Знайсці
02.05.2023 / 07:15РусŁacБел

ЗША: Са снежня на вайне ва Украіне загінулі 20 тысяч расіянаў, многія з іх — у Бахмуце

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі заявіў са спасылкай на рассакрэчаныя звесткі амерыканскай разведкі, што на вайне ва Украіне за апошнія пяць месяцаў загінула больш за 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў, а яшчэ 80 тысяч атрымалі раненні. Паводле яго слоў, значная частка гэтых страт прыпадае на бітву за Бахмут, а палова загінулых са снежня 2022 года былі наймітамі ПВК «Вагнер», якія змагаюцца ў раёне гэтага горада ў Данецкай вобласці, піша Бі-бі-сі.

Паводле ацэнак Кірбі, наступальная аперацыя Расіі на Данбасе скончыліся правалам. «Спроба Расіі ажыццявіць наступ на Данбасе ў асноўным праз Бахмут правалілася», — заявіў прадстаўнік Белага дома.

«Цана гэтых спробаў, асабліва ў Бахмуце, была проста неверагодна высокай», — сказаў пры гэтым Кірбі. Ён заявіў, што ў выніку Расія «знясіліла свае вайсковыя запасы і Узброеныя сілы» — пры тым, што «абстрэлы і баі ў Бахмуце ішлі задоўга да снежня».

«Але па нашых падліках, толькі са снежня колькасць страт Расіі склала больш за 100 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 20 тысяч забітымі, — заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША. — Амаль палова [загінулых] — «вагнераўцы», большасць з якіх былі расійскімі зняволенымі, кінутымі на бітву ў Бахмуце без дастатковага баявога досведу, баявой падрыхтоўкі, баявога камандавання і якога-небудзь падабенства арганізацыйнага і каманднага парадку».

Пры гэтым назваць амерыканскую ацэнку ўкраінскіх страт Кірбі адмовіўся: «Яны тут ахвяры, Расія — агрэсар». Па словах чыноўніка, Белы дом не будзе публікаваць інфармацыю, якая ўскладняе становішча Украіны і яе арміі.

У нядаўніх сакрэтных дакументах Пентагона было сказана, што па стане на 1 сакавіка агульныя страты Расіі на вайне забітымі ацэньваліся ад 35 тысяч да 43,5 тысячы, а Украіны — 16—17 тысяч. Дакладнасць гэтых дакументаў канчаткова не пацверджана.

Дырэктар расійскай праграмы ў цэнтры вайскова-марскога аналізу ЗША Майкл Кофман мяркуе ў твітары, што расійскія страты, пра якія кажа Кірбі, — гэта «верхні парог спектра ацэнак», а яго ніжні парог, імаверна, складае блізу 80—85% ад названай Белым домам лічбы.

Чытайце таксама:

«Больш, чым войска Чэхіі або Венгрыі». УСУ распавялі, колькі расіян ваюе пад Бахмутам

Камандуючы Усходняй групоўкай войск УСУ патлумачыў, чаму яны працягваюць утрымліваць Бахмут

Расія перакідае ў Бахмут падраздзяленні рэгулярных войск з-за вялікіх страт у шэрагах ПВК «Вагнер»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031