Знайсці
18.05.2023 / 18:5412РусŁacБел

На беларускім сайце выстаўленае на продаж яўрэйскае надмагілле 

На сайце Ay.by прадавец з Маладзечна выставіў на продаж незвычайны артэфакт — багата дэкараваную мармуровую мацэву XIX стагоддзя. Разабраліся ў тым, ці мае яно каштоўнасць і ці этычна гандляваць ім.

Агульны выгляд мацэвы, выстаўленай на продаж. Фота: Ay.by

Мацэвамі яўрэі называлі надмагіллі, якія ставілася на іўдзейскіх могілках. Яўрэйскія надмагільныя помнікі, як і хрысціянскія, дапамагалі захоўваць памяць пра памерлага. Ад хрысціянскіх надмагілляў мацэвы адрозніваліся найперш візуальна, бо звычайна мелі форму выцягнутай стэлы з апрацаваным ці не краем, на якой размяшчалася эпітафія. 

Хрысціянскія надмагіллі з жоранаў на карціне «Беларускія могілкі ў Русаковічах» Генрыка Вайсенгофа. 1889. Нацыянальны музей у Познані

Выстаўленая ж на продаж мацэва мае форму круга і нагадвае жоран. На Беларусі добра вядомыя надмагіллі, зробленыя са старых жоранаў, але гісторыкі адзначаюць, што тут сітуацыя адваротная.

Мяркуючы па тым, як абрэзаныя радкі эпітафіі, можна меркаваць, перад намі прыклад гаспадарчага выкарыстання былога яўрэйскага надмагілля. З’ява гэта таксама нярэдкая, мацэвы выкарыстоўвалі як будаўнічы матэрыял, як абліцовачны камень, як жорны.

Але ў гэтым выпадку, на думку спецыялістаў, надмагілле пераробленае не ў жоран, як піша прадавец, а ў тачыльны камень — форма мацэвы і яе плоскі апрацаваны бок, відаць, падаваліся зручнымі для гэтага.

Адваротны, неапрацаваны бок мацэвы, ператворанай у тачыльны камень. Фота: Ay.by

На мацэве змешчана эпітафія, якую прадавец сам перакладае наступным чынам: «Прыйдзі да мяне, хто плача па мне, гаварыце пра мяне, калі мяне не стане, успамінайце пра мяне добра». Над эпітафіяй змешчаная традыцыйная для мацэваў сімвалічная выява, на якой леў ламае дрэва. Львы часта сустракаюцца ў яўрэйскім выяўленчым мастацтве. На надмагіллях яны служаць знакам таго, што тут быў пахаваны чалавек з іменем Лейб ці Ар'е.

Зламаная галіна ці дрэва азначае згасанне пэўнай галіны ці ўсяго роду, тое, што ў чалавека не засталося прамых нашчадкаў. Тут гэтыя два матывы злучаныя ў адзін: леў ламае дрэва і праз гэта яго смерць становіцца смерцю і ўсяго ягонага роду.

Сімвалічная выява льва, які ламае дрэва. Фота: Ay.by

Знойдзеная мацэва не з’яўляецца ўнікальнай, але гісторыкі адзначаюць, што на яўрэйскіх могілках у Беларусі помнікаў такога высокага мастацкага ўзроўню засталося не так шмат. Заяўлены кошт, 320 беларускіх рублёў, параўнальна невысокі. Мацэву, як сведчанне няпростай гісторыі сумеснага існавання беларусаў і яўрэяў у нашых мястэчках, безумоўна, варта было б перадаць у музейную экспазіцыю.

Такі экспанат, на думку гісторыкаў, дапамог бы беларусам праблематызаваць уласную гісторыю, дапамагчы ўбачыць яе крытычна, з боку іншага этнасу.

Акрамя гістарычнай каштоўнасці, як адзначалася вышэй, яна валодае высокімі эстэтычнымі вартасцямі і ў перспектыве магла б, напрыклад, тыражавацца ў рознай сувенірнай прадукцыі.

Эпітафія, выкананая на іўрыце. Фота: Ay.by

І беларуская, і яўрэйская традыцыі прызнаюць надмагілле сакральным аб'ектам, да таго ж павязаным з могілкавай семантыкай (для яўрэяў гэта тэма рытуальнай нечысціні). З гэтай прычыны продаж надмагілля ідзе ўразрэз з многімі маральнымі нормамі.

Іншая рэч, што гэта ўжо і не мацэва, а тачыльнае кола, зробленае з мацэвы, то-бок рэч з больш складанай гісторыяй, таму, магчыма, прадавец і наважыўся выставіць яе на продаж адкрыта.

Праўда, як адзначаюць гісторыкі, падобная практыка можа правакаваць да рабавання старых могілак з мэтай продажу тых ці іншых каштоўных аб'ектаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
0
Ого
10
Сумна
3
Абуральна
26
0
Шымон/адказаць/
22.05.2023
Vik, вы б згадзіліся, каб крыж з магілы вашага дзеда скарысталі ў якасці запчасткі ровара? Што вы кажаце, падумайце толькі, камень быў добры, прыдатны...
22.05.2023
Шымон, вы аба што? 
0
Вольга/адказаць/
26.05.2023
Прадаўца на жоран
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930