Знайсці
01.05.2023 / 19:262РусŁacБел

Гугл можа выдаць гісторыю вашых перамяшчэнняў. Як абараніць ваш Google-акаўнт — падрабязны гайд

Ці ведаеце вы, што ўся гісторыя вашых падарожжаў можа захоўвацца ўнутры акаўнта? А ці правяралі воблака Google, дзе маглі застацца фотаздымкі, якія вы выдалялі? І ці надзейны ваш пароль? Распавядаем пра нюансы абароны экасістэмы Google.

Змест артыкула (шукайце патрэбны вам пункт і гартайце ніжэй):

Выкарыстоўвайце моцны пароль

Гэта вельмі важна для таго, каб абараніць ваш акаўнт у Google і не толькі. Калі каротка пра стварэнне надзейных пароляў:

  1. Пад моцным паролем мы разумеем такі пароль, у якім больш за 12 сімвалаў.
  2. Ён не складзены з рэальна існуючых словаў або набору лічбаў, звязаных з вамі (напрыклад, у ім няма вашай даты нараджэння).
  3. Ён не выкарыстоўваецца нідзе, акрамя вашага Google-акаўнта.
  4. Вы не захоўваеце яго ў браўзеры, «нататках» у вашым смартфоне, на лістку каля ноўтбука або ў «захаваных» паведамленнях у месенджарах або сацсетках.

Калі ў вас не такі, то самы час стварыць такі пароль. Для таго, каб схема працавала, вам варта прыдумаць для яго асацыяцыю або захоўваць яго ў менеджары пароляў.

Калі вы хочаце яго запомніць, то, да прыкладу, вы можаце абраць у якасці асацыяцыі нейкі верш або непапулярную прымаўку. Таксама ў паролі мусяць быць вялікія і маленькія літары — вы можаце выкарыстаць дату напісання твора ў якасці «кантрольнага» набору лічбаў.

Для прыкладу возьмем верш Максіма Танка «He шкадуйце, хлопцы, пораху…», напісаны ў 1941-м годзе. Ён гучыць так:

He шкадуйце, хлопцы, пораху,
куль гарачых і гранатаў.
Усе, каму свабода дорага,
падымайцеся на ворагаў,
на катаў!

Возьмем з яго толькі першыя літары слоў (англійскай лацінкай), але захаваем знакі прыпынку. У канцы кожнай страфы (да чацвёртай) паставім лічбу з года напісання. Атрымаецца так:

Ns,h,p,1kgig.9U,ksd,4pnv,1nk!

Цяпер, пакуль вы памятаеце гэты верш, вы здолееце аднавіць ваш пароль, пры гэтым ён даволі складаны — у ім захаваныя і літары як малыя, гэтак і вялікія, ёсць як лічбы, гэтак і знакі прыпынку.

Вы можаце мадыфікаваць гэтую схему як заўгодна (узяць радкі з любой кнігі і любой старонкі, пераставіць даты як вы самі захочаце або прыдумаць іншыя лічбы) або прыдумаць свае асацыяцыі — галоўнае, каб логіка была не відавочнай, але добра зразумелай менавіта вам.

  • Калі вы прыдумалі надзейны пароль і ўпэўніліся, што здольныя яго запомніць, то змяніце ваш стары пароль ад акаўнта. Для гэтага адкрыйце старонку Google (або праграму Google на вашым смартфоне). У правым верхнім куце націсніце на значак вашага ўліковага запісу.
  • Пасля націсніце «Кіраваць Уліковым запісам Google».
  • У меню, якое будзе злева, абярыце пункт «Бяспека».

Знешні выгляд наладаў уліковага запісу Google

  • Перайдзіце да пункту «Уваход у Google» і націсніце на пункт «Пароль».

У меню «Уваход у Google» трэба абраць пункт «Пароль»

  • Далей увядзіце стары пароль ад акаўнта.
  • На старонцы, якая адкрыецца пасля, вы можаце ўвесці новы пароль. Каб праверыць, што вы дакладна яго запомнілі, увядзіце яго двойчы.

Будзьце ўважлівыя і ўвядзіце пароль правільна

Пасля змены пароля рэгулярна ўзнаўляйце яго ў памяці — так меншая імавернасць яго забыцца. Лепш памяняць яго праз перыяд, які вы вызначыце самі (але не пазней, чым праз год).

Уверх ↑

Наладзьце двухфактарную аўтэнтыфікацыю (але не праз атрыманне SMS)

Гэта важна для таго, каб нават у выпадку, калі вашым паролем нехта завалодае, ён не здолее ўвайсці ў акаўнт. SMS — ненадзейны спосаб, асабліва калі вы ў Беларусі (ёсць шмат спосабаў перахопу SMS).

  • Каб яе наладзіць, увайдзіце ў налады, у пункт «Бяспека» і абярыце пункт «Двухэтапнае спраўджанне» (шлях такі ж, як і ў мінулым пункце). Таксама важна, каб вы ўвайшлі ў ваш акаўнт прынамсі на адной мабільнай прыладзе.

Меню наладжвання двухэтапнага спраўджання Google

  • Тут націсніце «Пачаць» і ўвядзіце пароль ад акаўнта яшчэ раз. Google прапануе вам наладзіць двухэтапную аўтэнтыфікацыю праз атрыманне паведамленняў на ваш тэлефон (калі адразу прапануе праз смс — націсніце «Паказаць дадатковыя параметры»). Націсніце «Працягнуць».

Меню наладжвання двухэтапнай аўтэнтыфікацыі Google праз смартфон

  • Пасля гэтага на экране з'явяцца рэзервовыя коды. Лепш іх захаваць у надзейным месцы — калі ваш тэлефон будзе недаступны, вам будзе проста аднавіць доступ да акаўнта.

Рэзервовыя коды Google. Захавайце іх у надзейным месцы

  • Цяпер варта абраць спосаб для двухфактарнай аўтэнтыфікацыі з дапамогай генератара аднаразовых пароляў. Для гэтага трэба спампаваць праграму, якая будзе генерыраваць аднаразовыя паролі на ваш смартфон. Для Android мы раім праграму andOTP, а для iOS — Step Two (яны маюць больш гнуткія налады, чым Google Authenticator). Далей націсніце «Праграма Authenticator».

Знешні выгляд меню наладжвання дадатковых спосабаў двухэтапнага спраўджання Google

  • Пасля гэтага на экране з'явіцца QR-код, які трэба адсканаваць праграмай, якая генерыруе аднаразовыя коды.

Наладжванне праграмы аўтэнтыфікацыі Google. Адскануйце QR-код

  • Націсніце «Далей». У полі, якое з'явіцца, увядзіце код з праграмы. Цяпер ваша акно наладаў будзе выглядаць так.

Цяпер праграма Authenticator уключаная

  • Пасля гэтага двайная аўтэнтыфікацыя будзе ўключаная, а ў праграме генерацыі аднаразовых кодаў іх можна генераваць нават без інтэрнэту.

Уверх ↑

Праверце прылады і рэсурсы, якія маюць доступ да акаўнта

Часта мы забываемся, якім прыладам, рэсурсам і праграмам далі доступ да акаўнта. Гэта небяспечна, бо невядома, да каго могуць патрапіць гэтыя прылады, а праграмы і рэсурсы могуць быць узламаныя.

  • У наладах увайдзіце ў пункт «Бяспека». Спусціцеся да пункту «Вашы прылады». Націсніце на пункт.

Меню «Вашы прылады»

  • Пасля гэтага адкрыецца спіс прыладаў, з якіх вы залагіненыя ў ваш Google-акаўнт.

Спіс прыладаў, з якіх вы залагіненыя ў Google-акаўнт

  • Калі вы бачыце там незнаёмую прыладу, то націсніце на яе. Google пакажа вам назву прылады і рэгіён, з якога яна была актыўная ў апошні раз.

Праверце прыладу, якую не пазнаеце

  • Калі вы не пазнаяце прыладу дагэтуль, то вылагіньце яе з вашага акаўнта. Каб гэта зрабіць націсніце «Выйсці» і пацвердзіце дзеянне, яшчэ раз націснуўшы «Выйсці».

