова ў небяспецы і ёй «аб’яўлены генацыд» у Беларусі».

Прычынай паслужыла таксама і тое, што бабуля Ігара ў вёсцы размаўляла па-беларуску.

«Хаця, калі я яе спытаў: «На якой мове ты размаўляеш?», яна адказала: «Па-руску». І я сабе ўявіў: як гэта за тваю мову, на якой ты размаўляеш усё жыццё, цябе праз некаторы час могуць прыцягнуць да адказнасці. І, канешне, я зразумеў, што беларуская мова не толькі сродак камунікацыі, але і сапраўдная зброя супраць усталяванага рэжыму ў Беларусі, а таксама расіян, якія жадаюць анексаваць Беларусь па тыпу Крымскага паўвострава».

Працэс пераходу ў Ігара адбываўся паступова, пачынаючы з камунікацый з найбліжэйшым асяроддзем, а потым гэта перанеслася ў суполкі і на працу.

«З навыкаў многа чаго засталося са школы, але з цягам часу нешта пачало забывацца, бо ў паўсядзённым жыцці беларускай мовай не карыстаўся, акрамя таго, што слухаю песні па-беларуску такіх гуртоў, як NRM, Zet, «Бяз назвы», «Сцяна» ды іншых».

Пад уплывам падзей 2020 года Ігар пачаў глядзець тэлебачанне «Белсат», дзе «ўсё па-беларуску», а таксама шукаць YouTube-каналы.

«Кніжкі на беларускай мове чытаў з дзіцём, што таксама заахвочвала і яго часцей карыстацца беларускай мовай у хаце, таксама сумесна глядзім казкі ад Маляваныча ды многа чаго іншага».

Ігар кажа, што размаўляе па-беларуску са сваім дзіцём. Да пераходу асяроддзе ставіцца добра, бо «самай найлепшай аргументацыяй сталі падзеі, якія адбываліся і адбываюцца зараз пасля захопу ўлады ў 2020 годзе ў Беларусі».

«На маю думку, з беларускай мовы патрэбна ўтварыць сапраўдны брэнд, каб ужо з дзяцінства было разуменне, што размаўляць па-беларуску — гэта файна. І, канешне, з часам патрэбна зрабіць так, каб адзінай дзяржаўнай мовай у нас была беларуская».

Ігар лічыць, што беларуская мова патрэбна беларусам для «самаўсведамлення і самаідэнтыфікацыі сярод іншых жыхароў планеты Зямля».

«Пакуль не будзе распаўсюду беларускай мовы ў Беларусі, то не будзе ісці гаворка аб паўнавартасным існаванні беларусаў як нацыі. Жадаю, каб беларуская мова залунала па-над Беларуссю, каб апаіла кожнага сваёй сакавітасцю, каб адгукнулася ў сэрцах нашых нашчадкаў і гучала з кожнага праса».

Чытайце таксама:

Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: вынікі новага апытання

Родная мова вызначае здольнасць успрымаць музыку

«У мяне была гутарка з кадэбістам». Гісторыі замежнікаў, якія вывучылі беларускую мову ў дарослым узросце

