Ціханоўская пагаварыла з прэм’ерам Партугаліі пра санкцыі на калійныя ўгнаенні
Святлана Ціханоўская ў рамках удзелу ў саміце Рады Еўропы ў ісландскім Рэйк'явіку сустрэлася з прэм'ер-міністрам Партугаліі Антоніу Кошта. Асноўнай тэмай гэтай размовы было пытанне беларускіх калійных угнаенняў і іх экспарту ў трэція краіны.
Падчас сустрэчы Ціханоўскай з Антоніу Кошта. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Ціханоўская падчас размовы падкрэсліла, што
змякчаць санкцыі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да калійных угнаенняў з Беларусі нельга, бо гэта не вырашыць праблемы харчовага крызісу, але прывядзе да яшчэ большага адчування рэжымам сваёй беспакаранасці.
Замест гэтага Ціханоўская прапанавала шукаць іншае вырашэнне праблемы, у тым ліку праз далучэнне вытворцаў калійных угнаенняў з трэціх краін.
Акурат цяпер у ААН і Еўрапейскім саюзе ідзе актыўная дыскусія наконт змякчэння санкцый на транзіт часткі калійных угнаенняў з Беларусі для паставак у трэція краіны, якія залежаць ад беларускага калію. Партугалія — адна з тых краін, якія, як сцвярджаецца, лабіруюць пытанне змякчэння санкцый на пастаўку калійных угнаенняў у Еўрасаюзе. Без іх, маўляў, існуе пагроза таго, што будуць галадаць краіны «трэцяга свету».
Акрамя гэтага найбольш важнага пытання, палітыкі таксама дамовіліся правесці сустрэчу ў Лісабоне з прадстаўнікамі беларускіх кампаній, каб абмеркаваць і палепшыць умовы іх працы. Прэм’ер Партугаліі запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць яго краіну ўвосень.
Чытайце таксама:





