Знайсці
06.05.2023 / 17:095РусŁacБел

Кветка гэтага дня: залатыя ключыкі

Cёння народнае свята Юр’я, або дзень святога Юр'я, Георгія-пераможцы. Некалі адно з галоўных свят у народным календары, пачатак «сапраўднай» вясны. А кветкі ключыкі былі як сімвал «адамкнёнай зямлі». Іх пошук у лугавінах — гэта яшчэ і традыцыя веснавога сузірання, піша Алесь Белы.

Ключыкі, або Primula elatior. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта з гэтага дня, як лічылася, зямля канчаткова «адмыкаецца» ад зімовага холаду і здранцвення. Верылі, што менавіта ў гэты дзень пачынае куваць зязюля, а ваўкі хаваюцца ў лясным гушчары і ўжо амаль не нападаюць на людзей і жывёлу. Таму і каровак можна ўжо ўрачыста выганяць з хлява на пашу. Сяляне аглядалі свае зарунелыя палеткі, гадалі, якім выдасца гаспадарчы год. Спявалі юраўскія песні і вадзілі карагоды, смажылі абрадавую яечню. І якраз у гэтую пару расквіталі прыгожыя жоўтыя кветкі — ключыкі высокія (Primula elatior). Яны сапраўды трохі нагадваюць звязку залатых ключыкаў і квітнеюць аднымі з першых на вільготных лугах, па берагах ручаёў і ў поймах рэк.

Дык вось гэтыя «ключыкі» здаўна ўспрымаліся як сімвал адамкнутай веснавой зямлі. Паводле старажытнага міфа, зямля таму і застаецца замкнёнай да Юр’я, што «Юр’ева маці» згубіла ключы. Пра гэта спяваецца ў вясновай юраўскай песні:

Юр’ева матка пагнала цялятка,
У лес пайшла, у лес пайшла,
Залатыя ключы панясла, панясла…

Або ў іншай:

Ты, пчолачка ярая,
Ды вылець за мора,
Ой, ляло, ляло,
Ты вылець за мора.
Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя,
Ой, ляло, ляло,
Ключыкі залатыя.
Адамкні лецечка,
Лета цёплае,
Ой, ляло, ляло,
Лета цёплае.

 

Замкні зіманьку,
Зіму сцюдзёную,
Ой, ляло, ляло,
Зіму сцюдзёную.

У савецкі час назву расліны ўніфікавалі з рускай мовай і загадалі афіцыйна называць першацвет высокі. Вось і на паштовай марцы Беларусі 2011 года пазначаная толькі афіцыйная русіфікаваная назва, а не традыцыйная народная.

Шкада, бо так губляецца старажытны, глыбокі і прыгожы сімвалізм, які пакінуў знакавыя сляды не толькі ў беларускім фальклоры, але і ў літаратуры.

Па-польску гэтая расліна называецца pierwiosnek, хаця ў наднёманскім зельніку Элізы Ажэшкі слова kluczyki прыводзіцца як цалкам раўнапраўнае. Дробная шляхта часта і не ведала літаратурных польскіх назваў раслін, а ўжывала «простыя». А калі атрымлівала добрую адукацыю і пачынала пісаць па-польску прыгожа і правільна, дык у яе творах увесь час міжволі пракідаліся ці тыя народныя словы, ці народныя вобразы.

І вось, здаецца, трывалая асацыяцыя ключыкаў з вясной — гэта традыцыя перадусім літвінскай літаратуры, не ўласна польскай. Ці можа, гэта так настроеная мая «оптыка»?

Рierwiosnek — назва аднаго з першых вершаў Адама Міцкевіча, напісанага ў 1820 годзе. З яго адкрываецца ягоны паэтычны зборнік «Балады і рамансы», выдадзены ў Вільні ў 1822 годзе і прасякнуты слодыччу і горыччу ад нешчаслівага кахання да Марылі Верашчакі. У тым ліку і гэты верш, у якім паэт вядзе дыялог з веснавой кветкай і наракае, што вясна яго жыцця не будзе шчаслівай праз немагчымасць быць разам з каханай.

Падобнае сімвалічнае значэнне мае жоўтая веснавая кветка і ў гераічнай паэме Уладзіслава Сыракомлі «Маргер», прысвечанай подзвігу гарнізона літоўскага замка Пілены на Нёмане, ваяры якога добраахвотна загінулі, каб не трапіць у крыжацкую няволю. Галоўныя героі, Маргер і Эгле, гледзячы на прыгожую кветку, смуткуюць, што іх вясна выдалася кароткай, але не вагаюцца аддаць жыццё за родную Літву.