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
1
0
Всей душой сочувствую /адказаць/
21.05.2023
Дело принципа, ой вэй! Этак вам и из страны, наверное, никуда не выехать. Бо везде ж национальные государства, построенные…та-дам! националистами. Чехия, Польша, Эстония, Италия, Германия… - вся Европа такая так точно. Да и прочие части света не отстают. Как жыть?! Только в россиюшке и можно отдохнуть душой около мавзолея. Вот там национализма нема, империализм и шовинизм не дадут ему шанса! Только народ вокруг себя не собирайте, а то в автозаке уедете. 
0
Valadzimir/адказаць/
21.05.2023
Доктар, тое, якімі канатацыями Вы нагружаеце тэрмін "расейскі (рускі)" стварае для Вас рызыку калі-небудзь нарвацца і на грубасьць. Нагадаю, што гэта не хто-небудзь, а Еўропа, да якой Вам так хочацца далучыць беларусаў у "цывілізацыйным" сэнсе, у свой час стварыла па ўсёй Зямлі ганебную дзікунскую рабаўнічую каланіяльную сістэму, прычым не ў адзінкавых выпадках  зьдзяйсьняла адкрыты генацыд карэнных народаў. Таксама нагадаю, што падчас Другой Сусьветнай Вайны частка Еўропы была на баку нацыскай Германіі і ўдзельнічала ў генацыдзе народаў СССР. 
Наконт 1696 году, так, у той забароне не было нічога падобнага на тое, што рабіла Польшча ў дачыненьні беларусаў у 20-м стагоддзі, вось толькі не нада пра "выключэньне з правіл". Як я разумею, з Крэўскай Вуніі пачалася рэалізацыя "гістарычна-стратэгічнага" плана Касьцёла і Польшчы, якая расьцягнулася на стагоддзі, па "цывілізацыйнаму" паглынаньню на той ("зыходны")  момант праваслаўна-"паганскага" ВКЛ (з адпаведным стаўленьнем да яе грамадзтва), і пастанова 1696 (1697) году, мяркую, бясспрэчна была для іх важнейшай "этапнай" кропкай па пакарэньню літоўскіх "схізматыкаў" (якое ў іх так і не атрымалася).
Наша паўночная "балцкая" суседка, у чарговы раз нагадаю, мае назву "Рэспубліка Ліетува", а НЕ Літва.  Літва (ВКЛ) - гэта назва сярэднявечнай славянскай краіны (дзяржавы), створанай нашчадкімі заходнеславянскіх мігрантаў лютічаў. 
Уваходжаньне РБ ў ЕС , а тым больш у НАТА ў бліжэйшыя часы лічу немагчымым і непатрэбным. Адзіным варыянтам для тутэйшага народу, паўтару, лічу "цывілізацыйны" нэйтралітэт.  Ну а у каго ў культуры прымат, мяне, прабачце, не цікавіць.
0
Доктар/адказаць/
22.05.2023
Valadzimir, 1. Ажно цікава стала, а якімі сэнсамі слова “расейскі” можна абцяжарыць? Расея - гэта турма народаў, пабудаваная на гвалце, ілжы і халопстве. Яе распаду замінае тое ж самае, што калісьці паспрыяла яе ўзвышэнню: іхнія землі анікому не патрэбныя, апроч мо азіятаў. Што тут яшчэ можна прыдумаць? 
2. А ці можаце прад’явіць доказы існавання гэтага “стратэгічнага плану Касьцёла і Польшчы па паглынанню ВКЛ”? Бо вельмі падобна на “план Далеса”, якім саўкам калісьці наматалі на вушы, але які ніхто ніколі не бачыў. Альбо дайце хоць доказы апазіцыі літоўскіх “схізматыкаў” на тым самым Сэйме, дзе прымалася пастанова аб канчатковым скасаванні “рускай” мовы ў справаводстве. Вы ж не прапануеце паверыць вам на слова насуперак шматлікім гістарычным сведчанням, праўда? 
3. Ліетува-Летува-Літва - я маю на ўвазе нашага паўночнага суседа. І прывёў ягоны прыклад не дзеля спрэчкі аб назве, а дзеля ілюстравання пераваг натуральнага цывілізацыйнага (еўрапейскага) выбару. Калі вам ёсць што сказаць, адкажыце. Толькі ня трэба адхіляцца ў невядомыя гушчары. 
4. Тое ж тычыцца і тав. Глітэра. Я нават не збіраюся чапаць вашу дзіўнаватую трактоўку падзей Другой Сусветнай, бо яна не тычыцца прадмету размовы. 
5. > Ну а у каго ў культуры прымат, мяне, прабачце, не цікавіць.Ды няма праблемы, але гэта трохі дзіўны паварот, бо трэд пачаўся менавіта з таго, што найважнейшы культурны складнік - мову - вы аб’явілі другасным адносна гісторыі. Але ж, ладна. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930