Знайсці
10.05.2023 / 21:543РусŁacБел

Бітва пад Фермапіламі. Чаму з ёй параўноўваюць бітву за Марыупаль

Бітва пад Фермапіламі — адна з найбольш вядомых у гісторыі. Да яе неаднаразова звярталіся не толькі гісторыкі і яе аматары, але таксама пісьменнікі, мастакі, вайскоўцы і палітыкі. Яна застаецца сімвалам супрацьстаяння, мужнасці, адвагі і адданасці.

Жак-Луі Давід. Леанід пад Фермапіламі (фрагмент), 1814 г. Фота: Wikimedia Commons

Перадгісторыя

Фермапільская бітва была часткай больш буйнога канфлікту паміж Персіяй і грэчаскімі полісамі, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай грэка-персідскіх войнаў (499—449 гады да нашай эры).

Яшчэ ў 491 годзе да нашай эры персы здолелі падпарадкаваць сабе ўсе гарады старажытнай Элады. Вольнымі заставаліся толькі Спарта і Афіны.

У Афінах паслоў персідскага цара Дарыя І (550—486 гады да нашай эры), якія прыйшлі з патрабаваннем «зямлі і вады», пакаралі смерцю, а ў Спарце скінулі ў калодзеж, прапанаваўшы там узяць зямлі і вады.

У 490 годзе да нашай эры афіняне разам з платэйцамі здолелі разбіць войска Дарыя ў бітве пры Марафоне.

У 480 годзе кіраўнік Персіі Ксеркс вырашыў адправіцца ў Грэцыю, каб адпомсціць за паражэнне свайго бацькі Дарыя І.

Салдаты ахеменідскай арміі Ксеркса I падчас бітвы пры Фермапілах. Каля 480 г. да н. э. Накшэ-Рустам (Іран). Фота: Wikimedia Commons

Грэкі ведалі пра падрыхтоўку персаў да вайны. За некалькі гадоў да яе пачатку кіраўнік Афінаў Фемістокл здолеў пераканаць афінян у неабходнасці стварэння магутнага флоту ў 200 караблёў. У 481 годзе да нашай эры адбыўся кангрэс 30 грэчаскіх гарадоў-полісаў, на якім было прынята рашэнне аб сумеснай барацьбе супраць персаў.

Галоўную ролю ў ім адыгрывалі Афіны, якія мелі вялікі марскі флот, і Спарта, якая валодала магутным сухапутным войскам. Полісы Карынф і Эгіна не пагадзіліся перадаць свой флот пад камандаванне афінян, таму ў якасці кампрамісу ён быў перададзены спартанцу Эўрыбіяду (як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, на самай справе каманды працягваў аддаваць Фемістокл).

Фермапілы

Грэкі распрацавалі план абароны. У ім асаблівае месца было адведзена вузкаму перавалу пад Фермапіламі. У старажытнасці кантроль над ім быў надзвычай важным для бяспекі грэчаскіх дзяржаў-полісаў, бо праз перавал праходзіў адзіны шлях у цэнтральную Грэцыю. Таму нядзіўна, што менавіта гэта месца выбралі спартанскія стратэгі для будучай бітвы. Перавал дазваляў утрымліваць пазіцыі, нягледзячы на тое, што колькасць войска праціўніка значна пераўзыходзіла. Цяпер, дарэчы, гэты перавал значна шырэйшы, чым быў у тыя часы.

Бітва пад Фермапіламі. Фота: Wikimedia Commons

Расстаноўка сіл

Персы пераправіліся цераз праліў Гелеспонт (цяпер — Дарданелы) і падышлі па сушы да Фермапілаў. Гісторыкі разыходзяцца ў ацэнках войска Ксеркса і ацэньваюць яго колькасць ад 100 да 30 тысяч чалавек. Вядома, што персы ў сваіх бітвах рабілі стаўку на значную перавагу ў колькасці.

Аб'яднаным войскам Элінскага саюза камандаваў цар Спарты Леанід. Па ацэнках гісторыкаў, грэчаскае войска налічвала каля 7 тысяч салдат. Сярод іх быў і элітны атрад спартанцаў колькасцю 300 ваяроў. Акрамя іх былі ваяры з іншых частак Грэцыі (напрыклад, 700 феспійцаў, 400 фіванцаў, па тысячы факійцаў і лакрэйцаў).

Самым слабым месцам абароны была таемная сцежка, якая дазваляла ворагу абысці пазіцыі грэкаў. Леанід спадзяваўся, што персы яе не здолеюць адшукаць. Аднак на ўсялякі выпадак туды быў накіраваны атрад факійцаў.

Бітва

Ксеркс падышоў да Фермапілаў у жніўні 480 года да нашай эры. Ён быў вельмі здзіўлены намерам грэкаў трымаць абарону супраць яго вялікай арміі. Да элінскага войска быў адпраўлены пасланец Ксеркса, які прапанаваў грэкам здацца і атрымаць за гэта свабоду, тытул «сяброў персідскага народа» і землі, лепшыя, чым тыя, якімі яны валодалі.

Калі гэтыя прапановы былі Леанідам адхіленыя, пасланец перадаў грэкам загад Ксеркса скласці зброю, на што, паводле гісторыка Плутарха, атрымаў адказ: «Прыйдзі і вазьмі».

Пасля чатырох дзён стаяння Ксеркс загадаў пачаць атаку. Грэкі бараніліся ў самай вузкай частцы перавалу, дзе размяшчалася Факійская сцяна, пашыхтаваўшыся ў фалангі, пры дапамозе вялізных круглых бронзавых шчытоў і доўгіх дзідаў. Сярод абаронцаў страты склалі толькі тры спартанцы.

Тады Ксеркс накіраваў у перавал 10 тысяч сваіх найлепшых войскаў. Грэкі здолелі іх разбіць пры дапамозе тактыкі ўдаванага адступлення. Яны ўцякалі ўглыб перавалу, а потым разбівалі персаў дробнымі групамі ў рукапашным баі. На другі дзень бітва працягнулася. Страты персаў былі яшчэ большыя.

Пералом у бітве наступіў на трэці дзень, калі персы знайшлі патаемную сцежку. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ім дапамог мясцовы здраднік.

Невялікі атрад факійцаў, які ахоўваў сцежку, не змог супрацьстаяць персам. Аднак адзін з ваяроў здолеў дабрацца да грэчаскага лагера і паведаміць Леаніду аб пагрозе акружэння. Цар спартанцаў разумеў, што не зможа ўтрымаць двухбаковую абарону. Адступленне пры гэтым не ўваходзіла ў яго планы.

Ён загадаў асноўным сілам адступіць у Афіны для наступнай эвакуацыі гараджан, а сам застаўся на месцы з атрадам спартанцаў, а таксама воінамі з Фіваў і Феспіі.

Гісторыкі адзначаюць, што жыхары Феспіі і Фіваў былі заклятымі ворагамі, але яны аб'ядналіся дзеля барацьбы за незалежнасць. Гэта ёсць сімвалам грэчаскага адзінства.

Напярэдадні бітвы Леанід звярнуўся да ваяроў з прапановай хутчэй паснедаць, бо вечарам яны будуць у падзямеллі Аіда.

Спартанцы ў акружэнні персаў. Бітва пры Фермапілах. М. А. Барт. Перадгісторыя і сучаснасць, Аўгсбург, 1832 год. Фота: Wikimedia Commons

Не чакаючы падыходу персаў па таемнай сцежцы, Леанід загадаў іх атакаваць. Падчас гэтай бітвы загінулі два браты персідскага цара. Леанід таксама загінуў падчас штурму, забіты персідскімі лучнікамі. Але застаўся атрад спартанцаў, які працягваў змагацца да канца. Пра іх гісторык Герадот пісаў:

«Тут яны абараняліся да апошняга. Тыя, у каго яшчэ былі мячы, выкарыстоўвалі іх, а іншыя супраціўляліся рукамі і зубамі».

А вось фіванцы здаліся персам.

Калі персы здабылі цела Леаніда, Ксеркс у гневе загадаў абезгаловіць яго і ўкрыжаваць. Герадот заўважыў, што гэта было вельмі рэдка для персаў, бо яны традыцыйна ставіліся да «доблесных ваяроў» з вялікай пашанай.

Для таго, каб схаваць сапраўдную колькасць страт свайго войска, Ксеркс загадаў закапаць целы сваіх ваяроў, каб на полі бітвы засталося не больш за тысячу. Па ацэнках гісторыкаў, у бітве загінула каля 4 тысяч грэкаў і 20 тысяч персаў.

Далейшы лёс вайны

Нягледзячы на паражэнне, бітва стала сімвалам грэчаскага супраціву і самаахвярнасці ў барацьбе з персідскімі захопнікамі.
Перамогу грэкі здолелі атрымаць на моры.

У 480 годзе да нашай эры грэчаскі флот пад камандаваннем Фемістокла разбіў персідскую армаду пад Саламінам. Перамога стала пераломнай у лёсе Другой грэка-персідскай вайны. Адступленню персаў з грэчаскіх тэрыторый спрыяла перамога ў бітве ля Платэяў у наступным годзе.

Сцэна бітвы ля Платэяў на паўднёвым фрызе храма Афіны Нікі, Афіны. Брытанскі музей. Фота: Wikimedia Commons

Але войны працягваліся яшчэ трыццаць гадоў і скончыліся падпісаннем міру ў 449 годзе да нашай эры. Ён замацаваў незалежнасць грэчаскіх полісаў. Персы абавязаліся вывесці свае войскі з грэчаскіх гарадоў у Малой Азіі, а іх флот павінен быў пакінуць Эгейскае мора. Яны таксама абавязаліся не атакаваць грэчаскія гарады ні з мора, ні з сушы. Афіны, у сваю чаргу, пакляліся не нападаць на тэрыторыю Персіі і не падтрымліваць праціўнікаў персідскага цара.

Адлюстраванне бітвы ў культуры

Пасля сыходу персаў грэкі сабралі сваіх памерлых і пахавалі іх на ўзгорку. Пасля таго, як персідскае ўварванне было адбіта, у Фермапілах быў усталяваны каменны леў як памяць аб Леаніду. Праз 40 гадоў пасля бітвы косці цара спартанцаў былі вернутыя ў Спарту, дзе ён быў зноў пахаваны з усімі ўшанаваннямі. Штогод у яго памяць ладзіліся гульні.

Каменная пліта з эпітафіяй на месцы бітвы пад Фермапіламі. Фота: Wikimedia Commons

На месцы бітвы цяпер можна ўбачыць каменную таблічку з надпісам: «Незнаёмец, скажы спартанцам, што мы спачылі тут, верныя іх законам». Таксама на месцы бітвы ўзвялі бронзавую статую спартанскага цара Леаніда з надпісам унізе: «Прыйдзі і вазьмі».

У 1997 годзе ўрад Грэцыі адкрыў на месцы бітвы мармуровую статую ў памяць пра 700 феспійцаў, якія засталіся на Фермапільскім перавале разам са спартанцамі на трэці дзень бітвы.

Помнік феспійцам, якія загінулі ў бітве пад Фермапіламі. Фота: Wikimedia Commons

Да сённяшняга дня Фермапіламі называюць ваенныя эпізоды, у якіх нешматлікія сілы аказваюць супраціў вялікай колькасці ворагаў, абараняючыся ў зручных для сябе ўмовах.
У гістарычнай памяці суседняй Украіны, напрыклад, прынята параўноўваць з боем пад Фермапіламі бітву пад Крутамі, дадзеную ў студзені 1918 года падраздзяленнямі Украінскай Народнай Рэспублікі ўзброеным сілам бальшавіцкай Расіі.

Пасля захопу Марыупаля расійскімі войскамі 16 мая 2022 года пасля амаль двух месяцаў гераічнай абароны дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк параўнаў аблогу Марыупаля акурат з бітвай пры Фермапілах, заявіўшы:

«83 дні абароны Марыупаля ўвойдуць у гісторыю як бітва пры Фермапілах XXI стагоддзя».

Чытайце яшчэ:

Хто перамог на Курскай дузе? Невядомае пра пераломную бітву Другой сусветнай

Прывіды вайны: выйшла новая кніга пра пасляваенную Беларусь

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
43
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
6
14
Вообще не похоже/адказаць/
11.05.2023
Соплю из носа выковыряли,по листу размазали а нам типа сравнивай .
1
А если подгорает, сядь в лужу/адказаць/
11.05.2023
вытри свои сопли, лукашицкий сопляк. А если у тебя так подгорает от этой статьи, сядь в лужу
2
Сверхзвуковой пук/адказаць/
11.05.2023
Запишись в полк , и попроси себе ружьё побольше, будешь кинжалы сбивать.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930