Шмат ключыкаў расце ў даліне ракі Нявежы, якую таксама называюць Мілашавым лугам, — у ваколіцах Шатэйняў, радзімы славутага паэта Чэслава Мілаша. Ён шмат разоў згадвае гэты луг і гэтыя кветкі ў аўтабіяграфічным рамане «Даліна Ісы».

І не толькі. У вершы «Да малой негрыцянкі, што грае Шапэна» ён параўноўвае гук, які паступова расце з цішы замоўклай залы, з жоўтай веснавой кветкай, якая марудна распускаецца пасля халадоў. І ўносіцца думкамі да вясны ў невядомай юнай музыкантцы вясковай Літве. У «даліну ключыкаў» водзяць экскурсіі. І расказваюць ім, апроч іншага, што веснавая кветка нязменна паляпшае настрой. І што сузіраць яе — вельмі карысна людзям, якія жывуць у моцным стрэсе або часта знаходзяцца ў дрэнным настроі.

А вось у новай беларускай літаратуры, у адрозненне ад фальклору, сімвалізм ключыкаў амаль не абыгрываецца. Толькі ў вершы Уладзіміра Дубоўкі «Перад іменем Любові» гэтыя кветкі сімвалізуюць вясну і прыхавана — каханне. Дубоўка яшчэ не страціў той жывой сувязі з глыбокай традыцыяй, да якой усім нам, сучасным людзям, даводзіцца прабівацца скрозь тоўшчу чужынскіх напластаванняў, праз няспынныя пацучыныя гонкі:

Наабапал вясна без ніякіх брыжоў,
зеляніна навокала, кветкі.
Гэта май праз зямлю праз усю перайшоў
і аздобіў красою палеткі.

Паміж кветак усіх адшукаў ён адну:
пазлацістыя ключыкі нашы.
Неба сіняе ключыкамі адамкнуў,
іх ля цёмнага лесу набраўшы.

І тады разліліся над нашай зямлёй
цеплыня, хараство і пяшчота.
Зазванілі крыніцы люстранай вадой
на каменні, карэнні, у чаротах.

У наш час залатыя ключыкі вясны сустрэць усё цяжэй. Частыя засухі, неасцярожныя сенакосы паставілі гэтую кветку на мяжу знікнення ў многіх краінах Еўропы.

Не ведаю, ці кожны год гэта бывае, але два гады таму ў гэты час праводзілася ўсееўрапейская кампанія пошукаў і назірання за дзікарослымі «ключыкамі». Пад назвамі Looking for Cowlips — Poszukaj Pierwiosnków і г. д. Штосьці накшталт адукацыйнага квэсту. Групы на чале з дасведчанымі батанікамі або самотныя аматары прыроды мусілі адшукаць квітнеючыя першацветы і паведаміць пра гэта ў інтэрнэце.

Беларусь, апанаваная рэпрэсіямі і канфрантацыяй з Захадам, у гэтай прыгожай акцыі не ўдзельнічала. Шкада. Любуюцца ж японцы сакурай? Чаму б тады і нам не палюбавацца ключыкамі, не аднавіць духоўную повязь з продкамі — і з тымі, што аралі зямлю і гадавалі жывёлу, і з тымі, што пісалі вершы? Так шмат разарваных пераемнасцяў. З сапраўднай народнай назвай, з нашай класічнай літаратурай, з комплексам прыгожых традыцый і вобразаў Юр’ева дня. Варта было б хоць раз у жыцці адшукаць гэтую кветку ў дзікай прыродзе, каб тым самым адшукаць сапраўдных, несфальшаваных — саміх сябе.

Чытайце таксама:

Незвычайная гісторыя радзівілаўскіх палескіх спаніэляў

Разгаданая таямніца калдуноў графа Тышкевіча

Гефілтэ фіш, «рыба фіш». Захапляльная гісторыя стравы, якая з яўрэйскай кухні перайшла ў беларускую

Алесь Белы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Язэп/адказаць/
07.05.2023
Дзякуй, цікавы артыкул! 
0
Анэля /адказаць/
08.05.2023
Сапраўды прыгожая назва
0
Gorliwy Litwin /адказаць/
08.05.2023
Я раскапаў што поўная назва пачаткова была Ключэы(кі) святога Пятра, заходнееўрапейскага паходжання. У Беларусі такі варыянт таксама вядомы , а ў Еўропе скрозь. А ў нас скарочанае ' ключыкі ' стала дадаткова асацыявацца з 'адмыканнем' зямлі на св. Юр'я. Дарэчы, расліна ядомая. Зялёнае лісце надаецца на салаты
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера