Знайсці
16.05.2023 / 23:0316РусŁacБел

У Жодзішках прадаюць сядзібу з незвычайнай гісторыяй: ад барацьбы з пратэстантамі да псіхлякарні

У Жодзішках выставілі на продаж сядзібу ХVII стагоддзя, узнікненне якой звязанае з рэлігійнай барацьбой паміж пратэстантамі і католікамі на Беларусі. Але не менш за славутую гісторыю помніка наведвальнікаў здзівіць архітэктура аднаго з сучасных карпусоў, якая быццам сапраўды прыдуманая пацыентамі псіхбальніцы, што дагэтуль займае сядзібу.

Гісторыя жодзішкаўскай сядзібы сягае ў часы Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. У гэты час большасць мясцовых магнатаў прыняла пратэстанцтва, не стаў выключэннем і род Кішкаў. У Жодзішках па іх фундацыі ў 1600—1612 гадах быў пабудаваны мураваны кальвінісцкі збор у формах рэнесанснай архітэктуры. Як і ўсе рэфармацкія храмы таго часу, ён адрозніваўся ад касцёла ці царквы адсутнасцю алтарнай апсіды.

Колішні кальвінісцкі збор і будынак езуіцкага калегіума з боку Віліі ў першай палове XIX стагоддзя на малюнку Юзафа Азямблоўскага

У сярэдзіне XVI стагоддзя для барацьбы з Рэфармацыяй віленскі біскуп Валерыян Пратасевіч выклікаў у Вільню першых езуітаў. На ахопленыя Рэфармацыяй беларускія землі ордэн накіраваў дасведчаных місіянераў, багасловаў ды прапаведнікаў.

У Беларусі працэсы Рэфармацыі і Контррэфармацыі амаль супалі па часе, што стала прычынай асабліва напружанай барацьбы. Але традыцыйная рэлігійная талерантнасць на гэтых землях дазволіла пазбегнуць крывавых распраў, як у краінах Заходняй Еўропы.

Контррэфармацыя ў Вялікім Княстве ўвогуле змагалася не толькі супраць пратэстантаў, але і супраць праваслаўя. Актыўна падтрымліваў Контррэфармацыю кароль і вялікі князь Стафан Баторый.

Супраць каталіцкай экспансіі былі вымушаныя разам змагацца пратэстанцкія грамады і праваслаўныя брацтвы. У абставінах рэлігійнай барацьбы ў Статут 1588 года быў унесены артыкул аб верацярпімасці, але гэта істотна не змяніла сітуацыю. 

З цягам часу Контррэфармацыя перамагла, рэлігійная талерантнасць была скасаваная. Пад ціскам і праз адсутнасць унутранага адзінства рэфармацыйны рух на Беларусі пачынае згасаць ужо ў канцы XVI стагоддзя. Шляхта пачынае пераходзіць у каталіцтва, асцерагаючыся рэпрэсій. Да каталіцтва далучыліся такія роды, як Сапегі, Валовічы, Храптовічы, Сангушкі, Скуміны, Чартарыйскія і Кішкі. 

Жодзішкаўскі храм заставаўся кальвінісцкім. У 1708 годзе ў мясцовай сядзібе, падоранай новымі ўладальнікамі, відаць, з мэтай поўнага выкаранення рассадніка ерэтычнага вучэння, аселі манахі-езуіты. Яны пабудавалі тут свой касцёл, музычную бурсу, аптэку, а ў 1757—1766 гадах па праекце славутага архітэктара Тамаша Жаброўскага ўзвялі двухпавярховы барочны калегіум.

Езуіцкі калегіум на малюнку Канстанціна Тышкевіча 1871 года. Фота: Wikimedia Commons

Але сваёй мэты павярнуць мясцовых пратэстантаў у каталіцтва езуіты не дасягнулі. Кальвіністы пакінулі мястэчка толькі пад прымусам. Збор быў перабудаваны пад касцёл, пры гэтым арыентацыя алтара была змененая на супрацьлеглую.

Радасць езуітаў была нядоўгай, бо пад ціскам ужо заходніх каталіцкіх манархаў папа Клімент XIV у 1773 годзе скасаваў сам езуіцкі ордэн. Колішні калегіум быў прыстасаваны пад сядзібу, якой валодалі спачатку Патоцкія, пасля нашчадкі візантыйскіх імператараў з роду Ласкарысаў, нарэшце — Малішэўскія. Пры сядзібе быў разбіты парк пейзажнага тыпу з дрэвамі мясцовых парод, як то ліпы, клёны, таполі і інш.

Сядзіба на пачатку XX стагоддзя

Пасля аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР у былым панскім маёнтку працаваў Рэспубліканскі туберкулёзны санаторый. У верасні 1949 года савецкія ўлады адкрылі замест санаторыя Маладзечанскую абласную псіхіятрычную бальніцу «Жодзішкі» на 80 ложкаў, якая пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці стала Гродзенскай. 

Стан сядзібы (былога калегіума) у 1928 годзе

Сядзіба была ўзятая пад ахову яшчэ за савецкім часам, калі разам з кальвінісцкім зборам была ўнесеная ў афіцыйны Збор помнікаў гісторыі і культуры. Пасля абодва помнікі былі ў 2002 годзе перанесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Цяпер жа комплекс былой сядзібы выстаўлены на продаж. Яшчэ ў верасні 2022 года быў зацверджаны праект зон аховы сядзібы, распрацаваны Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс». Паводле праекта, амаль усе будынкі вакол былога сядзібнага дома (калегіума), якія таксама былі выстаўленыя на продаж, прызнаныя дысгарманічнымі: забаронена іх рэканструяваць без прыняцця мер па іхнім дэмантажы ці нейтралізацыі ў навакольным асяроддзі.

Сённяшні выгляд сядзібы. Фота з фэйсбука Studio Vjpictures

Але адзін з будынкаў настолькі імпазантны, што, на нашу думку, заслугоўвае ў будучыні быць прызнаным помнікам архітэктуры постмадэрнізму. Складзены з шэрай савецкай сілікатнай цэглы будынак стаіць на высокім беразе Віліі і арыентаваны ў двор за сядзібай.

Будаўнікі не пайшлі па шляху барацьбы «з архітэктурнымі празмернасцямі» і выклаліся напоўніцу, відаць, каб кожны пацыент псіхбальніцы мог адчуць сябе ў казцы. Як у сапраўдным палацы, вокны тут арачныя, сцены завершаныя каляровым фрызам складанага ўзору, а па цэнтры — вялікая вежа, накрытая шатровым дахам.

На верхнім паверсе з закручаных слупоў і шклаблокаў зроблены бельведэр, які таксама нагадвае маяк. Якасць, праўда, таксама савецкая, і ёсць небяспека, што будынак без гаспадарлівых рук не дажыве да прызнання яго архітэктурным помнікам.

Казачны замак на тэрыторыі псіхбальніцы. Фота з фэйсбука Studio Vjpictures

Дарэчы, гэта не адзіная гістарычная мясціна ў Беларусі, ператвораная ў псіхіятрычную лячэбніцу. У не менш старажытным будынку ў Гайцюнішках Воранаўскага раёна знаходзіцца Рэспубліканская псіхіятрычная бальніца для асоб, якія здзейснілі злачынствы ў стане псіхічнага расстройства. Гайцюнішкаўскі дом-крэпасць, дзе цяпер размяшчаецца гэтая ўстанова, быў пабудаваны аж у 1611—1612 гадах для ўласнага пражывання начальнікам каралеўскіх збудаванняў, галандцам Пятром Нонхартам, які за свае заслугі атрымаў шляхецтва.

Дом-крэпасць у Гайцюнішках, дзе ўтрымліваюць асоб, якія здзейснілі злачынствы ў стане псіхічнага расстройства. Фота: Wikimedia Commons

Як і ў выпадку з Жодзішкамі, тут у 1960-я гады размясцілася абласная псіхіятрычная бальніца, а ў 1989 годзе сюды перавялі спецпсіхбальніцу пры Магілёўскай турме. У выніку бальніца была пашыраная, а ў крэпасці за 1,5-метровымі сценамі засталіся толькі адміністрацыя і аддзяленне агульнага рэжыму.

Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Гарадзішча», размешчаная з 1948 года ў аднайменнай вёсцы Пінскага раёна, займае тэрыторыю былога кляштара бенедыкцінцаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі. Праўда, з гістарычных будынкаў там застаўся толькі былы свіран, бо кляштарныя карпусы разабралі царскія ўлады пасля паўстання, а касцёл Святой Ганны ўзарвалі пры адступленні нацысты ў 1944 годзе.

Асабняк Ягмінаў у Брэсце займае псіханеўралагічны дыспансер, а ў суседнім асабняку-блізнюку — ГУБАЗіК. Фота: Wikimedia Commons

А псіханеўралагічны дыспансер у самім Брэсце размешчаны ў асабняку заможнага роду Ягмінаў, які меў рэзідэнцыю ў суседніх Вістычах. На цяперашняй вуліцы Міцкевіча ў сярэдзіне XIX стагоддзя Ягміны пабудавалі адразу два аднолькавыя дамы — другі асабняк цяпер займае мясцовы ГУБАЗіК.

Напэўна, найбольш трагічным лёсам адзначылася псіхіятрычная ўстанова ў Магілёве. 

