Знайсці
20.05.2023 / 15:111РусŁacБел

«Цалкам адноўлены арыгінальнымі запчасткамі, якія старанна збіраліся па ўсім свеце». Якія рэтрааўтамабілі можна купіць у Беларусі?

Паглядзелі, які старыя аўтамабілі можна набыць у Беларусі.

«Волгі» ў асартыменце

Самы папулярны рэтрааўтамабіль у Беларусі — гэта ГАЗ-21. Іх у Беларусі прадаецца каля 40. Самыя танныя варыянты каштуюць каля 1000 даляраў. Аўтамабілі ў больш-менш годным стане прадаюць па цэнах ад 4 тысяч даляраў. 

Фота тут і далей: av.by

За самыя дарагія просяць 16—30 тысяч даляраў, але выглядае, што звычайная «Волга», у якім бы стане яна ні была, столькі не каштуе, бо аб'явы аб продажы вісяць на сайце з 2021—2022 гадоў.

Адзін з вартых увагі варыянтаў прадаецца ў Ваўкавыску. За аўтамабіль 1960 года просяць $10 000.

Прадавец сцвярджае, што аўтамабіль знаходзіцца ў выдатным стане.

Chevrolet Corvette

Адзін з самых дарагіх рэтракараў, выстаўленых на продаж у Беларусі, — гэта Chevrolet Corvette. За легендарны масклкар 1974 года выпуску просяць 75 тысяч даляраў. Пад капотам у 49-гадовага Corvette бензінавы рухавік аб'ёмам 5,7 літра, які працуе ў пары з аўтаматычнай каробкай перадач. Заяўлены прабег — 21 928 км.

З апісання можна зрабіць выснову, што прадавец, хутчэй за ўсё, разлічвае на купцоў з Расіі. Ён гатовы даставіць аўто ў любы горад РФ і нават узяць грошы на рахунак у расійскіх рублях.

«Цалкам адноўлены арыгінальнымі запчасткамі, якія старанна збіраліся па ўсім свеце, каб прывесці аўтамабіль да стану новага. У працэс аднаўлення ўкладзена шмат сіл, часу і сродкаў. Рэстаўрацыя праводзілася ў Беларусі», — гаворыцца ў апісанні.

Чатыры гады ў продажы

За 50 тысяч даляраў у Баранавічах прадаюць сапраўдны эксклюзіў Wanderer W22 L6 1933 года выпуску. Гэты нямецкі вытворца спыніў сваё існаванне яшчэ ў 1945 годзе. 

Як пазначана ў апісанні, аўтамабіль адноўлены толькі на 80 адсоткаў. Тым не менш просяць за яго $50 000. Зыходзячы з даты публікацыі аб'явы, машыну пачалі прадаваць яшчэ ў 2019 годзе. Але прадавец не здаецца і нават абнаўляе аб'яву.

Пыл у вочы

За 31 900 даляраў у Мінску прадаецца чырвоны Porsche 924. Гэта аўтамабіль 1979 года выпуску. Пад капотам у спорткара даволі сціплы па аб'ёме рухавік — усяго 2 літры, магутнасць — 125 к.с.

Сціплыя тэхнічныя паказчыкі тлумачацца тым, што гэта «рэпліка» на Porsche 924 Carrera GT. Па факце гэта самы звычайны Porsche 924.

«Машына ў выдатным стане, быў максімальна адноўлены вонкавы выгляд арыгінала Porsche 924 Carrera GT», — гаворыцца ў апісанні.

Пераможца ў намінацыі «Лепшая рэстаўрацыя — 2022»

У Гродне за 18 999 даляраў прадаюць Chevrolet Monza town coupe. Аўтамабіль, як і чырвоны «Порш», быў выпушчаны ў 1979 годзе. Пад капотам у яго бензінавы рухавік аб'ёмам 3,2 літра.

Як пазначана ў апісанні, рэдкі «амерыканец» з 2012 года знаходзіцца ў адных руках. Рэстаўрацыя была завершана толькі летась. 

«Удзельнік рэтравыстаў, пераможца ў намінацыі «Лепшая рэстаўрацыя — 2022». За ўвесь тэрмін валодання аўтамабілем, другога такога ж на ўсёй постсавецкай прасторы я не знаходзіў», — запэўнівае прадавец.

«Ягуар» са Штатаў

Сярод іншых цікавых варыянтаў можна адзначыць Jaguar XJ. За купэ 1975 года просяць 23 тысячы даляраў. 

Аўтамабіль знаходзіцца ў Мінску. Прадавец адзначае, што ён уласнік гэтага аўто. 

«Прывозіўся пад рэстаўрацыю. Цяпер няма часу займацца (у працы іншыя аўтамабілі)», — гаворыцца ў апісанні. 

Выглядае, што гэты аўтамабіль прыехаў у Беларусь у 2020 годзе. Такую інфармацыю можна атрымаць праз аўкцыённы нумар, наклеены на лабавое шкло. 

Атрымліваецца, што толькі мыты на гэты аўтамабіль складалі мінімум каля 12 тысяч еўра. 

«Жыгулі» ў калекцыйным стане

Не нашмат танней за рэдкіх «амерыканцаў» у Беларусі прадаюць «італьянку». За ВАЗ-2102 1972 года выпуску просяць 16 500 даляраў ЗША.

Прадавец сцвярджае, што аўтамабіль знаходзіцца ў калекцыйным стане і мае заводскую афарбоўку.

Званіць ён просіць толькі рэальна зацікаўленых людзей, а каб ніхто не падумаў, што ў цане нейкая адрукоўка, уласнік прадубляваў гэтую інфармацыю ў апісанні да аўто.

Ёсць сярод рэтрааўтамабілей і адзін мікрааўтобус VW Transporter T2. 

За мікрааўтобус 1975 года выпуску просяць 9 тысяч даляраў. Знаходзіцца аўтамабіль у Карэлічах. 

Прадавец сцвярджае, што аўтамабіль да продажу не рыхтавалі, але ён знаходзіцца ў выдатным стане, які дазволіць самастойна прайсці дзяржтэхагляд.

Чытайце таксама: 

«Аўтамабіль з незабыўнымі эмоцыямі». Якія кабрыялеты прапануе беларускі рынак

Па цане дзвюх кватэр у Мінску. Якія кемперы прадаюць у Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Саша и Сирожа/адказаць/
22.05.2023
Ковромобиль лучше всех!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера