Знайсці
16.05.2023 / 22:112РусŁacБел

У Вільні прайшоў вечар памяці па загінулым ва Украіне ваяры Паўлу «Волату» ФОТЫ

Камандзір роты каліноўцаў загінуў 15 мая 2022-га. Сёлета ў Вільні яго пабрацімы арганізавалі вечар памяці па ім.

У пачатку імпрэзы прысутныя ўшанавалі памяць Паўла «Волата» хвілінай маўчання.

Пасля паказалі невялікі дакументальны фільм пра загінулага ваяра. Яго зняў полк Кастуся Каліноўскага разам з некалькімі незалежнымі журналістамі.

У фільме, акрамя кадраў з фронту, успамінамі пра «Волата» падзяліліся яго сябры, пабрацімы і маці ваяра. 

Пабрацім «Хобіт» згадваў пра Паўла:

«Паша ніколі нікога не караў дарма. Ён з павагай заўсёды ставіўся да ўсіх, незалежна — генерал ты ці навабранец. Яго ведала ўся Украіна. Куды б ён ні прыехаў, у яго заўсёды былі ў тым ці іншым горадзе знаёмыя, бо ён ваяваў з 2016-га. Правільна сказалі, што калі яму не было чаго рабіць, ён капаў акопы. Я ў жыцці столькі не капаў, як пад камандаваннем Паўла. Сапраўды, з ім было вельмі спакойна, нават на самых першых баявых выхадах. Паша заўсёды вельмі выразна казаў, што рабіць. Гэта дапамагала зразумець, што ёсць нейкі план. 

Ён заўсёды казаў, што рабіць у выпадку, калі яго заб'юць: адыходзіць, адцягваць яго, паспрабаваць забраць. На жаль, калі Пашу параніла, не было магчымасці яго аператыўна выцягнуць. Машына медыцынскай эвакуацыі не магла да яго хутка пад'ехаць. Неслі яго, мы доўга яго «качалі». Гэты чалавек здаваўся непераможным, непаражальным, нязломным. <…> 

Пасля ўжо, калі я ляжаў у падвале, зайшоў чалавек, які сказаў, што Паша памёр. У гэты момант маё жыццё падзялілася на да і пасля, адчуў, як нешта абарвалася. Я разумеў, што гэта вайна, такое бывае, людзі паміраюць. Але мне вельмі складана гэта прыняць да гэтага часу. Перыядычна, калі бачу яго фатаграфіі, я кажу яму «блін, Паша, ты як дзіця, столькі раненняў і падарваўся на нейкай міне». Яго не вярнуць. Адзінае, што мы можам рабіць, — гэта захоўваць памяць пра яго». 

Ваяр «Сашко» быў сярод тых, хто эвакуяваў «Волата».

«Ён заўсёды змагаўся за жыццё. Памятаю, калі прыкрывалі яго эвакуацыю, некалькі разоў у яго спынялася сэрца, але заводзілі. Я чуў яго хрыпы, Паша змагаўся за жыццё да канца. Прыклад Пашы мне паказаў, што мы можам змагацца нават са смерцю, вярнуцца да жыцця», — падзяліўся ўспамінамі «Сашко».

На імпрэзе ад Офіса Святлана Ціханоўскай прысутнічаў Дарадца лідаркі дэмсілаў Аляксандр Дабравольскі. 

«Святлана Ціханоўская цяпер у Рэйк'явіку на саміце Рады Еўропы, таму на вечар памяці прыйшоў я. Хачу сказаць, што калі мы разважаем пра жыццё як найвялікшую каштоўнасць, то ўспамінаем пра тых людзей, якія распараджаюцца сваім жыццём дзеля чагосьці важнага. І ўспамінаем пра тых людзей, якія распараджаюцца чужымі жыццямі, арганізуюць войны дзеля амбіцый. Можа быць, нават ідэй. Ці вартыя гэтыя ідэі чалавечых жыццяў?» — прамаўляў Дабравольскі. 

Ён згадвае, як пасля ўварвання Расіі ва Украіну, у тым ліку і з беларускай тэрыторыі, беларусы сталі ўспрымацца інакш.

«І вось тыя людзі, якія пайшлі ваяваць за нашу і вашу свабоду, яны не толькі за Украіну, за Беларусь, а за справядлівасць, за цывілізацыю, якая лічыць каштоўнасцю жыццё кожнага чалавека. Яны ўсталі, каб абараніць свой гонар, гонар Беларусі і каб абараніць нашу супольную свабоду. Вечная памяць», — выступіў на імпрэзе Аляксандр Дабравольскі. 

Павел «Волат» ваяваў ва Украіне з 2016-га. Тады ён паехаў на Данбас, далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектара». Тыдзень правёў на падрыхтоўчай базе, а потым адразу на перадавую лінію фронту. Першыя баявыя пазіцыі — Пескі, пазней — Аўдзееўка і ваколіцы. Хлопец удзельнічаў у баях узімку 2017-га, падчас абвастрэння пад Аўдзееўкай.

У сакавіку 2018 года Павел падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. Яго накірункам была выведка, дыверсійная дзейнасць. Даводзілася выконваць розныя задачы — ад заходу на непадкантрольную тэрыторыю і ліквідацыі праціўніка да збору інфармацыі і назірання за пазіцыямі баевікоў.

«Шчыра кажучы, я не думаю, што вярнуся да мірнага жыцця, — казаў Павел, яшчэ не ведаючы свайго лёсу. — Вайна — гэта ўжо, хіба, назаўжды. Хацеў бы пабачыць сваякоў, прыехаць у Беларусь на месяц — але такое будзе магчыма, вядома, толькі пасля змены ўлады.

Калі ў Беларусі пачнецца падобны канфлікт, то ўсё, я думаю, будзе развівацца па больш сумным сцэнары. І, натуральна, я вярнуся ў выпадку расійскай агрэсіі і паспрабую хоць нешта зрабіць са сваімі навыкамі».

Чытайце таксама: 

Каліновец расказаў, чаму дэмабілізаваўся пасля гібелі «Волата» і што было пасля

УCУ сцвярджаюць, што знішчаныя амаль 200 тысяч расійскіх вайскоўцаў

Эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай адправілі з Беларусі ў Расію

Пасля падзення расійскіх самалётаў і верталётаў на Браншчыне ў Беларусі ўвялі павышаную баявую гатоўнасць

Агата Мурашка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Ноўнэйм /адказаць/
17.05.2023
Вечная памяць сапраўднаму Герою Беларусі! Прыйдзе час і тваім імем назавуць вуліцы ў розных гарадах вольнай Беларусі!
17.05.2023
Słava hieroju! P.S. Pieraprašaju, Dabravolski biełaruskaj pramaŭlaŭ?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера