Знайсці
03.05.2023 / 22:5214РусŁacБел

«Зненавідны». Што ўяўляе сабой Крэмль. І чым незвычайны Сенацкі палац, які сёння атакавалі беспілотнікі

Крэмль, які сёння ноччу спрабавалі атакаваць беспілотнікі, мае важнае сімвалічнае значэнне ў расійскай традыцыі. У Беларусі, Украіне, Польшчы былі замкі, у Расіі — крамлі. Дарэчы, нават паходжанне гэтага слова дагэтуль не растлумачанае. Але ў нашым сённяшнім артыкуле гаворка пойдзе пра іншае.

Крэмль, які ў XVIII стагоддзі, як сімвал архаічнасці расійскага ўкладу і адмежаванасці ад цывілізаванага заходняга свету, ледзь не быў знішчаны, у XX стагоддзі стаў сімвалам таталітарнай улады, а ў пачатку XXI стагоддзя — новай пуцінскай імперыі. Фота: Wikimedia Commons

Кацярына II, якая ўзышла ў 1762 годзе на расійскі трон, была поўная ідэй і запалу ператварыць велізарную імперыю ў асвечаную еўрапейскую краіну. Падчас аднаго з візітаў са збудаванага Пятром І прагрэсіўнага Пецярбурга ў Маскву імператрыца адзначыла, што «град сей древний, что театральная храмина: пышность и золото слепят очи, а за кулисами пыль да грязь».

У 1768 годзе архітэктар Васіль Бажэнаў прапанаваў праект новага Крамлёўскага палаца ў класіцыстычным стылі. Пад карпусы новага комплексу планавалася знесці частку будынкаў XV—XVI стагоддзяў. Маштабная задума Бажэнава адпавядала жаданню Кацярыны II пераканаць еўрапейскіх саюзнікаў у заможнасці дзяржавы напярэдадні чарговай вайны з Турцыяй. Як кажуць, праз такую рэканструкцыю Крэмль, сярэднявечная крэпасць, мусіў ператварыцца ва ўнікальны архітэктурны помнік, параўнальны з міфалагічным Акропалем. Комплекс праектаваўся як грандыёзны грамадскі цэнтр з тэатрам і авальнай плошчай для народных сходаў, да якой павінны былі сыходзіцца ўсе вуліцы Крамля.

Дарэчы, наконт паходжання слова «крэмль» мовазнаўцы дагэтуль спрачаюцца. Слова «крэмль» выводзяць ад расійскага «кромка» — край, мяжа. Або ад блізкага яму «кремь» — «частка лесу, дзе растуць найлепшыя дрэвы».

Графічная рэканструкцыя ансамбля Маскоўскага Крамля па праекце Васіля Бажэнава

Бажэнаў пераканаў імператрыцу знесці частку крамлёўскай сцяны «па Маскве-рацэ ад царквы Дабравешчання да царквы Пятра Мітрапаліта». Гэта дазволіла архітэктару адкрыць від на новы палац з боку Замаскварэчча. Але калі пачалі капаць катлаваны пад новыя велізарныя будынкі, то па сценах крамлёўскіх сабораў пайшлі расколіны. 

Разабраныя сцены Крамля. Малюнак В. Бажэнава

Кацярына тады ўжо кіравала Расійскай дзяржавай больш за дзесяць гадоў. Падзеі, якія адбыліся за гэты час, істотна паўплывалі на яе светапогляд. Адной з такіх падзей сталі маскоўскія чума і бунт 1771 года. Разумеючы хісткае становішча нямецкай прынцэсы на чале Расіі, яна стала больш узважана прымаць рашэнні і перагледзела сваё стаўленне да мегаламанскіх праектаў Бажэнава. 

Паўстанне Емяльяна Пугачова і вайна з Турцыяй увогуле зрабілі працяг рэалізацыі праекта немэтазгодным. Імператрыца, якая і так не любіла былую сталіцу, цалкам страціла да маскоўскага праекта цікавасць, але пэўны час фінансаванне ва ўрэзаным выглядзе працягвалася. Хутка грошы скончыліся зусім, і ў 1775 годзе работы канчаткова спынілі.

Экспертыза, накіраваная Кацярынай на будоўлю, вынесла вердыкт пра немагчымасць будаўніцтва новага палаца ў той частцы Крамля, якая была прапанавана Бажэнавым. Абражаны Бажэнаў адмовіўся дэмантаваць ужо пабудаванае, перадаўшы гэтую справу іншаму архітэктару. Матэрыялы для амбіцыйнага комплексу пайшлі на аднаўленне нядаўна разабранай крамлёўскай сцяны. 

Адбудова сцен і вежаў Крамля завяршылася па праекце Мацвея Казакова толькі праз сем гадоў. Цікава, што Казакоў таксама здолеў узгадніць у 1776 годзе свой праект Сенацкага палаца Крамля — акурат таго, над якім ці то быў збіты, ці то ўзарваўся беспілотнік сёння ноччу.

Сенацкі палац Крамля быў збудаваны пры Кацярыне ІІ. Фота: Wikimedia Commons

На купале Сената першапачаткова стаяла статуя Святога Георгія, затым статуя Справядлівасці, якая была разбураная французскімі войскамі ў 1812 годзе. Нарэшце на купале з’явіўся слуп з царскай каронай і надпісам «Закон».

Праект будынка Сената ў Крамлі. 1776—1784 гады. Крыніца: Расійская дзяржаўная бібліятэка

У 1918 годзе ў Сенацкі палац пераехаў з Петраграда Уладзімір Ленін, а таксама Палітбюро і Савет народных камісараў. Слуп з царскай каронай знеслі, яго месца заняў флагшток са сцягам Савецкай Расіі.

У 1990-х будынак Сената рэканструяваны пад рэзідэнцыю прэзідэнта Расіі. Цяпер на флагштоку круглы год лунае Штандар прэзідэнта Расіі, у які і цэліў дрон уначы з 2 на 3 мая.

Сенацкі палац, рэзідэнцыя прэзідэнта Расіі, знаходзіцца з боку Краснай плошчы і Маўзалея Леніна. Фота: Wikimedia Commons

На тэрыторыі Крамля знаходзяцца музеі, саборы і адміністрацыйныя будынкі.

Маскоўскі Крэмль, які ў XVIII стагоддзі, як сімвал архаічнасці расійскага ўкладу і адмежаванасці ад цывілізаванага заходняга свету, ледзь не быў знішчаны, каб адкрыць дарогу ўвасабленню абноўленай і адкрытай Расіі, ізноў здабыў важнае ідэалагічнае значэнне ў XX стагоддзі, ужо як сімвал цэнтра таталітарнай улады, а ў пачатку XXI стагоддзя — як сімвал новай пуцінскай імперыі, якая замахнулася на панаванне над Еўропай. Такое сімвалічнае значэнне робіць яго адным з самых зненавідных архітэктурных комплексаў у свеце.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Зороастр/адказаць/
04.05.2023
Дол, ну да, Одесса - мама, Ростов - отец.
05.05.2023
Valadzimir, Кіяўляне самі пастаянна кажуць, што Кіеў маці гарадоў рускіх. Больш за тое, у нацыянальным палітычным жыцці фігуруе праект Русь-Украіна, дзе Кіеў займае месца сталіцы рускіх земляў. Гэта нешта кшталту нашага ВКЛ. Таму не трэба быць настолькі прамалінейным у сваіх разважаннях. Жыццё не чорна-белае.
1
Максим Дизайнер/адказаць/
05.05.2023
Valadzimir

Молодец, Володя, как надо разложил псевдолитвинам, псевдоэвропейцам "цэнтраьным"(на обочине)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031