Знайсці
13.05.2023 / 16:0210РусŁacБел

«Нават цяжка згадаць, дзе ўся паездка па краіне была такой суцэльна добразычлівай». Беларус здолеў павандраваць па Сірыі і поўны ўражанняў ШМАТ ФОТАЎ

Гісторык і сацыёлаг Аляксей Ластоўскі расказаў у сябе ў фэйсбуку пра сваё захапляльнае падарожжа ў Сірыю, што яшчэ толькі пачынае адкрывацца турыстам пасля дзесяцігоддзя знішчальнай грамадзянскай вайны. Шмат лайфхакаў і карыснай інфы, а таксама фота ўнікальных помнікаў і гатэльных нумароў, што самі як помнік.

Сірыйскі фунт моцна дэвальваваўся за гады вайны. На мяжы ў абменніку табе выдаюць у прамым сэнсе слова мех грошай. Затое цэны ў краіне найніжэйшыя. Сотні долараў хапае на тыдзень. Фота тут і далей: фэйсбук Аляксея Ластоўскага

Адразу скажу, што гэты пост не варта разглядаць як рэкламу для падарожжаў у Сірыю, — піша Аляксей Ластоўскі. — У мяне больш простая рамка, для мяне гэта краіна вельмі цікавая сваёй гісторыяй і культурай, не меў задачы ўлазіць у складаную сітуацыю гэтага грамадства з тлумачэннем, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Для гэтага мне і беларускіх праблем хапае.

Але можа быць, гэта каму з маіх сяброў і цікава — як падарожнічаць па краіне, дзе фармальна яшчэ не скончылася грамадзянская вайна.

Як трапіць у Сірыю з турыстычнымі мэтамі

Трэба адразу сказаць, што сірыйскі ўрад зараз актыўна спрабуе пашырыць турызм у краіну: знятыя многія абмежаванні, нават амерыканцам дазволілі ўезд у краіну (і пару амерыканскіх турыстак я сустрэў у Пальміры). Але індывідуальны турызм забаронены, таму адзіны шлях — набыць тур па краіне праз турыстычную кампанію. У маім выпадку гэта была кампанія RJT з Марока, якой валодае партугалец і якая робіць туры ў многія складаныя для наведвання краіны (Лівія, Емен і г. д.).

Тур каштаваў 1100 долараў за 7 дзён плюс аплата за візу. У кошт было ўключана пражыванне са сняданкамі, перамяшчэнні па краіне, суправаджэнне гіда. Кампаньёнамі па паездцы былі чэх (які жыве ў Канадзе), бельгіец (які жыве ў Балгарыі) і кітаянка (якая жыве ў Швейцарыі). Усе зацятыя падарожнікі, з вялікім досведам. Звычайныя людзі зараз у Сірыю не трапляюць.

Віза. З ёю нечакана выявіліся траблы

Пачаткова было ўяўленне, што калі Беларусь і Сірыя зараз саюзнікі ў невялікім коле адрынутых сучасным светапарадкам, то і з візаю будзе проста. Ажно не. На мяжы за афармленне візы з мяне, як беларуса, садралі ажно 205 долараў (!!!). Для параўнання — кітаянка заплаціла за візу 12 долараў, амерыканцы за сірыйскую візу плацяць 160 долараў, то-бок менш, чым беларусы.

Ёсць падазрэнне, што беларускае консульства ў гэтым пытанні не проста не спрыяе, а, наадварот, максімальна працуе, каб менш беларусаў дабіраліся да Сірыі, і тым самым не заміналі ім весці спакойны лад жыцця з падвышанымі каэфіцыентамі заробкаў. Але адзіная праблема была ў кошце. Парадавала, што ўсе штампы залупілі ў «іншыя адзнакі», для мяне пытанне эканоміі старонак пашпарта заўжды надзвычай важнае.

Грошы ў Сірыі

Тут суцэльная бяда, мясцовыя фунты ляснуліся з-за вайны, мяняць лепш долары на сірыйскія фунты яшчэ на ліванска-сірыйскай мяжы, па выніку выдаюць сапраўдны мех грошай.

«Чорнага рынку» для абмену ў Сірыі афіцыйна няма, долары таксама не прымаюць. Галоўнае выратаванне — што ўсё вельмі танна. Я на мяжы памяняў 100 еўра, і мне гэтага хапіла на сем дзён, прычым добра харчаваўся, піў алкаголь, набываў сувеніры.

Перамяшчэнні па Сірыі

З гэтым усё вельмі складана, індывідуальны турызм, як я пісаў вышэй, забаронены. Дарогі на дзіва добрыя, куды лепшыя, чым які-небудзь разбіты гасцінец Чарапавец — Масква, але паўсюль блокпасты.

Як праз іх прабірацца без афіцыйнага дазволу — цяжка зразумець. Таму ўся надзея толькі на туркампанію, якая афармляе такія дазволы. Па выніку даводзіцца ездзіць па вельмі строгім маршруце, без патэнцыйных адхіленняў. Але ўнутры гарадоў хадзіць можна спакойна, ніхто не спыняе.

Бяспека

Цяжка сказаць, наколькі Сірыя зараз бяспечная краіна. Актыўныя ваенныя дзеянні прыпыніліся, часам адбываюцца сутычкі з ісламістамі, таксама яны могуць рабіць вылазкі (асабліва ў ваколіцах Пальміры). З Вызваленчай сірыйскай арміяй ужо па факце дасягнутыя дамоўленасці, своеасаблівая аўтаномія, на кантраляваныя ёй тэрыторыі можна патрапіць (я быў у Босры).

Калі так падумаць, то зараз сітуацыя досыць бяспечная, наколькі гэта трывала — цяжка сказаць. Зразумела, што турыстаў там бачаць вельмі рэдка, стаўленне вельмі пазітыўнае, нават цяжка згадаць, дзе ўся паездка па краіне была такой суцэльна добразычлівай. 

Мабільная сувязь

Нечакана была куды лепшая, чым чакалася. Можна набыць сім-картку, 10 гігабайт па 4 долары, працуе добра, пакрыццё нечакана якаснае, ловіць нават пасярод пустыні.

У многіх еўрапейскіх краінах мабільны інтэрнэт горш працуе (не кажу ўжо пра кошт). 

Харчаванне ў Сірыі

З ежай таксама праблем асаблівых няма, ёсць рэстараны, дзе можна добра павячэраць за 5 долараў, ёсць фаст-фудні, дзе можна паесці за 2-3 долары, а можна ўзяць фалафель у лавашы па 50 цэнтаў.

Пры гэтым ежа якасная, кухня развітая, мне асабліва спадабаўся вішнёвы кебаб, спецыялітэт Алепа. Напэўна, па спалучэнні якасці і кошту ежы ў Сірыі складана знайсці зараз канкурэнта (можа, калі толькі правінцыйная Турцыя).

Алкаголь у Сірыі

Як і ў Ліване ці Іарданіі, продаж алкаголю таксама лакалізуецца ў хрысціянскіх раёнах. Ёсць мясцовае піва, Afamia, двух гатункаў, прадаецца паўсюль, пры гэтым — стандартны міжземнаморскі лагерок па якасці.

У хрысціянскіх кварталах Дамаска бачыў, як хлопцы проста пілі піва пасярод горада ўвечары (што цяжка ўявіць у Вільні ці Мінску). Віно можна знайсці ў алкагольных крамах, каштуе — 1-2 долары за бутэльку (менавіта так!), па якасці — слаба, асабліва ў параўнанні з Ліванам. 

Лад жыцця

Вось каму, а сірыйцам мне хочацца паспачуваць, асабліва калі быў у Алепа. Гэта страшна, як вялізны горад спачатку быў моцна панішчаны вайною, а потым дабіты моцным землятрусам. Пры гэтым людзі трымаюцца, адбудоўваюцца, глядзяць на цябе з сімпатыяй. Увечары выбіраюцца на гулянкі, хоць і аскетычныя. Жывуць у асноўным вельмі бедна, пры гэтым няма такіх дзікіх сацыяльных падзелаў, як у Ліване.

Я не ведаю, як Сірыя будзе выбірацца з грамадзянскай вайны, але здаецца, што ўжо нейкі расклад сілаў сфармаваны — туркі занялі свае тэрыторыі і ўжо яўна не саступяць, з вызвольнай арміяй неяк дамовіліся, ісламістаў адсунулі ў цяжкадасяжныя рэгіёны. Відавочна, што Асад-малодшы здолеў захаваць уладу, і з ім будуць паступова дамаўляцца. Ці найлепшы гэты зыход — я не ведаю, але іншыя варыянты зноў абяцаюць рэкі крыві. Я магу пажадаць Сірыі толькі міру.

Галоўнае месца для любога арабскага горада — гэта базар (сук). Так і ў Дамаску, дзе гандаль квітнее тысячагоддзямі, не зважаючы на войны і эпідэміі

Кірмаш у Дамаску, і дзе ж без партрэта прэзідэнта

Яркі нам напамін, што варварства нікуды ў сучасную эпоху не сышло. Баевікі Ісламскай дзяржавы двойчы захоплівалі старажытную Пальміру і кожны раз мэтанакіравана знішчалі помнікі мінуўшчыны. Яны ўзарвалі храм Бэла, трыумфальную арку, масіўны тэтрапілон, рабавалі і нішчылі падземныя грабніцы. Галоўнага археолага Пальміры Халеда Асада ісламісты публічна забілі пасля таго, як ён адмовіўся выдаваць ім месца знаходжання гістарычных каштоўнасцей. Ісламістаў з Пальміры выбілі, цяпер ідзе аднаўленне гістарычнага месца. Музей яшчэ закрыты, як і большасць падземных грабніц.

Крак-дэ-Шэвалье, UNESCO #320. Мабыць, самы вядомы замак крыжакоў, які належаў ордэну гаспітальераў і выкарыстоўваўся для аховы маршрутаў пілігрымаў у Святую Зямлю. Лінія фартыфікацый была настолькі сур’ёзнай, што нават войскі Саладзіна не змаглі ўзяць яго сілай. Толькі ў часы мамлюкаў Бейбарс падманам здолеў захапіць замак, калі ўжо сіла ордэна была ў заняпадзе. Замак быў адрэстаўраваны падчас французскага мандата, але ў грамадзянскую вайну тут заселі ісламісты, якіх выбівалі расійскай авіяцыяй. Знішчаную тады вежу ўжо паспелі паднавіць, але дадатковай шкоды нанёс і нядаўні землятрус. Пры ўсім пры тым замак адкрыты для наведвальнікаў, толькі зараз іх зусім няшмат.

Сірыйская гасціннасць: чай у тыповых кубачках

Апамея была важным эліністычным цэнтрам Селеўкідаў на шляху між Антыёхіяй і Дамаскам. Але землятрусы і рымска-парфянскія войны спустошылі калісьці вялізны і заможны горад. Але напамінам пра даўнюю веліч з’яўляецца вялікая рымская каланада, што цягнецца два кіламетры і лічыцца найбольшай з захаваных з рымскіх часоў. Ёсць яшчэ і вялізны рымскі тэатр, але ён практычна яшчэ не даследаваны. Гэтую мясцовасць вызвалілі ад ісламістаў толькі два гады таму.

Ля сцен Апамеі

Разбураны вайной Алепа

Алепа

Алепа

Крэпасць Алепа лічыцца адной з самых старых і буйных фартыфікацый у свеце. Выстаяла нават пад нашэсцем манголаў. Але найноўшыя часы былі бязлітаснымі. Крэпасць моцна была пашкоджана падчас грамадзянскай вайны, адноўлена, з 2018 зноў пачала прымаць наведвальнікаў, і тут — страшны землятрус.

Аўтар артыкула з сірыйкамі

У Босру можна трапіць. Хоць горад кантралюецца Сірыйскай вызвольнай арміяй, але існуюць пагадненні, і з тэрыторый, кантраляваных Асадам, сюды возяць замежных турыстаў. Грошы ўсім патрэбныя. А наведаць гэты горад хацелася, бо гэта і апошняя сталіца Набацейскага царства, і пасля наведвання Петры лагічна было патрапіць і сюды. Праўда, ад набацеяў тут мала што засталося, адны велізарныя вароты такога ж тыпу, што і ў Петры. Па сутнасці, на месцы семіцкага горада рымляне пабудавалі новы горад, які стаў сталіцай правінцыі Аравія (таксама ў маю капілку сталіц рымскіх правінцый). Самым галоўным здабыткам рымскай эпохі можна лічыць выдатна захаваны рымскі тэатр, хоць і не такі вялікі (каля 8 тысяч гледачоў), але больш важна, што і сцэна, і глядацкія шэрагі перажылі гэтыя часы. Можа, і таму, што базальт выкарыстоўваўся як асноўны будаўнічы матэрыял, але галоўнае, што пасля заваявання горада мусульмане перабудавалі тэатр у цытадэль і такім чынам закансервавалі яго.

Босра

Малула. Сляды вайны

Кляштар Святых Сергія (Саркіса) і Вакха, Малула. Названы ў гонар двух рымскіх легіянераў, што прынялі хрысціянства і сталі пакутнікамі. Кляштар вельмі старажытны, аналіз драўляных бэлек дае IV стагоддзе. Цікава, што ў часы Другой сусветнай вайны ў кляштары стаялі войскі генерала Андэрса, і той нават падарыў дзве іконы кляштару. На жаль, пабачыць іх не атрымаецца. Калі Малулу захапілі ісламісты, яны разрабавалі і панішчылі кляштар. Цяпер царкву аднавілі і нават вярнулі драўляныя дзверы двухтысячагадовага ўзросту, якія таксама былі скрадзеныя.

Норыі (водныя колы) Хамы — цудоўная рэч, захаваліся з XIV стагоддзя. Раней яны выконвалі ірыгацыйную функцыю, цяпер — ужо проста сімвал горада.

Не музей, а гатэльны нумар

Чытайце таксама:

«У Іране сістэма ўстойлівая, бо там няма манаполіі на ўладу». Усходазнаўца расказаў, ці могуць пратэсты перамагчы і як збудаваная гэтая ўнікальная палітычная сістэма

Маршрут для незабыўных выхадных. На Нарачы вы ўсе бывалі. А паглядзіце, што можна пабачыць вакол Блакітных азёр

Памятай пра іх у падарожжах і паходах. 10 самых атрутных раслін. Асцерагайся нават лісця

Фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
6
Максим Дизайнер/адказаць/
14.05.2023
Молодец мужик!Потрясающая коллоритная древняя светская страна, есть все и даже гораздо больше. Если бы не катарско-евопейские друзья, было бы еще лучше. Зато теперь миллионы сирийцев поживут бесплатно в "цивилизованных" странах, а в самой стране, как видно по фото, жизнь и не собиралась останавливать.
1
Студент/адказаць/
14.05.2023
К, ты за ИГИЛ, короче. Всё ясно с такими как ты.
0
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
14.05.2023
Дизайнер яуна хочэт жэншчыну у паранджэ
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера