Знайсці
03.05.2023 / 11:516РусŁacБел

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

Урад Беларусі падрыхтаваў новую рэдакцыю закона «Аб ахове здароўя», яна ўжо паступіла ў парламент. «Зеркало» звярнула ўвагу на змену правілаў ардынатуры. Яны вельмі сур'ёзныя і могуць змяніць жыццё тых дактароў, хто пойдзе ў ардынатуру пасля прыняцця закона. 

Фота: minzdravbelarus / Telegram

Ардынатура — гэта «форма прафесійнай падрыхтоўкі дактароў-спецыялістаў, а таксама асоб, якія атрымалі вышэйшую медыцынскую адукацыю за межамі Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў законапраекце.

Дактары-спецыялісты, атрымаўшы вопыт работы (паводле дзейнай інструкцыі, трэба адпрацаваць размеркаванне або мець мінімум два гады стажу), могуць паступаць у ардынатуру, каб паглыбіць свае прафесійныя веды, змяніць профіль спецыяльнасці і гэтак далей. Ардынатура служыць для «вырашэння задач кадравага забеспячэння аховы здароўя», доктара туды накіроўвае яго арганізацыя.

Цяпер ардынатура — дадатковы і неабавязковы этап паслядыпломнай адукацыі, праходзяць яе далёка не ўсе лекары. 

На гэты момант падрыхтоўкай клінічных ардынатараў займаюцца медыцынскія ўніверсітэты, універсітэцкія клінікі, рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.

Паняцце клінічная ардынатура было замацавана ў законе «Аб ахове здароўя» з моманту яго прыняцця ў 1993 годзе. Але ў рэдакцыі 2020-га артыкул аб ардынатуры быў цалкам выразаны і заменены на артыкул «Рэзідэнтура» — гэта «форма індывідуальнай прафесійнай падрыхтоўкі дактароў-спецыялістаў, асоб, якія атрымалі вышэйшую медыцынскую адукацыю за межамі Рэспублікі Беларусь, у мэтах паглыблення прафесійных ведаў і ўдасканалення практычных навыкаў, асваення перадавых медыцынскіх тэхналогій, змены профілю медыцынскай спецыяльнасці». Цяпер заканадаўцы зрабілі зваротную маніпуляцыю: артыкул «Рэзідэнтура» заменены на артыкул «Клінічная ардынатура», пры гэтым першае паняцце фактычна паглынутае другім.

Але ў новай рэдакцыі аб'ём артыкула вырас разоў у пяць-шэсць. У яе ўключылі большасць норм з асобных прававых актаў, якімі раней у асноўным рэгуляваўся парадак праходжання ардынатуры. Зараз амаль усё, што яе датычыць, замацуюць на ўзроўні закона.

Вось асноўныя істотныя палажэнні новых правіл:

  • Вызначана, што прайсці ардынатуру можна па спецыяльнасцях хірургічнага профілю (толькі вочна) і тэрапеўтычнага профілю (у тым ліку педыятрыя, стаматалогія, медыцынская дыягностыка).

  • Тэрмін ардынатуры зараз — ад 2 да 5 гадоў у залежнасці ад спецыяльнасці (раней было 2 гады вочна і 3 гады завочна).

  • Планы прыёму вызначае Міністэрства аховы здароўя, як і праграмы. Прымаць будуць па конкурсе, пры аднолькавай колькасці балаў прыярытэт будзе для ўладальнікаў «чырвоных» дыпломаў, дзяржузнагарод, лаўрэатаў фонду прэзідэнта і гэтак далей, а таксама лекараў-адмыслоўцаў з вялікім стажам і больш высокай катэгорыяй.

  • Ардынатура для ўсіх дактароў будзе бясплатнай, у тым ліку для іншаземцаў і бежанцаў, якія пастаянна жывуць у Беларусі. Для іншаземцаў, якія часова пражываюць, — платна, прычым іх будуць прымаць без іспытаў, на падставе сумоўя.

  • У бальніцах і медустановах будуць дактары-ардынатары, якія працуюць на падставе працоўнай дамовы, а ва ўніверсітэтах — клінічныя ардынатары (для іх будзе дамова аб падрыхтоўцы ў ардынатуры). Першым плацяць заробак, другім — стыпендыю.

  • Клінічныя ардынатары тэрапеўтычнага профілю будуць атрымліваць стыпендыю ў памеры трохразовага бюджэту пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва, а хірургічнага профілю — у чатырохразовым памеры. У верасні, напрыклад, гэта будзе больш за 1100 і 1500 рублёў. Тым, хто вучыцца платна, стыпендыю не дадуць.

Але гэта не галоўнае.

Размеркаванне — зараз для ўсіх і надоўга

Дактары, якія прайшлі падрыхтоўку ў ардынатуры вочна за кошт бюджэту, падлягаюць абавязковаму размеркаванню. Цяпер тэрмін адпрацоўкі для іх роўны двум гадам. Пасля прыняцця новага закона ён будзе павялічаны і складзе «не менш за пяць гадоў» .

Ардынатары-завочнікі цяпер адпрацоўваць не абавязаныя. Але з новым законам — будуць. Іх не размяркоўваюць — яны застаюцца працаваць у той жа арганізацыі, якая накіравала іх у ардынатуру, але павінны будуць пасля заканчэння вучобы адпрацаваць там жа не менш за пяць гадоў.

Канкрэтныя тэрміны адпрацоўкі будуць вызначацца дагаворамі аб падрыхтоўцы ў ардынатуры, якія дактары падпішуць пры паступленні. Гэта значыць, на практыцы яны могуць быць і больш за пяць гадоў.

Улічваючы тое, што для дактароў-беларусаў цяпер платнай ардынатуры не будзе — толькі бюджэтная, атрымліваецца, што, паступаючы туды, ці то на вочную, ці то на завочную форму, спецыялісты звязваюць сябе абавязацельствамі на 7—10 гадоў: ад двух да пяці гадоў ардынатуры і не менш за пяць дадатковай адпрацоўкі. 

Сысці будзе неверагодна дорага

А калі лекар жадае сысці з ардынатуры, каб, напрыклад, з'ехаць з краіны? Зараз гэта пагражае яму надмернымі даўгамі.

Раней за перапыненне навучання ў ардынатуры, нават калі яно было за кошт бюджэту, ніякіх штрафаў не было: сышоў — і ўсё. Але ў новым законапраекце прапісана: калі лекар перапыніць ардынатуру, яму давядзецца вярнуць у бюджэт грошы, затрачаныя на яго навучанне, прапарцыянальна тэрміну навучання.

Прычым так будзе не толькі пры адлічэнні па ўласным жаданні. Адлічыць ардынатара могуць і па ініцыятыве арганізацыі, якая накіравала яго на вучобу. У такім выпадку вяртаць грошы таксама давядзецца. Гэта датычыць і завочнікаў.

А што з тымі, хто ардынатуру за бюджэтныя сродкі прайшоў, але не прыбыў па размеркаванні ці не адпрацаваў увесь (зараз пяцігадовы) тэрмін да канца? Абавязак кампенсаваць у бюджэт грошы за навучанне для тых, хто адмовіўся ад размеркавання, быў уведзены яшчэ ў 2016 годзе.

Але зараз сума кампенсацыі вырасце. Па новым законе неабходна будзе вярнуць сродкі, затрачаныя на падрыхтоўку доктара, з прымяненнем каэфіцыента 2,5 . Гэта значыць, за кожную бюджэтную 1000 рублёў лекару давядзецца аддаць 2500.

У 2022/23 навучальным годзе ў БДМУ клінічная ардынатура для вочнікаў каштуе каля 2500 рублёў, для завочнікаў — 1240.

Гэта зноў жа аднолькава закране ўсіх: хто вучыўся як вочна, так і завочна. Раней адпрацоўкі для завочнікаў не было — адпаведна, не было і штрафаў.

Ардынатура стане добраахвотна-прымусовай?

У праекце закона да пераліку задач ардынатуры дададзены новы радок. Сярод задач з'яўляецца «допуск да аказання спецыялізаванай і высокатэхналагічнай меддапамогі».

Згодна з законам, «спецыялізаваная меддапамога» — гэта другі ўзровень дапамогі пасля першаснай, яна аказваецца «пры наяўнасці ў пацыента захворванняў, якія патрабуюць прымянення спецыяльных метадаў аказання медыцынскай дапамогі». «Высокатэхналагічная» патрабуе прымянення новых, складаных, унікальных, навукаёмістых і рэсурсаёмістых метадаў. Ёсць яшчэ паліятыўная і медыка-сацыяльная дапамога.

На гэты момант доктар-спецыяліст мае права аказваць спецыялізаваную меддапамогу пасля праходжання абавязковай інтэрнатуры.

Пра які допуск ідзе гаворка ў будучай рэдакцыі закона? Дактары-спецыялісты зараз будуць абавязаны праходзіць ардынатуру, каб аказваць спецыялізаваную меддапамогу? Ці ардынатура і допуск будуць патрабавацца толькі для асобных, больш складаных відаў такой дапамогі? Зразумець гэта з тэксту законапраекта немагчыма.

Аднак такая фармулёўка выклікае падазрэнні, што заканадаўцы жадаюць паставіць лекараў-адмыслоўцаў ва ўмовы, калі шматлікія з іх будуць змушаныя праходзіць ардынатуру, калі жадаюць працягваць працаваць. Бо хто па ўласнай волі пайдзе вучыцца ў ардынатуру з новымі цвёрдымі ўмовамі адпрацоўкі, калі ў ёй, як і цяпер, не будзе ніякай неабходнасці?

Утрымаць спецыялістаў

Тыя, хто ўжо прайшоў ардынатуру або вучыцца ў ёй цяпер, могуць выдыхнуць: новаўвядзенні іх не закрануць. Усе новыя палажэнні будуць распаўсюджвацца толькі на тых, хто пачаў падрыхтоўку ў ардынатуры пасля таго, як новы закон пачне дзейнічаць.

Законапраект ужо стаіць на парадку дня вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў — яго могуць разгледзець і прыняць у любы момант. Затым Рада Рэспублікі, подпіс Лукашэнкі — і праз тры месяцы пасля афіцыйнай публікацыі новы закон «Аб ахове здароўя» набудзе моц.

У выпадку прыняцця гэтага закона дактары-спецыялісты, якія прайшлі ардынатуру, будуць на многія гады прывязаны да сваіх працоўных месцаў. Два-пяць гадоў яны будуць вучыцца без магчымасці сысці проста так, баючыся сапсаваць адносіны з працадаўцам, каб ён не ініцыяваў іх адлічэнне. А затым яшчэ не менш за пяць гадоў адпрацоўваць. Усё гэта зробіць дактароў яшчэ больш залежнымі ад волі адміністрацыі іх медустановы і вышэйстаячых начальнікаў медыцынскай сферы.

Чытайце таксама:

«Зараз расійскіх салдат ужо не вязуць. Але сочаць за кожным». Медык з Гомельшчыны расказаў, як год таму ў беларускіх бальніцах ратавалі расійскіх вайскоўцаў

Мінздароўя ўвяло новыя правілы для аптэк. Іх стане менш: хочуць прыдушыць канкурэнтаў «БелФармацыі»

Абельскую адправілі правяраць бальніцы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
8
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
26
0
Чаркашкварка/адказаць/
03.05.2023
З'едуць усе, будзе няма каму лячыць нават мазаiчных шызiкау.
03.05.2023
Чаркашкварка, дык зімбабы прыедуць
у Зімбабвэ, у адрозненне ад нас, кажуць, медыцыне надзяляецца ўвага
Абеьская не дасць саўраць 
0
сало/адказаць/
04.05.2023
В 2020м врачи так же не поддержали народ. Продали за ковидные надбавки. А дальше - трава не расти. Лукашенко целых два года дал неопределившимся уехать.
По итогу только шесть студентов БГМУ заняли принципиальную позицию. Остальные на коленях стояли возле резиденции.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930