Былы палац архібіскупа ў Пячэрску ў 1941 годзе

Адна з найбуйнейшых псіхіятрычных лякарняў на Беларусі, і, мабыць, у імперыі, заняла архібіскупскую рэзідэнцыю ў жывапісным прадмесці Пячэрска.

Загарадную рэзідэнцыю для сябе тут стварыў у XVIII стагоддзі архібіскуп магілёўскі Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, фармальны кіраўнік усіх католікаў Расійскай імперыі (яго гарадскі палац мы ўжо згадвалі ў ранейшых публікацыях). Ён пабудаваў тут касцёл, двухпавярховы мураваны палац, заклаў вялікі сад з аранжарэяй, арганізаваў дыванова-ткацкую і швейную фабрыкі, піваварню, карчму ды вадзяны млын на Дубравенцы. У спецыяльна адведзеных пакоях палаца ладзіў спектаклі прыгонны тэатр.

Пасля смерці біскупа тут доўгі час размяшчаўся вайсковы шпіталь, і нарэшце з губернскай бальніцы ў 1909 годзе сюды было пераведзена псіхіятрычнае аддзяленне. 

За Магілёвам у гэты час замацавалася незаслужаная слава «горада дурняў», прыгадаць хоць бы прыказкі «Лёва з Магілёва», «Ці ты дурны, ці ты з Магілёва» або фрагмент беларускай лічылкі «… а ў каго з галавой хранова — дык той з Магілёва». 

Савецкая ўлада ў 1920—1930-я разбудавала комплекс. Гэты час у гісторыі бальніцы вядомы тым, што тут пры нявысветленых абставінах загінуў беларускі паэт і дзяржаўны дзеяч Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) — як мяркуюць, ён быў даведзены да самагубства карнай савецкай медыцынай.

Пачатак вайны прынёс яшчэ больш жудасную старонку ў гісторыі бальніцы: у рамках сваіх бесчалавечных праграм па вынішчэнні «непаўнавартасных» нацысты ў 1941 годзе знішчылі ўсіх 1200 хворых Пячэрскай бальніцы. 

Архібіскупскі палац у Пячэрску перад зносам. Для падтрымання адчування парадку палац перад зносам быў пабелены разам са шклом у вокнах. Фота: Wikimedia Commons

Пасля высялення бальніцы ў іншае месца магілёўскія ўлады незаконным чынам дамагліся зняцця ахоўнага статусу з гістарычнага комплексу ў 2009 годзе і хутка знішчылі амаль усе будынкі: ад архібіскупскага палаца да міжваенных бальнічных карпусоў.

За выняткам магілёўскага выпадку, размяшчэнне псіхіятрычных бальніц у гістарычных аб’ектах дазволіла іх захаваць і доўгі час падтрымліваць у больш-менш прыстойным стане. Але асаблівасці шматвекавых будынкаў і складанасць іх рэканструкцыі праз наяўнасць ахоўнага статусу аказваюць неапраўдана моцны негатыўны ўплыў на камфорт пацыентаў.

Таксама відавочна, што помнікі гісторыі і архітэктуры павінны выконваць зусім іншыя функцыі — турыстычныя, рэкрэацыйныя, навукова-даследчыя, але не займацца рэжымнымі аб’ектамі. У вас ёсць шанец ператварыць адзін з такіх аб’ектаў у Жодзішках у прыцягальную турыстычную славутасць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Новы знак на гары Дзяржынскай мае дзве памылкі ў пяці словах

Улады вызначыліся з ідэалагічным манументам на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Вось як ён будзе выглядаць

Экскаватарная археалогія ў Магілёве. Прычым тут Марзалюк і палітычныя чысткі?

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
6
0
заслуженная контуженная/адказаць/
20.05.2023
завотделеления, к которому относился мой свекр, посадили в итоге за выращанивае галюциногенных грибов

а девочки говорили, что зрачки у завотделения как-то слишком расширены...

я пыталась это как-то намекнуть свекрови и свекру... (медикам  типа по образованию)
ну ды пох) им суддя

0
ля-ля-ля/адказаць/
20.05.2023
насамрэч гэта вельмі сур'ёзная тэма
дыскрымінацыя ў псіхлякарнях
у нас з гэтым яшчэ горш,
чым у расеі
0
даведка/адказаць/
13.06.2023
Не только в республиканской психбольнице в Гайтюнишках, но и в областной в Жодишках до её ликвидации находилось закрытое отделение для принудительного содержания лиц, совершивших общественно опасные деяния (отличались режимы содержания), которое находилось на втором этаже в том самом историческом здании, которое запечатлено на пятом фото. Само здание коллегиума разрушается, крыша изнутри в мощных подпорках.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930