Знайсці
16.05.2023 / 19:3218РусŁacБел

«Ён зноў пачаў гаварыць пра Расею і агентаў, а я проста сядзела і глядзела на яго як закаханая». Прэс-сакратарка Сахашчыка расказала пра сябе, шэфа і Зянона Пазняка

Тэлеканал «Белсат» узяў інтэрв'ю ў прэс-сакратаркі прадстаўніка па нацыянальнай абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка Лізаветы Кочман. 

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Лізе Кочман 26 гадоў, сама яна з Ліды, але даўно жыве ў Польшчы. Мае ажно тры вышэйшыя адукацыі, скончыла Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, Варшаўскі ўніверсітэт і Каталіцкі ўніверсітэт у Лісабоне.

Паводле самой дзяўчыны:

«Я не толькі прэс-сакратарка. Лічу сябе правай рукой і асабістай асістэнткай Валерыя Сцяпанавіча».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра сваё знаёмства з Сахашчыкам, якое адбылося напярэдадні Калядаў 2022 года, дзяўчына распавядае як пра шчаслівы выпадак і падарунак лёсу. У пераказе журналіста «Белсата» гэтая сітуацыя выглядае так:

«Так здарылася, што прэс-сакратар Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка, з якім была знаёмая раней, запрасіў яе на сустрэчу, на якой прысутнічаў Сахашчык.

Калі справа дайшла да развітання, але жывая камунікацыя яшчэ працягвалася, Лізавета шчыра выказала сваю думку наконт сітуацыі ва Украіне і ў беларускай палітыцы. Сахашчык здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну і запытаўся, ці не хацела б яна працаваць у яго камандзе.

Даў ёй на роздум некалькі дзён. Ліза патэлефанавала праз два дні і выказала згоду».

Цяпер Лізавета камунікуе з журналістамі, дамаўляецца наконт інтэрв’ю, прысутнічае, калі магчыма, падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ, дапамагае запісваць звароты, піша пасты ў тэлеграм-канал, раіць Валерыю Сахашчыку, што надзець на запіс і г. д. Працуе прэс-сакратаркай са студзеня 2023 года і прызнаецца, што спачатку пачувалася «як у нейкім фільме».

Ад свайго шэфа дзяўчына ў захапленні:

«Мне вельмі падабаецца, што ён вельмі шчыры чалавек. Хоць у палітыцы, напэўна, не заўжды трэба казаць тое, што думаеш. Але Валерый Сцяпанавіч — душа наросхрыст! У гэтым — ягоная сіла».

Да знаёмства з Сахашчыкам Лізавета шукала сябе ў прафесійным жыцці, уладкоўвалася ці спрабавала ўладкавацца шмат куды, але ні да чаго па-сапраўднаму не ляжала сэрца. Згадвае, што раней падавалася на праграму для спецыялістаў Новай Беларусі («Не ўзялі, сказалі: ты і так некалькі ўніверсітэтаў скончыла»), дамагалася працы ў НАУ («Але там на мой ліст толькі праз паўгода адказалі»). Паспрабавала сябе ў праекце Nexta і нават зрабіла для Сцяпана Пуцілы, якога ведала даўно, некалькі ролікаў, у тым ліку відэа пра каханак Лукашэнкі.

«Сышла з праекта, бо не магу працаваць, як на канвееры. Лічу сябе чалавекам творчым: мне трэба пасядзець і падумаць», — тлумачыць Лізавета.

Працавала таксама вядоўцай на анлайн-тэлебачанні аднаго вядомага праекта, дзе вельмі прыдалося веданне англійскай мовы. Вырасла да супервайзера, але праз тры гады звольнілася, бо зразумела, што «няма куды было больш ісці і развівацца». Але праца ў кадры і падрыхтоўка да жывога эфіру іншых людзей сталі важным досведам для далейшага развіцця.

«І вось цяпер кансультую Валерыя Сцяпанавіча перад выхадам у эфір», — кажа Ліза Кочман.

Манро з аўтаматам ляжыць злева. Палявыя вучэнні варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Валерый Сахашчык, па словах Лізаветы, ганарыцца тым, што ягоная прэс-сакратарка сярод іншага вучыцца і вайсковай справе: яна з'яўляецца сяброўкай варшаўскай харугвы «Паспалітага рушэння», дзе мае свой пазыўны — «Манро»: 

«Ён у мяне пытаўся, чаму я пайшла ў харугву. А я лічу, што, калі я ў вайсковай справе, то павінна быць у ёй уся цалкам і разумець дэталёва.

Ну, як я магу працаваць на вайсковую аўдыторыю, калі не ведаю, як трымаць зброю? Для мяне гэта карысныя і вельмі патрэбныя веды», — падкрэслівае Лізавета Кочман.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Да таго, што Сахашчык апошнім часам стаў часта выкарыстоўваць беларускую мову, спрычынілася і яго прэс-сакратарка:

«Мяркую, што гэта ў тым ліку і мой уплыў, — пасміхаецца Лізавета. — Калі памятаеце, была праграма на «Белсаце», дзе Валерый Сцяпанавіч размаўляў з Зянонам Пазняком. Калі я пачула, як ён казаў па-беларуску, — а мы тады яшчэ не былі знаёмыя, — то была ўражаная тым, што ён вельмі стараецца, хоць шмат праскоквала польскіх словаў. Мяне ўразіла, які ён малайчына, таму што побач з Пазняком, вядома, трэба пераходзіць на беларускую».

Лізавета Кочман кажа, што ўключае Сахашчыку беларускія песні і гімны, і «гэта яму падабаецца, уздымае яго настрой».

Сама яна размаўляе з шэфам толькі па-беларуску. Як сцвярджае, «Валерый Сцяпанавіч сам разумее важнасць беларускай мовы ў нашай справе», таму ніякага прымусу няма. І паланізмы ў яго маўленні ўжо, маўляў, амаль не заўважныя.

Як прэс-сакратарка Лізавета адрынула няпісаныя журналісцкія правілы адказваць на запыты па-руску ў тым выпадку, калі зварот ідзе на гэтай мове.

«Адразу прытрымлівалася гэтага, а пасля думаю: мы тут за што змагаемся ўвогуле? Усё, досыць, разумейце, як хочаце, але пераходзім на беларускую», — кажа дзяўчына. Спрабуе яна змагацца і за тое, каб кантэнт у сацсетках даваўся па-беларуску.

Прызнаецца, што Валерый Сахашчык піша свае прамовы сам, але перад выступам паказвае тэксты медыйнай групе.

«Яму важна, каб гэта ішло ад яго. Каб ішло ад сэрца, з сярэдзіны. Таму, напрыклад, яму цяжка з суфлёра чытаць. Калі ідзе не ад яго — гэта адразу відаць», — тлумачыць наша суразмоўца.

Але Сахашчык добра імправізуе, заўважае Лізавета. Так, напрыклад, было падчас яго прамовы на Дзень Волі 25 сакавіка, калі яго ніхто не чакаў на маршы ў Варшаве і выступ не быў запланаваны (невядома было, ці паспее вярнуцца з Украіны). Быў вельмі стомлены, але выйшаў на сцэну і даў дыхту. А ўжо наступным днём зʼявіўся гучны зварот Сахашчыка з нагоды заявы Пуціна пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.

«У нас наогул такія дачыненні з Валерыем Сцяпанавічам, напэўна, больш сяброўскія, бо розніцу ў веку я ўвогуле не заўважаю. Што праўда, звяртаюся да яго на вы, але з ім, быццам бы, усё адбываецца на ты», — прызнаецца Ліза Кочман.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Што да Зянона Пазняка, то прэс-сакратарка Валерыя Сахашчыка лічыць яго для сябе ўзорам і «найлепшым з жывых беларусаў».

«Можа, і нельга так казаць. Але яго любоў да беларушчыны і беларусаў — бяспрыкладная. Неяк яшчэ да абвяшчэння аб самастойнасці Паспалітага рушэння была сустрэча з Пазняком. Я толькі-толькі прыйшла ў харугву, і мы сядзелі з ім за сталом амаль побач. Я сядзела і слухала. А ён зноў пачаў гаварыць пра Расею і агентаў, і ўсім давялося гэта слухаць. А я проста сядзела і глядзела на яго як закаханая», — смяецца Лізавета.

Працаваць у атачэнні моцных мужчын для дзяўчыны гонар:

«Мне падабаецца такое атачэнне, не буду гэтага хаваць. І падабаецца мужчынскі калектыў. Не скажу, што гэта мяне змяняе. Стымулюе мяне яшчэ больш працаваць над сабой. Вучыцца іх мужнасці і шчырасці. Але я не адчуваю, што я нейкая слабейшая за іх, адчуваю сябе на адным узроўні з імі».

Яна адкрыта кажа пра сябе як пра амбітнага чалавека, які мае місію ў гэтым жыцці. Хоча ўплываць на тое, каб у Беларусь як найхутчэй прыйшла сапраўдная свабода. Хоча рабіць для Беларусі добрую справу, хоць мае ўжо польскае грамадзянства і магла б знайсці для сябе прэстыжную працу ў дыпламатычнай сферы.

Чытайце таксама:

Новая фігура на беларускай палітычнай арбіце. Хто такі Валерый Сахашчык? ВІДЭА

Сахашчык расказаў пра сваё знаёмства з Залужным, колішняе прыяцельства з Вальфовічам і стан беларускай арміі

Сахашчык і Пазняк спрагназавалі, колькі спатрэбіцца беларускіх байцоў, калі імперыя будзе разбурацца

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
68
Панылы сорам
18
Ха-ха
24
Ого
3
Сумна
7
Абуральна
12
1
Пазняк быў карысным да 1990-х/адказаць/
19.05.2023
', пасля 1996 Пазняк усе робіць для таго каб народ Беларусі не перамог дыктатуру, зваліў і называў сваімі маранымі вуснамі Статкевіча (які застаўся і змагаўся) - агентам КДБ!
у 2020 заклікаў да канапавага байкоту а зараз з маргіналамі (ціпа Вусава і Шчыгельскага) спрабуе прымазацца да палка каліноўскага і прыкінуцца "радыкалам"
1
Пазняк быў карысным да 1990-х/адказаць/
19.05.2023
', І , дарэчы, Ціханоўская - не Севярынец ці Статкевіч,
Але смеласці ў яе пабольш чым у таго хто сваліў у 1996 у больш лагодных абставінах і разваліў БНФ 
0
Ян Норман/адказаць/
19.05.2023
Dr. Scepsis, Яна у сваю першую ВНУ у 11 гадоў пайшла,ці як?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930