Гомель упрыгожаць «вадаспадамі» з трапічных раслін
Сёлета ў Гомелі збіраюцца высадзіць каля паўмільёна кветак больш чым 20 відаў, абяцаюць гарадскія ўлады. А для вертыкальнага азелянення ўпершыню выкарыстаюць такую расліну, як дыхондра.
Упрыгожыць горад «вадаспадамі» з трапічнай расліны прапанавалі ландшафтныя дызайнеры з профільнага прадпрыемства «Чырвоны гваздзік», піша мясцовае выданне «Белка».
Травяністая ліяна добра спалучаецца з распаўсюджанымі ў Гомелі петуніямі, мае ўстойлівы імунітэт да захворванняў і камфортна сябе адчувае ў гарадскім асяроддзі, адзначаюць спецыялісты прадпрыемства.
Сцвярджаюць, што ў цяпліцах «Чырвонага гваздзіка» ўжо выгадавалі больш за 1000 саджанцаў дыхондры аднагадовых гатункаў, у асноўным смарагдавага адцення. У маі імі ўпрыгожаць гомельскі праспект Перамогі, уезд у мікрараён Навабеліца, Рэчыцкі праспект і іншыя месцы горада.
Вядома, гэта будуць не пяціметровыя ліяны, а менавіта такіх памераў дасягае дыхондра ў жывой прыродзе. У гомельскіх рэаліях парасткі расліны дасягнуць толькі 50-70 сантыметраў.
Чытайце таксама:
Чарамша — скарбніца вітамінаў. Вось што з яе можна гатаваць і як вырошчваць
Як правільна абразаць гартэнзію. І чым яна можа быць карысная, акрамя хараства





