Знайсці
27.03.2023 / 21:2211РусŁacБел

«Складана толькі са словамі, якія падобныя да рускіх, і сачыць за Ч і Г». Што за расіяне працуюць цяпер у Купалаўскім?

У сакавіку 2021 года Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы аднавіў працу пасля перапынку, звязанага са звальненнем амаль усёй трупы. За прамінулыя з таго моманту два гады новае кіраўніцтва так і не змагло набраць дастатковую колькасць новых акцёраў-беларусаў, а таму запрасіла іх з Расіі. Цяпер на афіцыйным сайце тэатра з'явіліся іх прозвішчы, і выданне «Зеркало» даведалася тое-сёе пра гэтых людзей.

У красавіку 2023 года ў тэатры адбудзецца прэм'ера спектакля «Рамэа і Джульета». Паставіць яго Даніла Філіповіч, адзін з некалькіх беларускіх рэжысёраў, якія пагадзіліся супрацоўнічаць з тэатрам пасля звальнення практычна ўсёй трупы.

На ролю Джульеты заяўленыя дзве актрысы. Адна з іх — Ганна Мешчаракова. Дзяўчыне 22 гады, у 2022-м яна скончыла маскоўскі Інстытут сучаснага мастацтва. Сярод моў, якія яна ведае, — руская, англійская і французская (апошняя са слоўнікам).

Ганна Мешчаракова. Фота: kinolift.com

На ролю Рамэа таксама заяўленыя два акцёры. Партнёрам Мешчараковай, напэўна, будзе яе аднакурснік па маскоўскім Інстытуце сучаснага мастацтва Барыс Цяцеркін. Яму 24 гады, ён валодае рускай і англійскай мовамі, пазіцыянуе сябе ў інстаграме як «заезджы артыст са сталічным глянцам».

Барыс Цяцеркін. Фота: vk.com

Іншыя выканаўцы галоўных роляў у спектаклі — беларускія студэнты, якіх узялі ў трупу яшчэ раней, у 2021-м.

На ролю Мантэкі запрасілі расіяніна Мікалая Юшкевіча. Яму 58 гадоў. Замежнымі мовамі ён практычна не валодае (адзначана толькі веданне нямецкай на школьным узроўні). Сярод свежых работ у кіно пераважаюць серыялы, апошнім часам у тэатры ён не іграў (вядома толькі пра ягоную працу ў адным з маскоўскіх тэатраў у сярэдзіне 1990-х).

Мікалай Юшкевіч. Фота: castingcinema.ru

На ролю жонкі Мантэкі заяўленыя дзве актрысы. Адна з іх — расіянка Святлана Гусарава. У 1987-м яна скончыла Яраслаўскае тэатральнае вучылішча. Доўгія гады была актрысай мінскага Маладзёжнага тэатра (2000—2017), затым працавала ў сталічным Новым драматычным. У іх рэпертуары ў гэты перыяд практычна не было спектакляў на беларускай мове.

Ролю Меркуцыа іграе Ілья Галушкін. Яму 23 гады. Ён таксама з Масквы, у 2022-м скончыў ГІТІС, да гэтага ў Беларусі не працаваў.

Ілья Галушкін. Фота: instagram.com/galusha

На ролю мамкі запрасілі расіянку Інэсу Іскакаву. Ёй 27 гадоў, яна скончыла Яраслаўскі тэатральны інстытут. Валодае рускай і англійскай мовамі.

Інэса Іскакава. Фота: kinolift.com

Таксама ў трупе цяпер працуе і выпускніца маскоўскага ГІТІСа Наталля Шчарбакова (у гэтым спектаклі яна не занятая).

Акрамя таго, у трупу ўзялі і некалькіх новых беларусаў. Гэта Аляксандр Гусеў, які доўгі час працаваў у Новым драматычным тэатры, і Алена Мазгова — пра яе вядома, што ў 1998-м сыграла галоўную ролю Саламеі Брыніцкай у серыяле «Пракляты ўтульны дом», а ў 2013-м была занятая ў спектаклях незалежнага беларускага «Тэатра Ч».

У эпізадычнай ролі ў спектаклі «Рамэа і Джульета» занятая беларуска Марыя Калесніковіч. Ёй 23 гады. Яна скончыла мінскую Акадэмію мастацтваў як актрыса музычнага тэатра (а не драматычнага). У сваёй анкеце яна прызнавалася, што руская мова для яе родная, а вось беларускай і англійскай дзяўчына валодае са слоўнікам.

Марыя Калесніковіч. Фота: kinolift.com

Між тым, Купалаўскі тэатр усе гады свайго існавання працаваў на беларускай мове. Калектыў спецыяльна запрашаў педагогаў (напрыклад, легендарнага дыктара Ілью Кургана), якія ставілі акцёрам вымаўленне і разбіралі моўныя нюансы.

Ужо пасля публікацыі тэксту з рэдакцыяй «Зеркала» звязаўся адзін з расійскіх акцёраў, якія прыйшлі на працу ў тэатр. Ён заявіў, што ён і ягоныя калегі нібыта ведаюць беларускую мову:

«Паралельна, пакуль рэпеціравалі, вучылі мову і нам дапамагалі акцёры тэатра. Адна з актрыс, педагог па маўленні ў Акадэміі і каледжы мастацтваў, добра ведае ўсе правілы і дапамагала нам з вымаўленнем. Складана толькі са словамі, якія падобныя да рускіх, і сачыць за Ч і Г». 

Чытайце таксама:

Латушка пра штрэйкбрэхераў з Масквы ў Купалаўскім: Іграць па-беларуску — гэта не толькі мова, гэта нябачная сувязь з народам

У Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы набралі акцёраў з Расіі

Мінкульт акрэсліў, што трэба зрабіць артыстам з чорных спісаў для вяртання на сцэну

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Алек. Ру/адказаць/
28.03.2023
Ніхто не у́бачыу́ таго, што гэтыя запрашэнні людзей з усходу- мацнейшы плявок у бок тэатральных вну краіны, што няздольныя падрыхтаваць акторау́.Зусім абяднела Беларусь на таленты? Проста ганьба, што акторка па заканчэнні беларускага вну, музычнага аддзялення, валодае мовай са слоу́нікам. Яна што, з Урала? І мяркую, што час называць тэатр не Купалау́скі, а няфëдау́скі, каб нясорамна было.
28.03.2023
Рэд., ваша гэта...
асабліва запрошаная...
пойдзе ў Купалаўскі?
0
Ёсік/адказаць/
28.03.2023
Не лічыце за абразу, але яны не прыгожыя. Нейкія твары не фотагенічныя,ажразу бачна, што з інстаграмаў не вылазяць. Латушка праўду казаў, што ў Купалаўскім працаваць - Беларусь павінна быць у сэрцы. А тутука, што Яраслаўль, што Самара, што Мінск, ім адно.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера