Знайсці
14.05.2023 / 17:019РусŁacБел

«У плане мужчынскай увагі я распешчаная». Гэтая беларуская футбольная фанатка збірае тысячы праглядаў у інстаграме

Кацярыне Васілёнак 21 год, жыве яна ў Вільні. Дзяўчына вывучае права ў ЕГУ, а ў вольны час вядзе інстаграм-акаўнт на амаль 32 тысячы падпісчыкаў — столькі людзей сочаць за Кацяй і яе захапленнем англійскім клубам «Манчэстэр Юнайтэд». Распыталі, як жыве адна з найярчэйшых беларускіх фанатак.

Фота: архіў Кацярыны Васілёнак

«Пасля той гульні маё фота рэпостнулі ў афіцыйны інстаграм клуба, а гэта найвышэйшая адзнака ў анлайне»

Кацярына зацікавілася футболам яшчэ ў дзяцінстве.

«Я татава дачка, якая любіць усё, што любіць тата — футбол, баевікі, музыку Эмінэма. Памятаю, як у 2009 годзе, калі мне было восем гадоў, я прабягала ля тэлевізара, і там былі спартовыя навіны. Расказвалі пра гульню «Манчэстэр Юнайтэд» — здаецца, клуб тады прайграў, але забіў гол. Я ўбачыла стадыён, эмблему, [Уэйна] Руні, і думаю — усё, маё! Да гэтага я бачыла, як тата глядзіць футбол, але гэта мяне не надта чапляла, а тут здарылася па-іншаму.

Тата, дарэчы, балеў за «Арсенал» і заўсёды казаў, што ў «Юнайтэд» гуляюць самыя агідныя гульцы, а вось «Арсенал» — клуб для мужчын!», — згадвае дзяўчына.

З таго самага часу Каця пачала лічыць сябе фанаткай «Юнайтэд», але ўласна гульні клуба стала глядзець толькі ў 12-13 гадоў. У фанацкім плане дзяўчына адналюб — ніколі не заўзела за іншыя клубы. У адрозненне ад шматлікіх іншых каманд, «Юнайтэд», мяркуе Кацярына, не створаны як бізнэс-праект, гэта і не клуб-аднадзёнка. Апошнія гадоў 30-40 каманда з Манчэстэра была на паноўных пазіцыях, клуб мае яркую гісторыю і выдатныя перамогі. У вачах Кацярыны ён заўсёды змагаўся за першае месца, гэтай камандзе не патрэбна было другое ці трэцяе. Для дзяўчыны гэта вельмі важна, бо яна і сама такая, цалкам адмаўляе прымаўку «галоўнае — не перамога, галоўнае — удзел».

Вось чаму Кацярыне было дужа цяжка балець за «Юнайтэд» у крызісны для клуба перыяд (з 2013-га недзе па пазамінулы год): «З пункту гледжання эмоцый, усе тыя чацвёртыя, пятыя, шостыя месцы былі невыносныя, гульня была надта нецікавая. Сядзіш перад экранам і засынаеш, але разумееш, што павінна глядзець матч, бо ў 2009 годзе я зрабіла свой выбар і не хачу яго змяняць. Жадаю тытул для клуба, жадаю потым казаць, што я гадзінамі глядзела матчы трэнера Луі ван Гала, дзе хлопцы стаялі ў цэнтры поля і хадзілі пешшу, усё гэта прайшла і бачу цяпер кубак АПЛ над галавой.

Наш крайні кубак мы выйгралі ў лютым, я тады жыла ў Беларусі, а там фанатаў «Юнайтэд» дужа шмат. Пайшла ў бар на прагляд і атрымала неймаверныя эмоцыі, калі зразумела, што вось ён — першы тытул за апошнія некалькі гадоў.

Бачыла матч, калі мы выйгралі ў «Барселоны», гэта таксама было неверагодна. Пасля той гульні маё фота рэпостнулі ў афіцыйны інстаграм клуба, а гэта найвышэйшая адзнака ў анлайне. Пасля такога разумееш, што ты не нейкі невядомы нікому фанат, пра цябе ведаюць, цябе бачаць. Усведамляеш сваю сувязь з клубам, тое, што ўсе гэтыя бяссонныя ночы за матчамі былі не дарма, не дарма плакаў з-за паразаў».

Фота: архіў Кацярыны Васілёнак

Для дзяўчыны футбол — гэта ў першую чаргу эмоцыі, а зусім не тактыкі і пазіцыі гульцоў уперамешку з разборам гульняў. Яна кажа, што ні ў адной сферы свайго жыцця не плача больш, чым з-за футбола.

«Тры гады сустракалася з фанатам «Мансіці», і на момант майго ад’езду ён пайшоў працаваць у КДБ»

Апошнія некалькі месяцаў Кацярына жыве ў Вільні, яна студэнтка ЕГУ. Па першай адукацыі дзяўчына — выкладчыца англійскай мовы, аднак, дзеліцца яна, заўсёды марыла стаць прэзідэнткай. 

Кацярына скончыла каледж па спецыяльнасці з англійскай мовай. Думала пасля паступаць у Акадэмію кіравання, але здарыўся 2020-ы, і, паглядзеўшы на паслявыбарчыя падзеі, дзяўчына выбрала замест гэтага юрфак БДУ.

Там, праўда, Кацярыну таксама расчаравалі: на першым занятку па канстытуцыйным праве яна пачула ад выкладчыка, што права яны будуць вывучаць у адпаведнасці з падручнікам, а не ў адпаведнасці з практыкай. Такога Каці не хацелася, таксама як і не хацела яна, каб недзе ўсплыў яе ўдзел у пратэстах. Дзяўчына выбрала крыху сысці ў цень і паступіла на факультэт міжнароднага права ў ЕГУ.

Беларуска з трывогай згадвае свае эмоцыі таго часу: «Пасля пасадкі самалёта з Пратасевічам у мяне здарыўся нервовы зрыў. Спрабуеш лавіраваць, хочаш заставацца добрым чалавекам, які не хавае свае погляды, і ўсё гэта вельмі цяжка. Для мяне мае прынцыпы і погляды — на першым месцы.

Тры гады сустракалася з фанатам «Манчэстэр Сіці», і на момант майго ад’езду ён пайшоў працаваць у КДБ. У мяне тады проста свет перавярнуўся, падумала, маўляў, я цябе не так выхоўвала! Мы з ім рассталіся на фоне палітыкі, бо ён прыняў бок рэжыму, і тады я сказала, што на гэтым у нас усё».

Першы курс Каця вучылася ў ЕГУ дыстанцыйна, пры гэтым не забывала і пра грамадскую дзейнасць: пісала артыкулы пра сітуацыю ў Беларусі для часопіса Пітсбургскага ўніверсітэта, пісала скаргі ў Камітэт па правах чалавека. Усё гэта дзяўчына рабіла ананімна, і ў яе атрымалася пазбегнуць рэпрэсій, але ў канцы 2022 года беларуска адчула — надышоў для яе час пераязджаць. І 31 снежня Кацярына канчаткова з’ехала ў Вільню.

Фота: архіў Кацярыны Васілёнак

Месяцы перад ад’ездам з Беларусі яна ўспамінае як час вялікага стрэсу: маўляў, жыла ў прыватным доме і пужалася кожнага гуку, брэху сабакі і спынення машыны ля дома, бо здавалася, што гэта прыехалі па яе. Але ў той жа час Каця радуецца, што з’ехала не адразу пасля апошніх выбараў. На думку дзяўчыны, гэта дазваляе ёй лепш разумець беларускі кантэкст, чым гэта атрымліваецца ў людзей, якія ўжо даўно пакінулі краіну.

Апошні для Каці матч беларускага клуба? «Здаецца, гэта была гульня БАТЭ. Памятаю, што клуб тады яшчэ імкнуўся гуляць у нейтральнасць: нібыта яны і не падтрымліваюць рэжым, і не выступаюць надта супраць.

Прышла на фуршэт для гледачоў, якія сядзелі на віп-сектары, а ён выглядаў так, нібыта іх пазбавілі ўсяго фінансавання. Раней там было багата круглых сталоў з белымі абрусамі, класныя закускі і алкаголь, а цяпер я ўбачыла шэрую залу і нейкі адзіны стол пасярэдзіне яе.

Тады яшчэ працаваў мінулы дыктар «Барысаў-Арэны» Канстанцін Каверын, ён таксама выглядаў стомленым і панурым. Я паглядзела на гэтую шэрасць і зразумела, што гэта канец, і больш не ездзіла на беларускі футбол».

Дарэчы, першы паход Кацярыны на стадыён таксама адбыўся на «Барысаў-Арэне», у 2017-м: «Гэта была гульня нашай зборнай супраць Швецыі. Перад матчам я паехала ў гатэль «Пекін», дзе жыла зборная Швецыі, каб убачыць Віктара Ліндэлёфа, абаронцу «Юнайтэд». Думала: «Абавязаная яго сустрэць, буду тут доўга сядзець, але яго пабачу!» Мы з маім былым маладым чалавекам прасядзелі там пару гадзін, і калі шведы ўжо спускаліся на сняданак, я сустрэла Ліндэлёфа і мы сфатаграфаваліся. Ён сказаў, што я вельмі класная і мілая, падзякаваў за падтрымку.

Потым мне пазваніла сваячка, якая працавала ў тым гатэлі, і сказала, што мае для мяне два бясплатныя квіткі на гульню паміж Беларуссю і Швецыяй. Мы вельмі хутка знайшлі машыну да Барысава і разам з сябрам паехалі на стадыён. 

Уражанні былі проста незабыўныя, не магла паверыць, што можна ў Беларусі ўбачыць футбол такога ўзроўню. Мяне заўсёды вельмі ўражвала тое, што хаця мы і ў Беларусі, дзякуючы футболу мы можам бачыць даволі вядомых людзей — умоўнага Месі ці Нэймара. Прыходзіш на стадыён і разумееш, што гэта ўсё рэальнае, гэта не тэлевізар».

Кацярына кажа, што дапамагаць іншым для яе вельмі важна, таму цяпер спрабуе быць карыснай Украіне. З дапамогай кіеўскага фан-клуба «Юнайтэд» беларуска хоча прадаць свае цішоткі ўлюбёнага клуба з аўтографамі гульцоў і перадаць выручаныя грошы Украіне.

«Беларускі футбол? Божа, які кашмар!»

Каця прызнаецца, што не пераносіць перапынкі ў клубных турнірах, калі ёй няма чым сябе заняць. Успамінае, што да паслявыбарчых падзей яна вельмі любіла гульні беларускай зборнай, але цяпер за яе не заўзее.

Фота: архіў Кацярыны Васілёнак

Быў у Кацярыны час, калі яна спрабавала палюбіць і клубны беларускі футбол, але атрымалася не ўсё: «Калі мы пазнаёміліся з Сашам Івуліным, я падумала, маўляў, які ідэйны чалавек! Калі ён нешта ў гэтым знаходзіць, значыць, і я магу? І я спрабавала, шчыра кажу, але не здолела.

Падчас пандэміі, калі Беларусь была адной з некалькіх краін, дзе працягваліся футбольныя чэмпіянаты, я глядзела адзін з матчаў і думала: «Божа, які кашмар! І гэта цяпер глядзяць ва ўсім свеце? Навошта?» Нейкі час я хадзіла на гульні барысаўскага БАТЭ, бо ў мяне быў віп-абанемент і пропуск у падтрыбунку, але ўсё роўна мне тыя гульні не заходзілі».

Дарэчы, знаёмства з Івуліным для Кацярыны не абмежавалася цікавасцю да беларускага футбола, бо яна яшчэ і пісала журналісту лісты ў час яго зняволення.

Ёсць у нашай краіне свой, беларускі фан-клуб «Манчэстэр Юнайтэд», але Каця сябе з імі не асацыюе. У 2019 годзе яна пераклала свой блог на англійскую мову, каб пераарыентавацца на англамоўны свет. І ўсё склалася: цяпер у Каці 32 тысячы падпісчыкаў і багата футбольных знаёмстваў у розных краінах. Дзяўчына расказвае, што яе шмат запрашаюць на англамоўныя інтэрв’ю і падкасты, але пакуль што прапановы яна не прымае, баіцца моўнага бар’еру.

Клічуць не толькі на анлайн-мерапрыемствы:

«Летам у «Юнайтэд» будуць таварыскія гульні з «Барусіяй», яны пройдуць у Лос-Анджэлесе, і мяне туды запрашае мясцовы фан-клуб. Кажуць, прыязджай, мы набудзем білет і аплацім гатэль, ты проста прылятай і зрабі пра нас публікацыю. Адказваю, маўляў, я з радасцю, вось толькі цяпер, пакуль я без літоўскага ДНЖ, мне ніхто амерыканскую візу не дасць.

Не ўяўляю, як бы ў мяне з’явілася такая сетка знаёмстваў без інстаграма. У анлайне, калі цябе бачаць людзі і калі ты маеш паўмільёна праглядаў у інсце ад розных людзей на месяц, такія знаёмствы адбываюцца вельмі хутка. Спачатку ты проста беларуская дзяўчына, якая вельмі любіць глядзець футбол і набывае ў «Сілуэце» палёныя цішоткі, а потым табе піша чалавек з пасадай у клубе і прапануе даслаць падарунак, гэта неверагодна. Маю знаёмых у структуры клуба, і яны мяне запрашаюць у Манчэстэр, абяцаюць мне экскурсію па стадыёне і знаёмства з гульцамі».

Усе гэтыя прапановы тым больш да месца, бо амаль за 14 гадоў падтрымкі «Манчэстэр Юнайтэд» наша гераіня ніколі не была на іх гульнях.

Калі дзяўчына толькі пачынала пісаць у інстаграме пра любімы клуб, яна не чакала, што атрымае столькі ўвагі і падпісантаў, што ёй пачнуць дасылаць падарункі з самога Манчэстэра. Свае цішоткі яна атрымоўвае ад кіраўніка аднаго з аддзелаў у клубе, і пра супрацоўнікаў МЮ выказваецца дужа цёпла: «Гэта вельмі класныя людзі, надта ўцягнутыя ў камунікацыю з табой. Спрабуюць даведацца, хто ты і чаму ты любіш клуб, што адбываецца ў тваім жыцці.

Даслала гэтаму кіраўніку аддзела на Новы год падарунак — добрыя беларускія слодычы і два бчб-значкі, ён узяў ды павесіў адзін з іх сябе на бэйджык і ходзіць з ім. Для мяне проста неймаверна, што хаця я сама ні разу не была ў Манчэстэры, але зрабіла так, што там пастаянна знаходзіцца бчб-сцяг».

Фота: архіў Кацярыны Васілёнак

Кацярына згадвае самыя незвычайныя падарункі, што ёй дарылі як фанатцы. Цішотка з аўтографамі ўсіх гульцоў «Манчэстэр Юнайтэд»? Не, дзяўчыне больш памятны парасон у стылі клуба, а яшчэ цішотка з аўтографам гульца МЮ Скота Мактомінэя, які ён пакінуў спецыяльна для беларускі.

Увогуле, клубныя цішоткі для Кацярыны — гэта важная гісторыя: «Калі я пераязджала ў Вільню, брала з сабой адну валізку, і палову яе занялі цішоткі «Юнайтэд». Адразу сказала, што забіраю ўсе цішоткі, што маю, хаця мама і казала, маўляў, пакідаеш дома палову свайго адзення. Але мае цішоткі павінны быць са мной, буду збіраць з іх калекцыю і радавацца таму, што яны будуць спакойна ляжаць у мяне на паліцы».

«Ведаю, як атрымаць мужчынскую ўвагу і што з ёй рабіць»

Ці сутыкаецца Кацярына з хейтам у свой адрас? Так, і адна з яго прычын — яе адмоўнае стаўленне да Крышціяну Раналду. Зорны гулец правёў у любімым клубе дзяўчыны некалькі сезонаў у нулявыя, а пару гадоў таму зноў вярнуўся ў МЮ. Фанаты былі шчаслівыя, але нядоўга: «Здаецца, ён добра пачаў гуляць у клубе, але потым стала ясна, што нешта не так, не ўсё ў яго атрымліваецца, ён чамусьці псіхуе. А потым прыходзіць інфа, і высвятляецца, што гэта ўсё — віна аднаго чалавека. У клуб прыйшоў трэнер, які працаваў не ў моцным іспанскім ці англійскім чэмпіянаце, а ў чэмпіянаце Нідэрландаў, хаця там і ёсць круты «Аякс», і проста адпраўляе Раналду на лаўку запасных.

А потым выйшла скандальнае інтэрв’ю Раналду Пірсу Моргану, і для мяне яно ўвогуле было адкрыццём. Калі глядзела, у мяне ажно рукі трэсліся, бо як ён смее? Ён там адкрыта зневажаў Руні — чалавека, з якім ён разам гуляў, абдымаўся і цалаваўся, казаў, што яны браты навек. Для мяне сітуацыя, калі гулец ставіць сябе вышэй за клуб, увогуле недапушчальная».

За тое, што Кацярына пазітыўна ацэньвала ў сваім акаўнце сыход Раналду з клуба, дзяўчына атрымала шмат хэйту. Казалі, што яе месца на кухні і яна ўвогуле не павінна глядзець футбол, бо нібыта не разбіраецца ў ім. Такое стаўленне, разважае беларуска, — гэта адно з наступстваў таго, што фанацкае асяроддзе збольшага складаецца з мужчын. Хэйцяць Кацю і за тое, што ў яе інстаграме не знайсці нічога, акрамя прывабных фота і пастоў пра футбол, што пакідае ўражанне, нібыта яна нейкая пустая дзяўчына. Аднак яна кажа, што мэтанакіравана пабудавала вобраз, у якім захоўвае для сябе нефутбольную частку свайго жыцця.

Фота: архіў Кацярыны Васілёнак

Што да гісторый пра месца на кухні, то на такія паведамленні Кацярына рэагуе проста — маўляў, успамінае, што 30 тысяч падпісантаў мае яна, а не хэйтар. Беларуска працуе ў SMM, таму разумее, што адкрыты і шчыры хэйт — самы эфектыўны спосаб развіваць свае сацсеткі. Вы пішаце блогеру, а ён проста працягвае рабіць сваю справу і атрымоўваць ад гэтага дывідэнды.

Але пры гэтым у футбольнай мужчынскай супольнасці дзяўчына яшчэ і атрымлівае багата ўвагі проста за кошт знешнасці, любові да футбола і сваёй дзейнасці ў інстаграме. Кацярына расказвае, што гэта вельмі распешчвае:

«Бачыш, як да цябе ставяцца хлопцы, і разумееш: калі табе трэба, можаш выставіць фота ў сторыс і атрымаеш столькі ўвагі, колькі табе неабходна, так што ў плане мужчынскай увагі я дужа распешчаная. Гэта цешыць эга, але адносінаў у мяне цяпер няма.

Тым не менш, я ведаю, як атрымаць мужчынскую ўвагу і што з ёй рабіць. 80% майго кола — гэта мужчыны, футбол і мой тата навучылі мяне сябраваць з мужчынамі. Гэта лепш, чым сябраваць з дзяўчатамі, бо з хлопцамі ты не канкуруеш. Няма гэтай тыповай дурной гісторыі, калі дзвюм прыгожым дзяўчатам падабаецца адзін хлопец, ты проста сябруеш з чалавекам, і ўсё.

З дзяўчатамі мне цяжэй, я толькі ў апошні час пачала атачаць сябе сяброўкамі і толькі вучуся выбудоўваць сяброўства з дзяўчатамі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Конніца расказала пра пераезд у Польшчу і сакрэты коней

Футбаліст англійскай прэм'ер-лігі робіць паспяховую рэп-кар'еру, але носіць маску і не раскрывае асобу

У жаночую каманду «Мінск» перайшла канадская футбалістка з мільёнам падпісчыкаў у інстаграме

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
21
Панылы сорам
19
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
6
2
За гранью цивилизации/адказаць/
14.05.2023
Максим Дизайнер, в твой обожаемый мацквабад, шоле? Границы это для России. Это у росиян в голове вечно "пограничное состояние", все чужие, все враги. Весь цивилизованный мир живёт без границ.
2
Максим Дизайнер/адказаць/
15.05.2023
дочка Максима Дизайнера

А вам по фоткам не видно, чего девочке хочется?Маникюр - страшный. Кто же мелкую пластину так клеит и красит. Темно-бордовый - это вообще тетка-цвет.
2
Максим Дизайнер/адказаць/
15.05.2023
Я так понял, девочка зондирует несколько вариантов заграниц. На всех фото форма разных клубов. И одни суперстары. Спроси про остальных членов команд, не вспомнит ни одного.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930