Пацверджанне выхаду прылады з акаўнта

  • Пасля вяртайцеся ў меню «Бяспека». Знізу ёсць пункт «Уваход на іншыя вэб-сайты» — націсніце на яго.

Меню «Уваход на іншыя вэб-сайты»

  • У акне, якое адкрыецца, зверху будзе пункт «Староннія праграмы з доступам да вашага ўліковага запісу» (калі ў вас такія ёсць). Праверце, каб там не было нічога лішняга.

Тут паказаныя праграмы, якія маюць доступ да нейкага з вашых Google-сервісаў

  • Пры націсканні на кожную з праграмаў у спісе Google пакажа вам, які адрас праграмы, якой вы далі доступ, і да чаго менавіта яна мае доступ. Калі вы хочаце выдаліць праграму — націсніце «Выдаліць доступ» і пацвердзіце дзеянне.

Інфармацыя пра праграму і тое, якія звесткі яна атрымлівае пра ваш акаўнт

  • Троху ніжэй, у пункце «Уваход праз Google», ёсць спіс усіх сайтаў і рэсурсаў, на якія вы залагіненыя праз Google-акаўнт.

Пункт меню «Уваход праз Google»

  • Перагляньце спіс і прыбярыце адтуль усе рэсурсы і праграмы, якімі вы не карыстаецеся. Для гэтага націсніце на нейкую з праграмаў — вам адкрыецца акно, у якім будзе паказаны адрас рэсурса, якому вы далі доступ і калі вы далі гэты доступ, а таксама якую інфармацыю акаўнта можа бачыць рэсурс.

Меню, у якім паказана, да чаго мае доступ рэсурс

  • Каб забраць у рэсурсу доступ да вашай інфармацыі, націсніце «Выдаліць доступ» і пацвердзіце дзеянне, націснуўшы «Ок».

Пацверджанне выдалення доступу

Уверх ↑

Пераправерце паролі, захаваныя ў вашым акаўнце Google

Часта мы захоўваем паролі ў акаўнце — гэта зручна, бо дазваляе іх не запамінаць. Але гэта небяспечна, бо калі нехта атрымае доступ да акаўнта, то атрымае і доступ да ўсіх сервісаў, да якіх мы захавалі пароль.

  • Каб праверыць, якія паролі захаваныя ў акаўнце, вярніцеся ў меню «Уваход у Google». Знайдзіце там «Менеджар пароляў» і націсніце на яго.

Менеджар пароляў Google

У нашым выпадку захаваныя два паролі. Выдалім адзін з іх — для гэтага трэба яго націснуць, а пасля ўвесці пароль ад акаўнта.

Далей вам адкрыецца ваш пароль — яго можна пераглянуць, а таксама падрэдагаваць. Каб яго выдаліць, націсніце «Выдаліць» і пацвердзіце дзеянне.

Тут паказаны ваш пароль, захаваны ў Google. Націсніце «Выдаліць», каб выдаліць яго

Уверх ↑

Падумайце, ці варта захоўваць гісторыю, асабліва — месцазнаходжанняў і пошуку

Само па сабе захаванне гісторыі зробленае для таго, каб прапанаваць вам больш рэлевантныя паслугі і тавары. Але ў выпадку, калі нехта атрымае доступ да вашага акаўнта, то ён можа атрымаць поўную гісторыю вашых дзеянняў з акаўнтам, а таксама гісторыю пошуку і вашых перамяшчэнняў. 

  • Каб выключыць гісторыю месцазнаходжанняў, увайдзіце ў налады і перайдзіце ў пункт «Даныя і прыватнасць».

Пераход у пункт «Даныя і прыватнасць»

  • Спусціцеся да пункту «Налады гісторыі». Націсніце «Гісторыя месцазнаходжанняў».

Пункт «Налады гісторыі»

  • Спачатку націсніце «Выключыць».

Выключэнне захавання гісторыі месцазнаходжанняў

  • Пацвердзіце дзеянне, націснуўшы «Прыпыніць».

Пацверджанне спынення захавання гісторыі месцазнаходжанняў. Націсніце «Прыпыніць»

  • Пасля гэтага можна выдаліць гісторыю месцазнаходжанняў. Націсніце «Кіраваць гісторыяй». Адкрыецца старонка картаў, на якой будуць паказаныя захаваныя кропкі месцазнаходжання. Націсніце на сімвал шасцярэнькі (адкрывае акно наладаў).

Выдаленне захаванай гісторыі месцазнаходжанняў

  • Націсніце «Выдаліць гісторыю месцазнаходжанняў». Пацвердзіце выдаленне гісторыі.

Пацверджанне выдалення ўсёй гісторыі месцазнаходжанняў

  • Каб выдаліць гісторыю пошуку і выкарыстання сэрвісаў, вярніцеся ў мяню «Налады гісторыі». Націсніце «Дзеянні ў інтэрнэце і ў праграмах».

Меню «Дзеянні ў інтэрнэце і праграмах»

  • Націсніце «Выключыць», каб адкрылася акно, у якім вы можаце адключыць захаванне дзеянняў. Націсніце «Прыпыніць».

Пацверджанне спынення захоўвання гісторыі пошуку і праграмаў. Націсніце «Прыпыніць»

  • Пацвердзіце дзеянне і вярніцеся назад, у пункт «Дзеянні ў інтэрнэце і праграмах». Націсніце «Кіраваць усёй гісторыяй дзеянняў у інтэрнэце і праграмах».

Гісторыя вашых дзеянняў Google. Націсніце «Выдаліць»

  • У меню, якое адкрылася, націсніце «Выдаліць» — гэта дазволіць вам выдаліць вашы ранейшыя дзеянні. Націсніце «За ўвесь час».

Выбар перыяду выдалення гісторыі дзеянняў. Націсніце «За ўвесь час»

  • Пасля гэтага адкрыецца акно, у якім пакажацца, гісторыю выкарыстання чаго менавіта вы выдаляеце. Абярыце ўсе (калі яны не абраныя напачатку).

Выбар праграмаў, гісторыю якіх вы хочаце выдаліць

  • Націсніце «Далей». У наступным меню вам пакажа, якія менавіта дзеянні вы здзяйснялі ў праграмах.

Пацверджанне выдалення гісторыі. Націсніце «Выдаліць»

  • Націсніце «Выдаліць». Пасля гэтага выплыве фінальнае акно, якое паведаміць вам пра тое, што выдаленне скончанае. Вярніцеся ў пункт меню «Даныя і прыватнасць».
  • Цяпер вы можаце адключыць персаналізацыю рэкламы і пошуку — тэарэтычна, яны таксама могуць быць небяспечнымі. Для гэтага вярніцеся ў меню «Даныя і канфідэнцыяльнасць» і дагартайце да пункту «Персаналізаваная рэклама». Націсніце на пункт «Мой цэнтр рэкламы».

Пункты «Персаналізаваная рэклама» і «Персанальныя вынікі ў Пошуку»

  • Пасля вы можаце націснуць на пункт «Уключана» і выключыць персаналізаваную рэкламу.

Адключэнне персаналізаванай рэкламы Google

  • Пасля пацверджання Google скажа вам, што персаналізаванай рэкламы больш няма.
  • Каб выключыць персаналізаваныя вынікі пошуку, вярніцеся назад і абярыце пункт «Персанальныя вынікі ў Пошуку». Для іх выключэння націсніце на паўзунок праваруч ад фразы «Паказваць персанальныя вынікі».

Адключэнне персаналізаваных вынікаў пошуку і аналізу вашых запытаў

  • Цяпер вынікі пошуку не будуць прывязанымі да вас, а вам не будуць прапаноўваць пошукавыя запыты, заснаваныя на вашых цікаўнасцях.

Уверх ↑

Праверце, якімі звесткамі вы дзеліцеся і што бачна ў вашым акаўнце

Часта мы забываем, што менавіта запісана ў Google-акаўнце і што з гэтага даступна публічна — калі вы даеце доступ нейкай праграме ці сайту да вашых «Звесткаў профілю», то яна бачыць усе гэтыя даныя.

  • Вярніцеся назад у меню «Даныя і канфідэнцыяльнасць» і дагартайце да пункта «Звесткі, якія вы можаце абагульваць з іншымі карыстальнікамі». Націніце пункт «Профіль».

Пункт «Звесткі, якія вы можаце абагульваць з іншымі карыстальнікамі»

  • Звярніце ўвагу на тое, ці не дзеліцеся вы з усімі ахвотнымі, да прыкладу, датай вашага нараджэння або іншым звесткамі (гэта можна наладзіць, калі націснуць на пункт). Нельга забараніць іншым бачыш ваш E-mail і псеўданім на Google — іначай стасункі праз сэрвіс стануць немагчымымі. Усю астатнюю інфармацыю пра вас можна забараніць бачыць іншым (або выдаліць, або запісаць туды фальшывую).

Пункт «Пра мяне» ў профілі Google

  • Цяпер вярніцеся назад і перагляньце пункт меню «Абагульванне геаданых». Праверце, каб вы не абагульвалі іх з лішнімі сэрвісамі або людзьмі.

Назад ↑

Пачысціце Google Photos і Google Drive

У гэтых сэрвісах часта захоўваецца шмат звестак, пра якія вы маглі забыцца — у тым ліку і фоты, якія вы хацелі б выдаліць.

  • Спачатку зайдзіце ў ваш акаўнт Google Photos (на Android гэта праграма «Фота»). Пераглядзіце вашы фота ва ўкладцы «Фота».

Меню Google Photos

Выдаліце тыя, захоўваць якія небяспечна. Для гэтага выдзеліце іх і націсніце на сімвал «сметніцы».

Фоты ў Google Photos. Спампаваныя туды для ілюстравання

  • Пасля гэтага ўвайдзіце ва ўкладку «Архіў». Паглядзіце, ці няма нечага небяспечнага там. Далей увайдзіце ва ўкладку «Сметніца». Націсніце «Ачысціць сметніцу» і пацвердзіце дзеянне — цяпер усе фота адтуль будуць беззваротна выдаленыя.

Фота, перамешчаныя ў «Сметніцу». Каб іх вычысціць, націсніце «Ачысціць сметніцу»

Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд

  • Далей увайдзіце ў ваш Google Drive (на смартфонах з сістэмай андроід — праграма «Дыск»). Паглядзіце, што ёсць на вашым воблаку і што з гэтага можа быць небяспечным. Праверце таксама тэчку «Даступныя мне» — там вас могуць падпільноўваць нечаканыя сюрпрызы.

Меню Google-дыска

  • Пасля выдалення зайдзіце ў «Сметніцу». Націсніце «Ачысціць сметніцу». Пацвердзіце дзеянне, націснуўшы «Выдаліць назаўсёды».

Файл, змешчаны ў сметніцу Google Drive. Каб яго выдаліць, націсніце «Ачысціць сметніцу»

Пацверджанне ачысткі сметніцы

Цяпер файлы з вашага дыску выдаленыя беззваротна.

Уверх ↑

Пачысціце Gmail

Узгадайце, што можа быць у вашай пошце з таго, што можа стварыць вам небяспеку.

  • Выдаліце лісты. Усе выдаленыя лісты з Gmail перамяшчаюцца ў «Сметніцу». Зайдзіце ў яе.
  • Націсніце «Ачысціць сметніцу».

Выгляд сметніцы ўнутры Gmail

Пацвердзіце дзеянне. Цяпер небяспечныя лісты выдаленыя назаўсёды.

Пацверджанне ачысткі сметніцы ў Gmail

Уверх ↑

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Як пачысціць і абараніць ваш YouTube — падрабязны гайд

Што менавіта сілавікі правяраюць у смартфонах затрыманых беларусаў і як абараніцца

Як пачысціць тэлеграм-боты, каб не засталося ніякіх слядоў ВІДЭА

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
14
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
9
02.05.2023
Советы нормальные кроме одного- двухфакторная авторизация через телефон. Когда звонилка попадает в руки СС то им получить доступ становится очень просто, а вот пытки возможно вероятно получится выдержать чтобы недать доступ до инфы...
1
Праблема/адказаць/
02.05.2023
!, гэта праблема самога Гугла. Такі шлях выключыць немагчыма (у сэнсе, можна наладзіць і іншыя віды аўтэнтыфікацыі, але так ці іначай яны будуць завязаныя на тэлефоне)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930